Ад Iвана Ходаса холадна пахла трайным адэкалонам i на нагах блiшчалi сабраныя ў гармонiк хромавыя боты, калi ён падыходзiў да сяла. Ля рэдкага цвiлога частаколу, туга нацягнуўшы на каленях спаднiцы i пахаваўшы пад лаўку босыя ногi - мусiць, ад камароў, - сядзелi моладаўскiя дзяўчаты. Хлопцы недзе пiлi i паiлi музыканта. Дзяўчат весялiў прасцякаваты, няхiтры, прыгожы ў твары конюх Мiкiта.
Iван Ходас стаяў зводдаль, бачыў, як шчаслiва саромелася i мякка хавала ад яго свае вочы Аксеня. Горача чырванела i на вечарынцы, калi iшла з iм у танец. Цiха-радасна нагiнала галаву; валасы яе пахлi далёкаю ласкава-зялёнаю мятаю. I толькi праваю рукою праз нячутную блузку ў белыя ёлачкi, ад якiх балюча кружылася ў вачах, Iван Ходас адчуваў яе ўсю, сарамлiва i стомлена паслухмяную.
Да Аксенi хадзiў Мiкiта, i ёй было сорамна перад людзьмi, перад сабою, перад Мiкiтам: казала, быў у сватах, з паўтараком, з боханам хлеба ў ручнiку, i яна сядзела за сталом, пiла i ўсё яшчэ не заплацiла за гарэлку. А Мiкiта на нешта спадзяваўся: ленавата i моцна абдымаў дзяўчат, а Аксенi паблажлiва i стрымана старанiўся. I няхiтра-затоена хаваў злосць на яго, на Iвана Ходаса. Але нядоўга. Раз, набраўшыся, як смалы, асалавелы, брыдка выпусцiўшы з портак рубашку, увалiўся на вечарынку, убiўся ў вёдры i нарабiў раптоўнага адчайнага звону. А потым, блытаючыся ў вясёлых дзявочых падолах, пралез сюды, дзе на лаве, спiною да акна, сядзеў ён, Iван Ходас. Замахнуўся пустым кулаком. Але Ходас злавiў гэты кулак i пхнуў недзе ад сябе. Мiкiта, заплюшчыўшы вочы, паехаў спiною на гарманiста. Хтосьцi падхапiў яго пад пахi. Мiкiта стаяў, апусцiўшы рукi, нiбы мокры, нiбы вылез з вады, i раптам працверазiўся. Гармонiк, густа выпусцiўшы апошнi дух, нечакана сцiх. Бабы процьмаю збiлiся ля парога, зашапталiся i палахлiва замiльгалi ў чорную прорву сяней. Але бойкi не было.
Ходас выйшаў з хаты. На дварэ стаяла рэдкая i халодная вiдната усходзiў месяц: за хатамi трывожна, як на пажар, чырванела неба. Ля парога, студзячы плечы, рагаталi хлопцы. З-пад акна сюды, да парога, смутна мiльганула постаць, i Ходас пазнаў цi, скарэй, здагадаўся - Аксеня.
- Ах, божа, я гэтак перапалохалася! - сказала яна здалёк, яшчэ не дайшоўшы да яго.
- Ды нiчога тут не было. - Ён адчуў, як моцна абняло яго здаровым, празрыстым холадам пасля гарачынi i пылу.
Ён узяў яе за руку. Яна была халодная i дрыжала.
Ноч стаяла вiльготная, з расою - за ногi браўся сыры пясок. Спалi познiя хаты, стомлена адсвечваючы сляпою цемнатою акон. Каля плота хрумсталi зялёнымi абабранымi яблыкамi дзецi.
Аксеня павяла Ходаса чужымi надворкамi.
У нечым хляве цяжка ўздыхала карова i з грукатам цiснулiся да сцяны перапалоханыя авечкi. Пахла цёплым гноем i авечым потам.
- Нешта холадна, - сказала Аксеня, небаязлiвая, блiзкая з iм у густой адзiноце ночы.
Ён шчасна маўчаў, чуючы, як яна тамлiва i цёпла ўздыхала, мусiць, ад таго, што ён быў поруч.
