Можна было-б варажыць надвое: цi ў галаве ў Сянькевiча так рана пасьля прыбыцьця ў польскую армiю ў Iталii паўстала-б думка аб пякучай неабходнасьцi арганiзаваньня сваiх суродзiчаў, калi-б ня самi палякi, дакладней гаворачы, iхныя адносiны да беларусаў. Зусiм не падазраючы гэтага, якраз палякi прысьпешылi працэс афармленьня гэткiх думак ня толькi ў Сянькевiча, але i ў шмат каго яшчэ.
Перш за ўсё Сянькевiч прыгадваў бойку ў абозе каля Нэапалю, зараз пасьля прыезду з Францыi. Беларусаў было там больш за семдзесят. Зь iмi зьблiзiлася й трымалася разам жменька ўкраiнцаў. Беларусы былi больш-менш параськiданыя па цэлым абозе, але ў палатках жылi разам. Зразумела, карысталiся мiж сабою беларускай мовай i перад палякамi ня скрывалiся. Апошнiм надакучыла слухаць "хамскую" мову, й аднойчы вечарам група iх, добра падвыпiўшы, рушыла на палатку, дзе памяшчаўся Кастусь Дзежка зь iншымi былымi менскiмi кадэтамi, каб "даць кацапам". Бойка пачалася чаравiкамi, кулакамi, вайсковымi кацялкамi ды наогул усiм, што было пад рукамi. Трывала амаль паўгадзiны. Была выклiкана вайсковая палiцыя, i пару дзесяткаў людзей, бальшыня зь iх беларусаў, была пратрыманая ноч у вайсковым арышце. У вынiку колькi беларусаў кiнулася з аднаго агню ў другi: запiсалiся на выезд i былi адасланыя ў СССР. Бальшынi-ж, што засталася, адкрылiся вочы. Ведалi, чаго чакаць ад палякаў у будучынi.
Прыгадваў Сянькевiч i першыя допыты "двойкi" ў Ёляньдзе. Ужо даўно пагадзiўся з тым, што быў у палякаў на "чорным" лiсьце. Лiчыў гэта за гонар. Дый цi толькi ён быў на тым лiсьце. Амаль усiх iншых сяброў па колькi разоў цягалi й тлумачылi iм, што яны ня беларусы. Колькi-ж гэта каштавала нэрваў i вытрываласьцi, каб часам ня страцiць кантролю, не ўзлавацца ды ня кiнуць iм у твар лiшняга, чаго пасьля шкадаваць давялося-б. Пасьля-ж iзноў прыходзiла на памяць тая школа падхаронжых у Матэры, куды былi выслалi, патрымалi зь нядзелю ды назад у адзьдзелы парассылалi, ня прызнаўшы атрыманай беларусамi за часамi нямецкае акупацыi асьветы. Дык i цяпер, калi быў прыдзелены ў трэцюю дывiзiю й атрымаў новы выклiк на "рэгiстрацыю", Вiктар ня зьдзiвiўся.
II
У канцылярыi лейтананта Пшэрэмбскага, загадчыка батальённай "двойкi", пасярод прасторнага стала, заваленага ўсякiмi паперамi, ляжаў раскрыты пэрсанальны вайсковы сшытак Вiктара Сянькевiча. Шэрая вокладка яго была шмат больш зношаная, чымся ў iншых жаўнераў - ад частага карыстаньня. На гэтую, не апошняй вартасьцi дэталь Пшэрэмбскi насамперш зьвярнуў увагу. Вiдаць, што клiентам шмат цiкавiлiся й iншыя зь пэрсаналу "двойкi". Аб гэтым сьведчыла колькi лiсткоў густа запiсаных сьледчых дадаткаў. Лейтанант Пшэрэмбскi, уважна прачытаўшы iх, не знайшоў там нiчога асаблiвага, акрамя рутынных пытаньняў i адказаў ды шаблонных справаздачаў.
