Разам з ночкай асенняю плачу па матцы
Я — загінены хлопчык-паэт (13).
Розніца відавочная: лірычны полюс у кампазіцыі Пестраковага верша драматычна напружаны. Тут жа ёсць гуманістычная праграма, хай сабе праграма-мінімум, але ці можна пераступаць цераз яе нават у імя праграмы-максімум — рэвалюцыйнага гарэння. Адна справа адмовіцца ад інтымнага шэпту дзеля баявога гімна, а другая — узнесціся над спачуваннем хворай маці. Зрабіць такое немажліва. Пакутлівае ўсведамленне немагаты і неабходнасці выхаду за межы асабістай драмы, нават за межы жыццёвых драм вёскі,— складае важнь: праблемны стрыжань давераснёўскай паэзіі Піліпа Пестрака. Паколькі інтымна-асабістае ў яго творах выступае як драма жыцця, дык, зразумела, гэты полюс у яго праграме набліжаецца да грамадзянскага. Праўда, гэтае збліжэнне палярных кампанентаў не прыводзіць да звужанасці эмацыянальнага дыяпазону, бо той другі полюс-антыпод паэт зараджае перажываннямі выключнай сілы, гэта — афекты. Мы тут сустракаемся з характэрнаю рысай для паэзіі Пестрака наогул. Голас лірычнага героя ў яго часта выпрабоўваецца зрывам на фальцэт.
Рэвалюцыянер у Піліпа Пестрака — герой выключны, і жыве ён у выключных абставінах.
Мы бачым яго ўдзельнікам турэмных галадовак:
Як у магіле.
Таплюся ў пух зямлі.
Утомленасць цішай займгліла,
Застылі галодныя жылы.
Нехта прамовіў: «Сусвет велічавы...
Пясок — дно марское...» Таварыш, пакінь!
Хай мука адхлыне ў пафосе-маўчанні,
Знаеш, голаду рытм зацямняе вякі (30).
Нават у цёмныя лёхі адзіночак і карцараў герой і паэт прыносяць тую ж крайнюю экспрэсію, тут жа гатовы сарвацца голас пакуты і пратэсту:
Дня няма — у лёху дня няма,—
Толькі ноч...
I мохам заіневеў твар,
I яму каменную, яму ярма
Мераеш крокам, як вошчупам:
Раз-два, раз-два... (26)
З нацягнутымі, як струны, нервамі вядзе паэт героя ў апошні смяротны шлях:
Пружынься, крок мой, цвёрда!
Шумі,
паход,—
Хто ж, як не мы,
Галаву падыме горда,
Каб узысці на эшафот?! (30)
Зразумела, што пасля такіх эмацыянальных выбухаў вяртанне героя ў роднае сяло гучыць ледзь не ідыліяй, хоць і там, у роднай хаце,— драма. Герой часамі нібыта апраўдваецца за само жаданне вярнуцца да родных прастораў, да зманлівай утульнасці бацькоўскае хаты:
Я — падарожнік пастаянны,
З знакамі кайданнымі
На руках.
Прастор, прымі,
Загой мае раны,
Прытулі
Свайго бедняка (35).
Ён памятае суровы наказ роднай зямлі:
Нас недарма зямля паслала
У навальнічны авангард —
Цярплівасць нам дала і гарт
I наказала: «Быць
Інжынерамі барыкад» (28).
Герой не дазваляе сабе, змучанаму турмой, перавесці дух пад роднаю страхою. Адразу з турмы ён ідзе ў змаганне на волі, і калі на шляху барацьбы сустракае дзяўчыну, дык не дапускае думкі пра спалучэнне лёсу і шчасце:
Мы з табою ідзем да світання
Па разлогах пахучых палёў.
Я цябе абніму, уквячу красаваннем
Маладых палымнеючых сноў.
На ўтомленых веях тваіх
Матылёчкам світанне мігоча,—
Гоман ночы глухое заціх... (38)
Сапраўды, трэба было ачысціць душу турэмным аскетызмам, каб набыць такое чулае эстэтычнае ўспрыманне дзявочага хараства. Але ў канцы маналога нават гэтую платанічную асалоду красой змагар адхіляе як слабасць, ён гаворыць сяброўцы:
Пойдзем ў свет, патанулы у крыўдзе.
Пойдзем к дню мы, цвярозаму, жорсткаму
дню (39).
Толькі ў другой палавіне 30-х гадоў, відаць, пад уплывам ідэй народнага фронту лірычны герой Пестрака не то што мякчэе душою, але смялей адкрывае чалавечую чуласць душы У вершы «Пад Новы год», напісаным у гродзенскім астрозе ў 1937 годзе, паэт звяртаецца да маці:
Вітай мяне, матуля! У хаце цёпла, лёгка,
Пабелены і сцены, а на стале абрус,
I ты сядзіш, чакаеш, схіліўшыся на локаць,
Снуеш прывычную, гаротную журбу.
Умыюся з дарогі тым спосабам начоўным,
I ты сарочку зменіш мне.
Тады пагодлівы душою, цішы поўны,
Забудуся на момант аб свеце, аб ярме (84).
Але толькі на момант. Тут жа, адганяючы забыццё, сын кажа да маці агітацыйную прамову «пра наш забраны край заходні, пра бунты беднякоў... пра вольны край усходні». У зваротах да дзяўчыны паэт нібы збіваецца на аскетычнае супрацьпастаўленне пачуцця і абавязку, але на самай справе ён паэтызуе здольнасць спалучаць адно з другім, падпарадкоўваць каханне змаганню:
I не патрэбна нам белай акацыі —
Я з ружаў песень табе не пляту.
Мы ў шуме крывавых пацыфікацый
Бліснем іскрай пратэсту на смелым ляту (60).
Гэта з верша «На ветры», а ў вершы «Ты і я» — нібы прадаўжэнне ці новы варыянт той жа сітуацыі. Толькі прырода паспела абнавіцца, лета змяніла зімы, пачуцці ж засталіся гарачымі і высокімі, воля цвёрдай:
Бачыш пушчы аснежанай сховы,
Бачыш стрэхі, галодныя дні...
Ты і я, я і ты,— гартам слова
Распаляць будзем бунту агні.
Ты згаджаешся і расквітаеш,
Ціснеш руку і хочаш ісці,
Мае думкі, як песні, вітаеш,
Хочаш разам з сваімі сплясці (58).
Верш «Пад роднай страхой» зноў малюе сустрэчу закаханых рэвалюцыянераў, далучаючы да інтымнага эпасу падполля яшчэ адзін штрых:
Як там дзвярыма хто забразгаў —
На кожны стук,