Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тым часам на касмадроме Сары-Азек-1 ужо ўключылася сiстэма "Хвiлiнка", няўмольна адлiчваючы наблiжэнне старту паводле аперацыi "Абруч".

Каршун, зрабiўшы чарговы аблёт, зноў паявiўся над стромай Малакумдычап. Людзi там былi занятыя сваёй справай - яны завiхалiся з рыдлёўкамi. Экскаватар ужо накапаў вялiзную горбу зямлi. Цяпер ён запускаў коўш глыбока ў яму, выграбаючы апошнюю меру грунту. Неўзабаве ён перастаў торгацца i адсунуўся ўбок, а людзi пачалi корпацца на дне ямы. Вярблюд быў на тым жа месцы, а рыжы сабака некуды знiк. Дзе ён мог быць? Каршун падляцеў блiжэй i, апiсваючы плаўны круг над абрывам, убачыў, што рыжы сабака ляжыць пад прычэпам. Сабака адчуваў сябе на выгодзе, яму нiякай справы не было да каршуна. Колькi лятаў сёння над iм, а ён нi разу нават галавы не падняў да неба. Суслiк i той, устаўшы стырчма, думае пра небяспеку. А сабаку хоць бы што, пры людзях нiчога не баiцца. I клопатаў яму няма. Каршун завiс на iмгненне, выцiснуў з сябе, нiбы дражнячыся, цi то воклiч, цi то крык. Злаваўся на сабаку...

Едыгей узняў галаву. "Зноў белахвост, усё той жа. Ужо каторы раз над галавой. Бач, як добра яму, плыве сабе, гуляе".

З дна ямы падаў голас Доўгi Эдыльбай:

- Ну што, Едыке, паглядзi, капаць яшчэ цi даволi?

Едыгей хмура схiлiўся над краем ямы.

- Бадай што даволi, толькi ўнiзе трохi трэба шырэй узяць.

Ён узяў малую канiстру з вадой i, адышоўшы за экскаватар, зрабiў амавенне, як гэта i трэба было перад малiтвай. I тады на душы ў яго паспакайнела - няхай не давялося пахаваць Казангапа на Ана-Бейiце, але затое не будзе ганьбы. Цяпер трэба неяк пастарацца вярнуцца на Баранлы-Буранны да цеменi. Абяцалi вярнуцца не пазней шасцi. А вось палова пятай ужо. I наперадзе яшчэ пахаванне i зваротны шлях. Гадзiны дзве зойме. Памiнкi будуць познiм вечарам. Але не хаваць жа чалавека абы-як.

I ён пачаў рыхтаваць сябе да апошняга рытуалу. З-за экскаватара Едыгей выйшаў да людзей з урачыстым, самавiтым выразам на твары, важна i задуменна разгладжваючы бараду.

- Сын памерлага раба божага Казангапа Сабiтжан, стань з левага боку ад мяне, а вы чацвёра прынясiце цела на край магiлы, пакладзiце нябожчыка галавой на захад сонца, - сказаў ён урачыстым голасам. I калi ўсё было зроблена, дадаў: - А цяпер станем тварам да свяшчэннай Каабы. Хай будуць вашыя далонi прад вачмi, думайце пра бога, каб словы i думкi вашыя былi пачутыя iм у гэты час.

Нiякага знаку нязгоды не пачуў ён у адказ. I быў тым задаволены, бо маглi б сказаць: кiнь, стары, галаву дурыць, ты ж не мула. Час i так падганяе.

Перш чым пачаць правiць звычай, кланяючыся перад тым направа i налева, а потым зямлi i небу - у знак падзякi тварцу за трывалае збудаванне асноў гэтага свету, сярод якiх чалавек пачувае сябе не выпадковым i не сiрочым, а нараджаецца i знiкае з урачыстай непарушнасцю ўзнiкнення i скону дня i ночы, зноў жа ўбачыў Буранны Едыгей каршуна-белахвоста. Той вiсеў у небе, ледзь шавелячы крыламi, але так толькi здавалася, бо ён плыў, робячы прызначаныя сабе кругi. Нiбы ўзнiмаў на тыя кругi i Едыгееву думку.

