Литмир - Электронная Библиотека

Нібы даючы мёртваму яшчэ час для чагосьці, я пакінуў яму вінтоўку i тым часам пачаў выграбаць патроны з ягонай сумкі. У Рубяжа вінтоўка нямецкая, патрэбны i патроны нямецкія. Назапіхваў патроны сабе ў кішэню i зноў пачаў выслабаняць вінтоўку з мёртвае рукі. Рука пацягнулася следам за вінтоўкай i нарэшце адпусціла.

Я перапоўз у зарослую травой старую баразну, каб лепей было пасля адыходзіць i страляць, калі пойдуць сюды ад лесу. Успомніў i пашукаў позіркам карову. Яна хутка аддаляецца ад нас. Спачатку яна белая на цёмным фоне лесу, a калі выйшла на зарава, зрабілася, нібы вугаль, — чорная. Нават повад відзён, ён целяпаецца, звісае да зямлі. Ногі яшчэ ў цемені, а тулава, галава на фоне барвовага неба. Аддаляючыся, выцягваючы ногі з цемені, як з гразі, карова робіцца вышэйшай, вырастае. Тое, што карова ўцякла ад нас, адразу вярнула мяне да галоўнага, я падумаў пра «востраў». Але той, хто ляжыць непадалёку, настойліва чакае ад мяне нечага. Я зноў папоўз да яго. Паспрабаваў, падбіўшы руку пад цяжкое, як гнёт, цела, цягнуць яго — наўздагон карове, i працягнуў ужо колькі, пакуль не зразумеў, што не гэта я хацеў зрабіць. Мёртвае цела чакала.

Карова ўсё чарнейшая i чарнейшая ад святла над гарызонтам i ўсё больш вырастае, хутка i весела вырываючы ногі з чарнаты. Я адклаў вінтоўку ўбок i pyкамі, зліплымі ў пальцах, падгарнуў колькі зямлі да Рубяжовых ног. Мёртвы зноў рабіўся Рубяжом, я ўжо звыкаўся з яваю, з думкай, што Рубеж забіты, мёртвы. Нагарнуў яшчэ зямлі, зрабіў гэта, нібы пытаючыся згоды ў мёртвага. А наша карова знікае, яе размывае святлом, i яна нібы растае, ногі ўжо не дастаюць да мігатлівай рысы гарызонта. Я ўстаў на калені i пачаў таропка гарнуць вільготны пясок, але яшчэ не ўкрываючы ім Рубяжа. Я гарнуў пясок рукамі, каленямі, грудзьмі, бадай што тварам, я нібы сам закопваўся ў зямлю i ўсё баяўся, што гэтыя мае паспешлівыя, парывістыя рухі зноў абрынуць на нас кулямётны агонь. Але чым вастрэй адчуваў сваю неасцярожнасць, тым неасцярожней, спяшаючыся, рабіў усё — назнарок, на злосць нечаму, камусьці… Пясок у мяне ў роце, за каўняром, у валасах. Нарэшце я наважыўся, адным рухам нагарнуў канец жвіру на мёртвага Рубяжа. Я рабіў гэта, стараючыся не глядзець, не думаць, хутка, таропка, каб скончыць, не адчуўшы ўсяго. З нейкага імгнення ўжо не дазваляў падступіцца да сябе ўсяму, што адбылося: я быў перапоўнены, a лішак выцякаў цераз край. На шчасце, для чалавека такое магчыма.

Мокры, абліваючыся брудным потам, я застаўся адзін сярод поля. Я так спяшаўся засыпаць пяском, хутчэй прыхаваць мёртвае цела, каб адарвацца ад гэтага месца, паўзці за нашай каровай, але вось скончыў i ляжу нерухома. Усё раптам здалося такім нерэальным, захацелася проста перачакаць, пакуль усё мінецца само па сабе. Я безуважна гляджу, як знікае карова, тоненькія ногі зусім не кранаюцца зямлі, яна імі жвава перабірае, адштурхоўваецца ад святла, — мігатлівае, яно лёгкай парай расплываецца над гарызонтам.

