Мы ідзем у час найгоршы
Смерці, волі на спатканне.
Гэта мо этап апошні —
Заўтра ўстанем!
10
У думках часцей здараюцца нечаканасці, чым у жыцці. Машынальна паўтараючы вершаваныя радкі, я раптам заўважыў, што яны даюць адказ на пытанне, як склаліся стыль і манера давераснёўскага Танка, дзе знайшоў паэт пункт адштурхоўвання, антыпод, якога не хапала яму. Традыцыяй, якую наважыўся пераадольваць Танк, сталі рэцыдывы нашаніўскай паэзіі — чуллівасць і мляўкі сум, нараканні і слёзы. Такое ж успрыманне нашаніўскай паэзіі ўласціва было маладнякоўцам. Адсюль, відаць, і пачуванне сваяцтва ў Танка. Толькі Танку ўдалося «зняць» гэты сум глыбей, чым маладнякоўцам. Замест знешняй павярхоўнай радаснасці ён даў жыццесцвярджальную трагедыйнасць. Яна ёсць і ў вершы «Над Прыпяццю», яна кіруе самавыяўленнем паэта, дзеяннем яго душы.
«Меле гром над полем хмары...» — у свеце ідзе ломка нейкіх каштоўнасцей, і мы ўключаны ў гэты працэс, таксама ідзём на спатканне смерці і волі.
Таямнічасць... У давераснёўскай паэзіі Максіма Танка цьмянае — неад'емны спадарожнік паэтычнага. Дзіўна, але факт. У зборніках савецкага часу паэт апублікаваў тыя вершы, якіх не дазваляла друкаваць польская цэнзура. Асабліва шмат такіх тэкстаў адноўлена ў «Лістках календара» — кнізе, створанай па матывах давераснёўскага дзённіка і іншых твораў тых год. Ніводзін новы тэкст, на жаль, не паднімецца да ўзроўню «Спаткання», «Песні кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе», «На пероне» і іншых шэдэўраў, вядомых з легальных віленскіх выданняў. Адмаўленне старых устояў і сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей рэвалюцыйнага руху праводзіцца тут іншасказальна. У маналогах — цьмяныя выслоўі, частыя абрывы, шматкроп'і. Ці не супрацьпаказана рамантычнай паэзіі маляваць з'явы жыцця пры дзённым святле?..
Палітычны ўціск высмоктваў жыццёвыя сілы, але Максім Танк не быў бы вялікім паэтам, каб дазволіў загубіць свой дар. Праследаванні надавалі яго паэтычнаму самавыяўленню трагедыйную напружанасць. Цьмянае, таямнічае, забароненае было непазбежным кампанентам у штодзённых сувязях рэвалюцыянера з жыццём. Рэвалюцыя, што выспявала ў нетрах жыцця, была найвялікшаю таямніцай. Таму не магла рэвалюцыйная паэзія адмовіцца ад таямнічасці.
Танк любіць чамусьці «праясніваць» давераснёўскія тэксты пры перавыданнях і часта зніжае іх паэтычнасць. Цьмянымі ж павінны былі быць у тых умовах самыя глыбокія выказванні, спавядальныя прызнанні, прадказанні... Многа паэтычнасці было і ў шурпатасці радка, яна часта несла эфект спантаннасці выказвання.
Помніцца мне, у першым тэксце верша «На пероне» былі такія радкі:
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць.
У найноўшых выданнях паэт замяніў «моладасць» на «юнацтва», бо, паводле правілаў беларускага літаратурнага вымаўлення, трэба гаварыць «маладосць», а не «моладасць», хоць у народзе кажуць так і гэтак. Слова «маладосць» не кладзецца ў радок, змена націску прывядзе да парушэння рытму. Паэт увёў слова «юнацтва». Чым жа яно горшае за «моладасць»? Тым, што расслабляе метафарычнасць выказвання. Па-беларуску «юнацтва» абазначае — маладосць і моладзь. Калі цягнікі вывозяць моладзь, дык метафарычнасць выслоўя прападае. Сакрэт экспрэсіўнасці тропа ў значнай сэнсавай дыстанцыі паміж прадметамі, якія ўступаюць у сэнсавую сувязь. Каб адлегласць перамагчы, патрэбна высокае напружанне духу, моцная іскра думкі, фантазіі і пачуцця, здагадлівасці, адчування. У апошнім варыянце паэт зменшыў дыстанцыю, самкнуў катоды, і аслабла іскра.
4
Маўчанне ў нас зацягнулася. Мне як гаспадару час аднавіць размову, хаця б для таго, каб мой пасажыр не падумаў, што я няўпэўнена сяджу за рулём. Гавару Яўгену Іванавічу, што знайшоў нядаўна новыя архіўныя дакументы пра яго ўдзел у рэвалюцыйным заходнебеларускім падполлі. Ёсць дакладная дата першага арышту. Паліцэйскія інфармацыі пра яго дзейнасць у Пількаўшчыне. Шкада, што позна знайшоў. Як бы ўсё гэта легла ў маю «Паэзію змагання».
