Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ну не, брат, гаварыць не шкада. Гаварыць аб такiх рэчах трэба. Гэтак толькi й навучышся, - паправiў Дзежку Лабун.

VIII

- Мне ўчора неяк давялося гаварыць з гэтым самым злодзеем Курцом, - пачаў Мiкола Дудкевiч. - Ён ня толькi скрываецца й ня прызнаецда, што беларус, але й беларускай мовы высьцерагаецца.

- Ну й дзякуй Богу, што беларусы такой цацы пазбылiся. Насьвiнiць ён i палякам.

- Гэта iстота зусiм перамянiлася. Дарма шукаць у яе нечага людзкага. Удае цяпер найлепшага й найцьвярдзейшага паляка. Але калi-б заўтра iзноў трапiў у небясьпеку й дзеля ратаваньня свайго нiкчэмнага жыцьця трэба было замянiцца ў нейкага там папуаса, дык зрабiў-бы гэта бяз хвiлiны хiстаньня. Нам трэба яго абмiнаць i высьцерагацца.

- Ён можа на нас навет i ўладам даносiць.

- Яшчэ-б, каб не. Такi ўсё можа.

- Мне здаецца, што гэта адносiцца не да аднаго Курца, Ёсьць i iншыя, што неяк дзiўна захоўваюцца, - адазваўся Сымон. - Можа, гэта якi часовы дурман цi зь перапалоху, а можа, й сапраўды думаюць палякамi парабiцца. Адным словам, тут нечым нявыразным пахне. Ня хочуць навет гаварыць па-беларуску.

- Аб кiм ты гэта?

- Ды хаця-б аб гэтым франце... як яго...

- Маклюку?

- Так, аб iм. Нейкi-ж вельмi дзiўны ён цяпер. Спатыкаю ўчора, прыглядаюся дый пазнаць не магу: твар Маклюка, а вопратка "гарцэрская". Здароў. Маклюк, кажу. А той да мяне: "Як се маш?" Я, братцы, аж анямеў ад зьдзiўленьня. Стаю, рот разявiўшы, дый ня ведаю, што тут казаць. Ён дык мне проста ў вочы саромiцца глянуць. Выглядае так, быццам-бы ў кiпучы вар трапiў. "Што гэта з табой? - пытаюся. - Што гэта за такiя шматы ты апрануў? Цi не сабiраешся дзе на якi маскарад?" "Запiсалэм се до гарцэжы", - тлумачыцда, быццам сабаку праглынуўшы. "Што з табой? - кажу. - Цi ня з глузду ты зьехаў?" На гэта ён анi словам, быццам вады ў рот набраўшы. А пасьля, ужо крыху адвагу вярнуўшы: "Веш, цо было то пшэшло, а тэраз ест цось зупэлне iннэго". Тут мне, братцы, як быццам хто доўбняй па галаве. Стаю, пазiраю на гэтага дзiвака й ня ведаю, што далей гаварыць цi рабiць. "Ну як-жа маешся?" - пытаюся вось так сабе, абы нешта сказаць. "Добжэ", - адказвае мне ўсё яшчэ па-польску. Я думаў спачатку, што прыкiдваецца цi якой халеры, ажно й сапраўды да мяне цэлы час па-польску пшэкае. Гэта мяне, урэшце, як сьлед узлавала. Што ты, кажу, па-людзку гаварыць забыўся, цi што? Ён пачырванеў, як бурак, i стаiць ды бельмамi лыпае, у сабакi вочы пазычыўшы. Я плюнуў i пайшоў.

- Маклюк у "гарцэжы" запiсаўся! Га-га-га! - паехаў на ўсю глотку Караткевiч, якi ня мiнаў нагоды, каб зарагатаць.

- Я-б табе, Вiктар, зь вялiкай ахвотай памог сьмяяцца, калi-б тут было што камiчнае. Па-мойму, не сьмяяцца, а плакаць трэба.

- Што я - дурны? Плакаць, што той "гарцэжам" зрабiўся? Сьмяяўся й сьмяяцца буду.

- Няма чаго кiдацца ў крайнасьцi, - спасьцярог Дудкевiч. - Анi смяяцца, анi плакаць ня трэба. Мо гэта часовая хвароба, i хлапец ачуняе.

