Литмир - Электронная Библиотека

Зразумела, што ўсвядоміць гэтую высокую місію кожны мастак павінен сам, сваім сэрцам і розумам. Тут не бывае торных дарог.

Янка Брыль, вярнуўшыся з гімназіі, якая здавалася яму цудоўным акном у свет навукі, хараства, культуры, меў усе падставы скардзіцца на жыццё. Але, асеўшы ў вёсцы і агледзеўшыся навокал, ён заўважыў, што яго ліхадзейка-доля была для многіх сябрукоў і аднагодкаў яшчэ зайздроснай. Ён атрымае ў спадчыну некалькі гектараў зямлі, і гэтага як быццам і хопіць, каб размясціць вясковае шчасце. Чулы юнак робіць папраўку ў свае маральныя самаацэнкі. «Ты не найгорш пакрыўджаны,— кажа яму голас сумлення,— глядзі, каб сам не пакрыўдзіў іншых». Маральная пільнасць скіроўваецца са знешняга свету на самога сябе. Як жыць сумленна ў гэтым свеце, каб не выклікаць зайздрасці, не рабіць зла?

Разам з братам Міхаілам Янка Брыль шукае адказу на пытанні-злыбяды ў Льва Мікалаевіча Талстога. Ён прагна чытае мастацкія, публіцыстычныя і філасофскія працы Талстога, шле пісьмы В. Ф. Булгакаву — былому сакратару яснапалянскага мудраца, знаёміцца з дзеячамі антываеннага руху ў буржуазнай Польшчы, бярэцца за культурна-асветную працу на сяле і, галоўнае, сур'ёзна і напорыста пачынае пісаць артыкулы, вершы, апавяданні. Брат яго Міша штудзіруе жывапіс, вучыцца маляваць. У хаце пасяляецца творчы дух.

Праўда, на сямейным Парнасе Янка іграе другарадную ролю: па-першае, ён — малодшы, па-другое, мастацтва слова менш прыкметнае, чым жывапіс. Карціну кожны бачыць адразу і дзівіцца з умельства мастака, які паклаў штрыхі і фарбы так, што на палатне з'яўляюцца рэчы і людзі, «як жывыя». Янка зайздросціў славе брата, а той трактаваў яго як свайго асістэнта. Калі суровая маці казала старэйшаму прынесці дроў ці вады, Міша паварочваў галаву ад мальберта і пераадрасоўваў даручэнне Янку, гаворачы, нібы ігумен паслушніку: «Ванька! Древес!» Калі ж Міша пачаў яшчэ і «вершы» пісаць, дык Янкава душа не вытрымала, і ён з крыўдлівай слязінай у голасе стаў прасіць старэйшага: «Ну, пакінь хоць гэта мне. Ты ж малюеш... Ну навошта табе?..» Той велікадушна згадзіўся...

Самадысцыпліна, маральная пільнасць здольных юнакоў паднімае іх аўтарытэт у ваколіцы. Да «Брылёвых хлопцаў» цягнецца моладзь, іх стараюцца пераймаць, але ўжо не зайздросцяць, адчуваючы на сабе, які нялёгкі гэта шлях — спалучаць працу з самаадукацыяй і творчасцю. Маральныя пошукі і самаўдасканаленне на пэўны час займаюць галоўнае месца ў жыцці і творчасці маладога пісьменніка. Але разбуджанае сумленне выводзіць юнака на прастор сацыяльных і нацыянальных праблем. Ад агульначалавечага да нацыянальнага і класавага — такі шлях духоўнага росту і станаўленнл таленту Янкі Брыля.

Асаблівасць развіцця светапогляду пісьменніка адлюстравалася ў змесце, тэматыцы і ідэйнай скіраванасці яго ранніх твораў.

У заходнебеларускім друку Янка Брыль дэбютаваў як аўтар вершаў і артыкулаў на гуманістычныя і маральна-этычныя тэмы. Абвостранае, набалелае сумленне падказвала аўтару змест і пафас першых апавяданняў «Марыля», «Праведнікі і зладзеі». Відавочна, такі ж характар насілі і іншыя апавяданні той пары. Іх назбіралася цэлая кніжка, але рукапіс яе так і загубіўся ў віленскага выдаўца, не дачакаўшыся ператварэння ў кнігу, хоць маці згадзілася аплаціць гэтую аперацыю з сямейнага бюдджэту.

Раннія апавяданні пісьменнік стварае ў класічнай манеры, кладзе ў аснову кампазіцыі сюжэт, але ўжо там дае знаць аб сабе яго лірычная манера, часта ўвага скіроўваецца на ледзь улоўныя рухі пачуццяў, унутранай барацьбы ў душы героя. Пісьменнік здзіўляецца, чаму той самы чалавек бывае чулы і жорсткі, дзе яго віна і дзе бяда яго, чаму людзі не заўсёды могуць быць людскімі. На свой лад хварэе Янка Брыль тымі злыбедамі, якія грызлі душу яго духоўнага настаўніка Л. М. Талстога. Пазіцыю маральнага суддзі юнаку даводзіцца спалучаць з неадольнай цікавасцю да ўсяго чалавечага. Немажліва ўціснуць у строгія рамкі маральных правіл жывога чалавека. I Янка Брыль пачынае расшыраць прынцыпы ацэнак, захапляецца чалавекам без маралізатарскіх прыдзірак, характэрных для маладога ўзросту. Пісьменнік быў больш велікадушным за мараліста, і ён перамагаў.

