II
У нармальных мiрных умовах дзяцiнства, пакуль чалавек не стане на собскiя ногi, навет падбiраючыся, а то й пераскочыўшы жыцьцёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб'ектыўнасьцю заглянуць жыцьцёвай рэчаiснасьцi ў вочы. Абапiрае свае мяркаваньнi й крокi на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцьця праз сваю, асаблiвую адно для яго, прызму. Адсюль такiя шматлiкiя ў юнацкiм веку памылкi, рашчараваньнi цi iншыя няшчасьцi.
Сымон Спарыш мала меў часу, каб дасьпяваць у нармальных спакойных абставiнах ды паўтараць тыя памылкi, што рабiлi раней i будуць прадаўжаць рабiць пазьней юнакi ранейшых i будучых пакаленьняў.
Сусьветны катаклiзм кiнуў яго ў лiку iншых сяброў на скрыжаваньнi пякельных дарог, туды, дзе разьюшаная сiла й гвалт. Там ня мелi вагi анi пачуцьцё, нi розум. Сiла была правам, а права - сiлаю. Магутны цыклён-гiгант душыў i цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганiчна хворае, фiзычна нятрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахiснае.
Як малая, цьвёрда зьлепленая снежная куля, кiнутая па зьмякчаным адлiгаю снегу з высокай горнай вяршынi, буйнее, таўсьцее й набiрае разгону й сiлы па дарозе ды крышыць пасьля й нiшчыць усё жывое й мёртвае, гэтак раздзьмуханая сiла ваеннага гвалту й зьнiшчэньня, здавалася, што далей, то больш набiрала моцы й iмпэту. Дэструкцыйнасьць ваеннае сiлы ня можа быць рацыянальнай, поўнасьцю накiраванай цi кантраляванай. У меру павялiчэньня ейнае разьюшанае гвалтоўнасьцi першапачатковыя дзейнiкi, што выклiкалi яе з пэўнымi вызначанымi мэтамi, трацяць над ёю навет частковы кантроль. Гэтаксама, як у групе падвыпiтых дзецюкоў паб'юцца двое, пасьля-ж на дапамогу цi проста, каб узяць нейкi ўдзел, прыйдуць усе непаклiканыя, й зробiцца неразбярыха такая, што пад канец няведама, каго вiнавацiць, - таксама i ў вялiкiх войнах. Пасьля пэўнае мяжы сiла гвалту выклiкае дзейнасьць пабочных элемэнтаў, дзеля розыгрышу асноўнае стаўкi непатрэбных. Гэтак бандыты рабуюць i забiваюць, выкарыстоўваючы ваеннае бязладзьдзе там, дзе няма пiльнага вока ўлады; садысты страляюць i жыўцом паляць людзей не дзеля таго, што гэта неабходна, а таму, каб насыцiць сваю зьвярыную прагавiтасьць сьмерцi й зьнiшчэньня iншых. Нарэшце навет найбольш нэйтральныя, што, як кажуць, "Богу духа вiноўныя", дзеля свае абароны змушаны прыняць удзел у агульнай разьнi й забойствах. Хто-ж пасьля гэтага здолее разабрацца - дзе, хто i ў чым вiнаваты? У Беларусi падчас Другой сусьветнай вайны бальшыня сялянскiх вёсак, пераважна зь лясных раёнаў краiны, пайшла з дымам. Жыхары - або там-жа жыўцом паленыя, або страляныя - не жадалi браць удзел у чужой для iх вайне двух тытанаў. Хiба-ж iхняя вiна палягала ў тым, што ня сумелi ў час абаранiцца...
Маладому Сымону ў галаве не мясьцiлася, што цывiлiзаваны чалавек можа перайсьцi ўсе межы дзiкасьцi й быць рухавiком такога ўсеагульнага гвалту купацца ў крывi, засьцiлаць касьцьмi нявiнных мiльёнаў прасторы сьвету й пры гэтым яшчэ сьпяваць гiмны й оды вялiкiм i малым катам. Гэта звярыная крайнасьць людзкой натуры да глыбiнi скаланула й зрушыла нясьмелыя яшчэ погляды юнака, паставiла перад iм цэлы сьцяг пытаньняў, на якiя нельга было знайсьцi гатовых адказаў.
