Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Апісаны выезд эскадрону ў тэрэн быў апошнім актам існаваньня эскадрону, як зусім самастойнай адзінкі. На пачатку травеня ён быў перафармаваны й улучаны ў арганізаваны Наваградзкі Батальён. Лепшыя падахвіцэры й жаўнеры былі ўзятыя на камандны склад трох пяхотных ротаў батальёну. Каманду над батальёнам пераняў капітан Рагуля, дасюлешні камандзер эскадрону. Ягонае месца ў эскадроне заняў старэйшы лейтэнант С-ко.

Язэп Сажыч

Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941 — 1945

Вайна нямецка-савецкая ў 1941 годзе застала мяне ў Львове, дзе я студыяваў на ўнівэрсытэце.

Быў сьведкаю наступу й паходу немцаў, якія акружылі Львоў, пайшлі далей, а ўкраінцы перанялі часова ўладу ўключна з агалашэньнем Незалежнасьці, якая доўга ня трывала, бо не задоўга [быў прызначаны] губэрнатар Галіцыі, які аб’явіў акупацыйную ўладу. Разам з украінцамі перажыў гэтае расчараваньне й перакананьне, што ад немцаў-нацыстаў няма чаго спадзявацца й думаць нейкай незалежнасьці ці аўтаноміі.

Пабачыўшы, што многія з маіх сяброў-украінцаў былі арыштаваныя, а многія пайшлі ў падпольле — вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну, адкуль да нас — беларускіх студэнтаў — падсылалі заклікі й ўлёткі, каб вярталіся дадому й памаглі будаваць беларускую адміністрацыю пад нямецкай акупацыяй.

Прыбыўшы позна восеньню 1941 году ў Наваградак, застаў там інтэнсыўны беларускі рух у напрамку абароны перад палякамі, якія адразу пасьля акупацыі захапілі ў свае рукі паліцыю, «сакратарства» й перакладчыкаў пры нямецкай жандармэрыі й акупацыйных уладах. Стараліся нішчыць беларускую інтэлігенцыю даносячы, ў жандармэрыю ці ў СД на іх як на камуністаў. Нават і на мяне, хутка як вярнуў дадому, усьпелі ўжо данесьці немцам, што яшчэ адзін беларус-камуніст зьявіўся ў Наваградку. Але пры гэбітскамісары ўжо добра быў уладжаны мой сябра Барыс [Рагуля], які ня толькі адразу зьліквідаваў гэты данос, але запрапанаваў мяне Камісару як кандыдата на акруговага камэнданта паліцыі дзеля пераняцьця гэтай функцыі ад палякаў. Я быў заскочаны гэтым і не згадзіўся, заяўляючы, што на ніякае супрацоўніцтва зь немцамі не пайду (маючы дасьведчаньне з Украіны). Асабліва ў паліцыю не хацеў ісьці, а хіба толькі калі будзе магчымасьць арганізаваць сваё войска. Тут паўстала поўнае непаразуменьне сярод нас — быўшых добрых сяброў.

Далей былі пераконваньні маіх сяброў і старэйшых нашых беларускіх дзеячоў, што мусім нешта сваё арганізаваць, адміністрацыю й, асабліва, школы, каб не загінуць з рук акупантаў і іх памочнікаў — нашых ворагаў. Бязумоўна, хутка ўцягнуўся ў культурны рух «Беларускі дом», хор і г. д. Перабраўся з гаспадаркі ўдома ў Гарадэчні жыць у Навагарадку, каб быць разам зь сябрамі й зь беларускай моладзьдзю. З пачатку прыняў функцыю Сакратара Міравога Суду пры судзьдзю Біруковічу. Потым стаў загадчыкам адміністрацыі нацыяналізаваных маёмасьцяў (асабліва земляў) пры камісару Ройтару — блізкаму памочніку гэбіткамісара. Але гэтага было мала. Хутка Барыс прыказаў мне рана ўставаць і йсьці ў настаўніцкую сэмінарыю, каб вучыць там хлапцоў «гімнастыкі», якая палягала ў вайсковай муштры й маршах з палкамі і з жаўнерскімі песьнямі.