Яўген Іванавіч ажыўляецца:
— Прышлі, браце, мне копіі. Можаш?
Я не чакаў такога павароту гутаркі.
— Пастараюся прыслаць.
Фотакопіі тых дакументаў я парабіў, а паслаць... Неяк не хапіла мяне на гэта.
Не паслаў, а сёння, дапрацоўваючы свае нататкі 1965 года, шкадую. Не ведаў я тады, што Максім Танк якраз недзе працаваў над кнігай «Лісткі календара». Атрымалася глыбокая кніга. Архіўныя звесткі, якія былі ў мяне на той час, не шмат дапамаглі б аўтару. Хіба што маглі б паслужыць дадатковым творчым штуршком, як вузельчыкі памяці. Але памяць у яго і без таго выдатная, учэпістая, па-мастацку канкрэтная, эмацыянальная. Недакладнасці ў датах падзей нязначныя, і, галоўнае, яны не парушаюць карціны ў цэлым.
Крытыка, мне сёння думаецца, хоць і высока ацаніла «Лісткі календара», але не ўдакладніла напластаванні гістарычнага і сучаснага аўтарскага мыслення ў гэтай складанай кнізе. Патрактавалі крытыкі яе ледзь не як твор давераснёўскай заходнебеларускай мемуарнай літаратуры, глухія намёкі на тое, што гэта як бы своеасаблівая паэма, нічога не ўдакладняюць11. Незразумела гэтае затоенае дыханне. Кніга выдатна дэманструе самой з'яднанасцю першаснага тэксту і сённяшняга разгорнутага асэнсоўвання мінулага цэльнасць асобы аўтара. Гэтым трэба дзівіцца, як цудам, феноменам жыцця. Шкілет фактаў ёсць у давераснёўскіх дзённіках, у артыкулах і нарысах паэта, але кніга завершана ў 60-я гады і належыць таксама гэтаму перыяду жыцця аўтара і жыцця народа. Тут ёсць над чым падумаць. Напрыклад, сустракаюцца ўсмешліва-паблажлівыя ацэнкі заходнебеларускай літаратуры як свайго ўласнага юнацтва: «Заходнебеларуская паэзія прадстаўлена нейкімі пастаралкамі. Аж дзіву даешся, адкуль яны бяруцца ў народа, жыццё якога поўна трагедый»12.М. Танк мае права на такую паблажлівасць. Але ніхто не пазбаўляе права і абавязку крытыкаў адзначыць асаблівасць яго пазіцыі і манеры ды паспрабаваць яе. вытлумачыць, пракаменціраваць, нават удакладніць. Бо атрымліваюцца кур'ёзы, калі вучоны прымае выказванні паэта без уліку іх вобразнай умоўнасці. Так у адной нядаўняй акадэмічнай кнізе наўпрост ужо гаворыцца, быццам М. Танку давялося ратавацца «ад фармалістычных уплываў польскай «авангарды» і ад прымітыву заходнебеларускай паэзіі»13.
Варта было аўтару прыгадаць хоць бы агульны прынцып ацэнак, якога прытрымліваўся М. Танк, каб выказвацца асцярожней. М. Танк піша ў «Лістках календара»: «Агулам у паэзіі мне падабаецца ўсё, што я яшчэ не ў сілах стварыць сам» 14. Ён дадатна ацэньвае сімвалізм У. Жылкі і Л. Родзевіча і шкадуе, што «з ім размінуўся, калі ішоў за плугам...»15. Нарэшце такое выказванне: «У нас няма розніцы паміж літаратурай і забастоўкай, літаратурай і дэманстрацыяй, таму амаль на ўсіх палітычных працэсах разам з барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на лаве падсудных знаходзілася і наша заходнебеларуская літаратура»16.
У адным месцы М. Танк закрануў вершы Ігната Дварчаніна, якія трапілі да яго, перапісаныя інжынерам Сцяпанам, што вучыўся ў Празе, а потым працаваў у віленскім камуністычным падполлі. Дварчанін не прэтэндаваў на паэтычнае імя. Друкаваў ён асобныя вершы, у тым ліку і прыведзены М. Танкам — «Вечнасць», у газетах ды студэнцкіх часопісах, падпісваючы іх крыптонімам «I. Д.», але не выдаў зборнікам, хоць у пачатку 30-х гадоў у Заходняй Беларусі выдаваліся і слабейшыя рэчы. Дварчанін друкаваў толькі «Хрэстаматыю беларускай літаратуры», друкаваў упарта, выпуск за выпускам. Гэтая праца адыграла выдатную ролю ў культурным жыцці Заходняй Беларусі. Па ёй вучыўся і Максім Танк. У мемуарах паэт не быў абавязаны даваць цэласны партрэт Дварчаніна, меў права даць адзін штрых, але крытыка абавязана растлумачыць мімалётнасць такога штрыха.