Заграніца ў паэзіі Танка тэма плённая і шматгранная. Недзе ў 50-я гады з'явіліся польскія матывы і па творах маладых паэтаў пайшла пошасць на слоўкі-вобразы з фальклору польскіх «гураляў», адкрытыя Танкам. Пазней ён пратоптваў сцежкі ў іншыя сацыялістычныя краіны і нарэшце трапіў у свет буржуазны, у «антысвет». Нават зборнік, першы зборнік пяцідзесятых гадоў, ён назваў «У дарозе».
З вандровак па свеце Максім Танк прывёз некалькі шэдэўраў, якія ўпрыгожылі нацыянальны фонд нашай лірыкі,— гэта «Ave Maria», «Гібралтар», «Венера Мілоская», «Чарнаморскія чайкі» — усіх няма сэнсу пералічваць, але варта парадавацца, што спіс гэты паспяхова расце: у шасцідзесятыя гады сюды ўключыліся: «Негрыцянка пяе», «Рэклама Брадвея», «У Парыжы», у найноўшай кнізе — «На радзіме Гамлета», «Фінская лазня» і іншыя.
У чым сакрэт мастацкай сілы гэтых твораў? У нагрэве спрэчкі? Так, напэўна! Не выпадкова Максім Танк выбраў сабе ганаровым, так сказаць, спадарожнікам па вуліцах і плошчах Парыжа Уладзіміра Маякоўскага. Спрачаецца Максім Танк з буржуазным антысветам горача, фантазія падказвае яму асацыяцыі і параўнанні нечаканыя, парадаксальныя:
Наша фірма,
Праслаўленая ва ўсім свеце,
Рамантуе электрапрыборы,
Нажы,
Спадарожнікі, бочкі,
Нат разбітыя сэрцы...
«Хто даверыцца нам,
Больш не будзе тужыць»... (III, 329)
Пародыя і гратэск, парадаксальнасць вобразаў тут выплывае з самой сутнасці ўласніцкага ладу жыцця. На беларускага чытача «замежныя» вершы Танка зрабілі моцнае ўражанне, акрамя ўсяго іншага, грунтоўным веданнем буржуазнай культуры, унутраных супярэчнасцей, якія ўласцівы масавай суперкультуры. Паэт умее вылучыць у гэтай культуры здаровае агульначалавечае, аддае належнае здабыткам матэрыяльнай культуры Захаду, але ў той жа час з горыччу бачыць паэт, як матэрыяльныя даброты, будучы прыватнай уласнасцю, губяць чалавечую годнасць гаспадароў, ператвараюць людзей у нявольнікаў уласнасці, пазбаўляюць здольнасці свабодна дыхаць, бескарысна марыць, радавацца жыццю. Смех і ганьбаванне шле паэт нявольнікам уласнасці, культу ўласнасці з яго рытуалам — усемагутнаю рэкламай. Пародыя і гратэск тут слушная мера смеху.
I тым не менш, калі прызнаць, што самабытнасць гэтых вершаў Танка толькі ў палемічнай вастрыні, грунтоўнасці спрэчак, дасціпнасці і г. д., дык нам давядзецца доўга параўноўваць іх з аналагічнымі творамі іншых савецкіх паэтаў. Здаецца мне, што стыль майстра, непаўторны почырк яго відзён у самабытнасці і глыбіні, з якою ўспрымае ён трагізм чалавечай асобы ў свеце адчужанасці, эгаізму, уласніцкага здзічэння... Сэрцам гуманіста, годнасцю савецкага чалавека Максім Танк выяўляе такія формы паніжэння і ўпадку чалавека, якіх той сам, прывучаны да здзічэлых нораваў, не заўважае, не адчувае.
Пяе негрыцянка.
Быццам ветрык гарэзлівы,
Цёплы, лагодны:
«Я хачу каб мяне
Ўсе хацелі сягоння...»
