Асэнсаванне гераізму ў сучасных вершах Максіма Танка стала псіхалагічна ўзбагачаным, глыбей адцененым трагедыйнасцю. Відаць, не толькі суб'ектыўная паглыбленасць успрымання адыграла тут сваю ролю, не меншае значэнне мае ўплыў працэсу гуманізацыі грамадства, які шпарка развіваецца ва ўмовах барацьбы за мір. Няспынна расце цана жыцця чалавека. Працэс гуманізацыі грамадскай свядомасці асабліва сугучны сацыялізму, бо сацыялістычны ідэал вырас з пачуцця справядлівасці і спачування абнядоленаму і знявечанаму класавым уціскам чалавеку.
Максім Танк умее прымусіць чытача паўней адчуць і глыбей ацаніць заваяваную ў агні баёў свабоду, права на мірную працу, на простую чалавечую радасць. Радасць выцягнуцца ў траве недзе над Нёманам і над Нараччу, радасць вярнуцца з зорных палётаў пад родную страху:
Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Нэўна, складаецца з солі.
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... I так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем (III, 221).
6
Тым часам мы ўжо і ў паўдарогі да Драгічына, цэнтра раёна, да якога належыць і вёска Моталь. Спыняемся ў Антопалі, невялікім мястэчку, заходзім паснедаць у чайную. Тут людна, але без таўкатні. Нядаўна Антопаль быў райцэнтрам, і чайная будавалася з прыкідкай на раённыя маштабы, цяпер працуе з недагрузкай. Палавіна сталоў не занята, але пры буфеце чарга чалавек дваццаць. Прывалілі, відаць, праезджыя калгаснікі, на плошчы іх чакае некалькі грузавікоў. Жанчыны заказваюць каву, аладкі, тварог са смятанай, зрэдку якая байчэйшая просіць бутэльку піва; мужчыны налягаюць на «свіныя плечы» і для апетыту бяруць па сто грамаў «Маскоўскай» ці па шклянцы віна. Толькі шафёры перасцярожліва косяцца на хмяльную спакусу. Адзін нейкі памяты, як смаржок, дзядуля настойвае на ста пяцідзесяці. Высыпаў на прылавак усё серабро і медзякі, падлічыў — не хапае пару капеек. Паглядае дзед на буфетчыцу як чалавек, якога сустрэла вялікая бяда. Буфетчыца паціскае плячыма: маўляў, нічога не будзе. Пры чым тут я? Аматар прычашчацца пачынае скуголіць. Чарга гамоніць: «Пэрэстань молытыся. Захотів зранку чортавай балбатухі! Не затрымлівай!» — Следушчы!..— строга кажа буфетчыца. Чарга салідарна ўсміхаецца. Але рухаемся марудна. Сёй-той з прысутных, мабыць, пазнае Максіма Танка і не верыць сабе. Людзі пазіраюць з цікаўнасцю і перашэптваюцца. Заўважаю, што яму робіцца няёмка ад гэтай наіўна-бесцырымоннай дапытлівасці. Прапаную ўзяць абслугоўванне на сябе як малодшы — рашуча адмаўляецца. Разумею... Учора вечарам на літаратурнай серадзе нашы брэсцкія пісьменнікі колькі ні прасілі яго сесці за стол старшыні, проста хацелі лепш бачыць шаноўнага госця, свайго любімага паэта — і нічога не выйшла.
Пры абмеркаванні твораў Максім Танк пазбягаў выступаць «завяршаючым». Усё рабіў для таго, каб яго слова ішло на роўных правах з меркаваннямі іншых удзельнікаў літаратурнай сустрэчы. Дэмакратызм — настолькі арганічная рыса яго свядомасці, што здаецца, нібыта гэта нешта ўроджанае, а не набытае. Безумоўна, ідзе гэта ўсё ад усведамлення ўласнае сілы. Моцная натура не мае патрэбы ў нейкіх дадатковых, штучных падпорках. Яна заўжды гатова даць фору іншым. I яшчэ цікавае назіранне: Танку яўна хацелася знайсці ў творах маладых як мага больш удалых мясцін, вобразаў, выслоўяў. Нават цалкам няўдалае апавяданне пра жыццё драматурга Грыбаедава ў Брэсце Танк не асудзіў як безнадзейную рэч. Ён старанна адзначыў усе, хоць крыху ўдалыя драбніцы — жвавае разгортванне падзей, эмацыянальныя мясцінкі ў дыялогах... Калі я занадта катэгарычна заявіў, што аўтар не справіўся з задумай ды ўвогуле гістарычная тэма не для яго пяра, Максім Танк запярэчыў:
— Чаму так? Для пісьменніка няма закрытых тэм.— I, парыруючы чыюсьці рэпліку, што для працы над гэтаю тэмай патрэбна эрудыцыя гісторыка, ён спаслаўся на Мерымэ, на яго выпадак з «Песнямі заходніх славян», якія той выдумваў сам. Таленавіта выдумаў. Талент аблягчае пазнанне.
У той вечар Максім Танк уразіў нас ведамі з гісторыі культуры, калі пачаў вытыкаць аўтару пралікі асучаснівання паводзін маладога Грыбаедава. Такім ведам мог бы пазайздросціць не адзін гісторык. Выключная дапытлівасць, шырыня навуковых зацікаўленняў Максіма Танка агульнавядомыя.
