Литмир - Электронная Библиотека

Бранзалет на кісці носіш. Ён выдатнае чаканкі.

Толькі ён — метал бяздушны, ні душы ў ім, ні дабра.

А Асмат — твая сяброўка — вечна ў горы і чаканні,

І бяду і радасць дзеліць, як сапраўдная сястра.

Вам з царэўнаю служыла бескарысліва, аддана,

У каханні памагала добрай весткай ці пісьмом.

Той, каго ўзгадавала, аддала ўсё дазвання,—

Як жа ты яе пакінуў, за дабро ёй плаціш злом?»

Адказаў той сумна: «Праўду ў тваіх словах адчуваю.

Так, Асмат заўсёды ў горы мне апораю была.

Калі я жывы застаўся — едзем,— нас яна чакае!

Быў вар'ятам я, цяпер жа расступілася імгла!»

І памчаліся праз стэпы коні віцязяў удалых.

Не хапае слоў для песні, чым герояў апяю?

Вочы — ззянне бліскавіцы, зубы — перлы, вусны — лалы;

Можна выбавіць на сонца добрым словам і змяю!

Аўтандзіл сказаў: «За друга я жыцця не пашкадую,

Ды і ты старайся сэрца новай ранай не цвяліць.

Не патрэбна і навука, там дзе невуцтва кіруе,

Мала дасць карысці людзям скарб, закопаны ў зямлі.

Мала сэнсу духам падаць, слёзы ў горы ліць бязмерна.

Чалавек памерці можа толькі ў вызначаны час!

Нават ружа не завяне без пары — тры дні ёй тэрмін.

Бог захоча, дык змаганне перамогай стрэне нас!»

Адказаў яму на гэта: «Дарагія твае словы.

Люба мудрасць для разумных, дурням з ёй адна бяда.

Але як перамагчы мне лёс пакутны і суровы?

Не, мяне ты не асудзіш, бо такі ж, як я, бядак.

Воск з агнём не марна дружыць, зыркім полымем згарае.

А ў вадзе адразу тухне — сутнасць розная ў іх.

Так зазнаўшаму няшчасце, як свая — бяда чужая.

Зразумей і ты ўсю бездань невыцерпных мук маіх!»

ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ ПРА ТОЕ, ЯК ЁН ЗАБІЎ ІЛЬВА І ТЫГРЫЦУ

«Раскажу я падрабязна, што далей было са мною,

Справядлівым мудрым зрокам ты мне ў сэрца зазірні.

Безнадзейнага чакання не стрымаў тугі цяжкое

І, пакінуўшы пячору, ў поле рушыў на кані.

Праз падлесак я праехаў і спыніўся на паляне;

Раптам выбегла тыгрыца, а за ёю следам леў.

Мне здалёк яны здаліся, нібы пара закаханых,

Ды далейшыя падзеі абудзілі ў сэрцы гнеў.

Забаўляліся спачатку леў з тыгрыцаю гульнёю,

А пасля ў звярынай злосці кожны быццам ашалеў.

Як жанчына, перш тыгрыца адступіла з поля бою,

Ды, раз'юшаны, за ёю ўслед памчаўся грозны леў.

Я яму, ўзлаваны, крыкнуў: «Ганьба лютаму вар'яту,

Што каханую гатовы на шматкі раздзерці сам!»

І, са злосцю меч дастаўшы, ўперад кінуўся заўзята:

Секануў, і чэрап львіны я раструшчыў папалам.

Меч адкінуўшы, ў абдымкі ўзяў тыгрыцу я рукамі,

У імя сваёй каханай я хацеў пацалаваць;

А яна ўпілася ў цела, раздзірала кіпцюрамі,

Я забіў яе, бо іншай быў няздольны рады даць.

Я стараўся ўціхамірыць — не скарылася тыгрыца

І за гэта заплаціла, неразумная, жыццём;

І згадаў я, што з каханай сам калісьці мог сварыцца,—

І згрызоты цяжкай роспач зледзяніла пачуццё.

Вось, мой браце, расказаў я, колькі гора перажыта;

Дык дарэмна не здзіўляйся, што жывы хаджу яшчэ!

Смерць забраць мяне не хоча, хоць з жыццём даўно я квіты!»

Скончыў віцязь, паліліся слёзы горкія з вачэй.

Аўтандзіл з ім разам плакаў, і зліліся слёз струмені;

Друга ўпрошваў: «Не журыся, бо спаткання прыйдзе час,—

Зноў ты ўбачыш сваё сонца,— бог пашле ад мук збавенне;

Калі б ён жадаў разлукі — не злучаў раней бы вас!

Ходзіць гора за міджнурам, нібы змроку цень злавесны;

Хто спытаў палын жыццёвы, мёд уцехі п'е ў свой час.

О каханне, нас да смерці хочаш часам ты давесці,—

Ты разумных зводзіш з глузду, робіш невукамі нас!»

ТАРЫЭЛЬ З АЎТАНДЗІЛАМ ПРЫХОДЗЯЦЬ У ПЯЧОРУ І СУСТРАКАЮЦЬ АСМАТ

Ледзь суняўшы слёзы, шлях свой скіравалі да пячоры.

Прасвятлеўшая ад шчасця, іх заўважыла Асмат

І пабегла ім насустрач, слёзы ронячы, як зоры;

Цалаваўся з ёю кожны, як з сястрою родны брат.

«Божа мой,— яна сказала,— над усімі ты ўладарны,—

Цеплыню нам пасылаеш, не шкадуючы святла.

Да цябе падзяка наша дымам сцелецца ахвярным:

Не прапалі мае слёзы, што па віцязях ліла!»

Тарыэль сказаў: «Сястрыца, шчасця ў свеце не багата,—

Толькі блісне яго промень — хмары зноў нясуць бяду;

Гэта ўсё — закон спрадвечны, за хвіліну шчасця плата.

Мне шкада цябе, аднак жа ў смерці радасць я знайду!

46
{"b":"599012","o":1}