1951
АХАЛІ-ГАГРА
Хмарная ноч. За акном шуміць мора. Быццам нехта бязмежна дужы хоча ўзабрацца на бераг, злізаць з абрыву наш дом. Ен, гэты нехта, не злосны,— у перакатах яго наступу чуваць хутчэй нават туга, да нуды аднастайная, шматгалосая жальба на лёс, што асудзіў вось так, для нейкай незразумелай мэты, шумець i шумець... Ласкавы, цёплы, пеністы шум. Кал i ты дужы i сам, ён пагайдае цябе на хвалях. Калі ж ты слабы — лепш не лезь, як блазен, угрудкі да здаравеннага дзядзькі, бо ён цябе толькі патрэпле вялікай рукой за чупрыну — заплюе твае ногі жарствой, паваліць i выкаціць разам i галькай на бераг. Нават скажа, здаецца: "Ну, ну!.." Так i гаворыць, так i чуваць у ягоным шуме панурая, нязлосная пагроза дарослага, які сумна заняты сваёй невясёлай справай i не любіць, каб яму перашкаджалі.
Днём яно, мора, пяшчотнае, сонечна-бірузовае.
Горы — цёмна-зялёныя. Ідзеш па беразе, забудзешся, дзе ты, i вось — праз зеляніну дрэў у садзе — убачыш, здаецца, хмару. Дождж будзе, ці што?.. І раптам успомніш, што тэта — Каўказ!..
Снегавых не відаць. Да самай вяршыні зялёнай гары ўзбіраюцца дрэвы, якія адгэтуль, з марскога берага, здаюцца кустамі.
Хмары над гэтай зелянінай, ці, лепш сказаць,— на гэтай зеляніне, здаюцца дымам вялікіх вогнішчаў, раскладзеных дзесьці ў тарах. Вогнішчы тыя доўга гараць, лена i безупынна падпускаючы адтуль на мора дым. Ды ён ніяк не хоча разлучацца з зелянінай гор...
Бязмежная паэзія, якую нашай лыжачкай не вычарпаць да дна.
* * *
Цясніны з сухімі, камяністымі рэчышчамі. Горная дарога, абапал якой то бамбук, то гранатавыя дрэвы з чырвонымі i пругкімі, як з воску, кветкамі, то дубы i грабы, то кусты ажыны. Каменныя домікі на высокіх падмурках. Дзіўна маленькія вуллі. Ослік стаіць на ўзбоччы гары, ніяк не могучы прыдумаць, дзе б гэта напіцца... Карова звоніць бляшаным іржавым званком. Высвістваюць дразды. Козы пасуцца з мяшэчкамі на вымі, каб казляняты не ссалі ix без ведама гаспадынь. Стары абхазец, пастух у чувяках, падобных на скураныя лапці нашых пастухоў. Босыя хлапчукі ў цюбецейках. Загарэлыя, абавязкова вусатыя мужчыны волакам цягнуць на валах з гары тоўстыя, грымучыя бярвенні...
Радуле Сційенскі, паэт не толькі за рабочым сталом, расказвае мне пра сваю далёкую Чарнагорыю. Цікавы чалавек — з яго прыемна калечанай рускай мовай, з яго маладосцю ў шэсцьдзесят год, з разумным гумарам i веданнем гор.
Сардэчная паэзія далёкага маленства!.. Як ён, Радуле, калісьці прабіваў браню чарапашкам, звязваў ix, запрагаў у малую сошку i "араў". Як яму пахне адтуль пастушыная яда — авечы сыр, ляпёшкі i дзікі часнок...
Мы ідзём па камяністай, вузкай дарозе, апіраючыся на доўгія бамбукавыя посахі.
Далека ўнізе — мора з каёмкай пены каля берага.
Зялёныя вяршыні гор, абмочаныя знізу ў рэдзенькі студзень сівых воблакаў,— штораз бліжэй да нас, a ўсё ж — высока!..
— Добры дзень! — з натуральнай прыязнасцю вітае мой спадарожнік сустрэчную абхазскую бабулю. Засушаную, лёгкую, усю ў чорным. І зусім сур'ёзна пытаецца ў яе: — Скажыце, a ці далека яшчэ да Царграда?..
* * *
Ноччу была навальніца: гром над морам i стук дажджу па вялікіх л i ста х смакоўніцы.
Зранку хмары, яшчэ ўсё цёмныя, ішлі з мора на горы. Там, над вяршынямі, неба святлейшае, нават не-не ды пакажацца сонца. На захадзе — рэзка акрэсленая лінія марскога далягляду. На цёмнай вадзе — белыя баранчыкі, на цёмным небе — белыя чайкі.
Свежа, духмяна, прыгожа.
Апоўдні хадзілі ў горы.
