...Восенню змярканне млявае, маруднае. Ноч нібы вагаецца, ці сысці на зябкую зямлю, ці застацца там, у зорным прасторы, сярод звонкай цішыні. У пералеску, да якога прывяла нас усё тая ж калдобістая дарога, між соснаў крадзецца паўзмрок. Сямён Васільевіч у парыве гасціннасці прапануе:
— Можа, пройдземся па ўскрайку, ад поля, ды шарака пабудзім? На змярканні зайцы да палёў цягнуцца. Пальнём?
(У мяне ў машыне заўсёды ляжыць стрэльба).
Яўген Іванавіч завагаўся:
— Прайсціся... хіба так, для цікавасці. Паляванне ж на зайцоў пачынаецца толькі з заўтрашняга дня. А ведаеце, заяц пайшоў цяпер адукаваны, радыё па рэпрадуктарах, што на фермах скрозь грымяць, слухае і на вус матае. Вось збяруць сёння ноччу зайцы свой сход ды пашлюць дэлегатаў у Саюз паляўнічых — маўляў, тут, у Драгічынскіх лясах, начальства на сем гадзін з паловай раней тэрміну нашага брата страшыць пачало. Як тады мы апраўдаемся? Вось пытанне...
Жмурачыся ад усмешкі, ён глядзіць на Сямёна Васільевіча. Потым прымірэнча прапануе:
— Давайце, можа, лепш стрэльбу паспытаем на нежывой мішэні. Згода?
Павесілі на сасну кавалак паперы, адмералі дыстанцыю. Страляем па парадку — гаспадар, старэйшы госць і малодшы госць. Значыць, я завяршаю. Старанна падлічваюцца прабоіны ў мішэні: пасля першага стрэлу — чатыры, пасля другога — яшчэ тры. Я хітрую: даў ім па патроне з нулёўкаю, а сабе бяру двойку. Шаснаццаць дзюрачак пасля майго стрэлу.
— О, глядзіце! Як добра страляе,— шчыра дзівіцца Максім Танк.
А я, адкрыўшы ім сакрэт, усміхаюся: мой эксперымент выявіў, што Яўген Іванавіч бярэ паляўнічую справу паэтычна, а не практычна. У вершах ён куды лепшы паляўнічы, малюе паляванне як праяву чалавечага жыцця і трактуе як нейкі асаблівы тып адносін да прыроды.
Паляванне ў Максіма Танка — цэлая краіна. Яна размясцілася недзе на паграніччы паміж явай і казкай. Тут свабодна дзейнічаюць выпадковасці, іх прывідлівая мітусня пацясняе цвярозы жыццёвы разлік. Тут здзяйсняецца мара аб вяртанні чалавека ў глыбіні прыроды, у лона натуры. Праўда, у гэтым царстве прыроды добра адчуваюць сябе не ўсе людзі, а толькі тыя, каго лёс надарыў бескарысліваю фантазіяй, здольнасцю здзіўляцца і захапляцца жыццём. Паэт забараняе ў сваёй цудоўнай маляўнічай краіне стрэлы, страх і крыўды.
У вершы «На паляванні з вабікам» ён абарваў нітку паляўнічай гульні на тым месцы, дзе раз ятраны цецярук рынуўся з дрэва на зямлю, каб пакараць няўдаліцу-саперніка, які пасмеў пераймаць яго зорны спеў. Што было далей з гэтым гордым маэстра, паэт не сказаў, пакінуў на волю і ласку чытача.
Верш «Зімовая прырода» як бы спецыяльна напісаны на сённяшні выпадак, хоць адрасаваны дзецям. Падзея адбываецца ў першы дзень паляўнічага сезона. Лірычная, гарэзлівая і дзесьці сур'ёзная казка-быль. Паляўнічая забава, убачаная вачыма зайца, і атрымлівае назву паляўнічага няшчасця. Бедны шарак, напалоханы пагрозай, узяўся пісаць завяшчанне:
Як загіну — перадайце
Хвосцік мой маленькім зайцам,
Каб слядоў не пакідалі,
Снежным пылам замяталі.
