У вялiкай i шматнацыянальнай армii iдзе наперад сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалi й недзе паны стварылi яе, ахрысьцiўшы назовам чужога гораду. Мусiць, не дзеля чыстага сымбалiзму, а каб зьвязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставiць руку па яго i ў будучынi, так як выстаўлялi ў мiнулым. Дый ня толькi выставiць, але й прыгнесьцi ды прысвоiць...
Паны, як вiдаць, мала, а мо й нiчога не навучылiся. I сяньня паўтараюць старое, колькi разоў iмi-ж перажованае й для чужых жыватоў нястраўнае: аб бастыёне заходняе культуры на ўсходзе, аб мiсiянэрстве каталiцтва, падмуры хрысьцiянства, паклiкаюцца на Вастрабрамскую Божую Мацi й шчарбец Баляслава Харобрага...
Пятая пяхотная дывiзiя называецца "крэсовай", а на жоўтым палотнiшчы нарукаўнага шчытка красуецца горды зубр - волат Белавескае пушчы. Ёсьць-жа й розныя iншыя "крэсовыя" палкi й брыгады, у iх лiку й Вiленскi. Паназывалi, каб трымаць у памяцi, што ў чужых краiнах ляжаў i ляжыць рэзервуар iхных багацьцяў.
У шэрагах той шостай Львоўскай крочаць у шматтысячнай масе й Сымон Спарыш, i Ялонскi, i Ялушэвiч - колiшнiя менскiя кадэты, што пачалi змаганьне ня толькi супраць чырвона-маскоўскiх, але наогул супраць усiх рабаўнiкоў, у тым лiку й супраць паноў, магнатаў i ўраднiкаў, што пратапталi сьцежку ў Беларусь з Варшавы. Дый цi толькi гэтая тройка? Ёсьць-жа iх шмат, вялiкая маса. Некаторыя сяньня пахавалiся, прытаiлiся. Нявольнiцкi страх душыць iм грудзi. Ня ў сiлах цяпер выявiцца, клiкацца сваiм iмем. Але пры нагодзе выявяцца. Бо ў глыбiнi сэрцаў iхных - гарачая любоў да адзiнай i пакрыўджанай. Там - Вострая Брама й Жыровiцы, Наваградзкiя й Троцкiя муры, Замкавая гара ў Вiльнi й Сьвятынi Полацку. Нiхто не адбярэ тых бясцэнных скарбаў-успамiнаў.
Нуртуе й бурлiцца гарачая любоў. Дарма, што сяньня навокал i слова роднага не пачуеш, што й песьнi чужыя прыходзiцца заводзiць, дарма, што ў чужым мундзiры - надыдзе час выяўленьня. Бо беларускi народ жыве, бо ня зьнiшчылi яго стагодзьдзямi, бо яшчэ ўчора ўсхапiўся да новага жыцьця й паслаў у баявы марш тысячы юнакоў i юначак, сотнi тысяч жаўнераў i iнтэлiгенцыi. Дарма, што на дарозе шмат перашкодаў - шэрагi вырастуць, узмацнеюць. Бо няма большае зброi на сьвеце, чымся любоў да свайго, бо яна зьяўляецца асноваю асноў, бо на ёй расьце, красуецца, даспявае й дае плён ўсе добра пачатае.
Дык i дарма, што Спарыш, цi Караткевiч, цi трэцi й чацьвёрты iдуць сяньня ў лiку семнаццатай цi шостай Львоўскай, у лiку тых, што - калi-б не Ялта зноў прынеслi-б паняволеньне. Дарма, што й сэрцы iхныя сяньня да ўсяго абыякавыя, зачарсьцьвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленьне.
А калi Львоўская, дык i што-ж? Былi-ж розныя й раней, будуць i пасьля. Вунь-жа на другiм баку агнявой крывулi крышацца й нявечацца сiлы такога-ж самага, што паквапiўся на занадта вялiкi кусок чужога ды пасьля праглынуць ня стала сiлы. А мо й здолеў-бы, каб часам з другога боку памяркавалi. Але-ж не дазволiлi. Дык заўсёды i ўсюды адзiн i той самы працэс - з аднаго боку прагавiтасьць, гвалт i агрэсыя, з другога - абарона пакрыўджаных, часова цi даўжэй прыгнечаных, а то й зусiм проста абарона, абы не дацца. Быў некалi-ж такi працэс i зь Лiтвой-Беларусьсю. Толькi-ж зашмат ворагаў адразу навалiлiся, прыцiснулi, ледзь зусiм не задушылi, дый цяпер яшчэ душаць з большай сiлаю, чымся калiсьцi. Але дарма iхныя натугi. Як сказаў-бы той Сымон у хвiлiну адсутнасьцi ўсялякага натхненьня, так, проста з моста: "А скулу вам у бок, гадаўё i пошасьць, хеўра цёмная! Ня ўдасца - падавiцеся!"
