Нарэшце мы дасяглі жыта: да яго Глеб Васільевіч трымаў кірунак ад самага ўзлеску. За жытам дарога, якую трэба будзе мінуць.
Утапілі свае цені ў рэдкаватым, вытаптаным жыце, брыдзём па ім, як па глыбокай жоўтай вадзе. Месяц над намі круглы, вялікі.
— Не, вы заўважылі,— шэпча Рубеж, — як усё расце ў вайну! I колькі самасейкі замест чалавечага жыта. Расце ўсё, нібы злуе. А, не ўмееце вы жыць? Тады — я!
— Вы — Спіноза, Рубеж! — кажа Глеб Васільевіч. Ён напружана ўслухоўваецца ў татахканне кулямётаў, прыкідваючы, дзе нам лепей перайсці дарогу.
— Забіваюць чалавека — лес адразу на вяршок падскоквае, — мармыча Рубеж нам у патыліцу.
— Цябе стукнуць, — не вытрымаў Скараход, — на два падскочыць.
Скараход, як толькі прыпынімся, пачынае абкручваць анучай сваю неабутую правую нагу, абвязваць яе. Ніяк не адважыцца кінуць другі чаравік.
— I правільна! — згаджаецца Рубеж. — Калі самі не ўмеем. Заб'юць — i буду расці, усе дарогі, усе палі зарасту, запоўню.
Слухаем далёкі перастук кулямётаў i незразумелую цішыню белай ад месячнага святла дарогі, лапік якой нам відзён, а побач шэпт, мармытанне i дзіўнаватыя вочы чалавека, якія нібы моляць: «Ды спыніце мяне, бачыце, што са мной, гэта не я, гэта — са мной!..»
Я раптам падумаў i, здаецца, зразумеў, што чалавек гэты тужліва баіцца, ён амаль як хворы ад гэтага. У другога гэта выявілася б іначай, a ў Рубяжа — у няспыннай, сур'ёзнай ці смяшлівай гамане, у якой ён нішчыць свой страх. I зусім ён не дражніцца з самою смерцю, як лічыць Скараход, зусім наадварот. Страх перад уласным страхам — тужлівым, гнятлівым, — вось што мучыць, прымушае яго быць такім: ён увесь час рыхтуецца, рыхтуе сябе да нейкай рыскі, якую заўжды бачыць, пра якую не ўмее забыць, як другія ўмеюць.
— Зараз мы вылавім вас з гэтага жыта, — мармыча Рубеж, — дзе вы тут, мілыя?
I праўда, шчоўкнула ракета, гэты раз блізкая. Узнялася, зрабіла дугу i ўпала метраў за сто ад нас. Мы засталіся, хто на кукішках, хто на каленях, у жыце, налітым, як акварыум, жоўтым святлом. Ракеты адна за адной шчоўкаюць, узлятаюць, павісаюць вогненнымі кроплямі, нібы выглядаючы, куды падаць, i тут жа абрынаюцца ўніз.
Можна ўцячы, але ўцякаць не мае сэнсу. Немцы недзе тут, побач, але менавіта гэта нам трэба: засесці бліжэй да ix, але каб пра гэта яны не здагадваліся. За ix кошт мы разлічваем разжыцца чым-небудзь больш каларыйным, чым бульба i зайцава капуста, вось i трэба сядзець i чакаць моманту. Цяпер толькі разабрацца, якія тут немцы, дзе ў ix што. Праўда, мы разлічвалі ісці далей, але калі па дарозе гэтай сядзяць нямецкія пасты, засады, значыць, па ёй хутка пацягнуцца абозы, жывёла. Глеб Васільевіч услухоўваецца, прыкідвае i ўсё чапае сваю невялікую бародку — прывыкае да яе.
— Не падабаецца мне, — кажа Скараход. Ён раптам узяўся размотваць анучу, адкінуў яе. Зняў свой адзіны чаравік i таксама адкінуў ca злосцю. Падрыхтаваўся да нечага.
Так, няўтульна будзе ў жыце, калі настане раніца, — ноч, як цёмны калідор, звязвае нас з далёкім лесам. Дзень надоўга адрэжа нас ад лесу, а без яго нам надта не па сабе. Хоць бы які-небудзь лясок. I як панясём, пагонім мы што-небудзь па адкрытым полі: тут каб i сваё не кінуць!
Калі мы яшчэ ішлі па жыце, справа чарнелася нешта, здаецца, хмызы. Туды i скіраваны цяпер нашы думкi i позіркі. А следам i ногі нашы падаліся, ціхутка, крадком. Расістае жыта халодзіць калені, плашч мой (падарунак «вострава») набрыняў вадой, зрабіўся як бляха. Ракеты згаслі, не ўзлятаюць болей, асела i зарава над гарызонтам, ноч пашарэла. Жыта скончылася, а вось i хмызняк, што ўзлазіць на пагорак. Глеб Васільевіч, не гледзячы, крануў, падказваючы, рукой тых, хто стаяў бліжэй — мы i папаўзлі. Я i Рубеж. Крысо грубага брызентавага плашча трапляе пад каленi, перашкаджае паўзці. I здаецца, што грыміць гэты брызент на ўсю акругу!
