Яна стаяла з мужам на трату ары. Абое ўжо таксама пажылыя i святочныя. Яна глядзела i дзівілася, што гэта ж ён яшчэ — той самы, што "дитя мое"...
І ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая i не ў вялікім страху. Ен, парушаючы важнасць моманту i сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, i павітаўся:
— Здравствуйте!
— Добры дзянёк! — па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.
Таксама з усмешкай. Але ж i выймаючы з сумкі хустачку...
1981
КАСАТАЧКА
Касатка — ластаўка, птушка Hirundo domestica.
I тое самае, што мілая, галубка, золатка.
З тлумачальных слоўнікаў
Удовін дарослы сын паміраў пры памяці i доўга.
— От, мама,— ціха i цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца,— я цяпер думаю... як гэта рыба... калі яе... на бераг... выкінеш... як яна... дыхае... тады....
На пахаванне з горада прыехала з сям'ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, a ўжо... не пачала, вядома, плакаць — зноў заплакала. Зяць нешта тоўкся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў — на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.
На двары было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка — быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі — бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далека над усім дарослым смуткам...
Сын — спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк — з вайсковай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, i ў без нечага трыццаць усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў i, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай — саркома — папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых i нават сваякоў, хто з ix жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй i далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі i безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца...
Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі на поўным людзей панадворку толькі адны.
I старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краечку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі i прашаптала горача, нібы толькі сабе:
— Касатачка... шчабятушка мая!..
...Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца,— гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.
1982
ШАПКА
У чалавека вялікая галава. Вечныя клопаты з тым, што называюць галаўным уборам. Улетку можна i без нічога, а то ж зіма ўжо, вецер, снег i мароз, i чалавеку холадна ў бярэце. Зноў сунуўся ён у адзін, у другі магазін — нічога не падыходзіць. Не вытрываў — пайшоў да самога дырэктара універмага.
Стаіць, нібы дакладвае, бо той, з-за свайго вялікага пісьмовага стала, прысесці не запрасіў. Выслухаў i спытаўся:
— Кім работаеце?
У чалавека ледзь-ледзь праз горла пралезла.
— Пісьменнік.
Дырэктар падумаў i вырашыў:
— Выша кроліка не зможам. Ды i кролікаў пака няма.
У вачах чалавека пачалі загарацца слёзы.
— Каб вы ведалі, як мне прыемна з вамі гаварыць,— сказаў ён i пайшоў.
Для справядлівасці дадамо: дырэктар потым пісьменніку пазваніў. ІІІто ёсць "кролік", што можна зайсці. Ды той ужо штосьці тым часам дастаў, — падзякаваў i не зайшоў.
І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведал! ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын i засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...
1983
ШТРЫХІ
"Чорт з голаду i мухі еў".
А бывалы дзядзька Ігнат расказваў, як ён — яшчэ да рэвалюцыі — вяртаючыся з нейкіх заработкаў, i недзе каля Маладзечна ці Вілейкі... ледзь не наеўся "жытнічкаў".
Гаспадыня, калі ён зайшоў ды напрасіў есці, гасцінна сказала: "А я вам, чалавеча, крупніку з жытнічкамі!.." — "Ого, давай,— падумаў я.— Наліла на прыпеку, з печы дастаўшы, паставіла на стол. Павярнуў я лыжкай, а там — аблупленыя мышы... Каб не галодны быў, дык i сарвала б. А так толькі хлеба лусту ўзяў, падзякаваў ды за шапку".
"А чаму яны, дзядзька, жытнічкі?" — спыталіся мы, хлапчукі.
"Бо мышы палявыя".
...Другі дзядзька, Макар, у якога на агародзе было тры яблыні. Ён ix мазаў знізу да самага голля дзёгцем, каб мы, чужыя дзеці, не лазілі, калі дома нікога не будзе. Пакуль тыя яблыні не пасохлі.
Страшэнна працавіты, гаспадарлівы. Купляў у пана патроху зямлю, зусім, здавалася, пустое поле, i гноем — з году ў год — даводзіў яго да ўрадлівасці. Калі хто паліў увосень пырнік на сваім полі, дык дзядзька спыніцца ў плузе i крычыць: "Пачакай! Не палі! Давай я забяру!" Забіраў, трусіў у баразну i заворваў.
Малога ўнучка, ад дачкі, што была за бедным замужам у суседняй вёсцы, лішне малога Колю, дзед прымушаў аднойчы гнаць каровы. Спрабаваў, як толькі трохі развяснела, ці будзе ўжо свой, ненаняты пастух. А Коля ўцёк i схаваўся за нашым гумном. Плача, унурыўшыся, хімкае, а дзед стаіць над ім i гугніць. Убачыў, што я цікую з-за вугла, i да мяне:
— Ты бачыў, Мішачка? — Заўсёды блытаў нас з братам, нібы не могучы разабрацца. — Гэта ж, Мішачка, пазаўчора было Вяліканне, i наша баба дала во нашаму Коліку,— тут ішла смешнасуцэльная скорагаворка,— пірагабабкі-малака, яец чырвоненькіх-каўбасы-сырамасла-сала i мяса, а ён во, Мішачка, каровы гнаць не хоча!..
Прыдурванне, як нейкая вельмі патрэбная ў гаспадарцы мудрасць.
...Яшчэ i дзядзька Пятрусь, у якога была поўная хата непрыгожых, беспасажных дачок. Разбурчыцца на печы на долю сваю — не супакоіць нічым. А цётка Алена, ласкавая, гаваркая жанчына, тыц яму туды малыя начовачкі гарачай бульбы ў лупінах — ён i супакоіцца. Хукае там ды чаўкае.
Штовечара збіралася поўная хата вячорнікаў. I цётка нібы жартам сватала сваіх дзяўчат:
"Бяры, Баядэра, Жэню. Гаспадыню будзеш мець!.."
Як яно помніцца ўсё так выразна — з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы i зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца — з нейкім затоена-значным сэнсам.
1983
ПРАЎДАЛЮБЫ
Радасць цемры ці подласці, якая "сказала праўду":
— Гэта ж не твае родныя тата i мама, яны цябе толькі ўзялі...
Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі вышэй за "праўдалюбца" стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!
Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, кал i ix дачушка, згубленая ў вайну i выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, a другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.
Дзеці "падкідышы", або "пакідышы", якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было ix апярэджваць, i я падхапіў, перанёс адно, яшчэ i яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, i цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы "бацькоўскую недастатковасць".