Чампiён духовых "цнотаў" спынiўся, каб адсапнуцца, пераступiў з нагi на нагу й закончыў такiмi словамi:
- Вы ўсе ёсьць жаўнеры, й аб тым, што маеце рабiць, думае армiя, у даным выпадку думаю я. Жывеце, працуйце, захоўвайцеся як жаўнеры. У войску няма й не можа быць нiякай палiтыкi. Ясна цi не?
Рота стаяла нямая. Злосны й зьбялелы Дзежка, здавалася, каб мог спапялiў-бы зрокам i разьвеяў бы цень Эдзi.
- Пане старшыня, - звярнуўся камандзер да старшынi роты, старэнькага, але чэрствага сяржанта харонжага, - дайце дыспазыцыi да дзённых заняткаў.
V
Вечарам таго-ж дня Сымон Спарыш заглянуў у палатку да Дзежкi. Там аж у дзьве партыi рэзалi ў "ачко". Сымон пакруцiўся i, лiчачы сваю асобу лiшняй, наважыў наведаць Лабуна. Застаў яго адзiнокага ў пустой палатцы. Пры млявым сьвятле сьвечкi нешта разглядаў у кнiжцы. Лабун належаў да людзей, якiх слушна называюць кнiжнай мольлю. Калi ня бываў п'яны цi падвыпiты (што часьценька здаралася), вольныя хвiлiны прысьвячаў кнiжкам. Быў надзвычайна здольны й начытаны. Сымон часьценька клiкаў яго прафэсарам.
- Здароў, прафэсар! - прывiтаўся.
- Здароў, брат, здароў. Хадзi й прысаджвайся.
Сымон сеў побач i прыглядаўся да матэматычных фiгур у Лабуновай кнiжцы.
- Вось, братка, гэта дык неспадзеўка. Хто ў чым: адзiн у карты, другi на выпiўку, трэцi да дзяўчат бяжыць, а ты тут зь нейкiмi перапутанымi матэматычнымi фiнцiклюшкамi забаўляешся. Як цябе нешта такое цiкавiць можа ў такi час?
- Кожнаму, братка, сваё, як ты сам сказаў, - блiснуў матэматык акулярамi.
- Дык гэта ты называеш сваiм?
- Пэўна-ж. Я люблю матэматыку.
- Ну ведаеш ты што? Я-б хутчэй зразумеў, каб ты якi цiкавы раман чытаў, цi што... Не магу ўявiць, як нехта ў такiх абставiнах i пры такой атмасфэры матэматыку грызьцi можа...
- Дык вось ведай, што ёсьць адзiн такi, - распрамянiўся Лабун сьмехам, нагадваючым грымасу.
- Пахвалiся-ж хаця, як далёка залез ты па матэматычнай драбiне.
- Глядзi вось сам, - падсунуў хлапец Сымону кнiжку ў мяккай рудой вокладцы.
- Ого, братка, - кiваў Спарыш галавою, - ты ўжо так далёка, што я нiчога не разумею. Вышэйшая матэматыка? Гм... Ня ведаю, хвалiць цi ганiць. Навошта табе яна?
- А вось няхай будзе. Што навучуся - маё, нiхто не адбярэ, - адказаў Лабун абыякава.
- У школу iсьцi манiшся?
- Будзе вiдаць. Пакуль што няма магчымасьцяў.
- Можа й, выпадала-б табе пазайздросьцiць, што такую хлёсткую маеш мазгаўнiцу. Я каб i хацеў, то ня мог-бы, асаблiва ў такiх абставiнах.
- Невядома, цi лепшыя будуць.
- Я ня гэта меў на думцы. Мяне страшна прыгнятае тое, што мы воляй-няволяй папалiся да гэтых пшэкаў, i ты бачыш, якiя яны. Вазьмi гэты выпадак зь Дзежкам. Што ты думаеш наконт яго?
- Паводле нашага Эдзi, дык ён заслужыў.
- Эдзю маю ў... Пытаюся, як паводле цябе.
- Думаю, што гэта крайняе сьвiнства з боку Эдзi, вялiкая несправядлiвасьць. Шляхцюк даўно правакаваў i прасiў аплявухi. Але, ведаючы гэту псiну, цi можна было чаго iншага спадзявацца?
