Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- I што вы дзiвiцеся сланам, Едыгееў Каранар чым горш за слана? Нагрузi, дык ён цягне, як слон!

- I праўда! - засмяялiся наўкол.

- Ды што слон! Слон той толькi ў гарачых краiнах жыве. А няхай бы паспрабаваў у нас на саразеках узiмку. Слон твой i капыты адкiне, далёка яму да Каранара!

- Слухай, Едыгей, а чаму табе не згламаздаць такую ж будку на Каранары, як там у Iндыi на сланах? I будзеш сабе ездзiць, як багацей якi!

Едыгей пасмейваўся. Жартавалi з яго, але прыемна было слухаць, як захапляюцца ягоным Каранарам.

Але ж i папакутаваў той зiмой, паперажываў праз гэтага свайго Каранара...

Але гэта здарылася ўжо з надыходам халадоў. А ў той дзень заспеў яго ў дарозе першы снегапад. Сняжок i перад тым браўся сыпацца, але хутка раставаў. А тут i пайшоў, i пайшоў, суцэльным змрокам узялося неба, вецер закруцiў. Густа, цяжка павалiў снег белым вохлап'ем. Не холадна было, але мокра i няўтульна. А галоўнае, не вiдаць нiчога наўкол. Што было рабiць? У саразеках не схаваешся, каб перачакаць непагадзь. Заставалася адно - даверыцца моцы i чуццю Каранара. Ён павiнен прывезцi дадому. Едыгей даў яму поўную волю, а сам падняў каўнер, насунуў на лоб шапку i цярплiва сядзеў, дарэмна стараючыся разгледзець што-небудзь па баках. Густая навiсь снегу, i толькi. Каранар iшоў у той крутаверцi, не прыцiшваючы кроку i, мабыць, разумеючы, што гаспадар яму цяпер не гаспадар, таму во i маўчыць, нiчым не дае знаць пра сябе. Вялiкай моцы павiнен быў быць Каранар, каб так вось, з такiм грузам бегчы праз снегапад. Магутна i горача дыхаў, несучы на сабе гаспадара, i крычаў, роў, як звер, а то i пачынаў выць працяжна, нудна i ўсё iшоў нястомна i бесперапынна скрозь iмклiвы густы снег...

Дзiва што - занадта доўгай падалася Едыгею тая дарога. "Хутчэй бы дабрацца", - думаў ён i ўяўляў сабе, як дома, мабыць, непакояцца, гледзячы на такое надвор'е. Укубала, нябось, трывожыцца, толькi выгляду не падае. Можа, i Зарыпа трывожыцца. Трывожыцца, вядома, але тым больш хавае гэта. Вунь нават на вочы яму трапiць баiцца. А што, спытаць, адбылося? Бо нi словам, нi ўчынкам не даў каму падумаць, што нешта тут ёсць. Усё як заўсёды. Толькi нiбыта яны, апынуўшыся на адной дарозе, азiрнулiся раптам, цi так iдуць? I далей пайшлi. Вось i ўсё. А як яму пры гэтым, гэта ўжо ягоны клопат. Няхай гэта нiкому не балiць. Сам разбярэцца, развяжа вузел, што муляў яму ўсё больш...

Гэта не простыя думкi былi, пакутлiвыя i непраглядныя. Вось i зiма ўжо настала, а ён па-ранейшаму не мог забыць Зарыпу, але не мог нават i ў думках адмовiцца ад Укубалы. На гора сабе яму яны былi патрэбны абедзве, а яны, мусiць, ведаючы пра гэта, не хацелi прыспешваць рашэнне. Вонкава ўсё было як заўсёды. I так прайшло лета, i так мiнула восень, за якою насунулася сiвая, непраглядная зiма.

Сiратлiва i няўтульна адчуваў сябе Едыгей на адзiноце ў гэтым снегападзе. Вецер бiў у твар, бязлюдна было наўкол. Каранар час ад часу торгаў галавой, абтрасаючы снег i будзячы цiшыню рыкам i ўсхлiпамi. I гаспадару рабiлася яшчэ няўтульней. Не ўдавалася яму спынiцца на нейкай пэўнай думцы. Не мог пэўна прызнацца Зарыпе, не мог адрачыся ад Укубалы. I тады ён пачынаў лаяць сябе апошнiмi словамi: "Быдла! Свалата! Сабака! Галава дурная!" - i яшчэ такiм жа парадкам. Але нiчога не памагала... Адзiная радасць, якая чакала яго, былi дзецi.