А ўнiзе на краi ямы, што зеўрала пустатой, ляжаў на насiлках загорнуты ў белую кашму Казангап. Гаворачы напаўголаса тое, што прызначана на такi час гаварыць усiм i кожнаму, сёння, заўтра i наперад аж да скону гэтага свету, аднолькавым чынам i для тых, каму яшчэ толькi суджана нарадзiцца, - гаворачы напаўголаса тое, што было завяшчана прарокамi, Буранны Едыгей разам з тым iмкнуўся дапоўнiць яго ўласнымi думкамi, што мелi пачатак ва ўласнай душы i ўласным вопыце. Бо недарма жыве, што нi кажы, чалавек на свеце.

"Калi ты i праўда чуеш, о божа, маю малiтву, якую паўтаралi дзяды i прадзеды, калi ты чуў iх, дык пачуеш i мяне. Адно другому не будзе перашкаджаць.

Вось мы стаiм тут, на Малакумдычапскай строме каля выкапанай Казангапавай магiлы - бязлюдным i дзiкiм месцы, таму што не ўдалося пахаваць нам яго на спадчынных могiлках. А каршун у небе глядзiць на нас, калi стаiм мы з раскрытымi далонямi i развiтваемся з Казангапам. Ты, вялiкi, калi ты ёсць, прабач нам i прымi нябожчыка, раба твайго, лiтасцiва, i калi ён таго заслугоўвае, прызнач душы ягонай вечны супакой. Усё, што ад нас залежала, мы пастаралiся зрабiць. Астатняе за табой!

А цяпер, калi ўжо я звяртаюся да цябе, паслухай мяне, пакуль я яшчэ жывы i магу мыслiць. Людзi толькi i робяць, што просяць цябе - пашкадуй, памажы, не дай у крыўду! Надта многа чакаюць ад цябе з любога выпадку - i важнага, i мiзэрнага. Забойца i той жадае ў душы, каб ты абаранiў яго. А ты ўсё маўчыш. Цяжка табе, разумею, маленням нашым няма канца. А ты адзiн. Я ж нiчога не прашу. Я толькi хачу сказаць у такi час, што я думаю.

Скрушлiва ў мяне на душы яшчэ i таму, што спадчынны могiльнiк наш, дзе знайшла супакой Найман-Ана, цяпер нам недаступны. А таму хачу я, каб i мне суджана было ляжаць на гэтым месцы, на Малакумдычапе, дзе ступала нага яе. Няхай будзе так, каб ляжаць мне побач з Казангапам, якога мы хаваем цяпер. I калi праўда, што душа пасля смерцi перасяляецца ў нешта, дык навошта мне быць мурашом, хацелася б мне абярнуцца ў каршуна-белахвоста. Каб лятаць, вунь як той над саразекамi, i глядзець не наглядзецца на зямлю сваю. Вось i ўсё.

А наконт запавету свайго я ўсё скажу маладым, што прыбылi сюды разам са мной. Скажу я iм, што наказ свой даю iм - пахаваць мяне тут. Вось толькi не бачу, хто прашэпча малiтву нада мной. У бога яны не вераць i малiтваў нiякiх не ведаюць. Бо нiхто не ведае i нiколi не ўведае, цi ёсць бог на свеце. Адны кажуць - ёсць, другiя кажуць - няма. I калi я звяртаюся да цябе з малiтвамi, дык на самай справе я звяртаюся праз цябе да сябе, i дадзена мне ў такi час мыслiць, нiбы гэта ты мыслiў сам, усемагутны. Бо ў гэтым уся справа! А яны, маладыя, пра гэта не думаюць i малiтвай пагарджаюць. Але што яны могуць сказаць сабе i другiм у вялiкi час смерцi? Шкада мне iх. Як спасцiгнуць яны патаемнасць сваю чалавечую, калi не ведаюць спосабу ўзвысiцца думкаю так, нiбы кожны з нас раптам стаў бы богам? Даруй мне гэта знушчэнства. Нiхто з iх богам не стане, але iнакш i ты перастанеш iснаваць. Калi чалавек не зможа ўявiць сябе хоць патаемна богам, што заступаецца за ўсiх, а значыць, i за яго, чалавека, дык i цябе, божа, не стане... А мне не хацелася б, каб ты панiшчыўся бясследна.

Вось i ўся дума мая i скруха мая. Даруй, аднак, калi што не так сказаў цi падумаў. Я просты чалавек, як магу, так i думаю. Зараз дагавару апошнiя словы са свяшчэнных пiсанняў, i пачнем пахаванне. Блаславi ж нас на гэтую справу..."

79
{"b":"73526","o":1}