А на другi дзень якраз меўся быць дождж, паражняк са спадарожным таварняком на Кумбель вяртаўся. Пакуль манеўравалi ды счаплялi вагоны, задыхаўся Едыгей ад сквару, нiбы ў лазнi салдацкай. Лепш бы ўжо сонца палiла... А машынiст нейкi трапiўся - усё марудзiць i марудзiць, як мокрае гарыць. А тут хадзi сагнуўшыся ў тры столкi пад вагонамi. I абмацюкаў Едыгей таго машынiста ад душы. Той таксама не змоўчаў. Нясоладка было яму ля топкi паравознай. Ад гарачынi ачмурэлi. Пайшоў, дзякаваць богу, таварняк. Пацягнуў парожнiя платформы.
I тут лiвень хлынуў раптам. Прарвала. За ўсю сухмень адзiны дождж пайшоў. Зямля ўздрыгнула, умiг паднялася ў пухiрах i лужах, i пайшоў, i пайшоў дождж, шалёны, яры - ён доўга назапашваў прахалоду i вiльгаць, калi гэта праўда, на снежных хрыбтах самiх Гiмалаяў... Ух гэтыя Гiмалаi! Такая моц! Едыгей пабег дахаты. Чаму, сам не ведае. Проста так. Бо чалавек, калi пападае пад дождж, заўсёды бяжыць дахаты цi яшчэ пад якi дах. Звычка. Але навошта хавацца ад такога дажджу? Ён падумаў так, калi ўбачыў, як уся сям'я Кутыбаевых Абуталiп, Зарыпа i двое сыночкаў, Давул i Эрмек, - узяўшыся за рукi, скакала i прытанцоўвала пад дажджом каля свайго барака. I тое ўзрушыла Едыгея. Не таму, што яны сваволiлi i радавалiся дажджу. А таму, што яшчэ перад пачаткам дажджу Абуталiп i Зарыпа змовiлiся, каб быць разам пад дажджом, з дзецьмi, усёй сям'ёй. Едыгею такое не прыйшло б у галаву. А яны, купаючыся ў залеве, скакалi i крычалi, як гусi залётныя на Аральскiм моры! Гэта было свята для iх, радасць, што прыйшла з неба. Занудзiлiся ў саразеках па дажджы. I хораша стала Едыгею, i сумна, i смешна, i шкада было iх, што так святкавалi кожную светлую хвiлiну на раз'ездзе Баранлы-Буранны.
- Едыгей! Давай з намi! - закрычаў скрозь патокi дажджу Абуталiп i замахаў рукамi, нiбы плывец.
- Дзядзька Едыгей! - узрадавана кiнулiся да яго i хлопчыкi.
Меншанькi, яму ўсяго толькi трэцi год, Эрмек, пястун Едыгееў, бег да яго, раскiнуўшы ручаняты, разявiўшы роцiк i захлёбваючыся вадой. Яго вочы свяцiлiся невыказнай радасцю, смеласцю i гарэзлiвасцю. Едыгей падхапiў яго, закружыў на руках. I не ведаў, што рабiць далей. Ён зусiм не меў намеру далучацца да гэтай сямейнай гульнi. Але тут з-за вугла з крыкам вышмыгнулi яго дзяўчаткi - Саўле i Шарапат. Яны прыбеглi на галасы i ўзрадавана, шчаслiва i патрабавальна прасiлi: "Тата, давай бегаць!" I Едыгей не стрываў! Цяпер яны ўсе разам, аб'яднаўшыся, шалелi пад несцiханым лiўнем.
Едыгей не спускаў з рук маленькага Эрмека, баючыся, што ён у сумятнi ўпадзе ў лужу i захлiпнецца. Абуталiп пасадзiў сабе на спiну яго меншую Шарапат. I так яны бегалi, радуючы дзяцей. Эрмек падскокваў на руках у Едыгея, крычаў колькi было сiлы,i калi захлынаўся, то хуценька i моцна прыцiскаўся мокрым тварыкам да шыi Едыгея. Вiдаць, збоку выглядала вельмi зварушлiва, бо Едыгей колькi разоў лавiў на сабе ўдзячныя, шчаслiвыя пагляды Абуталiпа i Зарыпы, якiя былi радыя таму, што iх хлапчуку так хораша з дзядзькам Едыгеем. А Едыгею i яго дзяўчаткам таксама было вельмi весела ў гэтай дажджавой забаўцы Кутыбаевых. I мiжволi звярнуў увагу Едыгей, якой прыгожай была Зарыпа.