(Да гэтага часу не магу зразумець, чаму так дзіўна паводзілі сябе тыя, што абстралялі нас з-за стагоў. Магчыма, гэта быў варожы «сакрэт», а не засада, i яны стралялі — i самі ж баяліся. Бо «сакрэт» павінен толькі назіраць, не выдаючы сябе. Але ж надта адкрытыя мы былі іхняму кулямёту на падсветленым полі — спакусліва!)

Нарэшце я адпаўзаю ад лесу, ад Рубяжа, ад жахлівых кашмараў — следам за каровай, тоненькія ногі якой зноў пачалі мясіць чарнату, патанаць за лініяй яркага гарызонта. Я валаку вінтоўку забітага, паўзу з цяжкой тупой абыякавасцю, раблю адзінае, што магу, не спадзеючыся ўжо ні на што.

Карова раптоўна замерла на месцы. Нахіліла галаву, панюхала гарызонт і, рэзка збочыўшы, пайшла ўлева i назад, зноў да лесу. Я таксама папоўз туды, напярэймы ёй. Карова зноў узышла на светлую палоску гарызонта, i таму, што гляджу на яе знізу, як з цёмнай ямы, здалася яна мне аграмаднай i зусім чорнай, нейкі зубр-перастарак, «адзінец». Пот залівае вочы, мяшаецца з ліпкай крывёй, якою я вымазаў шыю, са жвірам, у якім пэцкаюся, — падобны на тапельца, што робіць апошнія безнадзейныя рухі. А карова наблізілася, мы блізка адно ад аднаго, ды яна зноў адыходзіць убок, метраў на сто ад мяне. Туды, да лесу, дзе стагі, дзе сядзяць немцы, i я нічога ўжо не магу! Паварушыцца не магу. Слёзы змяшаліся з брудным потам на маім твары, сцякаюць на ліпкую шыю. Я ўзяў камяк зямлі i квола шыбнуў услед карове, якая зблізу зноў выдае пляміста-белай, рэальнай — памахвае хвастом. Цяпер, аднак, яна — недасяжней для мяне, чым тады, калі апускалася за гарызонт. Повад, нібы здзекуючыся з мяне, матляецца ля яе пярэдніх ног.

Мне здалося, што мая крыўда, што мая нянавісць гэта зрабілі: карова раптам спатыкнулася, наступіўшы на повад, i стала, нюхаючы зямлю. Я па-драпежнаму пагробся да яе, невядома адкуль вярнулася да мяне ciла. Ад стомы зубы нясцерпна шчымяць, нібы хочуць вылузацца са сківіцаў. Я паўзу i скрыгачу зубамі i, абліваючыся не то потам, не то слязьмі, грабуся да гэтай гадаўкі, да гэтага забойцы, каб ухапіцца за повад i замерці,— ужо выратаваным. Хоць бы на адну-адзіную хвіліну замерці, нерухома ляжаць, ведаючы, што не ўцякае, што можна не варушыцца.

Караскаючыся, сапучы перад ёю, я палохаю карову, яна перастала скубці траву, глядзіць, слухае, гатовая адысці ўбок i ўцячы. Мокры i знясілены, я злосна шапчу салёнымі вуснамі: «Кароўка, кароўка, кароўка…» I яшчэ чамусьці: «Кось, кось, кось…» Але не каровай i не канём, a хітрым здзеклівым забойцам уяўляецца мне гэтая істота: яна заадно з тымі, што заселі каля лесу, за стагамі i зараз заб'юць мяне. Калi кранецца з месца, пачне ўцякаць, я ўскочу на ногі — няхай страляюць! Я цягнуся да повада, быццам ён мяне з прадоння выцягне, толькі б ухапіцца! Карова, трохі прывыкнуўшы да мяне, зноў жуе, повад матляецца ля зямлі, метраў за дзесяць ад мяне! — я бачу мутнаваты бляск яе вока i баюся глядзець, баюся напалохаць прагнасцю i злосцю, што ў маіх вачах. Я ўжо ўсміхаюся мокрай шчакой, шапчу нейкія словы, заміраючы ад пяшчоты i нянавісці. I ціхенька, ціхенька падпаўзаю, не перастаючы ўсміхацца i шаптаць.

