Шануючы свайго чытача, называючы яго дапытлівым і разумным, паэт запэўнівае, што гаворыць толькі праўду:
Я ж разумею, што тым, для каго я спяваю,
Праўда за ўсё даражэй, і пагэтаму стаўлю
Кропку над «і»: невядомае мне невядома. (19)
Я ж не прыхільнік здагадак і розных фантазій,
Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы
Бачыў, праверыў, зрабіў,—свой мазолісты вопыт. (32)
Я ўваскрашаю карціны былога і знаю:
Праўдаю гэта палічаць адны, а другія
Скажуць — манюка! Хай кажуць. (28)
Хто ж гэтыя другія? Як яны ўяўляюцца паэту? Другія—гэта, відаць, адукаваныя начытнікі, рутынёры, схільныя верыць літары кніжнай, прызнанаму аўтарытэту болын, чым жывому сведку і яго вопыту. Разбіць кніжную выдумку пра зубра— вось адно сярод запаветных жаданняў мастака. Былы паляўнічы выказвае не малую начытанасць, ён папраўляе некалькіх антычных аўтараў, якія апісвалі зубра паводле чутак і скрывілі яго вобраз. У гэтых спрэчках мы зноў бачым рэнесансавы погляд на паэзію як на родную сястру навукі і законную дачку прыроды (Леанарда да Вінчы).
Сын асвечанай эпохі, Гусоўскі пранікаецца пафасам палемікі, страсцю праўдамоўнасці:
Я прысягаюся: скрозь, да апошняга слова
Пець толькі праўду, хоць кожнаму добра вядома,
Што і ў дасціпныя выдумкі — байкі і казкі —
Вераць і дзеці і часам дарослыя людзі. (26—27)
Аднак жа паэт — не тое што сведка на судзе, якому даволі назваць некалькі новых фактаў, каб пакінуць залу з пачуццём споўненага абавязку: суд разбярэцца, складзе з розных сведчанняў праўдзівую карціну і вынесе аб'ектыўны прысуд, дасць справядлівую ацэнку. Паэту трэба быць і кампетэнтным сведкам, і мудрым суддзёю ў адной асобе. Адчуваючы, што прамога вопыту нават яму будзе замала, Гусоўскі называе дадатковыя крыніцы, з якіх ён чэрпаў звесткі для твора,— гэта старадаўнія беларускія летапісы і народныя паданні, легенды, павер'і. Да крыніц ускоснага вопы-ту ён ставіцца крытычна, але, як убачым, менавіта з беларускіх летапісаў возьме гераічную здаровую гра-мадзянскасць як узор жыцця, як эталон і крытэрый ацэнак сучаснасці.
Ацэнка — самы адказны момант у творчасці. Наш паэт шчыра прызнаецца, што звязаны пэўнымі празі-ламі: яго апякун і заказчык прызнае толькі тое, «што і прыстойна, і вартае сану духоўных». Паэт мусіць пісаць так, каб словы «богу і пану майму дагадзілі па густу». Хай не шукае чытач у паэме «ні асалоды жыцця, ні вяселля, ні ласкі». Тут важна адзначыць, што Гусоўскі адчувае розніцу паміж пазнавальнаю і эстэтычнаю функцыяй паэзіі, ён не ігнаруе апошняй, а толькі абмяжоўвае яе рамкамі хрысціянскай дактрыны, увогуле паслабленай гуманістычнымі павевамі жыцця. Якія ж асалоды ён лічыць прыстойнымі для чытача? Эмоцыі мужныя і высокія: адольванне страху, радасць паляўнічых удач, захапленне красой і сілай прыроды, знаёмства з экзатычным краем, сваёю радзімай. Радасць пазнання — вышэйшая сярод асалод, яна нясе перамогу над забабонамі. Праўдзівасць — вось крыніца асалоды і аснова хараства твора. Аўтар заклапочаны, што не можа адрасавацца да прамога вопыту чытача, расказваючы пра перажыванні паляўнічага, які сустрэўся з зубром:
Варта яму паказацца — і ў тое ж імгненне
Зведае лоўчы трывогу, і страх, і рашучасць,
Потам зальецца халодным. На жаль, і пачуцці,
I адчуванні не слухаюць нас у трывозе.