Чорны жаўранак Афрыкі,
Вуліц Гарлема,
I нашто табе ўсе —
Гэты зброд і багема?! (III, 323)
Мабыць, засвоенае аўтарам у маладыя гады пачуццё роднасці з простымі людзьмі падказвае яму такі чулы, даверлівы, трывожны і зацікаўлены тон размовы. Лірычны герой паэзіі Максіма Танка нясе ў сваім сэрцы побач з нянавісцю да ўласніцтва спагаду і боль за простага чалавека, ахвяры рафініраванага на сучасны лад і манер драпежніцтва. Ацэнкі сучаснай цывілізацыі ў Максіма Танка пранікаюць у нюансы з'яў і адносін, яны тонкія і сацыяльна акрэсленыя. Культура эксплуатаваць і прыгнятаць, сцвярджае паэт,— адна з функцый суперсучаснай буржуазнай культуры. Сучасная смерць, якую ўбачыла ўяўленне паэта на берагах Амазонкі, гэта не традыцыйны шкілет з касою за плячыма, а цалкам прыстонная асоба: яна выклікае давер, яе запрашаюць у госці:
У хатах племя Цікуна,
Калі падалі ёй люльку міру,
Яна зацягнулася раз-другі,
Потым, падсыпаўшы марыхуаны,
Атруту
Перадала па кругу.
I ўсё гэта таму,
Што за землю з магіламі індзейцаў
Даюць больш долараў (ХБС, 84).
Паэт не дае сябе звесці зіхоткім выслоўям, у якіх на ўсе лады скланяецца эпітэт «сучасны». Ён прыгадвае, як аднойчы прайшоў з Дантэ па пекле і той дзівіўся, сустрэўшы ў пекле новыя сучасныя кругі. Кругі тыя — таксама выпладак сучаснага прагрэсу, суперуласніцкай цывілізацыі...
А выйсце дзе? — слушна будзе пытацца чытач. Якую надзею дае паэт чалавецтву? Якую гарантыю?
Сам факт, што песні яго бачаць і чуюць, выкрываюць,— ужо надзея. Паэт не мірыцца з наяўнасцю зла і пагрозы, паэт не дае змірыцца чытачу. Надзея ва ўсеагульнай непрымірымасці са злом. Паэт-трыбун ідзе на бераг Іардана, у тыя мясціны, дзе, як гавораць біблейскія паданні, людзі нашай еўрапейскай цывілізацыі страцілі рай, дзе потым прарокі навучалі іх, як вярнуць гэтую страту, паэт ідзе, каб на гэтым адвечным месцы прароцтваў сказаць сваю бязбожную пропаведзь:
Раскрыўшы самую святую
Кнігу чалавецтва
На словах:
«Пралетарыі ўсіх краін,
Яднайцеся!»... (ХБС, 134)
Гарантыю на памыснае вандраванне чалавецтва на караблі «Зямля» да порта шчасця мастак бачыць у глыбіннай еднасці людзей. Тут дадамо яшчэ адзін штрых з верша «Фінская лазня», дзе амаль у сімвалічных абагульненнях паэт сцвярджае гуманістычную еднасць чалавецтва, якая праяўляецца ў сходнасці нораваў, натуральных чалавечых схільнасцей, адчуванняў. Паэтызацыя ідзе ў стылі «Калевалы»:
Прывалок ён для распалу
Корч, што пражыўся на скалах,
Дроў бярозавых удалых,
Палкіх, быццам маладзіцы.
Як пачаў агонь іх песціць
I смалу з бяросты гнесці,
Цалаваць іх, а нарэшце,
Кінуўся ў чырвоны тапец —
Жар такі пайшоў ад лазні,
Што і там, дзе чэрці гразлі,
Тлець пачаў з імхом дзяразнік,
Аж не ўлежаў яніс-заяц.
Уцякла лісіца — нету,
Сусі-воўк за ёю следам,
Потым з карху-медаедам
I вядзьмарка мойта-ака (ХБС, 144).
У гэтых ідэалізаваных на казачны лад абставінах вельмі натуральна праяўляецца еднасць чалавечай закваскі сяброў — беларуса і яго фінскага друга Арві. Здавалася б, што тут такога? Але без гэтай закваскі поспехаў у барацьбе за яднанне чалавецтва цяжка было б чакаць.