Народнасць светавыяўлення, арганічна з'яднаная з сучаснасцю,— вось у чым сакрэт дзейснасці паэзіі Танка.
Паэт не стараецца быць модным, сучасным і маладым, хоць часам, жартуючы, і паскардзіцца на гады, што ў вырай адляцелі, ды застаецца сабою, чалавекам, які нялёгкаю працай і змаганнем здабыў сталасць думак, пачуццяў і ацэнак жыцця.
I ён выдатна сябе адчувае ў сталым узросце, шмат абяцае і многа дае:
Таму, пакуль свет велічны, барвовы
У маім сэрцы і грыміць, і ззяе,
Магу я абяцаць шмат песень новых
I толькі цішыні не абяцаю (III, 197).
З уласнага вопыту педагога знаю, што менавіта гэтаю сталасцю думак, пачуццяў і ацэнак жыцця ўся паэзія Танка, і асабліва сучасныя творы, кранае моладзь.
5
Пад калёсы кладзецца роўная, гладкая стужка дарогі. Дзьме вецер. Старыя вербы шпурляюць на мокры асфальт пажоўклыя бляшкі лістоў. Мінаем аднастайныя вёсачкі. Тыя, што пры лесе, забудаваны сасновымі домікамі амаль гарадскога тыпу. Пафарбаваныя белай, блакітнай, аранжавай фарбаю рамы і аканіцы, зухавата надзетыя кепачкі лёгкіх шыферных дахаў. Гэта ўзнятыя з попелу і друзу сялібы партызанскага краю. Пра баявую славу гэтых мясцін нагадваюць абеліскі над брацкімі магіламі партызан і мірных людзей, памардаваных захопнікам.
Не ведаю, мажліва, ад прысутнасці паэта ўвесь час прачынаецца патрэба мастацкага слова ці гэта мернае калыханне аўтамабіля наводзіць на рытм верша, сугучнага карцінам, што мільгаюць за ветраным шклом,— памятаю толькі, што зусім нечакана адчуў на губах гарэністы смак элегічных радкоў. Яго радкоў:
Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае залячыла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!
Другая страфа неяк выслізгваецца з галавы і ўсплывае адразу трэцяя:
Нават і сёння, калі зноў на золку
Я запяваю з птушынай сям'ёй,—
Чую, іржавыя ныюць асколкі —
У песні маёй (III, 384).
Размова наша цалкам пераходзіць на партызанскія тэмы. Размова гэта даўняя. Летам я збіраў матэрыялы пра антыфашысцкую групу, створаную ў гады акупацыі Валянцінам Таўлаем. Сяляне расказвалі пра адну загадкавую гісторыю, фінал якое застаўся не высветлены. У вёсцы Гаравічы, непадалёку ад Навагрудка, гавораць, з'явіўся зімою 1941 года савецкі разведчык. Прадаваў нібыта сахарыну ды фарбу парцяную і шарсцяную... Папрасіўся завесці ў горад. Там уладкаваўся манцёрам на электрастанцыі, прабраўся ў вайсковы гарадок і падсунуў міну пад вадакачку, ці што. Немцы нарваліся, як падкладваў, схапілі, гналі ў турму, дык ён з-пад канвою ўцёк. I не знайшлі. Прымчаўся назад у Гаравічы. А жандары следам. Дык Валянцін Таўлай, які ў той час для маскіроўкі сакратаром у валасной управе рабіў, змыліў пагоню, накіраваў фашыстаў на іншую дарогу. А разведчык уцёк у Налібоцкую пушчу...
— А як ён называўся, разведчык? — пытаю.
Паціскаюць сяляне плячыма: «А хто яго ведае. Такі з выгляду цыганаваты быў, высокі і на ўсіх мовах гаварыў... А як зваць, хто ж яго ведае... Так ён табе і скажа, о-го-го! Ды хто ж там дапытваўся тады? Ну, вось, хоць бы прымерна як і ў вас... Хто вас ведае, якая ваша фамілія».
Можна ўявіць маё здзіўленне і радасць, калі гэтым летам у размове з Максімам Танкам я пачуў тую ж гісторыю ды яшчэ і прозвішча героя — Адынец.
— Гэта той Адынец Ян, якому Вы ў вайну верш прысвяцілі? — зачапіўся я за тэму.
— Так, той. У 1942 годзе ён у Маскве ў шпіталі ляжаў. Разрыўною куляю быў у сківіцу паранены. Зраслася так, што зубы добра не сходзіліся. Давялося ўжо хірургам нанова ламаць і зрошчваць другі раз. Увесь твар, памятаю, у бінтах, а ён не траціць гумару. Толькі ўсё непакоіўся, хоць бы вайна без яго не скончылася! Мы яго наведвалі з Ежы Путрамантам. Яны таксама былі знаёмы з Вільні. Путрамант нават нарыс пра яго партызанскія справы напісаў: «Chłopiec z Wilna» — загаловак памятаю. Друкаваўся ў польскай газеце, што выходзіла ў Маскве.
