- З Глыбоччыны.
- Ад Глыбокага.
- Недалёка. Ведаеце. Можа, былi там?
- Чуў. Меў знаёмых адтуль.
Хвiлiну памаўчалi.
- Эх, братка ты мой, сьвет цяпер так перамяшаўся. Забадзялiся-ж мы й пагубiлiся. Хто гэта ведае, што будзе... Ведаем толькi, што было. Дый цяжка-ж, цяжка, - уздыхнуў зьвязны.
- А вы даўно ў войску?
- Браток, здаецца, ужо век цэлы. Перад вайной яшчэ чынную службу адбыў. Пасьля на рэзэрву пазвалi. Змабiлiзавалi перад вайной, а тады ў плен да бальшавiкоў папаў...
Зьвязны пачаў апавядаць доўгую сваю гiсторыю. Шмат такiх цi падобных чуў Сымон раней. Седзячы побач яго, гаротнiк сумным i поўным уздыханьняў i жалю голасам апавядаў аб цяжкiх цярпеньнях у сiбiрскiх лягерох, аб тым, як з крываўкi ледзь ня скончыўся ў Казахстане, але нехта сьпiртам выратаваў. Прыгадаў пасьля й пра сям'ю. Голас ягоны пачаў дрыжаць. Мясцамi спыняўся, ня могучы гаварыць.
Сымон цярплiва слухаў i не перашкаджаў яму апавядаць. Вiдаць было, што чалавек пастанавiў адкрыць сваю душу й сэрца. Хто ведае, цi ня першага сустрэў у войску чалавека, што асьмелiўся загаварыць да яго моваю маткi. Сям'я зьвязнога, згодна з апавяданьнем, была застрэленая ў час вайны немцамi, а хата спаленая. Жонка й дачка, што па гадах мела быць сяньня дзеўкай - адзiнае са шматлiкага, але найдаражэйшае, што вязала яго з Бацькаўшчынай, - сталiся ахвярамi гiтлераўскага сьляпога тэрору. Зьвязовы ад хваляваньня гаварыў урыўкамi, а на вочы набягалi сьлёзы. Аб сямейнай трагэдыi даведаўся ня так даўно ад суседа з дому, якога сустрэў кагадзе ў войску. Вiдаць было, што насiў у сэрцы сьвежую, нiколi, можа, ня меўшую нагоды загаiцца рану.
- ...i так, браток ты мой, застаўся сягоньнiка адзiн, як палец. Ды мне-ж ужо й гады самыя лепшыя мiнулi. А тут во якое лiха прыйшло. Думалася нядаўна, што хоць дадому вернешся. Надзеiўся, што жывуць. Ажно во...
Дзядзька, здавалася, ня мог далей гаварыць. Сымон чакаў. Гледзячы на гаротнiка, балела яму сэрца. Вось гэта быў адзiн зь мiльёнаў беларусаў, што страцiлi ўсё й наперадзе бачылi адно беспрасьветную цьму й безнадзейнасьць. Выкiнутыя на чужы бераг, ня ведаючы анi людзей, анi не маючы сiл для далейшага жыцьця, страцiўшы найлепшыя гады ў службе за чужое або ў нядолi ў чужым ярме дома, кешкалiся цяпер у цемры.
- Дый варочацца-ж няма куды. Што было, тое пайшло з дымам. Мая бедненькая жоначка й дачушка. Каты са сьвету зьвялi. Куды-ж мне цяпер кiнуцца, што рабiць i з чаго пачаць? Як-жа мне тут заставацца? Ня знаю нi языка, дый гады ня тыя. А калi-б i ў Польшчу ехаць, дык ужо, мусiць, на тыя "адзысканыя" землi пасулiлi-б... Божа-ж мой, Божа! Як-жа далей быць i што рабiць?
Сьлёзы, быццам гарох, пасыпалiся з вачэй дзядзькi зьвязнога. Пакуль нязручным рухам стараўся iх выцерцi, адна сьлязiна ўпала на левыя грудзi й раздрабiлася аб востры рог адной з чатырох зорак на сiняй берэтцы. Гэта былi зоркi за раны. Побач было з паўтузiна берэтак ад iншых крыжоў i медалёў.