"Чалавека, што забiвае, называюць зьверам, - думаў юнак, - але-ж зьвер, калi ён забiвае, то ня без патрэбы. Найчасьцей спажывае здабычу, пасьля адпачывае й не мае патрэбы зьнiшчаць iншых дзеля самога толькi зьнiшчэньня. Iнакш кажучы, зьвер робiць толькi бiялагiчную функцыю, забiвае для ўтрыманьня пры жыцьцi свайго арганiзма, робiць тое, да чаго паклiканы ў прыродзе, рэдка цi навет нiколi ня выходзiць за рамы бiялагiчных нормаў iснаваньня. Зусiм iншае з чалавекам. Ён паклiканы не для забойства, а для сужыцьця зь iншымi ў любовi. Бог стварыў яго, даў розум, каб дасканалiўся й наследаваў Творцу. Да забойства пхае яго прагавiтасьць, ненасычанасьць. Раз распачаўшы гвалт над iншымi, ня ведае межаў. Калi, такiм чынам, параўноўваць чалавека са зьверам, то параўнаньне выпала-б на карысьць апошняга. Больш таго: калi-б зьвер меў розум i ведаў, што ягоным iменем празываюць чалавека-забойцу, то, пэўна-ж, моцна пакрыўдзiўся-б. Было-б гэта для яго цi не найбольшай зьнявагай".
Пасьля такiх крайнасьцяў у сваiх роздумах i выснавах Сымон мяркаваў, што чалавеку добраму, якi трымаецца Божых прыказаньняў, няма на зямлi месца. Ён заўсёды будзе крыўджаны й эксплуатаваны, таптаны й бiты iншымi. "Сярод ваўкоў вый па-воўчаму", - прыходзiла на думку старая народная мудрасьць. Перад уяўленьнем прабягаў шлях беларускага народу за апошнiх пару стагодзьдзяў шлях нядолi, крыўдаў i зьдзекаў з боку чужынцаў.
Цi беларус выйграў што-небудзь таму, што ня бiў i ня гвалцiў, што служыў чужым панам? Чым менш супрацiўляўся, тым больш зносiў крыўдаў. Сьвет, аснованы на сiле, лiчыцца адно зь сiлаю. Нiхто нiколi ня ўважыць слабога, няважна, колькi-б ён малiўся цi прасiўся, колькi-б нi даводзiў аб сваiх правох, аб дабрынi, чысьцiнi душы й сэрца.
III
Як таму вязьню, што першы раз абудзiўся з начнога сну ў вязьнiцы, здавалася часамi Сымону, што ўся гэта жахлiвасьць гвалту й сiлы, гэты жудасны рогат сьмерцi, панарамы папялiшчаў i могiльнiкаў, людзкой нядолi й енкаў зьяўляюцца адно благiм сном, што ня можа-ж гэта быць, што ёсьць-жа нейкiя нормы маралi, iснуе-ж нейкая любоў на сьвеце, дабрата ў сэрцы чалавечым. Пытаўся ня раз сам сябе: цi дзякуючы нейкаму нявытлумачальнаму прыпадку ня сьнiць ён часамi, цi прост-напраст ня здурэў?
Да агульных гэткiх перажываньняў далучалiся зусiм асабiстыя, сямейныя. Постаць старога, хваравiтага, спрацаванага бацькi рэдка пакiдала юнакова ўяўленьне. Сьнiў страшныя сны: то капаў бацьку магiлку, то бачыў бацьку ў дамавiне, то выносiў тую дамавiну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Iталii й далей заўсёды круцiўся навокал бацькi.
"Цi не завiнiў я часам перад iм? - пытаў сябе. - Цi ня мусiў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьцi? А мо, - i пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, - мо бальшавiкi ўжо зьвялi яго са сьвету за тое, што я пакiнуў дом i што, будучы яшчэ дома, нiдзе ня крыўся са сваймi антыбальшавiцкiмi паглядамi? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А цi-ж ня было ў вёсцы здраднiкаў-юдаў, дрэнных людзей?"