Думкi пра дзяцей былi ратункам для Едыгея, тут ён прыходзiў да згоды з самiм сабой. Ён уяўляў, як дабярэцца да Баранлы-Бураннага, як выбегуць малыя з дома, пачуўшы, што ён прыехаў, i не загонiш iх назад, хоць снег iдзе, i будуць круцiцца каля ног: "Дзядзька Едыгей прыехаў! На Каранары! Бульбу прывёз!" - i тое, як строга i ўладна загадае ён вярблюду легчы на зямлю i тады, увесь аснежаны, злезе з Каранара, абабiваючы з сябе снег i паспяваючы тым часам пагладзiць малых па галаве, i як потым пачне разгружаць мяшкi з бульбай i паглядваць, цi не паявiцца Зарыпа, калi яна дома, - ён ёй нiчога не скажа асаблiвага, ды i яна не скажа, ён толькi паглядзiць ёй у твар i будзе тым задаволены, каб потым зноў засумаваць, бо такая ўжо яму доля...

Так адольваў ён дарогу ў той завiрушны дзень. Праз усю дарогу не пакiдалi яго сумненнi, роздум. I ўсю дарогу круцiла снег завiруха.

Ад той завiрухi i зiма лягла ў саразеках, ранняя i сiберная ад самага пачатку.

З надыходам халадоў зноў пачаў вар'явацца Каранар, зноў узбунтавалася ў iм неадольная сiла, i ўжо нiхто не мог стрымаць яго.

На трэцi дзець пасля завiрухi ўзняўся марозны вецер i лягла над стэпам iмглiстая халадэча. Далёка i выразна чулiся на марозе рыпучыя крокi, кожны гук, кожны шоргат чулiся надзiва выразна. Цягнiкi былi чутны за шмат кiламетраў. А калi на свiтаннi пачуў Едыгей трубны розгалас Каранаравага рыку ў загоне i тое, як ён таптаўся i расхiстваў загарадзь за домам, зразумеў, якi клопат надарыўся яму. Хутка апрануўся, выйшаў у цемень, паспяшаў да загона i раскрычаўся, калюча рвучы горла марозным паветрам:

- Ты чаго гэта? Канец свету пачуў? Зноў за сваё? Зноў кроў маю пiць? Змоўкнi! Пашчу закрый, кажу! Нешта ты сёлета занадта рана пачаў!

Але ўсё было дарэмна. Вярблюд i не падумаў лiчыцца з iм. Ён патрабаваў свайго, ён роў, фыркаў, пагрозлiва клацаў зубамi, ламаў загон.

- Учуў, значыцца? - казаў ужо Едыгей з дакорам. - Ну зразумелая справа, табе цяпер трэба бегчы ў статак. Эх-эх! I хто гэта падстроiў вам так, што толькi раз на год здагадваецеся пра тое, чым маглi б займацца ў любы дзень без шуму i роспачы? Бач ты, канец свету!

Усё гэта казаў Едыгей больш сабе, бо добра разумеў сваю бездапаможнасць. Нiчога не заставалася, як адчынiць загон. I не паспеў ён адсунуць цяжэразную, увелькi з чалавекам зашчапку з жэрдак, як, ледзь не збiўшы яго з ног, Каранар рынуўся вонкi i пабег у стэп з ярасным крыкам, шырока раскiдваючы цыбатыя ногi i трасучы тугiмi чорнымi гарбамi. Мiгам прапаў з вачэй, толькi цэлая снежная хмара паднялася за iм.

- Цьфу ты! - плюнуў услед гаспадар i дадаў, злуючыся: - Бяжы, дурань, а то спознiшся!

Едыгею з ранiцы трэба было заступаць на працу. Таму i давялося прымiрыцца з Каранаравым бунтам. Каб ведаў, чым гэта скончыцца, хiба адпусцiў бы яго няхай бы лепш лопнуў ад крыку. Але хто без яго мог справiцца з атанам? Паспадзяваўся, што той ахаладае на волi, супакоiцца, i ўсё будзе добра...

А ў сярэдзiне дня прыйшоў Казангап i сказаў яму, спагадлiва ўсмiхаючыся:

60
{"b":"73526","o":1}