Што я расказваю ўсё гэта? Тым, хто не зведаў
Гэтых эмоцый, расказ мой нямым застанецца. (30)
Мастацкасць у разуменні Гусоўскага — гэта перш за ўсё праўдзівасць, а затым майстэрства. Ён па-сярэдневяковаму адчувае яшчэ блізкасць мастацтва і рамяства, таму не турбуецца думкай пра талент, а заклапочаны толькі няўмельствам, нявопытнасцю і бракам часу. Неспрактыкаванасць у вершаскладанні — вось адкуль ён чакае хібаў, а хібы — гэта мажлівыя адступ-ленні ад тэмы і складанага сюжэта:
Я адчуваю: бракуе мне, мабыць, майстэрства
Ў складзе і ладзе паэмы: сяку яе часта
Жычкай-закладкай з разваг ды і з хронікі нашай,
Быццам гуляю ў адклад і староннім шматслоўем
Зубы сваім чытачам незнарок замаўляю.
Вы мне даруйце, няўмеку. Развязка ўжо блізка. (73)
Паэт не хоча адступаць ад тэмы, але насуперак яго жаданню думка збіваецца з простай каляіны:
Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры
Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба
Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,
Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра. (64)
Гусоўскі паважае розум, сэнсоўнасць, лад і зграбнасць, але ў натуры яго ёсць нешта такое, што перашкаджае яму рэалізаваць гэтыя прынцыпы ў паэме. Песняра заносяць пачуцці, ён абрывае сябе, дакарае і апраўдваецца, збіваецца і папраўляецца так часта, што гэта выглядае на знарокавую гульню. Але какетнічаць Гусоўскі не любіць. Мы пачынаем падазраваць: ён нешта скрывае. Не адразу, аднак, можна ўцяміць, што ў адступленнях засяроджана аўтарская ідэя. А яна шырэй, чым заказ біскупа і пажаданні шукальніка экзотыкі папы Лявона X.
Да заказное тэмы пра зубра, паляванне і экзотыку паўночных пушчаў паэт падключыў спачатку роздум пра творчасць, пра спосабы адлюстравання жыцця ў мастаптве. пра вартасць прамога і ўскоснага вопыту, праўды і выдумкі, пра віды асалод. Паэма набыла жывое дыханне, і тады паэт вельмі інтымна, асабіста ўвёў у твор тэму радзімы. Зубр стаў запаветным вобразам, які абудзіў памяць радзімьі, а радзіма — крыніцай натхнення. Заказ мецэната перарос у заказ сэрца, абавязак — у натхненне. Пясняр адчуў патрэбу выліць душу ў песні, выказаць тугу па далёкай і мілай Айчыне, па вольным жыцці паляўнічага, уздыхнуць па зухаватай маладосці, паляцець на крылах успамінаў з раскошных пасольскіх пакояў у родныя бары ці ў княжацкія замкі, да суровых, мужных і шчырых людзей, да вытокаў, да ўсяго таго, што зрабіла яго чалавекам, асобай.
Мікола Гусоўскі аказаўся настолькі самабытнаю індывідуальнасцю, што яму стала цесна ў рамках тэмы і задачы, пастаўленай мецэнатам, хоць і тая задача была яму блізкай. Далікатна агаворваючыся і апраўдваючыся перад чытачом, ён спакусіўся пакінуць «вечнаму гораду» свой вобраз радзімы, а менавіта не толькі дзівоснага краю, але краю пакутнага і мужнага, вартага болыпай увагі, лепшай долі. Па меры таго як песня ўзбагачаецца тэмай асабістага і нацыянальнага лёсу, Мікола Гусоўскі ўзыходзіць на арбіту нацыянальнага паэта, становіцца ўпоравень са Скарыною. Ахвярнаю асветніцкай работай Скарына ўзворваў беларускую глебу пад засеў гуманістычных ідэй, а Гусоўскі спадзяваўся ўвесці беларускае жыццё і гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Еўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сродкі, абодва гуманісты, паэт і вучоны-першадрукар, выконвалі тую самую цывілізатарскую і патрыятычную місію.
Лясныя рыцары