- Якая часовая хвароба? - усхваляваўся Спарыш. - Што ён дзiця, цi мо неадукаваны, цi нясьведамы? Можа, ня ведае, хто ён ёсьць?

- Чакай, чакай, гэта зусiм ня тое. Трэба не забывацца, што мiж намi ня ўсе былi духова моцнымi й патрыётамi. Адныя мо хочуць проста прытарнавацца да новых абставiнаў, а iншыя мо не пазбылiся яшчэ запалоханасьцi, што палякi нагналi на нас некалi. Ды ў кожным стадзе знойдзецца паршывая авечка.

- Гэта ты трапна сказаў. Па-мойму, нам трэба асьцерагацца такiх паршывых авечак, не гаворачы аб самых звычайных свiньнях. Варта было-б i адасобнiць iх ад стада.

- Мы ня маем цяпер такiх магчымасьцяў, каб загадваць некаму, што мае рабiць, як называцца цi якой мовай гаварыць, - умяшаўся Лабун. - Тых, што стараюцца прытарнавацца да абставiнаў, як нехта з вас сказаў, варта iгнараваць, але нельга зусiм адкiдаць. Магчыма, што некалi вернуцца ў сваю сям'ю...

- Карысьцi зь iх будзе, як зь перадойкi малака...

- Цяпер галоўнае, каб усе тыя цьвёрдыя, заядлыя патрыёты трымалiся разам i жылi дружна.

- Праўду гаворыш, Лабун. Ты мне проста словы з вуснаў выняў, - шлёпнуў Дзежка Лабуна па плячы. - Трымаймася, хлопцы, разам, жывём дружна. У групе ў нас будзе сiла. А цяпер стараймася ўсе дастацца на школу падхаронжых, каб тое, што пачалi ў Менску, скончылi тут. Нашай Бацькаўшчыне афiцэры будуць патрэбныя, няважна, дзе й якiя вайсковыя школы яны здабудуць.

- Вось гэта дык мне падабаецца, - дапамог Сымон. - Згода, хлопцы?

- Абсалютна ясна, што будзем трымацца.

- Слухайце, яшчэ хвiлiну ўвагi! - прасiў Дзежка. - Я вам цяпер апавядаў, як мы цягалi й закопвалi нямецкiя й амэрыканскiя трупы. Вось i заўважце: нас ужо ворагi на працягу стагодзьдзяў стараюцца задушыць i закапаць, а мы ўсё яшчэ жывём, наша Бацькаўшчына церпiць i змагаецца. Вось давайце й пастановiм зрабiць усё ў нашых сiлах, каб не сталася так, каб перад канцом вайны нехта нам паховiны спраўляў. Выжыць i ўтрымацца ў групе - гэта самае галоўнае. А пасьля прыйдзе яшчэ наша змаганьне.

- Але-ж ты й маладзец! Ёмка, брат, сказаў. Вiдаць, што ты пры трупах часу не трацiў, а цэлы час аднекуль чэрпаў мудрасьць. Дык вось, братка, прыйдзецца мне паставiць табе не чарку, а цэлую пляшку! - жартаваў Сымон.

- Сьмех набок, а Канстантын Дзежка - маладзец. Разумна гаворыць. Варта так рабiць, як некалi нехта сказаў: кроў за Бацькаўшчыну пралiваць трэба, адно не сваю, а чужую.

Калi-б хто, ня ведаючы, аб чым iшла гутарка ў малой групе, прыглядаўся ёй зводдаль, то мо й зьдзiвiўся-б, што ўсе, паўставаўшы й голасна гаворачы, трэслi ўверх кулакамi, быццам некаму пагражаючы, пачалi сьцiскаць адзiн другому рукi й пасьля, ужо зусiм супакоiўшыся й закурыўшы, памалу паплялiся ў кiрунку шэрых жаўнерскiх палатак.

СКРЫГОТЫ I ЎЗДРЫГI

I

У вялiкай канцылярыi базы сёмай дывiзii ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнiкi, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пiсары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвiдэнцыю - пэрсанальныя гiсторыi рэкрутаў. У невялiкiм шэрым сшытку жаўнер А цi Б мае запiсанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыi й шмат iншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткi, званыя эвiдэнцыйнымi, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А цi Б, водгукi афiцэраў, поступы па вайсковай лесьвiцы, удзелы ў баях, мэдалi й iншае.

95
{"b":"73542","o":1}