- Калi-б я ведаў, што вам парадзiць. Ня плачце, супакойцеся, - прамовiў зусiм непераконлiвым голасам Спарыш, i перад вачыма памяцi ягонай устала прыгорбленая, запрацаваная постаць свайго беднага гаротнага бацькi. Ня мог глядзець на сьлёзы. Прыгадаўшы родных, ведаў, што тыя стогнуць у непасiльным ярме. Дый цi толькi яны... Цэлы беларускi народ.
Сымон устаў i падышоў да вакна. На сэрца нахлынула вялiкая дэпрэсiя. Глядзеў на захмаранае неба. Думкi разбягалiся, быццам тыя неспакойныя васеньнiя брытанскiя хмары. А яны бесьперапынна й стала плылi ў няведамае.
ПАРАСТКI НА ЧУЖЫНЕ
I
Павуцiньне сувязi мiж адзiнкамi й групамi беларусаў Другога корпусу, так дбайлiва й цярплiва снаванае й сплятанае ў вадзiн клубок у Iталii, было парванае-парастрасанае зь пераездам у Ангельшчыну ўлетку 1946 году. Адзьдзелы войска паразьяжджалiся й пасялiлiся на новых месцах па цэлым абтоку. Адзiнкi й групы страцiлi сувязь. Спынiўся ня толькi працэс вышукоўваньня й выкопваньня тых, што пазашывалiся яшчэ раней i ў Iталii ня былi знойдзенымi. Трэба было найперш устанавiць i спалучыць асноўную пражу сувязi самых цьвёрдых i iнiцыятыўных, што маглi-б пасьля навокал сябе разглядацца й вышукоўваць.
Перад беларусамi стала зусiм новае, першараднае вагi пытаньне: што далей? Войска канчалася. Трэба было рупiцца аб будучынi. Так удала пiсалася пасьля ў першых радках часопiса "На шляху": "На шляху, а ня дома, стаiмо мы, выгнаныя з-пад родных стрэх вайной i чужацкай навалай. Мяркуем, дзе пайсьцi, куды кiнуцца..."
Пытаньнi "дзе пайсьцi, куды кiнуцца" лягчэй было-б вырашыць арганiзавана, грамадою. Патрэба беларускай арганiзацыi адчувалася вельмi пякуча. Гэткiм чынам iзноў пачыналася ад нiтак сувязi, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й i 3-й дывiзiях былi ўтрымалiся, хаця ня мелi сувязi мiжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi iнжынер Мiкола Абрамчык i рэдакцыя "Беларускiх Навiн" з Парыжу. Пры iхняй дапамозе беларусы зьвязалiся ня толькi мiжсобку, але i з саюзам украiнцаў Вялiкай Брытанii, управа якога добразычлiва аднеслася да iнiцыятараў праектаванай першай беларускай арганiзацыi ў Ангельшчыне.
II
Каля лётнiшча Боднi Эйрфiлд у правiнцыi Норфолк сканцэнтраваныя былi ўсе школы 3-й дывiзii. Вучань лiцэя Вiктар Сянькевiч налiчыў навокал сябе дваццаць трох беларусаў i пачаў аднаўляць працу, спыненую пераездам зь Iталii. Група зактывiзавалася. Адбывалiся сяброўскiя зборкi, супольна радзiлiся й пастанаўлялi пра будучыя арганiзацыйныя крокi. Устанавiлася й пiсьмовая сувязь зь беларусамi iншых адзьдзелаў. Да Сянькевiча зноў сотнямi хлынулi пiсьмы.
Дзейнiкi з "двойкi" зноў паклiкалi юнака й пыталiся, што пiшацца ў карэспандэнцыi. Вiктар адказваў, што панам з "двойкi" й так добра ведамы змест пiсьмаў. Пачалiся новыя цяжкасьцi. На Сянькевiча ад шматлiкiх палякаў пасыпалiся даносы. Давялося хлапцу разьвiтацца, ня скончыўшы школы, з навукай i ехаць у свой адзьдзел каля Лёндану. Крыху пазьней змусiлi пакiнуць працу выкладчыка ў гiмназii й прафэсара Гука.
Увосень 1946 году ва ўкраiнскай газеце "Наш клiч" зьявiўся Сянькевiчаў заклiк-артыкул. Аўтар зьвяртаўся да вайскоўцаў-беларусаў, каб адклiкалiся, вышукоўвалi iншых, арганiзоўвалi часовыя групы. Падкрэсьлiваў, што насьпеў час да ўтварэньня беларускае арганiзацыi.