У той прыезд Люба так і не даведалася сапраўднай прычыны Іванавага маўчання, а зламаная лаўка надоўга пасяліла ў душы невыразны загадкавы страх і прадчуванне блізкай бяды. І бяда прыйшла, прыйшла трошкі пазней, яна звалілася на Любу з атрыманай з Верацей паштоўкі…
«Іван у войску ажаніўся…» – дрыжачай і, відавочна, нецвярозай рукой коратка паведамляла мачаха.
У канверце ляжаў яшчэ адзін лісток, пісьмо ад Іванавай маці, у якім цётка Вера катэгарычна прасіла Любу пакінуць сына ў спакоі, не пісаць і не шукаць сустрэч. Яна хваліла нявестку, называла «крутой бізнесмэншай», відавочна, гэтыя словы нехта ёй падказаў, бо ў Верацеях іх Люба ніколі не чула.
Менавіта ў тую хвіліну Люба паклялася ўсімі святымі на свеце, што вернецца ў Верацеі толькі тады, калі даб’ецца ў жыцці поспеху і… пераплюне Іванаву жонку.
4
Расійскія федэральныя войскі акружалі Грозны, і складвалася ўсё намнога горш, чым у першую ваенную кампанію. Сілы былі няроўнымі. Ні прэзідэнцкая гвардыя, ні спешна мабілізаваныя і на хуткую руку зведзеныя ў роты і батальёны жыхары нешматлікіх гарадоў, пасёлкаў і горных аулаў не маглі адкрыта супрацьстаяць рэгулярным войскам. Асабліва цярпелі ад самалётаў, якія, адчуваючы сваю беспакаранасць, метадычна, як на вучэннях, наносілі смертаносныя ўдары спярша па адміністрацыйных будынках Грознага, а потым па дамах, дзе, як потым перадавалі па радыё ды пісалі ў скінутых лістоўках, была наладжана бандыцкая абарона. А калі ўлічыць, што кожны дом быў ператвораны ў крэпасць, то й бамбілі ўсё і ўсіх.
Айшэ са свякроўю жылі ў сутарэнні, перабудаваным і ўзмоцненым пад бамбасховішча, побач плошча Мінутка – цэнтральны пляц Грознага. Сцены, столь, падлога цэментаваныя, неймаверна рыпучыя дзверы абабітыя ржавым жалезам, акон не было. Асвятляўся пакой учарнелай лямпай-газніцай, да якой Айшэ баялася нават дакрануцца, бо патрэсканае шкло ў любы момант магло рассыпацца на шматлікія аскепкі. У сценах было некалькі квадратных адтулін, адкуль цягнула скразняком, і на ноч Айшэ затыкала іх анучамі.
Мужчыны сям’і Баджыевых ваявалі. Айшэ не бачыла свёкра Мусу з самага Цімуравага пахавання, па чутках, ён быў недзе непадалёк ад Ведэно, а Рэнат, Цімураў малодшы брат, абараняў Грозны і чым мог дапамагаў маці і цяжарнай нявестцы. Беды сыпаліся, быццам гарох з дзіравага меха. Нечакана захварэла Лола. Паслізнулася, калі пераходзіла вуліцу, ударылася галавой аб брукаванку і злягла, здарыўся інсульт. Рэнат, які планаваў вывезці жанчын у нейкае іншае, больш бяспечнае месца, цяпер зрабіць гэтага не мог, патрэбна была машына, каб Лола магла ляжаць нерухома. Калі ж ён нарэшце знайшоў «хуткую дапамогу» (па чырвоных крыжах і федэралы не рызыкнуць страляць), горад не змагла пакінуць Айшэ. У адзін з начных налётаў загінулі яе маці і бацька. Бомба трапіла ў новы бацькоўскі дом, куплены Цімурам у лік калыму, і цяпер на яго месцы чарнела глыбокая варонка, напалову запоўненая ржавай вадой з пагрозліва ўзнятымі на дыбкі абгарэлымі бярвеннямі, пакручастымі металічнымі штырамі, каменнымі глыбамі.
Цудам ацалеў разгалісты, таўшчэзны, як абхапіць рукамі, клён, які, учапіўшыся тоўстымі каранямі за край варонкі, усё ж утрымаўся, не рухнуў, хоць яго і добра-такі нахіліла. З аднаго боку дрэва было як згрызенае, з сярэдзіны ствала тырчаў вялізны руды асколак, падобны на зламаны клык дзіка, ад чаго здавалася, што не бомба ператварыла ў руіны трохпавярховае жытло, а злы, шалёны звер, які, спрабуючы выкуліць клён, крышыў, капытамі таптаў зямлю, клыкамі рваў усё, што траплялася на ягоным шляху, ажно пакуль гэтая смертаносная зброя не зламалася.
Жудасную навіну прынёс Рэнат. У першыя хвіліны Айшэ быццам скамянела, яна глядзела на хлопца невідушчымі чорнымі вачыма і не магла ўсвядоміць, што ён гаворыць пра яе бацькоў. Калі, зрэшты, зразумела сэнс пачутага, ухапіла паліто і паспрабавала апрануцца, але ніяк не магла патрапіць у пусты рукаў. Калі паліто выслізнула з рук, падымаць яго не стала, наадварот, адпіхнула нагой і заспяшалася да выхаду. Але Рэнат пераступіў ёй дарогу і нікуды не пусціў. Пасля хвіліннай барацьбы і спробы прарвацца знясіленая Айшэ апусцілася на падлогу і, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася, адчайна і доўга галасіла.