Учапіўся за повад так, што карова спалохана рванулася, працягнула па зямлі маё стомленае i шчаслівае цела. Як хочаце цяпер, а я буду ляжаць! Ляжаць, ляжаць…

Тварам да заплямленага святлом неба, услухоўваючыся ў лясную цішу, шчасліва ўбіраючы ў сябе блізкае дыханне каровы, я ляжу i хвіліну, i другую. Месяц проста над маім пасвяжэлым тварам. На круглым дыску, як за матавым жоўтым шклом, знаёмыя з дзяцінства цені-сілуэты, i яны папраўдзе падобны на чалавечыя: i постаць таго, што падае, i таго, хто адхіснуўся, axoплены жахам…

Цяпер мы пасоўваемся так: я — задам, на баку, папіхаючыся локцем, вінтоўкай; карова, палохаючыся гэтай маёй позы i рухаў, то рвецца ўбок, то адстае, напінаючы повад, робячы кругі. Калі ворагі сочаць, ix, мусіць, дзівіць гэты цырк. А што калі яны ўзлескам ідуць туды, куды я паўзу, цягну карову? I недзе ўжо чакаюць там? А я спіной, задам — проста ў рукі да ix!

Не ведаючы, што рабіць, я лёг зноў, чакаю. Карова стаіць нада мной, спалохана напяўшы повад, у пуклявым воку яе чорна пераліваецца далёкае зарава. Раптам яно кругла ўспыхнула, каpoвiна вока, бліснула. Ракета, шчоўкнуўшы, павісла над тым месцам, дзе застаўся Рубеж. Другая — у наш бок. I тут жа — тонкі вогненны струмень. Колькі куль, хлюпнуўшы, упіліся ў каровіна цела. Яно нібы ікнула, вялікае i няўклюднае, глытнуўшы ix. Я таргануўся да яе, на дапамогу, быццам яшчэ мог нешта зрабіць, паправіць, карова таксама падалася да мяне i ўпала на ўраз аслаблыя пярэднія ногі. Шырока i да вусцішнасці па-чалавечы яна хістала галавой з боку ў бок, потым адкінулася на зямлю i замерла. Ногі зноў таргануліся, неспадзеўна i рэзка, балюча ўдарыўшы мяне па локцю, адштурхнуўшы.

А я ўсё трымаю повад, прыціскаючыся да зямлі.

Пуклявае круглае вока забірае з сабой далёкае зарава, якое пераліваецца, мігціць у цёмнай глыбіні. Але вока ўжо мёртвае. З адкінутай каровінай шыі б'е, ільсніць чарнатой тугі струменьчык, часам ён падае на мігатлівае люстэрка вока, прыцямняе яго. Зноў успыхнула, узнялася ракета, i я прыціснуўся да каровінага чэрава, хаваючыся, i раптам разгледзеў на вымені белыя пражылкі малака. Ракета згасла, але я ўсё бачу — жывыя белыя нітачкі на чорнай смале крыві. Не ведаю чаму, але менавіта гэтыя белыя струменьчыкі — быццам прабачэння нехта ў некага просіць! — страшэнна на мяне падзейнічалі. Я не проста заплакаў, я бязгучна закрычаў, як ад нясцерпнага болю. Выпацканы крывёй, зямлёй, потам, змардаваны дарэшты, я глядзеў на гэтыя чыстыя, дзіцячыя струменьчыкі-нітачкі i плакаў, як даводзілася плакаць толькі ў раннім маленстве: кожнай жылкай сваёй, кожным уздыхам. Ва мне жыла такая бязмежная, такая дзіцячая крыўда на ўвесь свет, што абараняцца я мог толькі ёю, жадаючы толькі, каб мне было яшчэ горш, каб зусім ужо кепска было i каб памерці на злосць ці на радасць усiм ім…

26
{"b":"599003","o":1}