Сырым чырванаватым жаўтком з-за хат слiзка выплыў месяц. З гародаў пахла сопкаю свежаю зямлёю - днём капалi раннюю картоплю.
За папярочнаю вулiцаю пачаўся брук. У тлустых зеленаватых плямах мазуту, рэдка прыцярушаныя сенам, гладкiя камянi мутна блiшчалi, як падталы лёд. Ля плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры i шорсткi, як каровiн язык. Тут пачынаўся горад. Уздоўж вулiцы стаялi нiзкiя, у два паверхi, домiкi. За мутным цюлем на падаконнiках грэлiся глiняныя каты, збуялыя вазоны лiсцямi адпiралi цёплае тугое шкло - iм было цесна.
Домiкi былi новыя, жаўтаватыя, як з суцэльных вялiкiх вафляў. Ходас ведаў, што тут недзе жыла - вокнамi на двор - iхняя касiрка з маленькiм i свежым, як у дзiцяцi, ротам, маладая татарка, што веяла на мужчын раптоўным хмельным скразняком, калi iшла па калiдоры, дзе тыя стаялi ў дзень зарплаты, весела-мурзатыя, у вiльготных ад мазуты фуфайках. Мужчыны скалiлi здаровыя белыя зубы, падморгвалi адзiн аднаму зайздросным калючым вокам i сыта ржалi. Ходас ведаў, што татарка кiнула мужа, дэмабiлiзаванага афiцэра, але ведаў i другое, што да чыста-свежага рота нiхто, мусiць, не падступаўся блiжэй, як праз гэтае замусоленае, у залацiстых кляксах густога чарнiла акенца. I, мусiць, дарэмна адсылалi да яе сваiх слiнява-ласкавых пасля палучкi мужоў, калi тыя позна варочалiся дадому, цiхiя, злыя жонкi.
Дарэмна злавала i яго, калi ён паволi ўвайшоў у хату адзiн раз, занадта добры i вясёлы, мякка адчуваючы рукамi сцены, i сказаў, перапытваючы ў цёмную духату кухнi: "Дзе быў? Вядома, у касiркi". Жонка ўключыла лямпачку i, жмурачыся ад рэзкага святла, ад злосцi, цёпла павеяўшы на яго пасцеллю, нячутна босая пайшла на ложак.
Да яе ён прыйшоў счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне злосць. Але яна мокра шмаргнула носам, глуха адвярнулася ад яго плячамi i адчайна затаiлася ў плачы. Гэтак, як i сёння. А потым абярнулася, знайшла мокрым тварам, схаладзелым носам яго грудзi, добры i спакойны стук яго сэрца i сцiшэла ў блiзкiм сне. I, мусiць, ёй было добра.
Сёння ноччу яна была другая, можа нават спакойная - ен нават пабойваўся таго спакою - i гаварыла другое:
- Дурная, нашто я так?.. Усё роўна люблю цябе... I хлопчык няхай астаецца ў нас...
Рука яе, цёплая, недзе мякка ляжала ў яго пад пахаю. I твар, як i тады, быў мокры, i слёзы, цёпла-салёныя, смачныя, калi ён цалаваў яе ў вочы, закрыўшы свае, i яму было сорамна i добра, што яна любiць яго, i страшна, што нiколi яму, пэўна, не даруе.
Ён маўчаў... А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня - тая хата з нiзкаю столлю, з глiняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нiбы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымi на сцяну жоўтымi выцвiлымi газетамi, каб не браўся мел. I яна, Аксеня, з распушчанымi квола-мяккiмi валасамi на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзiця, у той вечар. I ён лавiў яе гарачыя вiльготныя вусны...
Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы i адкрыў - Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася i дрыжала месячнае святло, нiбы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавiне скрыпнула канапа - там нанач паклалi хлопчыка.
- Iдзi глянь, каб не скiнуўся, - сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нiбы там спала дачка, але рукi яе доўга не расшчаплялiся ў яго за спiною, мусiць, ад радасцi, што маюць над iм такую ўладу. А потым асцярожна i хутка лавiлi яго, калi ён ссунуўся з ложка i стаў, баючыся так нечакана i раптам адысцiся ад гэтых рук.