Адказ на пытанне, адкуль жа бяруцца гэтыя людзі-аўтаматы з казённымі вачыма, людзі, якім варта толькі сысціся разам і яны тут жа ўтвараюць дзікі агрэсіўны натоўп, адказ мы знаходзім, знаёмячыся з побытам і норавамі нямецкіх мяшчан, бюргераў і баўэраў, каўбаснікаў і фабрыкантаў, наглядчыкаў і адміністратараў. Для вясковай і гарадской разнавіднасцей мяшчанства як сацыяльнага асяроддзя ўласціва агульная псіхалогія: яны — механічныя грамадзяне, вернападданыя, нявольнікі славутага «парадку». Псіхіку мешчаніна пісьменнік прасочвае ў зухаватым прыгажуне Хельмуце, што можа адзін раз паказырыцца салдацкаю «салідарнасцю» з палоннымі, за якімі наглядае, можа і падтрымаць іх пратэст супраць адміністратара маёнтка Штундэра, які абражаў годнасць былых салдат, трактуючы іх як жывёлу. Але гэтаму фанабэрыстаму зушку нічога не значыць перамяніцца, перакуліцца ў абаронцу інтарэсаў Штундэра і, пахваляючыся перад натоўпам вясковых разявяк сваёю бязмежнай уладай, разыграць расстрэл завадатара. Мяшчанствам навылет пратухлі вахманы, якія канваіруюць і вартуюць палонных. Гэта настолькі стандартныя людзі, што часам здаецца, быццам у рамане дзейнічае адзін вахман у розных сітуацыях і ў розных масках. Толькі вострая ўспрымальнасць Алеся робіць іх запамінальнымі. Сімвал веры гэтых людзей — парадак, яны слугі парадку, нявольнікі прускай дысцыпліны. Астаючыся сам-насам з палоннымі, канвойны можа часам выказаць і незадаволенасць вайною, ён хацеў бы, каб яна скончылася хоць заўтра, але пры адной умове: «Орднунг муст абэр зайн!.. Хто ж пакарае праклятую Англію?» (147)
Рахманая марудніца фрау Камрад на першы погляд дабрадушная, чуллівая, спагадлівая жанчына, яна і накорміць палонных і паспагадае пакутам, але, як толькі гаворка даходзіць і;а прычыны гэтых пакут, яна вінаваціць, канешне, палякаў, якія з упартасці, бачыце, не захацелі аддаць фюрэру «Данцыгскі калідор». Тое ж самае паўтарае і служанка Грубераў, гарэзлівая Марыхен, дадаючы яшчэ з поўным сур'ёзам, што нягодныя палякі выколвалі вочы нямецкім пасяленцам у тым «калідоры». На пытанне Алеся, адкуль яна ўсё гэта ведае. чуецца адказ: «I газеты пісалі, і па радыё гаварылі. Нам і ў школе пра гэта казалі» (182). Для прывучанага к «парадку» з дзяцінства, вымуштраванага механічнага чалавека любая хлусня стане абсалютнай ісцінай, абы яе сказалі афіцыйна, публічна. Думаць так, як трэба, так, як усе,— вось ідэал і стыль жыцця абывацеля. Гэта зручна, бяспечна і выгадна.
Фашызм, як заўважае Руневіч, не толькі імкнецца, але ўмее быць зручнаю формай свядомасці для мешчаніна. Праводзячы татальную стандартызацыю думак і паводзін, ён ураўноўвае індывідуальнасці, стварае ілюзію роўнасці, бяздумнага аднадумства. Няважна, што на справе гэта роўнасць робатаў, узаконеная бяздумнасць. Карткавая сістэма на думкі, на права выказвацца дзейнічае ў фашысцкай Германіі таксама спраўна, як і карткі на прадукты харчавання, толькі прычыны яе не ў нястачы духоўных прадуктаў, а ў забароне ствараць іх. Ва ўмовах, дзе ўкаранілася гэтая сістэма рэгулявання думак, дурнаваты робат Вольф можа лічыцца паэтам, яго рыфмаваная бязглуздзіца пра фюрэра — паэзія, таксама як і бяздумныя крыклівыя маршы «Гэгэн Франкрайх», «Гэгэн Энглянд», «Гэгэн Руслянд» — творы музычнага і паэтычнага мастацтва. Ураўноўваючы духоўныя запатрабаванні абывацеляў, фашызм забівае таленты і корміць масу эрзац-мастацтвам, эрзац-мараллю, эрзац-культурай.