Не зважаючы на маленне, просьбы і нават беспадстаўныя пагрозы, Рэнат замкнуў цяжарную нявестку ў пакоі, а ключ схаваў у кішэню. Ён толькі паабяцаў завезці яе да бацькоўскай хаты на машыне, але пазней, калі яна супакоіцца і, галоўнае, калі федэралы зробяць перадых і пакінуць бамбіць Грозны. Рэнат прыходзіў штодзень і, калі ўбачыў, што нявестка звыклася і пачала ўспрымаць смерць бацькоў як здзейснены факт, слова стрымаў. Надвячоркам, калі звычайна самалёты знікалі аж да самай раніцы, ён у суправаджэнні барадатага ўзброенага гвардзейца пад’ехаў на пакамечанай, без шкла, дзверцаў і верху, у некалькіх месцах прастрэленай легкавой машыне і завёз Айшэ на руіны бацькоўскай хаты.
Айшэ ведала, што Рэнат зрабіў усё, каб знайсці астанкі бацькоў і пахаваць іх па-чалавечы, ведала і не магла змірыцца з тым, што не будзе іх магілы, не будзе месца, куды можна прыйсці і з радасцю, і з болем.
– Пасля вайны тут паставім помнік, – быццам прачытаў думкі нявесткі Рэнат.
Айшэ згодна кіўнула, але працягвала рабіць усё па-свойму. Ігнаруючы штохвілінную пагрозу быць заціснутай каменнымі глыбамі, яна з апантанай адчайнасцю сноўдала па руінах, зазірала ў кожны закуток панадворка, праз кожныя пяць хвілін прымушала Рэната і маўклівага гвардзейца абгарэлымі жардзінамі абмацваць дно варонкі, і ў той самы момант, калі зразумела, што трэба вяртацца і вяртацца ні з чым, позірк зачапіўся за клён, за жалезны клык, які наскрозь прабіў дрэва і цяпер у промнях заходзячага мёртвага сонца здаваўся крывавым і жудасна-страшным. Нечакана і клён, і раўнадушнае, нядобрае неба змяшаліся ў адно цэлае, у нешта блакітна-зялёнае, працятае чырвонымі пісягамі, падобнымі на крывавую жалязяку-клык, і адразу зямля захісталася, іржавая вада ў варонцы зарабацілася і нахілілася, вось-вось выплюхнецца вонкі…
Ачомалася Айшэ ад прытарнага паху нашатырнага спірту і холаду ў скронях. Яна ляжала ў машыне на заднім сядзенні, галава ў Рэната на каленях, і ён вільготнай марляй, злітай лякарствам, імпульсіўна цёр нявестцы скроні. Барадаты гвардзеец, аб’язджаючы завалы на дарозе, нервова тузаў рыпучы рычаг пераключэння перадач, нешта злосна мармытаў і раз-пораз кідаў на патрэсканае мутнае люстэрка незадаволеныя позіркі.
Убачыўшы, што Айшэ расплюшчыла вочы, барадач крыкнуў:
– Праз хвіліну-другую няверныя пачнуць артылерыйскі абстрэл, гэты раён ужо тыдзень пляжаць.
– Праскочым, – спакойна адказаў Рэнат і, ласкава зірнуўшы на Айшэ, нечакана ўсміхнуўся: – Ты зусім лёгкая, хоць і не адна…
Гэтыя словы і асабліва нерухомы, быццам каменны, саркастычна-пагардлівы позірк гвардзейца, які ўбачыла ў люстэрку, канчаткова вярнулі свядомасць. Прысаромленая Айшэ падхапілася і рашуча адсунулася далей ад Рэната. Не падымаючы вачэй, яна заправіла пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад чорнай хусцінкі, і сцішылася.
«Праскочыць», як сказаў Рэнат, яны не паспелі. Нечакана над імі віскнула паветра, і адразу леваруч разарваўся снарад. Як падкошаны рухнуў тэлеграфны слуп, другі снарад падкінуў у паветра абгарэлую легкавушку, трэці ўздыбіў зямлю пад вокнамі агароджанай калючым дротам прыземістай аднапавярховай будыніны.
– Склады прыстрэльваюць, – прыжмурыўшы вочы, па-камандзірску строга вызначыў Рэнат.
– Позна, – выскаліўся гвардзеец. – Два дні, як муку і бочкі з алеем вывезлі…
– Ведаю, што вывезлі, але ж нехта навёў?..
– Ужо няма шакала, іначай не трацілі б снарады на пустое…
Федэралы нечакана змянілі тактыку, самалёты пачалі бамбіць не толькі днём, але і па начах. Адразу ж некуды знік Рэнат, і больш за два тыдні ад яго не было ніякіх вестак. Скончыліся лекі і прадукты, пачаліся перабоі з вадой. Лола правай рукой, якая трошкі шавялілася, быццам немаўля, паказвала на рот і цмокала вуснамі, што азначала: «Хачу піць». Айшэ ўсё цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню па ваду. Страх напаўняў душу, калі яна мацала свой вялікі жывот і, адчуваючы далоньмі моцныя штуршкі, разумела, што хутка прыйдзецца раджаць. У гэтыя адчайныя хвіліны Айшэ з жалем пазірала на Лолу, якая цяпер нічым не магла дапамагчы, узгадвала яе папярэджанні пра тое, што ні ёй, ні Айшэ не выпадае трапіць у рукі федэралаў, бо Муса і асабліва Рэнат займалі значныя пасады ў войску Ічкерыі. Але ж рабіць не было чаго, сама яна не народзіць, дый з Лолай няма сіл упраўляцца. Трэба было неадкладна прымаць рашэнне.