Вось і ўчора, даведаўшыся, што ў Брэсце праходзіць усесаюзная навуковая канферэнцыя па атэізму, ён адклаў на дзень паездку да выбаршчыкаў і слухаў даклады вучоных. Гаварыў, што было цікава.
Брэсцкім літаратарам асабліва спадабаліся дасціпнасць, знаходлівасць Танка ў часе абмеркавання твораў, палемічны запал і бляск слова. Калі ён захапляецца, дык пачынае гаварыць вобразна, гіпербалізуе крытычныя заўвагі, але ніколі не выходзіць за рамкі таварыскай ветлівасці, умее і ў крытычным захапленні захаваць павагу да апанента. Кантроль розуму над эмоцыямі? Не, відавочна, нейкая ўроджаная далікатнасць пачуццяў, іх здольнасць нават у моманты спантанных выбухаў захоўваць эстэтычную меру.
Танк рабіў шмат заўваг маладым. Але як! Без змрочных імператываў, без ментарскай катэгарычнасці, а з добраю ўсмешкай, па-сяброўску, з дасціпным далікатным жартам. Не папракнуў, напрыклад, аднаго пачынаючага: «У цябе, маўляў, банальная, збітая тэматыка», а страсна пераконваў, як важна і як цяжка ў паэзіі знайсці сваю тэму, набыць свой голас... Ён гаварыў, што маладыя паэты любяць брацца за вечныя тэмы, забываючыся, што тэмы гэтыя распрацаваны геніяльнымі мастакамі. А права на існаванне ў паэзіі мае толькі твор прынцыпова новы, непаўторны. Дык ці лёгка пачынаючаму спаборнічаць з майстрамі высокага класа? На рынг не выпускаюць жа барцоў рознай вагі! Кілаграм розніцы — і ўсё... У паэзіі ж часта мы бачым, як барцы найлягчэйшай вагі хочуць спаборнічаць з цяжкавагавікамі.
Яўген Іванавіч шчыра смяецца, уяўляючы сабе ход і вынікі такой спартыўнай сустрэчы. Смяецца адкрыта, забываючы пра дыстанцыю. гадоў і становішча.
Усведамленне ўласнай сілы і годнасці не дазваляе яму карыстацца прывілеямі, хай сабе яны нават і «належацца»...
Вось нарэшце надыходзіць наша чарга да буфетчыцы. Прабягаем вачыма меню. Не блага было б і нам разагрэць душу (дарога настройвае легкадумна), але ж я за рулём, а Максім Танк рэдка калі дазваляе сабе глыток сухога віна. Не любіць штучных ахмяленняў. Творчая актыўнасць і самадысцыпліна — родныя сёстры. Напэўна, засталася і старая звычка рэвалюцыянера-падпольшчыка: там строга захоўваўся сухі закон. Цвярозасць, пільнасць і канспірацыя лічыліся сярод членаў Кампартыі Заходняй Беларусі асноўнымі маральнымі запаведзямі. Максім Танк застаўся верны першай з гэтых запаведзей, затое трэцюю парушае са зразумелай прыемнасцю, не імкнецца скрываць сваіх пачуццяў і думак. Здаецца, Арыстоцель пісаў пра высакароднага чалавека: «Ён заўжды гаворыць праўду, бо грэбуе людзьмі». Думаецца, што любоў да людзей лепш, чым грэблівасць, прымушае гаварыць праўду... Афінскі мудрэц дазваляў арыстакрату духу рабіць адно адступленне ад праўдамоўнасці: ужываць іронію ў зносінах з натоўпам. Той, хто любіць людзей, не стане іранізаваць, пашкадуе, што тыя, каму належыць па праву гісторыі быць грамадой, калектывам, класам, народам, не ўтвараюць гэтых вышэйшых грамадскіх арганізмаў, а застаюцца натоўпам.
Помніцца мне адзін студэнцкі семінар, на якім абмяркоўваўся зборнік «Глыток вады». Распаленыя шчокі, пахарашэлы тварык студэнткі, якая гаворыць пра народнасць вершаў, што так узрушылі яе, нядаўна яшчэ вясковую дзяўчыну. Вершы былі пра людзей працы, родную прыроду, шчасце і гора. Народнасць не проста арганічная рыса паэзіі Танка, гэта стрыжань, які вызначае і характар паэзіі і напрамак пошуку. У вершах сучасных выражэнне любові да свайго народа набывае новыя формы, паэт любіць прыхаваць шчымлівыя пачуцці пад лёгкаю павалокай гумару, як у «Сямейнай фатаграфіі», «Гісторыі Пількаўшчыны». А ў тых творах, дзе аўтар рашаецца на прамы маналог, ён гаворыць пра гэтыя пачуцці з шырокім душэўным размахам, без крыклівай назолы, шчыра і з унутраным тактам. Такі тып маналога мне чуецца ў вершах «Стол», «Печ», «Топіцца лазня». Падабаюцца гэтыя вершы, часта прыходзяць у памяць радкі, дзе эпічны ўздым змяняецца гарэзлівай смяшынкай або пераходзіць у даверлівы спавядальны лірызм. У гэтых пераходах бачыш усяго Максіма Танка. Нельга без хвалявання сачыць, як прыжмуранае смяшлівае вока паэта становіцца вільготным ад чуласці.