Фашысты — самі выпладкі мяшчанства — добра ведаюць псіхіку абывацеля і танна купляюць яго. Сродкамі масавай інфармацыі, школьнымі падручнікамі і праграмамі, сцэнарыямі масавых зборышч, фольксфэстамі, звонам касцельным, пропаведзямі і малітвамі, а потым п'яным разгулам яны стваралі міраж далучэння натоўпу да ўлады. Абывацель — самалюбівая нікчэмнасць — павінен быў паверыць, што яму і фюрэру ў тую ж ноч таемныя сілы адкрылі карты перамог, што ён у асобе сваіх сыноў, зяцёў, унукаў — салдат фюрэра, здабываў перамогі ў Аўстрыі, Чэхаславакіі, Польшчы, Бельгіі, Галандыі, Францыі, Нарвегіі, Грэцыі, Афрыцы і, нарэшце, дабраўся да Расіі, што гэта ён, просты немец, абраны лёсам панаваць над светам. Псіхолагі заўважылі, што рэцыдывісты часта паўтараюць злачынствы ў сітуацыях, дзе няма ніякіх відаў на поспех. Аказваецца, у іх атрафіравана здольнасць уяўлення. Падуладныя нізкай страсці, заслепленыя ёю злачынцы, як мошкі на агонь, пруцца схапіць грубую, жывёльную насалоду ці выгаду, а далей хай будзе што будзе. Засляпіць, задурманіць, забіць здольнасць уяўлення — адна з мэт апрацоўкі свядомасці мас фашыстамі. I бяда ў тым, што перамогі вермахта на франтах, як злачынныя ўдачы, падмацоўвалі гэтую апрацоўку. Ва ўмовах тэрарыстычнага знявечання гістарычнай прадбачлівасці здаровая індывідуальная прадбачлівасць у людзей, якіх не паспелі ці не змаглі духоўна стэрылізаваць, вырастала да рангу палітычнай мудрасці — салдат Шмідтке, парабак Ракаў і многа тых безыменных немцаў, што так стаілі дыханне ў першы дзень вайны супраць СССР.
Як заўважыў Руневіч, у асобе мешчаніна вельмі лёгка ўжываюцца раб і дэспат. Дробныя мясцовыя фюрэры, ахоўнікі «чысціні расы», вартавыя парадку ў нейкім шалёным экстазе публічна задавальняюць цёмны інстынкт падпарадкавання і прагу ўладарнічання. Стрыжань фашысцкай дактрыны — гэта міф пра ўяўную перавагу немцаў над іншымі народамі. Ваеннапалонныя, змардаваныя паняверкай і голадам, якраз і павінны былі сваім выглядам і паводзінамі пацвярджаць тупому мешчаніну непаўнацэннасць людзей іншых нацый. Тых немцаў, у каго хапала розуму, каб не верыць у нацысцкія міфы,— прымушалі сілаю, «апрацоўвалі» духоўна і фізічна. Дзяўчыну, якая пасябравала з палонным, абстрыглі і вадзілі па вёсках на ганьбу ёй і на страх усім іншым, раённая газетка ганьбіла дабрадушную немку-салдатку толькі за тое, што яна падарыла палоннаму насоўку. Пагрозамі, страхам і хлуснёй фашысты дабіваліся свайго — адчужэння нямецкай нацыі ад цывілізаванага свету і ператварэння яе ў паслухмяную зброю імперыялістычнай палітыкі разбою. На сімпатыях абывацеля заважылі вайсковыя поспехі Гітлера ў Еўропе. Сіла і ўдачлівасць імпануюць вернападданым, а нястойкіх праціўнікаў прымушаюць змаўкаць.
Вельмі рэдкія выпадкі пратэсту супраць фашызму бачылі палонныя з боку немцаў. На шклозаводзе Алесь Руневіч нават сумеўся, калі ўбачыў, як малады рабочы тоўк дарагія хрустальныя вазы. Але гэта быў пратэст адчаю: бацьку гэтага рабочага расстралялі фашысты, а яго самога меліся прызваць у армію і паслаць на Усходні фронт. Бедалага Шмідтке, ужо мабілізаваны салдат фюрэра, перад адпраўкай на фронт прызнаўся палоннаму сам-насам, што не будзе ваяваць супраць Саветаў і пры першым зручным выпадку здасца ў палон. Парабак Ракаў шэптам расказаў Алесю антыгітлераўскі анекдот. Але ўсё гэта асобныя выпадкі. Ды хіба гэта — супраціўленне? Алесь разумее практычную мізэрнасць такіх праяў пратэсту і нязгоды. «Што ж,— гаворыць ён,— кожны з нас бачыў такога ці іншага Шмідтке. Аднак не яны вырашаюць» (301). Гэта сапраўды так. У часе, калі ў бюргераў і баўэраў кружыліся галовы ад перамог вермахта на еўрапейскім мацерыку і ў Афрыцы, пра сур'ёзнае супраціўленне нацызму ўнутры Германіі нельга было думаць. Вопыт гісторыі паказаў, што сваімі сіламі нямецкі народ не змог пазбавіцца ад дыктатуры нацыстаў аж да капітуляцыі Германіі. Толькі супольныя намаганні многіх краін і народаў, якія ўтварылі антыгітлераўскую кааліцыю, прынеслі вызваленне нямецкаму народу ад гітлерызму. Алесь Руневіч не быў дасведчаным палітыкам, але здароваю інтуіцыяй, прадбачлівасцю мастака ўлоўліваў заблытанасць грамадскіх працэсаў і пакрыўленасць асноўных маральных нормаў у фашысцкай Германіі. Ён сам, яго сябры заўважалі, што большасць сумленных немцаў не прымае «новага парадку» і ўпотай спадзяецца па сілу Чырвонай Арміі. Чакалі і яны, палонныя, нават не пасіўна. Алесь Руневіч і яго адзінадумцы шукалі спосабаў супраціўлення. Сваімі паводзінамі і нават выглядам яны імкнуліся падкрэсліць простым немцам, што не маюць у сабе комплексу ніжэйшасці, пра які трубілі нацысты. Яны давалі зразумець, што не мірацца з паніжэннем чалавечай і нацыянальнай годнасці. Формы іх супраціўлення часта былі наіўнымі, а маштабы сціплымі, але за гэта нельга вінаваціць людзей, якіх сама гісторыя паставіла ў канкрэтныя рамкі абмежаванасці — задоўга да палону і ў часе яго.