Ухапіўшыся за гэтыя факты, я тады ж пайшоў у Архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Але тут узніклі новыя цяжкасці. У картатэцы значыцца некалькі дзесяткаў беларускіх партызан з прозвішчам Адынец.
— Удакладніце,— прапануюць мне,— як яго звалі: — Адынец, Одынец, Адзінец? Ян ці Іван?
Ізноў іду я ў рэдакцыю «Полымя» да Максіма Танка. Ён пытаецца па тэлефоне ў жонкі, Любові Андрэеўны.
— Ян псеўданім, а ён жа Паўлік,— чуем у адказ.— Ён на Новым Свеце20 камсамол арганізаваў, Мы ж поблізу жылі. Я часам хадзіць позна ноччу баялася, хуліганаў шмат было, вядома, на ўскраіне. Дык пазней Паўлік хваліўся: «Мы, камсамольцы, вас ахоўвалі. Здагадваліся, што вы ў партыйным падполлі працуеце...»
Сапраўды, камсамольцы не памыляліся. Паліцыя не спускала вачэй з Любові Андрэеўны. Ахова была, так сказаць, з двух бакоў: камсамольцы — сабе, паліцыя — сабе. У адным з архіваў мне трапіўся матэрыял, які сведчыць, што аж на радзіму суправаджала пільнае паліцэйскае вока сясцёр Асаевіч — Любу і Соню. Віленская паліцыя інфармуе 25 кастрычніка 1935 года павятовае паліцэйскае ўпраўленне ў Паставах: «Соня ў мінулым месяцы прыязджала да Асаевіча, затым пасля 2 дзён выехала назад у Вільню. Люба была каля 10 кастрычніка г. г. і, пераначаваўшы, таксама выехала цераз Мядзель у Вільню. У часе прабывання абедзве кантактаваліся... са Скурко Яўгенам»21.
Дзякуючы дапамозе Любові Андрэеўны мне тады ўдалося зрабіць больш дакладны заказ наконт Адынца ў Архіў і атрымаць звесткі менавіта пра таго чалавека, якім я цікавіўся: Адынец Павел Фаміч, беларус, 1916 года нараджэння, камандзір партызанскага атрада імя Суворава брыгады Аляксандра Неўскага, памёр ад ранаў і тыфу 12 красавіка 1944 года, пахаваны ў вёсцы Зачэпічы.
Восенню 1965 года я трапіў у тыя мясціны. Аб'ездзіў Ліпічанскую пушчу ля развілкі Шчары і Нёмана. Яшчэ ўсё ў памяці свежае ад тае паездкі. У мястэчку Орля прачытаў на абеліску чатыры прозвішчы партызан, усе з 1922 года — мае аднагодкі. Потым на памяць прыходзілі партызанскія сябры, якім не давялося дажыць да канца вайны. З'явілася недарэчнае адчуванне, быццам Паўла Адынца таксама сустракаў у партызанах, быццам разам хадзілі на падрывы, разам пераплывалі Нёман пад абстрэлам, хоць партызаніў я не тут.
Каля Орлі Нёман шырокі і быстры, у пойме — магутныя дубы над ціхаводдзем старыц. Урачыста рабілася на душы, стоячы ў засені гэтых волатаў. Маё верхняе Наднямонне дзівосна прыгожае, але хараство там іншае, больш пяшчотнае, лагоднае, коласаўскае хараство:
Дзе на свеце ёсць такая,
Як Нёман, рэчанька другая?
Тут хвалі светлы, срэбралітны,
А беражкі — ну аксамітны...
А тут усё велічнае, маштабнае. Ехаў нібы праз свяшчэнныя язычаскія гаі, разглядаўся, каб не наткнуцца дзе на святое вогнішча перуна. Мой добраахвотны памочнік у пошуках дзён былых — тутэйшы чалавек, ветэран партызанскай барацьбы Уладзімір Шымановіч глядзіць на рэчы больш празаічна. «Тут калгаснікі свіней на жалудах адкормліваюць, а дзеці паназбіраюць цэлыя тоны гэтага корму. Тут свіны корм не праблема». Я прыгадваю артыкул са старадаўняга юрыдычнага статута: «А хто свіней у чужы лес на жолудзь пагоніць, а той застанет, чый лес, то аднаго вепра з правам сабе забіць мае». Часы і норавы...
У размове з Танкам я не магу перадаць гэтай спракаветнай рамантыкі. Няёмка займацца паэтызацыяй у прысутнасці сапраўднага паэта. Расказваю толькі пару эпізодаў з жыцця Паўла Адынца (аказваецца, імя Ян — адзін з яго падпольных псеўданімаў, якімі ён карыстаўся і тут, у Шчучынскай зоне).