Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калi была зробленая зборка, зьвязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым нацiскам паўтарыў i прыпомнiў тое шнайдараўскае "кайн Руслянд", што iм так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея i што ўсiх рэчаў, якiя можна там - у Расеi, тут нельга рабiць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеi можна красьцi, можа, й забiваць, а тут - у Нямеччыне, усяго гэтага рабiць нельга. Не адзiн з юнакоў пачырванеў ад злосьцi, яшчэ раз слухаючы тую зьнявагу. Але што-ж зробiш?
Калi малы Лабуня, неяк iдучы па вулiцы, кiнуў вокам на яблыкi, што сваiм цяжарам зьгiналi сукi шматлiкiх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль нi вазьмiся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалi кулакамi й пагражалi яму, быццам злодзею. Вiдаць, дзецi былi ўжо навучаныя старэйшымi. Беларусы адразу заўважылi, што, дзе-б яны нi павярнулiся, цi то на вулiцы, цi ў загуменьнi, iх сачыла не адна пара вачэй - быццам разбойнiкаў цi зладзюгаў, якiм нiяк нельга было давяраць. Ясна, што такiя "добрасуседзкiя" дачыненьнi выклiкалi са свайго боку й нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да немцаў. Варожасьць да сваiх афiцэраў i падафiцэраў, што нарадзiлася пад Варшавай цi яшчэ раней, цяпер паглыбiлася i ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускiх патрыётаў пры сутычцы з прусакамi.
Ужо на другi дзень немалая частка роты пашла на вясковы пляц на страявыя заняткi, а iншым было загадана йсьцi да баўэраў на працу. Сымон i Вiктар пайшлi касiць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Iшло цяжкавата. Па-першае, яны былi амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосiш. Нязручныя цяжкiя нямецкiя косы з крывымi касавiдламi нiяк не спрыялi працы. На далонях хутка паднялiся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалi. Разам з Сымонам i Вiктарам працаваў на полi паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён разгаварыўшыся, наракаў на немцаў i свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусiм аслаблi. Калi вярнулiся на абед, Турн спытаў:
- Ну, як працавалася? Не лянiлiся?
- Працавалася так сабе. З пустым жыватом надта-ж цяжка касiць, - адказаў Сымон.
- Як гэта? - насупiўся зьвязовы. - Што, ты ранiцай не атрымаў кавы цi хлеба не маеш?
- Я пiў каву, але на вадзiчцы надта не накосiш. Цьвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасiлкавацца трэба.
- Альфонс! - клiкнуў гаспадара зьвязовы Штык, што быў прыкамандыраваны да роты ў вёсцы. - Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.
Баўэр быў ужо выхiлiў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусiць, хацеў клiкаць работнiкаў на абед.
- Спарыш! - гукнуў Сымона Турн. - Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам зьясi. Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблiтага сосам, тоўчанай жменькi бульбы, тоненькай ськiбачкi хлеба й кубка масьлянкi. Умясьцiўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухнi, Сымон i Вiктар зусiм нядрэнна падсiлкавалiся. Пасьля паўдня зноў пайшлi ў поле вязаць снапы. Працавалi паволi, шмат гаварылi, але не стаялi. Дзень быў сьпякотны, ды надта й перапрацоўвацца ня было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар i, агледзеўшы зьвязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабiлi й каб iшлi дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадалiся, што прусак адсылае iх загадзя, каб ня даць вячэры. Вiктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселi зь iншымi сябрамi гуляць у "ачко" i так прагулялi той час да вячэры. Даводзiлася iм працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калi хлопцы прыйшлi на абед, гаспадар - пузаценькi пяцiдзесяцiгадовы падсiвелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасьля казаў яшчэ звазiць дровы. Юнакi моцна пакрыўдзiлiся й сакавiта лаялiся, iдучы дадому.
IV
Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёмiцца з адным беларусам, што меў прэтэнзii быць пiсьменьнiкам, дый сапраўды тое-сёе пiсаў i там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыi працаваў нейкiм малым канторшчыкам пры Генэральным Камiсарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сьцiпла гаворачы, немафiл. У кожным нямецкiм учынку бачыў штось асаблiвае, вартае насьледаваньня. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу "гэрэнфольк". Сымон быў перакананы, што навет i самога сябе той пiсьменьнiк уважаў за iстоту, якая немцам далёка не раўня.
- Ты паглядзi на немцаў вунь, - гаварыў неяк Сымону пiсьменьнiк, - вось дык культурны народ. Гэта цi бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку Генэральнага Камiсарыяту. Дык што ты думаеш? Ня толькi чысьценька з талерак ядуць, што нiводнай макулiнкi не марнуюць, але ўжо калi йдзе аб хлеб, дык, глядзiш - i ўчарашнiя чорствыя скарыначкi падчысьцяць ды яшчэ й крошачкi пазбiраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!
Сымону пазьней часьценька прыгадвалiся тыя словы. Мо й трэба з пашанаю адносiцца да эканомнасьцi й ашчаднасьцi, - думаў Сымон, - ды часамi ня толькi варта, але прост-напраст неабходна. Адно калi йшла гаворка пра тую пiсьменьнiкаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там i нечага iншага. Будучы ў Прусii, заўважыў ненармальную нямецкую скупасьць. Адна рэч, калi казаць пра нямецкую скупасьць у дачыненьнi да чужых, але-ж яна, скупасьць гэтая, не абмяжоўвалася толькi чужымi, абымаючы ўсiх - у тым лiку й сваiх нямецкiх жаўнераў. Нiколi, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкi нямецкi баўэр пачаставаў цi хаця-б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзiлi так па вёсках, жабруючы й просячы: "Матка, яйка, матка, шпэк", як гэта рабiлi ў Беларусi.
Праўда, былi розныя гiтлераўскiя строгiя правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлiчана - i жывёла, i маёмасьць, i цэлы дабытак. Але-ж тое было i ў Беларусi, куды ў большай меры экспляатаванае акупантам.
Як ужо тыя акупанты нi душылi бедных беларускiх сялян, якiм ужо не ставала самiм не толькi хлеба, а часамi й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам нiяк нельга было раўняцда да прускiх баўэраў. I зноў у Сымонавай памяцi ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калёна шкiлетаў палонных з Чырвонае Армii. Калёна мiнае Сымонавую вёску. Сялянкi, панабiраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою - скарынкi цi акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогi й шпурляюць яду ў калёну. Чуваць крыкi палонных, яны кiдаюцца кучамi на яду, сьмерць косiць бедных людзей жалезьзем зь нямецкiх аўтаматаў.