Дождж раскiдаў яе чорныя валасы па твары, шыi, плячах, i, ахiнаючы яе ад галавы да ног, вада струменiлася па пругкiм, маладым целе жанчыны, акрэслiваючы яе шыю, рукi, клубы, лыткi босых ног. А вочы ззялi радасцю, гарэзлiвасцю. I белыя зубы шчаслiва свяцiлiся.
Для саразекаў дождж - не дождж. Мокры снег паступова, можа, i прасочваецца ў глебу, а дождж, якi б ён нi быў, як ртуць з даланi, збягае з паверхнi ў яры i рвы. Узбурлiць, абрынецца - i няма яго.
Ужо праз колькi хвiлiн у час той залевы ўспенiлiся ручаi i патокi, моцныя, iмклiвыя, напорыстыя. I тады баранлiнцы сталi бегаць i скакаць па ручаях, пускаць тазiкi i карыты на ваду. Старэйшыя дзецi, Давул i Саўле, нават плавалi ў iх па ручаях. Давялося i малодшых таксама пасадзiць у карыта, каб паплавалi...
А дождж усё iшоў. Захопленыя сваiм заняткам, дзецi аказалiся ля самых пуцей, пад насыпам, у пачатку раз'езда. У гэты час праходзiў праз Баранлы-Буранны пасажырскi састаў. Людзi, высунуўшыся цi не па пояс у насцеж адчыненыя вокны i дзверы вагонаў, дзiвiлiся з iх, няшчасных дзiвакоў пустынi. Яны крычалi iм нешта накшталт: "Эй, не ўтапiцеся!" - рагаталi, свiсталi, скалiлiся. Вельмi ўжо смешным падаўся, вiдаць, iхнi выгляд. I цягнiк прайшоў, абмыты лiўнем, разам з тымi, хто праз дзень цi два, можа, пачне расказваць пра тое, што бачыў у стэпе, каб пацешыць людзей.
Едыгею раптам здалося, што Зарыпа плача. Калi па твары цякуць струменi вады як з вядра, цяжка сказаць, плача чалавек цi не. I ўсё ж такi Зарыпа плакала. Яна прыкiдвалася, што смяецца, што ёй вельмi весела, а сама плакала, стрымлiваючы ўсхлiпы, перабiваючы плач смехам i воклiчамi. Абуталiп усхвалявана схапiў яе за руку:
- Што з табой? Табе дрэнна? Пайшлi дамоў.
- Ды не, проста ў мяне iкаўка, - адказала Зарыпа.
I яны зноў пачалi гуляць з дзецьмi, спяшаючыся нацешыцца дабротамi выпадковага дажджу. Едыгею стала не па сабе. Уявiў, як цяжка, мабыць, усведамляць баранлiнцам, што ёсць другое, недаступнае для iх жыццё, дзе дождж не падзея, дзе людзi купаюцца i плаваюць у чыстай, празрыстай вадзе, дзе iншыя ўмовы, iншыя радасцi, iншыя клопаты пра сябе i дзяцей... I каб не бянтэжыць Абуталiпа i Зарыпу, якiя, вядома, толькi дзеля дзяцей паказвалi сваю весялосць, Едыгей рабiў выгляд, што яму падабаюцца гэтыя забавы.
Навалтузiлiся, нагулялiся ўволю дзецi i дарослыя, а дождж яшчэ лiў. I тады ўсе пабеглi дахаты. I спачувальна глядзеў iм услед, любаваўся Едыгей, як беглi Кутыбаевы, побач бацька, мацi, дзецi. Усе мокрыя. Хоць адзiн дзень шчасця ў саразеках.
Трымаючы малодшую на руках, старэйшую за руку, з'явiўся на парозе Едыгей. Укубала спалохана спляснула рукамi.
- Ой, ды што з вамi? На каго вы падобныя?
- Не пужайся, мацi, - супакоiў жонку Едыгей i засмяяўся. - Калi атан п'янее, ён гуляе са сваiмi тайлакамi - дзецьмi.
- Во я i гляджу, што i ты прыняў нешта такое, - усмiхнулася з дакорам Укубала. - Ну, распранайцеся, не стойце як мокрыя куры.
Дождж перастаў, але ён яшчэ лiўся недзе па саразекскiх ускраiнах да самага свiтання, бо чулiся сярод начы глухiя перакаты далёкага грому. Едыгей колькi разоў прачынаўся ад гэтага. I здзiўляўся. На Аральскiм моры, бывала, навальнiца над галавой грукоча - i то спалася. Ну, там iншая справа навальнiцы там частыя. Прачынаючыся, угадваў Едыгей скрозь заплюшчаныя павекi, як сполашна бiлiся ў вокнах, мiльгалi далёкiя, размытыя стэпам зарнiцы.