Пшэрэмбскi, што паходзiў зь сям'i польскага асаднiка ў Беларусi ды перад вайною яшчэ на службе дэфэнзывы шмат займаўся зь беларускiм элемэнтам, меў у гэтай справе набiтую руку. Ведаў народ i мову, кансьпiрацыйныя шляхi й дарожкi, мэтады працы й нацыянальную псiхiку. Розьнiца мiж Сянькевiчам i ягонымi суродзiчамi перад вайной, зь якiмi даводзiлася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтанант мог да падазроных прымяняць агульна-ўжываную, зьверху накiнутую формулу: абвiнавацiць iх у камунiзьме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалiтае, загадаць некаму з агентаў, каб падкiнулi намечаным асобам камунiстычную лiтаратуру, iншым агентам - каб ператрэсьлi й знайшлi яе, дый годзе. Справа была шыта-крыта, як кажуць.
Тут-жа, у армii, ды на чужыне, было зусiм iншае. Старыя мэтады й формулы мелi вартасьць леташняга сьнегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былi палявыя суды. Для абвiнавачаньня чалавека трэба былi нейкiя яўныя довады. Iх не ставала. Камунiзм тут ня мог быць тым конiкам, што быў дома перад вайной. Бо калi-б прышпiлiлi камунiзм аднаму, дык трэба-ж было-б пасьля шукаць каранёў, галiнаў дый навокал розных парасткаў. Гэта-ж быў-бы поўны абсурд. Ды i, урэшце, што можна было закiнуць Вiктару Сянькевiчу? Нiчога канкрэтнага адносна нейкай канспiрацыйнай дзейнасьцi ня было. Хлапец быў "на воку", дый толькi. Так, прынамсi, вынiкала зь iншых сьледчых запiсак. Пшэрэмбскаму кiнулася ў вочы зусiм нешта iншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з "двойкi", якiя раней апытвалi юнака: прозьвiшча, веравызнаньне й нацыянальнасьць. Якiм чынам Сянькевiч дый каталiк мог быць беларусам? Гэтага лейтанант нiяк ня мог памясьцiць у галаве.
Пшэрэмбскi любiў лiтаратуру, асаблiва гiстарычную. Генрык Сянькевiч зь ягонай трылогiяй займаў некалi цэнтральнае месца ў ягоным дзяцiнстве. Прыпамiналася старая "бабця" на фальварку, што доўгiмi асеньнiмi й зiмовымi вечарамi чытала яму з тоўстых падношаных кнiжак школьнае бiблiятэкi. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлiвы й адважны гэрой Кмiцiц ды цэлая галерэя iншых. Любiў некалi Пшэрэмбскi аж да забыцьця ўпiвацца духовымi сокамi польскае мiнуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялiкiм пiсьменьнiкам. Ня дзiва, што ў сэрцы ягоным для Сянькевiча захаваны быў цёпленькi куточак. I вось тут - на табе, проста цi не зьнявага да гэнiяльнага майстры: тое самае прозьвiшча, у дадатак i каталiк, дык пры чым-жа тут беларуская нацыянальнасьць? Не. Тут недзе й некiм была зроблена памылка. Калi так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскi, напэўна, нейкi недагляд зможа выправiць.
III
У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бляндын.
- Вiктар Сянькевiч да пана лейтананта! - адрэкамэндаваўся, ёмка стукнуўшы падковамi чаравiкаў.
Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны. У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позiрку ня было анi ценю неспадзеўнае баязьлiвасьцi, што характэрная шматлiкiм людзям, якiм даводзiцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымi рукамi кары й справядлiвасьцi.
- Прашу, сядайце, - кiўнуў лейтанант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да "загадкi". Ня зводзячы з хлопца вачэй i лянiвым рухам касматае рукi выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькi, ён адвалiўся на сьпiнку крэсла.
- Ваша прозьвiшча Сянькевiч?
- Так, пане лейтанант.
- Па веравызнаньнi каталiк?