— Шукаць чагосьці ездзіла,— усміхаецца старшыня.— Уцякла.
— Чаго шукала, Данілавіч, тое знайшла. I вам жа я трактарыста прывезла!..
Калі яна задаволена выйшла, ён сказаў:
— Вясёлая. І трохі злосная, заядлая. Па маме. Ды злосць i ў рабоце патрэбна. Ну, a ў цябе, Напорка, што?
Гэта — да брыгадзіра.
— Трэба нам, Данілавіч,— загуў той у адказ,— пагаварыць з Маханьком. Можа, у яго, туняяда, совесць якая заблішчыць!
Старшыня, зноў з усмешкай:
— А што ты думаеш, можа, i блісне? Хай зой дзе.
1983
АДКРЫТКА
Ул. Караткевічу
Маладзейшаму вераб'ю вельмі блага. Ён цяпер далека. У ціхай глыбінцы, пад роднай апекай, што чалавеку вельмі патрэбна ў жалобе i дэпрэсіі.
І вось якраз цяпер мне хочацца нагадаць яму адно наша агульнае, што было ўжо, як i шмат чаго, даўно або вельмі даўно, што не-не ды зноў усплывае ў памяці нейкай палёгкай.
Нічога асаблівага, толькі нібыта светлы сігнал, які, зноў атрымаўшы яго, можна перадаць другому нават не ў пісьме, a ў адкрытай паштовачцы. Вось так:
Ты памятаеш, як мы з табой, на цэлых пятнаццаць гадоў маладзейшыя, ішлі па вясковай вуліцы далёкага, утульнага гарадка, ішлі ўдвух да нашага трэцяга, што жыве i працуе тут, на сваім месцы. Пра штосьці мы гаварылі, ужо не памятаю, пра што,— можа, вясёлае, можа, талковае, а то i так сабе,— от, ішлі, гаварылі. А потым заўважылі страшнае. Каля старога мастка, у завадзі невялікай рачулкі моўчкі тапіўся хлопчык. Так, так,— ён не крычаў, відаць, яшчэ не верачы, што гэта — канец, што трэба клікаць на дапамогу. Мы яго выцягнулі, кінуўшыся туды, i — мокры, перапалоханы, белагаловы — ён патрусіў па абочыне вуліцы ў патрэбны яму бок, паспеўшы нам ці самому сабе, а то адразу i сабе, i нам сказаць праз губную-зубную дрыготку:
— Па-бя-гу д-да цёткі В-ван-ды!..
Мы тады паразважалі на хаду, што, можа, да цёткі малому проста бліжэй, а можа, яна будзе менш крычаць, чым крычалі б адразу дома... Яму відней.
А нам — успамін на двух. Я ўжо бачу, як ты, мой горкі, трохі ўсміхаешся.
1983
СУВЕНІР
Слоніка з сандалавага дрэва падарыў мне ў паўднёвай Індыі Святаслаў Мікалаевіч Рэрых. Сказаўшы пры гэтым, што чым даражэйшы госць, тым меншы павінен быць слонік — звычай такі. Мой — маленькі, магчыма, бываюць i меншыя, але пра радасць знаёмства з абаяльным чалавекам, выдатным мастаком i сынам вялікага мастака мой слонік гаворыць мне многа.
Русалачку, што самотна, зажурана сядзіць на ўзбярэжным валуне, я купіў у адным з падарожжаў сам. I яна мне нагадвае не толькі пра збольшага ўбачаную Данію, яе раскошны Капенгаген, але i пра шчасце майго малечага захаплення казкамі Андэрсена.
Ярка-стракаты гліняны пеўнік прывезены з Партугаліі. За гзтым сімвалічным пеўнікам ва ўспамінах стаіць дарога берагам акіяна, пальмы з соснамі ўперамешку, а пад імі, у сонцы, зусім ужо нечакана, зусім па-нашаму расквітнелы верас. Да пеўніка часта i вельмі ахвотна цягнецца пацешна маленькая рука маёй няўрымсты-ўнучкі. Стаўшы на крэсла, яна яго дастае. Ён ужо двойчы падаў з гэтай ручкі на падлогу. Першы раз адляцела галава, за другім разам адбіўся фанабэрысты хвост. Мы яго, пеўня, склейвалі ўдваіх з малой, i ён стаіць у нас там, дзе стаяў. Дзе стаяць сувеніры з іншых маіх падарожжаў. Нават здаецца часамі, што ён калі-небудзь возьме ды, нарэшце, кукарэкне.
Вясной семдзесят трэцяга года наш цеплаход збіраўся адчаліць з Гамбурга ў далейшы шлях, i нас, удзельнікаў савецка-польска-гэдээраўскага рэйса міру, прыйшлі праводзіць i тыя заходнія немцы, з кім мы сустракаліся, i яшчэ больш тых, што не маглі быць на сустрэчах, але таксама супраць вайны, за разумную дружбу паміж народамі. Нас было чатырыста з нечым чалавек, ix — разоў у тры больш. Бо якраз i выходны быў. Гучалі прамовы, потым цікавы, яркі самадзейны канцэрт. Былі проста гутаркі ў святочна-неспакойным міжнародным натоўпе. І — як заўсёды i ўсюды — абмен сувенірамі.
Адзін з ix спачатку збянтэжыў мяне.