- Хлопцы нашы ўсе такой думкi, а палякi глядзяць па-рознаму. Можна выпадак ацэньваць з двух бакоў: як чыстую бойку - i ў даным выпадку Мыдлеўскага поўная вiна, бо ён першы на Дзежку скочыў, - або дашукоўвацца матываў i правакацыю разглядаць правакацыяй. Як нi вазьмi, якiм бокам нi абярнi, усяроўна кругом вiнаваты панок гэты. А Эдзё з поўнай сьведамасьцю судзiў аднабакова: прыпiсаў Дзежку ўсю вiну й знайшоў матывы ў нейкiм гiтлераўскiм выхаваньнi й "бздурах". Вось дык судзьдзя, каб ты галавой налажыў! Гэта-ж проста зьнявага й аплявуха для нас, беларусаў. Гэта, братка, найбольш i балiць. Якi-б ён дурны, гэты сукiн сын, нi быў, але тут прызнаць выпадае, што ведае, дзе ўдарыць у балючае месца. Хутчэй за ўсё ён кiраваўся абшарнiцкай логiкай: я тут пан, а ты - хлоп, ня варты майго польскага пса. Правоў нiякiх не маеш i дзеля таго мусiш лiзаць ногi свайму пану й яму падпарадкоўвацца. Вось як усё гэта выглядае.
- I з гэтага ты надта зьдзiўлены?
- Прызнацца - так. Чалавек шмат чаго нядобрага ведаў i бачыў у палякаў, але спадзяваўся, што мо вайна зрабiла на iх нейкi дадатны ўплыў, навучыла чаго. Кажуць - дасканалiшся ў нядолi. Можа, яно не адносiцца да палякаў, а мо Эдзё - вынятак. Калi-ж яны ўсе такiя, тады трэба iх пашкадаваць, бо не скарысталi зь вялiкай гiстарычнай лекцыi.
- Ведаеш, я не фiлязоф i ня гiстарычны тэарэтык. Але тое-сёе ў гэтым разбiраюся. Успомнi дачыненьнi палякаў да беларусаў мiж гэтымi войнамi. Польскiя паны, дзякуючы сваiм iнтрыгам, дурной палiтыцы ў дачыненьнi падбiтых народаў i бяздарнай гаспадарцы, зруйнавалi ня толькi сваю "Карону", але й Вялiкае княства Лiтоўскае. Лагiчна вынiкала-б, што доўгая няволя пад Маскоўшчынай мусiла-б спрычынiцца да пераацэны iмi дагэтуляшнага шляху, знаходу памылак, канкрэтнага перабудаваньня палiтычнай псыхiкi вядучае клясы, пастаўленьня новых вехаў да лепшае будучынi. А яны - што? Гiстарычная лекцыя ня была засвоена. Адразу пасьля здабыцьця незалежнасьцi ў васямнаццатым годзе прагавiтыя панкi i iншая трухлядзь, кiруючыся абшарнiцка-рабаўнiчымi iнтарэсамi, узялiся абрабоўваць наш бедны сялянскi народ, адбiраць у яго апошнюю зямельку, школы, цэрквы й iншае. Iмкнулiся да поўнага зьнiшчэньня нашай апрычонасьцi, да асiмiляцыi. Ты, зрэшты, ведаеш, як было. Там вось i былi зародкi iхняга няшчасьця, новае вялiкае трагэдыi, якая адбывалася й цяпер адбываецца на нашых вачох. Мы, братка, не пазналi яшчэ добра палякаў цяпер, ня ведаем добра, якiя ўплывы зрабiла на iх вайна. Прытым заўваж, што маем тут справу зь мiлiтарыстамi. Ня трэба забывацца, што пасьля першай вайны якраз легiянеры-пiлсудчыкi былi тымi асаднiкамi, што прыехалi ў Беларусь i паадбiралi ў нашых сялян найлепшую зямельку. Калi-б гэтай хэўры ўдалося адваяваць Польшчу хоць у перадваенных межах, дык нашы сяньняшнiя афiцэры былi-б заўтрашнiмi асаднiкамi. Такi Эдзё лавiў-бы беларускую рыбку й паляваў-бы на беларускiх зайцаў, а ты й я вывозiлi-б ягоны гной i гадавалi-б збожжа.
- У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысьць, што палякi сяньня, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць i ейныя асновы? Ад таго часу, калi лёс спалучыў шляхi беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяцiць, а цяпер амаль зусiм зьнiкла. Толькi маскалi на тым скарысталi. Польскiм панком варта было-б зрабiць парадак у сваiм катушку, пакуль у чужы пхацца. Нiколi нiкому ня прынесьлi яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палiтычнай недасьпеласьцi, самi лятуць у бездань i iншых за сабой цягнуць!