Литмир - Электронная Библиотека

Горача ўзяўся за справы новы старшыня. Грандыёзныя планы і смелыя думкі нараджаліся ў яго маладой галаве, але не ўсё з гэтых планаў, на жаль, можна было ажыццявіць адразу ж. Трэба было вырашаць больш пільныя, надзённыя пытанні — будаваць дамы для пагарэльцаў (а ў марах ён бачыў Зялёны Луг — у каменных катэджах!) і выводзіць іх з зямлянак, нажываць цягло, інвентар, сварыцца з начальнікам МТС, сварыцца, шчыра кажучы, прыходзілася з многімі. Баян стаяў у новай, купленай у мястэчку, шафе, Чарнушэвіч нават забываў часам, што ён умее граць і ўспамінаў аб гэтым толькі тады, калі да яго прыходзілі і прасілі баян, каб пайграць. Трэба было арганізоўваць і вырошчваць калгасны статак, дабудоўваць ферму, свіран, а як надышло жніво, сутыкнуўся з такім цяжкім пытаннем: план сяўбы не быў выкананы цяпер, трэба было аддаваць дзяржаве пазыку, выконваць хоць і зменшаны, але налічаны на ўсю пасяўную плошчу план хлебапаставак і ў выніку заставалася зусім мала для размеркавання. Аднаго не мог зразумець Чарнушэвіч, што некаторыя калгаснікі, выказваючы сваю незадаволенасць малой аплатай працадня, нейкім чынам абвінавачвалі ў гэтым яго, Чарнушэвіча!

— Самі сеялі, самі і ешце! — але гэтымі словамі не вельмі адмахнешся ад гострых пытанняў. Ён гэта добра разумеў, разумеў і тое, што не меў права такімі словамі адпіхвацца ад тых, хто галадаў у дні «нямецкага новага парад­ку», хто страціў усё ў вайне, сядзіць цяпер у зямлянцы і з надзеяй глядзіць на яго, на старшыню, як на аплот дзяржавы. Ён ірвануўся ў раён і там дапамаглі яму: адтэрмінавалі зварот пазыкі і, зняўшы частку збожжанарыхтовак, пераклалі на іншыя ў раёне, больш моцныя калгасы. Многае было зроблена, дні Чарнушэвіча былі напоўнены з раніцы да пазна клопатамі і сумятнёй, але справы ўсё насоўваліся на яго.

Аднаго разу, дамалаціўшы жыта, Чарнушэвіч, запылены, потны (ён нарэшце сам стаў падымаць у барабан снапы) прыйшоў дахаты. Каля трох месяцаў ён жыў сямейным шчаслівым жыццём, але, прызнаваўся, і не бачыў гэтага жыцця за работай. Ён сеў на лаве і адчуў, што дужа стаміўся, што, прыйшоўшы з фронту, ён і не адпачываў — спачатку страшная пустэльня роднага сяла, потым «баявыя заданні» Харчанкі, цяпер — гэты калгас. Ён так сядзеў на лаве, утаропіўшы перад сабой вочы, быццам упершыню бачыў і гэтую хату, і гэтах незнаёмых людзей — цесця і цешчу. Толькі тады адвёў ад іх вочы, як адчуў, што нехта сцягвае з ног боты. Ён убачыў: Агата сцягвае боты, стоячы на каленках, а побач, на падлозе, стаіць таз з вадой.

— Што ты? — ён нават пачырванеў.

— Што ж я? — расчырванелы твар узняла да яго Агата, і вочы яе свяціліся каханнем і шчасцем. — Ты змарыўся, Юрачка, я памыю табе ногі.

Ад акна, дзе ён кітаваў шыбу, азваўся цесць:

— Змарыўся, зразумела. Нашто так забівацца? Нікога не здзівіш. З’еш хоць вала — адна хвала!

Чарнушэвіч глянуў на Шаршня і злавіў яго ўсмешку. Падумаў: чаго пасміхаецца? Спачувае ці кпіць?

— Я б па-ваеннаму ўсё паставіў. Людзей — па вучастках, загад, выконвай! — дадаў цесць, а ад печы дачуўся грукат — Альжбета выцягвала паранку для свіней і моцна грукнула саганом па прыпечку. Правільна кажа цесць, ён разумны чалавек. А Агата ўжо стаяла з конаўкай і рушніком і тут жа, над тазам, ён памыўся. Яна палівала яму, а ён, мыючыся, думаў: вось яно — шчасце!

— Трэба брыгадзіра талковага паставіць. Ты, цесць, не згодзішся?

Той аж засмяяўся.

— Не! Што ты. Тут трэба каго свайго, з Зялёнага Луга. Мы — прыезджыя, нам яшчэ веры няма.

— Дык і я ж — прыезджы?

— Ты іншае. У цябе... — Ён далоняй ляпнуў па ўласных грудзёх, намякаючы на зяцевы медалі і ордэны. — Табе вера ўсюды. Я лепш табе так дапамагу, як свайму... сыну.

Потым быў вечар. Чарнушэвіч сядзеў на ганку цесцевай хаты, курыў, з асалодай адчуваючы поўны спакой у сваім целе. Тут яго ў другое здзівіла Агата, але на гэты раз — прыемна. Яна прынесла баян. Месяцы тры не браў, аж з вяселля. Свет вачэй яе ў надыходзячым змярканні быў ужо агнём.

— Што?

— «Афіцэрскі вальс», Юрачка.

У гэты раз зайграў ён адменна: павольна, з ціхімі, доўгімі лірычнымі варыяцыямі, якія прыдумаў калісьці сам. І пад гукі ўласнай музыкі зноў паўстала: Вена... а яшчэ раней — прывал на беразе Прута. «Лепш за венскі, гэты наш вальс». Зусім ціха ён сказаў да Агаты, якая прытулілася да яго пляча шчакой:

— Якія мы там бачылі дамы па вёсках! Ёсць і дрэнныя, але ёсць і такія, якім пазайздросціш. У нас трэба будаваць так, а не халупы з вокнамі ў зямлю. І яшчэ я, Агата, думаю, што на месцы разбітай вёскі можна паставіць новую, і дынаму — каб асвяціць Зялёны Луг электрычнасцю. Як ты мяркуеш?

— Добра, Юрачка, усё добра. Але цяпер ты адпачываеш. Ты ж маеш права хоць са мной адпачыць?

Вядома — ён мае права на гэты адпачынак. Ён падумаў так, але ўжо не сказаў: за нізкай брамай збіралася моладзь, прыцягненая яго музыкай.

VI

У раёне, куды ездзіў Чарнушэвіч са справаздачай, ягоныя планы ўхвалілі. На паседжанні ў раёне прысутнічаў і Харчанка, іменна ён сказаў:

— Млын і электрастанцыя — гэта вельмі добра. Калі гэта спалучыцца з матар’яльным дабрабытам, з новай хатай, з павялічанай аплатай за працадзень — лепшага жадаць няма чаго. Будуй, умацоўвай!

І калі акрылены падтрыманнямі старшыня вярнуўся ў Зялёны Луг, ён пайшоў у хату Тамаша, дзе часова размясцілася праўленне, заспеў тут некалькі чалавек, сеў і, захапіўшыся, пачаў гаварыць аб электрастанцыі. Яго слухалі ўважліва, з павагай, падтрымлівалі. Толькі Нічыпар, які прытуліўся да дзвярэй з цыгаркай — такой жа вялікай і тонкай, як ён сам, між іншым, сказаў:

— З вясны можна будзе і гэта.

— Чаму з вясны? Яшчэ да снегу далёка.

— У нас яшчэ дзесяць сямействаў у норах, а пяць хат небам крытыя.

— Заўтра ж усіх на будаўніцтва, — рэзка сказаў да брыгадзіра Жука стар­шыня.

— І са свірна зняць? Там страху толькі да паловы паклалі.

— Зняць, зняць!

Хоць, здавалася, усё добра ў гэтай гутарцы, але нешта як бы засела ў мазгу Чарнушэвіча — непрыемнае, дакладней — няёмкае. Гэта — у голасе Нічыпара. Нейкая захаваная, пахмурная іронія. А электрычнасць будзе — троха што не ў голас падумаў ён. За вячэрай Агата паведаміла навіну: прыехаў Тодар Красуцкі, без левай рукі.

— І ўвесь чыста, казаў, як рэшата!

Чарнушэвіч устаў быў з-за стала, каб пайсці да Ганны, павітацца з госцем. «Зусім забыў матку!» Але Агата стрымала — ноч на дварэ, а чалавек здарожыўся ды яшчэ і хворы.

— Сем ці восем раненняў!

«Як яна лёгка пра гэта гаворыць! А калі б — гэта я?»

— Значыць, многа гора паспытаў чалавек.

— У кожнага ў гэтую вайну было сваё гора, — азваўся з-за пераборкі цесць. — Лепш не ўспамінаць! — Услед уздыхнула маўклівая Альжбэта — гучна, хрыпавата.

Толькі ў канцы наступнага дня выбраў старшыня вольную хвіліну, каб зайсці да Красуцкіх. Прашоўшы ўжо паўдарогі, ён крута павярнуўся, прыйшоў у цесцеву хату, зняў гімнасцёрку і надзеў кіцель — калі ў промені сонца бліснулі два медалі і два ордэны, ён усміхнуўся сам сабе ў люстра. Падцягнуты, ён прайшоўся па вуліцы да Ганчынай хаты. Прайшоў дзядзінец. Ужо тры рамоўніка, — адзначыў, — малайчына старая! Ганны, мусіць, не было. Пераступіў парог і ўбачыў: ля вакна, спінай да яго, у паношанай, але чыста пасціранай гімнасцёрцы стаіць русавалосы хлапец. Левы, парожні, рукаў засунуты за дзяжку, у пальцах трымае нешта і разглядае. Хлопец не заўважыў старшыню.

— Што там цікавае? — голасна сказаў Чарнушэвіч, робячы вялікія крокі да хлопца. — Пчала?

— Не! — Хлапец узняў на прыйшоўшага блакітныя вочы (твар быў блед­ны, стомлены, відаць — доўга ляжаў у шпіталі). — Гэта — шэршань, называюць — філант. Ён паралізуе пчол і корміць імі свае лічынкі.

— І многа паядае?

— Па шэсць пчол на кожную лічынку, многа!

Вы — лейтэнант Чарнушэвіч? Вельмі вам дзякую за дапамогу матцы, за гэту хату.

— Э, глупства! — весела адказаў Чарнушэвіч, працягваючы да параненага руку. — З прыездам! Прыйдзецца гэтага ворага пчалінага забіць.

— Ён ужо мёртвы. Сядайце! — паціскаючы працягнутую руку, адказаў Тодар Красуцкі.

6
{"b":"599010","o":1}