«Гімнастыка» ў Настаўніцкай Сэмінарыі, можна сказаць, была пачаткам беларускага вайсковага руху й вышкаленьня кадраў у Наваградку. Для мяне давала вялікае задавальненьне выявіць свае «капральскія» здольнасьці ў муштраваньні юнакоў-рэкрутаў. Маючы здольнасьць і добры голас да вайсковых сьпеваў і падаваньня камандаў, выбіўся яшчэ з гэтым у польскай падхаранжоўцы.

Некаторыя хлопцы — студэнты Сэмінарыі — наракалі, што гімнастыка гэтая крыху зажорсткая, аднак бальшыня адносілася зь вялікім энтузыязмам да паўвайсковага вышкаленьня. Пачалі на хаду вышукваць і кампанаваць беларускія маршовыя песьні. Маршыруючы вельмі прыгожа сьпявалі, што ўмелі. Паўстала таксама праблема зь беларускімі камандамі. Вечарамі часта разважалі, як iх перакладаць на беларускую мову, пераважна з польскіх камандаў. Пыталіся ў старэйшых, якія каманды й вайсковую тэрміналёгію ўжывалі Случчакі і Балахаўцы (напэўна, расейскую).

Зіма 41/42 году пакінула даволі прыемныя ўспаміны з жыцьця моладзі ў Наваградку. Культурнае жыцьцё — канцэрты, забавы — шумела. Разбудоўвалася пачаткавае школьніцтва й сэмінарыя. Але ўжо пачалася штораз большая актыўнасьць партызанская.

Барыс недзе часта выяжджаў (у Менск, у Вільню) і не заўсёды дзяліўся з намі, дзе быў і што чуў. Меў нейкія кавалерыйскія замашкі, арганізуючы часта конную паездку на конях нямецкіх чыноўнікаў, калі тыя былі на выездах.

Дзесь у пачатку 42-га году, аднойчы дзесь каля гадзіны 2 раніцы, позна вярнуўшыся зь Менску, Барыс разбудзіў мяне й кінуў мне на стол жмутак папераў і загадаў, кажучы: «На табе войска, аб якім усё марыш». Схапіўшыся, пачаў чытаць і разглядаць гэтыя загады ды пастановы, якія былі падпісаныя нейкім гэнэралам Цэннэрам. Беларусам дазваляецца арганізаваць «Самаахову» супраць нападаў і нішчэньняў вёсак з боку штораз актыўнейшае дзейнасьці чырвоных партызанаў, а потым рэпрэсіяў з боку немцаў.

У Менску арганізуецца першы курс перашкаленьня беларускіх афіцэраў пад камандаю капітана Ф. Кушаля. У кажнай акрузе будзе зарганізаваная падафіцэрская школа, а ў кажным раёне будзе стаяць батальён Беларускае Самааховы БСА. Немцы забавязваюцца даць зброю, а Беларуская Самапомач павінна забясьпечыць гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі харчамі й абмундзіраваньнем.

Плян пачаў хутка рэалізавацца. Пашылі мне мундзір зь льнянага палатна, памаляванага на зялёны колер. Хутка вызвалі мяне ў Менск на першыя курсы афіцэрскія з многімі іншымі змабілізаванымі Беларусамі — вайскавікамі, пераважна быўшымі падхаружымі з польскай арміі, малодшымі афіцэрамі з быўшай царскай арміі, і хоць у малой колькасьці, але і зь лейтэнанты чырвонае арміі, якім удалося вырвацца з палону й далучыцца да нас.

Памятую разьвітаньне з маім начальнікам, які быў злы, што адыходжу з працы, і быў перакананы, што нічога з гэтага беларускага войска ня будзе, цьвердзячы, што мы — немцы — ня можам давяраць Беларусам і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску.

У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў — здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі.

Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры.

На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя — завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы.

Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў — пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі.

Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты — з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў «вайсковую гімнастыку», і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы «Зьвяз Стрымгалоўцаў». Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў «рэкрутаў», а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда «сядай», а бягучы з гары — каманда «лягай», дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было б больш талкова з гары «сядай», а пад гару «лягай», але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну.

43
{"b":"663610","o":1}