Суровасць Талстога ажыўлялася гумарам Гогаля і Чэхава, маральная дысцыпліна — эстэтычнаю радасцю жыцця.

* * *

Новы жыццёвы вопыт прынесла Янку Брылю служба ў польскім войску, удзел у баях з гітлераўцамі на пабярэжжы Балтыкі, пакуты палону, паняверка ў «рабочых камандах», штрафных ротах, барацьба за атрыманне Савецкага грамадзянства і, нарэшце, дзве спробы ўцёкаў на радзіму. Усе гэтыя падзеі прыблізілі яго асабісты лёс да гістарычнага лёсу народа, пашырылі сацыяльны і псіхалагічны кругагляд, далі новыя стымулы творчасці, падказалі новыя праблемы.

Восенню 1941 года ўцякач піша ў матчынай хаце ў Загоры сваю адысею, месцамі неверагодную і скрозь праўдзівую гісторыю. Усё гэта ён спярша даверліва расказаў родзічам, сябрам і ўбачыў у іх вачах дапытлівасць, здзіўленне, хваляванне. Яму хацелася ўкласці ў мастацкія карціны і вобразы свой цяжар перажытага, каб аблягчыць душу і ўзбагаціць людзей вопытам уласнай, дасведчанай пакутамі душы. З-пад пяра выходзіць аповесць «Жывое і гніль». Пісьменнік пазваў фашызм на суд сумлення і вынес яму справядлівы прысуд: гніль, ракавая пухліна на жывым целе нямецкага народа. Фашыстам у аповесці Янкі Брыля супрацьстаялі простыя немцы, рупныя працаўнікі, добрыя спагадлівыя людзі. Беларускі юнак прыкмячаў у народных нізах рысы характару, норавы, звычкі, сугучныя з тымі, якія бачыў змалку год у сваёй роднай вёсцы. Пазнаючы сярод немцаў людзей і нелюдзяў, палонны юнак ажываў душою, мацнела яго вера ў чалавека і чалавечнасць. Людзі і нелюдзі — вось галоўная праблема аповесці, галоўны аспект бачання і даследавання жыцця. Мастака інтрыгуе ледзь прыкметнае ззянне, што выпраменьвае кожны чалавек, добры і злы, высакародны і подлы, як бы ні таіўся. Навучыцца ісці ад маральных імпульсаў, уражанняў да сутнасці — вось праграма мастака.

Ці ўдалося тады аўтару ўсебакова выявіць сутнасць фашызму? Напэўна, не. Маральна-этычны аспект пазнання быў істотным, але не самым галоўным аспектам пры даследаванні такой з'явы, як фашызм, з'явы перш за ўсё сацыяльнай. Роля шчырага сведкі на грамадскім судзе сумлення не задаволіць з цягам часу аўтара. Не раз будзе ён вяртацца да тэмы фашызму, будзе разбіраць раздзелы ненадрукаванай аповесці на матэрыял для апавяданняў, будзе пісаць новыя рэчы, мастацкія і публіцыстычныя, напрыклад, рэпартаж з залы суда над фашысцкімі злачынцамі ў Мінску. Аповесць «Жывое і гніль» была першым творчым крокам у антыфашысцкую тэму, крокам сумленным і на свой час смелым.

Трэба памятаць, што твор гэты з'явіўся ва ўмовах фашысцкай акупацыі, яго стварыў мастак, жывучы па-за законам. Пры занавешаных дзяругамі вокнах, пад сіпенне капцюха-газніцы ён разлічваўся з фашыстамі за здзек з людзей, абвінавачваў, сведчыў. Гэта была смелая работа. За сценамі днём і ноччу са зброяй у руках віжавалі тыя, на каго ён сведчыў, каго выкрываў. Нават калі б удалося схаваць ад іх рукапіс, яго ўсё роўна арыштавалі б, і добра, калі б адправілі толькі назад у лагер для палонных.

Каб забыцца на ўсё ліхое, што пагрозліва шчэрылася за роднымі вугламі, а галоўнае, каб перабіць уражанні, адысціся ад агіднае гнілі фашызму і глыбей выкрыць яго, мастак пераходзіць да свайго дзяцінства і юнацтва, каб так проста, бяспечна і ўтульна жылося на гэтым свеце, калі неба засланялі толькі пералётныя хмары. З'яўляюцца рукапісы аповесцей «У сям'і», «Сірочы хлеб» і замалёўкі лагоднага бясхітраснага даваеннага жыцця хлебаробаў. Атмасферай натуральнай чалавечнасці творьі гэтыя супрацьстаялі жахлівай яве акупацыі.

Праўда, і там не было абсалютнай гармоніі. Рана асірацелага Даніка Мальца ўшчувалі на пашы сыны багацея Палуяна, на яго даносілі і паклёпнічалі ў школе сынкі асаднікаў, чулую душу азмрочвалі відовішчы паліцэйскіх здзекаў з дарослых. Але там панявераны чалавек заставаўся яшчэ ўсё ж чалавекам, ён меў права публічна абараняцца на судзе, яму можна было спачуваць і дапамагаць збоку. А тут, у фашысцкім логаве, і тут, на акупіраванай імі зямлі, нармальныя пачуцці чалавечыя забараняліся. Кожны паслугач з вінтоўкай у руках быў панам яшцця і смерці людзей, якія апыналіся ў абсягу вінтовачнага стрэлу ад яго.

49
{"b":"599001","o":1}