Дык што-ж, калi сяньня крочыць ён сярод чужых па чужой зямлi й за чужое. Прыкрыў, захутаў абыякавасьцю сэрца, каб, крывавячыся, зусiм не аслабела, каб вытрымала, каб у часе паходаў гартаваўся дух i вера, каб мацаваўся ў днях злыбяды й вялiкiх выпрабаваньняў юнацкi характар. Прыйдзе час - спатрэбiцца. Учора цi заўчора страляў "п'ятам" па тых з гэтага боку. А якая розьнiца - за каго страляў цi па кiм? Не так даўно-ж страляў i з другога боку i таксама-ж панцырфаўстам-"п'ятам", хоць, праўду гаворачы, не страляў, бо ўдалося абысьцiся, моўчкi й бяз стрэлу на другi бок пералезьцi. А тут-жа, на гэтым баку, ня было куды й чаго пералазiць, дык i страляў, бо й трэба-ж было неяк абысьцiся.
Але-ж вунь на другiм баку засталiся радня й сябры. I хто ведае - капрызны лёс мог-бы прынесьцi iх у гэты час i на гэты адрэзак. Дык i што? Ведаў-бы Сымон, у каго страляе? Яны-ж не са свае волi ў чужых мундзiрах, там, дзе ён быў раней... Сяньня, пэўна, галадуюць, церпяць - не так, як ён тут, на гэтым баку: усяго хоць завалiся. Падзялiлi-ж, паразганялi па ўсiм сьвеце сыноў Беларусi, разьвеялi, быццам лiхi асеньнi вецер лiсьце па полi. Самы-ж люты й найстрашнейшы з усiх страшных вунь дома бацькоўскiя гнёзды разбурае-папялiць, ды, можа, дзе й Сымонаву сям'ю ў Сiбiр на самыя страшныя цярпеньнi пагнаў. Колькi-ж зь iх, што дома пажадалi застацца, таксама загiне. А колькi пасьля буры дахаты дарогi ня знойдзе, а мо й шукаць ня будзе ды на чужыне пачне часовыя гнёзды вiць, каб змаганьне праводзiць за вольнасьць тых, што церпяць. Маса загiне, але-ж, пэўна, ня ўсе. Будуць такiя, што знойдуцца, згуртуюцца, пачнуць новы марш у новых шэрагах ды ўжо са сваiмi клiчамi й пад собскiм штандарам.
Дык i што, калi Спарыш сягоньня ў лiку ўчарашнiх, i хто ведае, цi не заўтрашнiх захопнiкаў з "п'ятам" па чужых сьцяжынах i пад чужымi посьвiстамi куль крочыць? Прыйдзе мо хутка час, што гэты "п'ят" ськiруе супраць сяньняшнiх "апякуноў"... Дай-жа Божа! Абы хутчэй тое надышло. А што гэтага дажыве, што мусiць дажыць, дык нiколi на маленькую часiну ня сумляваўся. Бо - "скулу вам у бок, не праглынеце яшчэ раз, падавiцеся!".
V
Усюды вiдаць сьляды ўчарашнiх баёў i яшчэ ранейшых зьнiшчэньняў ды рабункаў. Iтальянцы наракаюць, што акупанты агалiлi iх ад усяго дамашняга статку, усяго дабытку, гвалцiлi жанчын, зьдзекавалiся над мужчынамi. Хто яго там разьбярэ, што праўда, i цi ўсё тое, аб чым гавораць, на што наракаюць, па чым плачуць - праўда. Яно-ж як зачнуць наракаць, дык разьмеры стратаў да невядомых маштабаў вырастуць. Пасьля бою гэрояў - хоць адбаўляй, а ў цывiльнага жыхарства стратаў i цярпеньняў канца ня дойдзеш. Бо чым большыя былi цяжкасьцi, тым больш гэрояў праслаўляць будуць. Дык цi-ж iтальянскае цывiльнае жыхарства хацела быць выняткам? Яно-ж таксама хаўрусьнiкам старалася выказаць, што цярпела, а ў доказ паказвала, што рабавалi, бiлi, гвалцiлi...