Вушы — жоначцы, каб чула
Ўсе трывогі, шумы-гулы.
Ёй — і лапкі, каб было чым
Удаве уцерці вочы.
Хаўтурную інтанацыю зайцавага маналога аздабляюць іскрынкі ўсмешак, мажлівых толькі ў гэтым напаўказачным свеце. Усмешкі патрабуе несамавітасць трэцяга пажадання:
Ну, а шкурку — на каўнерык
Лесніковай ўнучцы Веры,
Што ўсіх шаракоў любіла
I гароднінай карміла...
Гэтая страфа падводзіць наша ўспрыманне да эмацыянальнага павароту. Пасля трывог і чулага развітання з белым светам — нечакана аптымістычная развязка. Развязка напалову казачная — не проста для разрадкі пачуццяў, а і для развянчання «практычнасці» зайца і падганятай гэтаю практычнасцю баязлівасці:
Глянуў заяц і здзівіўся —
Раптам віхрам снег узвіўся,
Снег — ратунак ад напасці,
Паляўнічага няшчасця.
Аж вачам сваім не верыць,
Пад ялінкай скача шэры.
А снег болей, болей, болей
Засыпае ў чыстым полі.
Гончых брэх, ражкоў ігранне,
Зайца след і завяшчанне (III, 386).
Ёсць нешта палемічнае ў карцінах казачнай рэчаіснасці, прыроднай нерушы, створанай паэтам. Каб гэтую палемічнасць адчуць, трэба параўноўваць казачнае царства прыроды не з рэальным светам, а з пэўнымі вытворамі чалавечага свету, вытворамі сацыяльнымі (пра іх мы гаварылі, прыгадваючы вершы пра заграніцу) і тэхнічнымі. Менавіта транзістарна-тэлекамерная мадэль свету, створаная ў наш тэхнічны век,— вось антыпод казачнага свету прыроды. Падлічыўшы баланс масавага шчасця, электронны робат прапануе замяніць натуральнае асяроддзе больш зручным — штучным. Але чалавек покуль што прыходзіць на свет натуральным шляхам і належыць натуры, адсюль яго недапасаванасць да рацыянальных абставін — драма жыцця.
Некалі пад сінтэтычнаю елкай
Дзед-мароз ці мы самі
Будзем...
Слухаць, як шуміць галасамі
Загубленых дрэў
Магнітафонная лента (ХБС, 163).
Покуль што гэта толькі прадчуванне, якое можа стаць, а можа не стаць явай. Але ўсе знакі на зямлі, на небе кажуць паэту, што стане явай. Вось вам і новы этап — прывыканне чалавека да штучных пейзажаў:
Усё часцей спыняюся я
Ля слупоў рэкламных,
Якія ўжо здаюцца мне
Сучаснымі бярозамі
З рознакаляроваю лістотаю афіш (ХБС, 125).
А затым ужо і юрыдычны канфлікт. Судовая справа паэту. Робаты абвінавачваюць яго за напісаные не прадбачанага імі верша. Ад штрафу паэта ратуе тое, што ён змог яшчэ даказаць, што
Быў яшчэ зачаты не штучна
I народжаны
Са стыхійнымі здольнасцямі і недахопамі...
Парадоксы мыслення робатаў павяртаюцца да чалавека пагрозай, гучаць злавесна. Фантазія робатаў адрозніваецца ад паэтычнай адною драбніцай — яна дужа дакладная, матэматызаваная, не дапускае гуманістычных «недарэчнасцей». I вось з-за сваёй «дасканаласці» гэтая фантазія стварае свет жахліва антыказачны. На фоне эмацыянальнай акамянеласці краіны робатаў асабліва паэтычным выглядае царства чалавечай казачнасці.
Вечарэе. У тумане
Граюць сполахі зары.
Каля самай глухамані —
Чарада бяроз старых.
А на іх сядзяць і ловяць
Дзюбамі цецерукі
Перад ночкаю зімовай
Сонечныя аганькі.