Мы былі ўжо каля бярозавых кусцікаў, калі рэзка шчоўкнула i засвяціла ракета якраз над намі. I тут жа, як абвал, загрымеў кулямёт, зусім блізкі. Нешта адбылося, жывы блізкі гук дастаў мяне, таргануўся ў самой руцэ. Нешта здарылася, гэта я адчуваў у руцэ, але ўсё не разумеў — што. A кулі ўпіваліся ў купіны, у зямлю каля галавы, каля самага пляча: краем вока я бачу, як імчыць да нас вогненнае джала — то прападае, то паяўляецца…
Кулямёт змоўк раптоўна, як i пачаў страляць. Але ракеты ўсё ўзлятаюць, адна за адной. Нам добра відаць, што леніградзец i Скараход ляжаць у лугавой траве — бліжэй да жыта, чым да нашых кусцікаў. Aгa, вось што шарганулася, здрыганулася ў маёй руцэ — папала ў прыклад, разбіла маю вінтоўку. Мы з Рубяжом запаўзлі ў кусты глыбей i адтуль глядзім, як заварушыўся Скараход, прыўзнімаючыся i пазіраючы ў наш бок. A ленінградзец нерухомы. Потым Скараход папоўз да жыта: ён рыўкамі падцягвае да сябе, валачэ ленінградца, параненага ці забітага. Вось i раскідалася тое, што яшчэ хвіліну назад было нашай групай. Што мы такое цяпер i што будзем рабіць? Дзіўна, але чалавек, чым больш напружана ён думае, вырашае, што i як яму рабіць, тым больш з адчужанай цікаўнасцю i нават неяк абыякава пазірае: ну, а што я зраблю зараз? А далей? Нібы чакаеш самога сябе, нібы цябе тут яшчэ няма.
— Усё, хана! — шэпча Рубеж. — Не пераплывуць яны сюды.
Ракеты ўжо не ўзлятаюць, немцы супакоіліся, аднак ноч, цемень, што ратуе нас, не вярнуліся, амаль ужо світае! Мы азіраемся, ацэньваючы наша новае становішча. Цяпер мы ўжо не тое, што былі дзесяць хвілін назад, i ўсё бачым па-другому, як пасля раптоўнага кароткага сну. Ніякага тут лесу i нават лясочку няма, лaпiк бярэзніку — і толькі. Нас абкружае голае, адкрытае поле.
— Чакай цяпер, куды панясе, — мармыча Рубеж.
I праўда, такое адчуванне, што рэдкае туманнае світанне адносіць нас ад тых, што ў жыце, i ўсё бліжэй да дарогі, дзе прытаіліся ворагі. Мы ўжо бачым гравійку — жоўта-шэрую палоску пасярод лугавой зеляніны.
I пацяклі хвіліны. Яны цяклі на дарозе: усё адбываецца, перайначваецца там, а мы толькі можам глядзець, чакаць.
Мы ведаем, што з жыта вось гэтак жа сочыць за дарогай i за нашым бярэзнікам Скараход, стараючыся адгадаць, што мы будзем рабіць. Каб вырашыць нешта разам, нам трэба паўзці назад у жыта, i нам вельмі хочацца гэта зрабіць, проста заманьвае нас да сябе жытняя паласа. Але паўзці цяпер — значыцца, канчаткова выдаць сябе. Мы так i не ведаем — выпадкова, наўздагад секануў блізкі кулямёт ці нас заўважылі i цяпер сочаць, чакаюць.
Толькі цяпер, калі ранак настаў, бачым, як няўдала мы выйшлі да дарогі: усё тут, вядома, праглядаецца, прастрэльваецца да самага лесу. Цяпер чакай ночы, а за доўгі дзень столькі i такога можа здарыцца! Да чаго ж моцная ў нас нелюбоў да «адкрытай прасторы»! Набылі за ўвесь гэты час.
Каб заглушыць нудлівую тугу, мы з Рубяжом пачынаем снедаць. У мяшках, прызначаных пад нямецкія кансервы i галеты, ляжыць дзесятак расціснутых бульбін, мы ix i жуём. Я ўсё спрабую праверыць, ці змагу страляць з вінтоўкі без прыклада. У жыце дзесяцізарадка ленінградца, але туды не перапаўзеш. Піць хочацца, мы азіраемся з няпэўнай надзеяй, але пакуль не загаворваем пра ваду, можна цярпець, усякай пакуце свая чарга!
— Глядзі! — шэпча Рубеж.
З-за жоўтага грудка зямлі, прыкрытага бярозавым голлем, якое наламалі, мабыць, у нашых кустах, узняўся немец. Пакруціў галавой i выйшаў на гравійку. Дзіўна ўбачыць таго, хто страляў па табе. Без каскі, у зялёнай плашч-накідцы. Жмурачыся, весела паглядзеў у наш бок: за спіной у нас узыходзіла сонца. Не, немцы не здагадваюцца пра нас, не разгульвалі б яны па дарозе. Раптам немец нешта сказаў, голас яго прагучаў па-ранішняму гучна. Сонца ружовіць маладыя бярозкі, гравійку пад нагамі ў немца. Святло гэтае лягло i на твар, i на рукі салдата, вясёлкава іскрацца промні ля ягонай спушчанай рукі. Салдат крактануў, напяўся — з акопа азваліся смехам. Нагнуўся i ўзяў, мусіць, з нечых рук, бранклівыя кацялкі. Шоргаючы ботамі, пайшоў па гравійцы, i жыта засланіла яго.
— Вы глядзіце, — сказаў зa яго Рубеж, — а я падсілкуюся як чалавек.