Старая жанчына з рабочай сям'і дала мне... звычайную шчотку. Прыняў, падзякаваў," але ў душы, калі можна так сказаць, паціснуў плячыма...
I вось ён, такі будзённы, па-нямецку практычны, па-людску шчыры падарунак хутка ўжо дзесяць год ляжыць у нашай прыхожай на падлюстэрніку. Часамі нехта з сямейнікаў, выходзячы з дому, папросіць трохі пачысціць яго на лесвічнай пляцоўцы, a калі i сам пра гэта папросіш, А то i так сабе, мімаходзь, зірнеш на невялікую, зручную, вішнёвую колерам дрэва i чорную воласам "кляйдэбірстэ" — шчотку для адзення. Зірнеш — i зноў успомніцца весела, гаманліва шматмоўны натоўп на прасторным пірсе, на палубах белага цеплахода, натоўп людзей, у нейкай меры з'яднаных разумением галоўнага, успомніцца нейчая ціхая, працавітая i цярплівая маці з добрай усмешкай, за якою — загадка i мудрасць яшчэ аднаго, можа, нялёгкага ці нават шматпакутнага жыцця....
1983
ПЕРАПРАВА
Цяпер тут проста брод. Каровы на той бок перапраўляюцца то брыдучы, то крыху плывучы, калі вада пабольшае. A дзеці з пасёлка, калі ідуць ix сустракаць апоўдні i ўвечары, спрытна i весела карыстаюцца "чайкай".
— Дзед, баба сказала, каб ты сісазаў, ці можна мне з Інкай паехаць у лодцы па іхнюю Кветку„ Дзед, мы з Інкай будзем у лодцы плысці, а кароўка сама. Гэтак во носік наставіць. Я бачыла!..
Унучцы сёмы год, яна зусім гарадская. Яна спяшаецца з просьбай, аж спатыкаецца на словах, нібы гаворыць подбегам. І дзед, што нарадзіўся i вырас у вёсцы, не пястунцы сваёй, а бабе, якая етаіць паблізу, на тым самым зялёным двары i чуе ўнуччыну просьбу яшчэ раз, кажа з вясёлым дакорам:
— Ты што гэта, Сямёнаўна, хочаш пазбавіць малую такога ўспаміну?
У дзеда ўчора пад вечар, калі ён адзін прысеў над ракою, быў іншы ўспамін. Далёкі i сумнаваты. Калі ён тут партызаніў, калі на гэтым бродзе была ix пераправа.
На трох фурманках, узводам, яны ад пушчы ехалі сюды, на гэты бок, у далейшую вёску. Адвячоркам было гэта, у познюю, змрочную восень сорак другога. Яшчэ да ракі не даехалі, калі з кустоў выйшаў мужчына, моўчкі даў знак, каб спыніліся, узяў першага каня за аброць, яшчэ раз паказаў рукою, каб маўчалі, а тады, падышоўшы да воза, ціха сказаў:
— Хлопцы, далей не едзьце — засада.
Ен быў мокры па самыя пах i. Hi ком у з ix не знаёмы.
I сёння ўжо не дапытаешся, хто гэта быў. Не иадзякуеш за жыццё — сваё, сынава, унуччына, за ўсіх таварышаў, хто яшчэ ходзіць або дыхае. Не дапаможаш, калі i сам той чалавек жывы, ці з адзнакай якой, ці хоць даведкай пра сувязь.
З народа выйшаў, у ім i схаваўся.
1983
ЦЯПЛО
Паміж лесам i полем, па летняй пясчанай дарозе паволі прашастаў чорна-пярэсты маўклівы статак кароў. Адна пры адной, адна за адной, самавіта дзябёлыя, гладкія, шчодрыя. І маўчаць як пра штосьці адно, i ніколі не скажуць, пра што.
Пакуль пастаяў, прапускаючы ix, яшчэ раз за столькі гадоў прыгадалася даўняе. З восені трыццаць дзевятага, з польска-нямецкай вайны.
Дванаццаць дзён, пачынаючы з досвітку першага верасня, мы, батальён марской пяхоты, прасядзелі ў акопах на ўсход ад Гдыні, на граніцы з тэрыторыяй "свабоднага горада" Гданьска, захопленага немцамі загадзя да нападу на Польшчу. Разоў некалькі, асабліва на самым пачатку, мы адбівалі варожыя атакі, а то ўсё гнуліся пад страшным артагнём, то сухапутным, то марскім.
Гэта, відаць, проста грэх — так вось спакойна, коратка, суха гаварыць пра тое, што тады перажывалася ў душы, i ўдзень, i начамі... Але ж я хачу пра адно. Як нас потым знялі з усходняй лініі абароны, як мы дажджлівай ноччу, без шынялёў, пад цяжарам станкавых кулямётаў (бліжэйшыя да мяне, наша рота) доўга i моўчкі ішлі праз шырока раскінуты па ўзгорках, завалены зацямненнем горад на яго заходнюю ўскраіну i далей — у дёмнае поле з цёмнымі вёскамі. Панурая, мокрая, зябкая ноч яшчэ ўсё не канчалася. Насцярожана, зрэдку акажацца далекім строкатам кулямета, самотным выбухам гранаты, размерана аднастайным стогнам партавога маяка, моўчкі пасвечвае тамсям бліжэйшымі, далейшымі пажарамі...