У калючым ажынніку — чорныя, спелыя ягады. Назбіраеш жменю, глынеш — нібы глыток вясёлага віна. У засені магутных букаў, на вышыні шасцісот метраў, ляжаць сівыя, папярэшчаныя зялёным мохам камяні...
Добра закурыць на абрывам цясніны. І гутарыць "о временах грядущих...".
Добра гайдацца, учапіўшыся за пругкае голле бука.
Добра знайсці сцюдзёную крыніцу i прыкленчыць каля яе гаваркой вады.
Добра ўспомніць, што ўчора ты стаяў на носе
імклівага кацера i — паміж ціхім морам ды спакойным небам — адчуваў сябе вольным, як чайка!..
1952
ПРА АСАБІСТАЕ
Абедаў у рэстаране гасцініцы за адным сталом з маладой, сціплай парай рабочых.
Ён "выконвае заданне" ў Ліепаі, а яна вось прыехала да яго з трохмесячнай дачушкай у госці. Ён выехаў насустрач, сустрэліся тут, у Рызе, чакаюць ліепайскага цягніка. Зайшлі паабедаць, i з малым яе ў рэстаран не пусцілі... Што ж, палажылі дачушку ў вестыбюлі, на канапе пад фікусамі, даручыўшы яе старэнькаму швейцару, латышу.
Маці — у просценькай сукенцы, бландзінка з далікатнымі рысамі твару i слядамі дзіцячасці ў гэтых рысах. Відаць, вясёлая была, любіла ўзяць ад жыцця, а цяпер — пацяжэла, парыхлела, пабрыдчэла часова, аднак не аддасць свайго новага шчасця за мінулыя радасці.
Бацька — чорны, стомлены, непрыкметнай знешнасці рабацяга, які "души не чает" ад шчасця сустрэчы, знаёмства з дачкой.
Шапталіся яны, шапталіся, i ён узяў усё ж такі сто грам i бутэльку піва.
— Испортился я у тебя, — сказаў з харошай рускай шчырасцю, з усмешкай, пра якую пісалі Талстой i Чэхаў.
Бацька выпіў гарэлку, a маці прыгубіла піва. І пачалі есці — проста, салідна, заслужана, як ядуць людзі працы.
Якой непрыкметнай, звычайнай бывае збоку — на фоне агульнага, грамадскага — гэта прыгожая асабістая радасць, асабістае шчасце!..
1954
НАРАЧАНКІ
На хутары ў лесе — прыгожыя дзеўкі. Ажно напіцца захацелася, калі ўбачыў ix у акне.
Маці:
— Каб хлеба, дык не далі б, бо няма. А вады — чаму ж.
— Ой, мама, ну вас!..— перапыніла малодшая дачка.
Памыла шклянку, узяла вядро i каля студні, пакуль я даставаў ваду i піў, расказала, што скончыла дзесяць класаў, прадуе ў недалёкай вёсцы піянерважатай. Косы — уразлёт. Шчырыя чорныя вочы.
І не пасмеў спытацца, ці праўда, што хлеба няма...
* * *
Паўднёвы, балоцісты бераг. Прарвала граблю. Многа вады.
— Дачка мая перавязе вас,— сказала гаваркая ветлая цётка, у якой мы спыталіся рады.— Вунь, бачыце, у сітняку відаць яе чырвоная хусцінка! Гэлечка! Гані лодку сюды!..
Гэля — мы хутка пераканаліся — гнала лодку не горш за мужчыну. У восьмым класе, a ўжо як дарослая дзеўка. У футболцы i шараварах, а зверху спаднічка. Хусцінка ўсё з'язджала на шыю. Саромелася перавозчыца, пра ўсё трэба было выпытваць. А потым, калі мы з сушы памахалі ёй шапкамі,— i яна памахала нам моцнай рукой, перабіраючы яшчэ дзіцячымі пальцамі, i хораша, на доўгую памяць усміхнулася.
Не можа быць, каб гэта тыя рублі, што мы — амаль сілай — далі ёй, так разварушылі ціхую дзяўчынку. Проста — зноў адна ў лодцы — яна адчула сябе вальней...
1955
ПЕХАТОЙ І ЯК ЗДАРЫЦЦА
Над Відзамі страляе ў неба готыка касцёла. Чырвоная цэгла, шэры бляшаны дах. І легенда,— калісьці туды вунь, аж на саменькі вільчык, пад крыж, залез у кірмашны дзень нейкі вісус, пачаў там вырабляць, як у дырку, людзі раты паразяўлялі i глядзяць, а тут яго сябры тым часам шныраць, ліха ix зладзейскай матары, па вазах!..
На скверыку — помнік вызваліцелям, вялікі i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным зацішным куточку сквера — магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: "Андрэю ад А. Кудрынскага". У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: "Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік..." Сумна.