Шпак намагаўся мабiлiзаваць усе свае сiлы, каб праўду пра паняволены народ, пра мiльённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятынi, пра пошасьць русыфiкацыi, зьнiшчэньне цэлай вялiкай культуры вялiкага народу, пра поўную антынародную нiкчэмнасьць акупыцыйнага маскоўскага рэжыму, каб пра ўсё гэта сьвет пачуў. Званi звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамiзай i ў Аттаве, над Амазонкай i ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Званi, ня спыняйся, папанатуж усе свае сiлы. Наракаеш, што ты, на самым нiзе сацыяльнай драбiны ў Канадзе шмат церпiш. Згадай тых, якiх цяпер мораць голадам, холадам, непасiльнай працай у Гулагу!
Iдзi, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставiць на тваё галашэньне цi крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, i яна з наiўнай сьпiною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбiтага з ног i бяздомнага сабакi, чымся акалеўшага ў галечы i змардаванага тысячамi жыцьцёвых дарог i бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла i выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымi i новымi фiзычнымi i духовымi чарнобылямi. Даводзiлася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пiсаць у газэты. Так, але-ж... Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзiўленьня разяўлялi, пра жвачку Рыглея на момант забывалiся. Поцiск рукi, спачуваньне...
У пасьляваенным гармiдары сродкаў масавае iнфармацыi ўсюды i амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гiтлераўскiмi нацыстамi шасьцi мiльёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлiвыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Iзраэль зьзяў у цэнтры ўвагi. Як на гэтую сцэну трапiць нейкай там задрыпанай, тут зусiм няведамай Беларусi? На роднай зруйнаванай зямлi людзi, якiх ваенны агонь абмiнуў, цяпер адно вылазiлi зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў iншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалi раскопваць масавыя магiлы нявiнных ахвяраў ды перахаваць iх у "бясьпечныя месцы".
Канадыйскi, амэрыканскi i iншыя бiзнэсавыя вярхi цiкавiў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставiць на ногi разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявiлiся чорна-белыя тэлевiзары. Ура! Цяпер Джоў i Джэк, глумячы Лабат i Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапанiць. А там - грошы, грошы, грошы! Перадавыя палiтыкi трымалi зыркае вока на тым, колькi Саветам можна пшанiцы прадаць, якi iншы бiзнэс з Крамлём зрабiць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампанii, на якiм прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бiзнэсу, тое добрае i для краiны. Во вам - просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Смiта. Дык i цяпер, калi гэта добра для бiзнэсу, дык чаму iз тым "дзядзькам Джовам Сталiнам" не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкiм там выдуманым Гулагам марочыць!
Захаднiя палiтыкi, навукоўцы, выдатныя банкiры i бiзнэсмэны, дзеячы культуры, - калi нават i не абыякавыя да злачынстваў бальшавiцкага антынароднага таталiтарызму - жадалi цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралiвалi вунь кроў, перамаглi, жахлiвая вайна мiнула. I чаго тут нейкiя дыпiсы, якiм мы ласку зрабiлi, у свой дом упусьцiўшы, чаго гэтыя выкiдышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзiцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнiк Сталiн горшы за ягонага-ж калiшняга хаўрусьнiка Гiтлера? Цьфу на вас, такiя вы ды гэткiя! Паводле iх, гэных-жа дыпiсаў, тут, у Канадзе камунiст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такiм дзiваком! I некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалi дабяруцца, калi вы, пэцкалi канадыйскiя, у iх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзi! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!
Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам лiтаратурным, Беларусы чакалi i гарту, i розуму, i вытрываласьцi. Пiсьменьнiк працаваў у гатэлi. Гадзiны працы дрэнныя, заплата мiзэрная. Ды што зробiш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкiм мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьцi i нейкую бiзнэсавую адукацыю.
Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьцi вытокамi сягалi ў перапоўненую цярпеньнямi мiнуўшчыну. Поўнага рамонту чакалi зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калi-б не ягоны добры сябра Алесь Якiмовiч, хто ведае... Магчыма, што давялося-б ужо лiпець у чарзе ў "Скат Мiшан" за мiскай супу. Калi Якiмовiч наведваў Шпака, пакiдаў нейкую помач. Нiколi не даваў грошай Шпаку ў рукi. Даляровыя банкноты траплялi неяк то пад машынапiску на стале, цi на полку туалетную, або ў iншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на iх трапiць. Цi адзiн раз пiсьменьнiк пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў "краiне вялiзных магчымасьцяў". Ды няважна колькi разоў пiсьменьнiк налягаў на Алеся, каб той нiдзе ў яго й нiколi нiякiх грошай не пакiдаў, дзяцюк бажыўся, што ён нiколi такога нiчога не рабiў i, дальбог, нiчога пра гэта ня ведае.
Нейкiм чынам у Шпакавай кватэры зьяўлялiся i iншыя падаркi пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапiска Смiт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамi пiсьменьнiкавых нарадзiнаў, картка падпiсаная "Вашым зычлiвым сябрам". Калi-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсiх сьвятых, што ён на такую "экстраваганцыю" не адважыўся. Захавалiся i твары, i годнасьць, i нiхто нiкога не ўквялiў. А жыцьцё, яно iшло, бо, як тыя мудрацы казалi, так было напiсана...
10
Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокi на сходах i пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
- Калi ласка.
У дзьвярох зьявiўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзiнаў перад тым, як пiсьменьнiк меў iсьцi на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, якi цяпер шчодра чэрпаў матар'яльнае дабро з жыцьця i ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьцi. Алесь прывiтаўся.
- Прашу, сядай. Што новага прыносiш?
- Перш за ўсё, як вашае здароўе? - спытаўся ў Шпака Алесь.
- Скрыпiць, як тая надломаная галiна, сам ведаеш... Дык чым пахвалiшся?
- Вы не паверыце, - пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кiшэнi пазалочаную цыгарэтнiцу й прапануючы пiсьменьнiку закурыць. - Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора...