— Ну, доўга я буду? — пытае другі паліцай. Я ўзняўся, устаў на калені, трымаю руку з гранатай на жэрдках, сунуся да сцяны i ўсім сваім абліччам паказваю, што буду спускацца. За сцяной зноў глухі выбух.
— Гранату ў склеп кінулі,— паведаміў я паліцаю.
— Доўга буду чакаць?
Я ўжо не той, хто хвіліну назад гатовы быў узарвацца на ўласнай гранаце. Нешта змянілася, i з'явіўся ў свеце хітраваты, са згоднай i бязглуздай усмешкай… Ён паўзе, трымае i хавае гранату, а я назіраю i за ім, i за паліцаем i чакаю, што ж зраблю я… Той я, што чакае, назірае, надзіва спакойны. Нібы i не са мной усё гэта.
— Скачы сюды, ну! — Паліцай адчуў нешта нядобрае, голас яго ўстрывожана рвануўся. Я паслухмяна прыўзняўся, пакорліва павярнуўся спіной да яго вінтоўкі i, не гледзячы, як з самога сябе, пацягнуў шнурок. «У нябожчыка зубы не баляць!» Нехта другі i, здалося, уголас палічыў патрэбныя секунды фразай майго сябра Федзькі, i ён жа, гэты хітраваты, злы, лоўкі, кінуўся за сцяну, як за борт, пакінуўшы ў хляве гранату, i яна падае на паліцая…
Балюча стукнуўся аб дол, аб выбух, аб цемру. Сцяна хлява дыхнула на мяне дымным смуродам — у заплюшчаныя ад болю вочы, у нос. Ускочыў з вывіхнутым ці зламаным плячом, каб бегчы абы-куды, толькі далей ад таго, што я зрабіў.
— Хальт! Цурук!
Боль у плячы адпусціла, не засцілае вачэй. Немец стаіць каля склепа, наставіў на мяне аўтамат. Я іду да яго, нават спяшаю, абы далей быць ад хлява. Тут яшчэ два немцы каля кулямёта, пастаўленага на высокія ногі-распоркі. А яшчэ двое стаяць над нейкай старой. Яна ляжыць тварам у зямлю, чакае худымі вострымі лапаткамі стрэлу, а немцы стаяць над ёю, закурваюць. Смешна ім, што яны ўсяго толькі кураць, усміхаюцца, а чалавек ужо паміраць прыгатаваўся!
— Нахаўз, матка, — кранае яе аўтаматам немец у тоўстых акулярах.
Я з палёгкай заўважаю, што выбух мой нікога не ўстрывожыў. Зараз яшчэ адзін немец кіне гранату ў склеп. Шпурнуў i прыпаў да пясчанай страхі-накату. «Мой» немец апусціў аўтамат, дачакаўся новага выбуху i ўжо тады накіраваўся туды, дзе ляжыць старая. Паказаў, каб i я ішоў да таго месца.
I адразу не стала тут партызана, што кінуў гранату, забіў паліцэйскага, — да немцаў ідзе даўно не голены вясковы хлопец у брудных ботах i ў шэрай навыпуск кашулі. Вось толькі штаны з італьянскага, так, так, з нейкага жаўтлявага, не нямецкага сукна, проста з коўдры: разведчыкі, вядома, абдурылі мяне, штаны з коўдры, i нічога няма ў ix нямецкага, салдацкага!
— Мутэр? — немец паказвае на старую. Худы вясковы хлопец на ўвесь рот бязвольна ўсміхаецца (упершыню я рады гэтай сваёй бязглуздай усмешцы) i кранае старую за плячо.
— Хадземце, не бойцеся.
Старая хутка ўсхапілася на калені, глядзіць невідушча, губы яе хутка-хутка варушацца.
— Вэк, нахаўз! — немец у акулярах паказвае на вёску. Я памагаю жанчыне ўстаць, i мы спяшаем пайсці, ідзём з ёю да гародаў.
Першы ланцуг карнікаў ужо наперадзе нас, рух яго замарудзіўся каля хлявоў. Другі ланцуг, радзейшы, даганяе. З гэтага да нас кіруецца немец з паліцаем. Паліцай, напэўна, гарадскі, апрануты ў чорны мундзір з шэрымі абшлагамі i такім самым каўняром. Абодва, i немец i паліцай, маладыя i вельмі падобныя, хаця нямецкая галава накрыта стальным каўпаком каскі, а паліцэйская — чорнай пілоткай. Яны падштурхоўваюць мяне i старую i, перабіваючы адзін аднаго, тлумачаць, хто мы, чаму нас трэба гнаць.
— Шнэль, шнэль, рус!
— Давай, давай! Сталінскія бандыты!
Малады немец ідзе так, каб паліцай таксама быў у яго перад вачамі.
— Швайн!..
— Бандыты!..
Гэта не проста лаянка. У гэтых звычных мянушках усе ix перакананні, ix тлумачэнне таго, што адбываецца i ў чым яны ўдзельнічаюць. Зброя скарастрэльная, ідэі кароценькія — адно даганяе другое!..
— Швайн… шнэль… сталінскія… рус… бандыты, шнэль… давай… шнэль! Шнэль! Давай! Давай!..
Дзіўна, што ўвесь час, пакуль мяне гналі, пакуль я ішоў да вёскі, я помніў хлеў i флегматычнага паліцая, на якога скінуў зверху гранату. Спачатку вісела нада мной боязь, што, яны выявяць гэта. Потым на змену другое пачуццё ўсплыло, мне ўжо знаёмае. Мы аднойчы абстралялі з рэдкага сасонніку каля самага горада нямецкіх веласіпедыстаў. Яшчэ сонечна круцілася кола над целам забітага мною салдата, а мы ўжо ўскочылі на ногі, каб бегчы. Нечакана з'явіліся немцы на машынах. Нас глушылі, даганялі блізкія разрыўныя кулі, немцы ўжо акружалі нас, а пад нагамі сухі, сыпкі, як мука, пясок: не бяжыш, a абяссілена буксуеш на месцы! I, галоўнае, зрабілася раптам усё роўна, з'явілася тупая абыякавасць да самога сябе. Тое, што я нядаўна забіў, адыгрывала ў гэтым нейкую ролю, спрашчала ўсё, i блізкую смерць маю таксама.
Першы ланцуг карнікаў ужо на гародах. Раптам заспяшаліся яны, закрычалі. Нямецкія каманды, паліцэйскія вокрыкі, сабачае выццё, жаночыя i дзіцячыя крыкі i плач, як полымя, ускінуліся над вёскай. Карнікі зазіраюць у кожныя дзверы, у кожную яму, шчыліну, раскідаюць жытнія бабкі, якімі застаўлены гароды. I тут я зноў убачыў жанчыну ў ружовай кофце. Яна ўстала на калені каля плота, сама паказала сябе, калі немец падышоў да лазні i пачаў шнырыць ствалом вінтоўкі пад развешаным бульбоўнікам. Немец убачыў жанчыну, што ўстала з зямлі, i накіраваўся да яе. Але другі карнік (гэты не ў касцы i не ў пілотцы, на галаве ў яго зялёная фуражка з вельмі доўгім брылём) упэўнена падышоў да лазні i скінуў на зямлю жэрдку з бульбоўнікам. Дзеці, двое старэйшых, стаяць на каленях, прыціснуліся тварамі да сцяны i закрылі вочы рукамі, а хлопчык гадоў трох здзіўлена i непаразумела, як пасля сну, глядзіць на чалавека ў дзіўнай фуражцы.
Жанчына закрычала i папаўзла, а потым пабегла да лазні.
— Швайн! — штурхнуў мяне аўтаматам немец.
— Бандыты! — спахапіўся, растлумачыў (сабе i мне) паліцай i таксама мяне штурхнуў.
Крык, плач i выццё выбухнулі ў нейкі міг, пакаціліся праз вёску, як пажар, i ўжо не спыняліся ўвесь дзень, да самага да таго апошняга імгнення…
Нас выпіхнулі на вясковую вуліцу — мяне са старой i жанчыну ў ружовай кофце, у якой не хапала рук, каб сабраць, трымаць каля сябе малых. Таксама, як у нейкі міг выбухнулі i ўжо не спыняліся плач i крык, так з гэтага моманту пачаўся той шалёны гон, бег. Нас выгналі на вуліцу, дзе ўжо мітусіліся людзі, i ўсё новых i новых жанчын з дзецьмі, мужчын выдзіралі з хат, з двароў, выпіхвалі з брамак, выкідвалі на вуліцу i гналі, гналі наперад, некуды ў канец вёскі. З крыкам, хрыпам, ударамі прыкладаў, палак, з вышчэрваннем i кіданнем аўчарак некуды прапіхвалі разбухлы натоўп. Спачатку працэсія сунулася марудна, толькі ўнутры яе быў бесперапынны, як крык i плач, pyx, мітусня, спалоханае шараханне ад сабак, якіх карнікі раз-пораз кідалі з павадкамі ў натоўп, кусалi яго. Але ўсё прарэзлівей каманды, вокрыкі, удары, кіданне, выццё i чалавечы плач, i ўсё хутчэй коціцца разбухлы натоўп да нечага апошняга, што чакае ў канцы вуліцы. I чым больш хуткі, шалёны бег, тым больш лютым i робяцца карнікі, тым часцей штурхаюць, б'юць, равуць, гыркаюць.
I ўсё больш пакрыўджанымі становяцца чырвоныя спацелыя морды катаў. Нават пакута на ix фізіяноміях, мука, крыўда. Мы ж такія недысцыплінаваныя. Hiяк не хочам зразумець, чаго яны ад нас дабіваюцца, такія мы крыклівыя, супраціўляемся, не жадаем верыць у аўсвайсы, у праверку дакументаў, у звычайнасць i неабходнасць таго, што адбываецца.
Асабліва да дзяцей цягнуцца карнікі з палкамі i аўчаркамі. A калі хлопчык гадоў дзесяці з-пад рук маці кінуўся ў жыта, немец аж застагнаў ад крыўды i пусціў аўчарку. Жанчына кінулася за імі, а на яе наскочыў другі. О, якім гняўлівым ён быў, як пакрыўдзіўся за непарадак, у якой пакуце скрывіўся яго твар!
Я яшчэ раз убачыў белага старога, якога заўважыў раней з хлява. Ён паспеў ужо прайсці ўсю вёску i зараз стаяў, нібы чакаў нас, каля нечага чорнага, што вісела на сцяне вялікага калгаснага свірна. Каля гэтай вялікай, чорнай, не тутэйшай, не вясковай анучы — нейкага злавеснага знаку для карнікаў — сабралі людзей, якіх прыгналі раней. (Толькі потым, калі ўспамінаў усё, я зразумеў, чаму так стаяў каля чорнага палотнішча, так трымаў галаву белы стары, — ён быў сляпы.)