Пагодлівая восень сорак чацвёртага. Нейкі дзядзька звяртаецца да начальніка з пытаннем, ці можна яму выпісаць газету. «Пожалуйста, вот вам местная «Стяг свободы», вот областная «Червонная звезда». А дзядзька, расчаравана: «Ну, усё гэта гаўно, адны калхозы. Мне, таварыш, каб гэта «Праўду» або «Ізвесція».— «К сожалению, пока ничем не могу вам помочь...»
А часова выконваючы абавязкі рэдактара таго самага гаўнянага «Сцяга свабоды», значыцца, я —толькі засмяяўся ў душы i запомніў гэта больш як на паўстагоддзя.
* * *
«Зямля стаіць пасярод свету...» Добрая кніга, падрыхтаваная Уладзімірам Васілевічам. A ўсё ж ёсць у ёй крыху славутага «вясковага ідыятызму». Скажам, ката жывога закопваць, каб на тым полі «дашчэнту знішчыць» асот, або «калі хочаш нашкодзіць суседу, то сей, ідучы яму насустрач... Тады ў суседа жыта прападзе». Адламаны на малацьбе кавалак цэпа, кінуты ў бок хаты непрыяцеля, «выкліча там няшчасце i бойку».
Няхай сабе навука i павінна захоўваць усё, але ж чытаць такое нявесела. I здзіўленне бярэ, колькі людзям ды пакаленням трэба было тыя павер'і збіраць, запамінаць у найменшых, абавязковых драбніцах, на што сыходзіла разумовасць, духоўнасць чалавека працы.
* * *
I Сянкевіч лічыў, што ў будучыні пісьменніцкі дзённік будзе найважнейшым літаратурным жанрам. Прачытаў я пра гэта ў газеце «Polityka», без спасылкі, дзе пан Генрык, вялікі спецыяліст na «fikcji literackiej», пісаў ці гаварыў такое.
* * *
«Шасцімоўны слоўнік прыказак». Нямала падобных, ад латыні да нашых, як падобна ў кожнага народа тое, што нараджае агульналюдскую мудрасць. Прыемна ад гэтай агульнасці, ад моўных залацінак мудрасці i вобразнасці. Можна было б i нацытаваць. Мне — толькі сваё, рускае i нямецкае. Да латыні яшчэ звяртаюся, а французскае ды англійскае нават i прачытаць надежна не магу. Толькі што ў перакладзе. Як i лацінскае.
* * *
...Як мы ўтрох, наш Міша, Валодзя i я, да снедання палажылі старому Калесніку добрую лугавіну над Серваччу — зноў прыгадалася тая раніца, той роены луг, спраўныя косы, маладыя сілы i дружба наша светлая, нейкая затоеная песня роднай сувязі з прыродай i сялянскай працай...
* * *
Успомнілася слова выскрабак i той маленькі боханчык з рэшткі цеста ў дзяжы, гарачы i духмяны падарунак малому ад маці, i тое яшчэ значэнне слова пра найменшага ў сям'і, любімага мамай ці не найбольш з усіх народжаных ёю, бо апошненькага ў шчасці i пакутах мацярынства.
А выскрабак наш — колобок па-руску, chlebek па-польску, яшчэ раз колобок, па-ўкраінску,— гэта так казачна-хораша, з невычэрпнай паэзіі маленства.
* * *
Я стараўся добра пісаць на роднай мове... Не, так нельга. Як быццам я стараўся, практыкаваўся дыхаць чыстым паветрам,— а я ж ім проста шчасліва дыхаў... A ўсё ж няясна i так сказалася.
* * *
Калі б які злосны разумнік на сустрэчы са студэнтамі (зрэдку трапляліся i такія) сказаў мне, што я мала i слаба пішу, можна было б адказаць:
«Я ведаю гэта i сам, сяды-тады пра гэта думаю. З той розніцай, што гэта мне балюча».
* * *
«Целую ваши персты, бряцавшие на струнах давидовой псалтыри»,— пісаў Насовічу магілёўскі пратаіерэй Цвёрды, «знакомый мне от самой юности». Водгук на «Псаломские песни».
Весела скажам: так трэба адгукацца на творчыя ўдачы сяброў!
* * *
«Калі я раней памру, дык ты пасадзі мне ў галавах рабіну. Вельмі ж я ix люблю...»
А маладым, што падслухалі гэтую размову старэнькага ўдаўца з такою ж удавою, якім дзеці ды ўнукі не далі сысціся, такое бяздумна здалося смешным. Бо тут ужо, калі па-сучаснаму, не рэшткі сексу, a толькі старэчы дур, нейкім чынам шкодны нашчадкам у справах спадчынных.
* * *
Паэтка, гадочкаў пад пяцьдзесят, спакойна, з усмешкай кажа мне, што прозы яна наогул не чытае — толькі вершы. Наколькі лягчэй жывецца!..
* * *
«Ні цыбулькі, ні ўкрышыць». Успомнілася, зірнуўшы на палавіну вялікай цыбуліны на кухонным акне. I ў гэтым «укрышыць» на ўвазе маецца, трэба думаць, якая-небудзь скварчына.
I яшчэ штосьці тут ад неўміручасці роднай мовы.
* * *
Пасля позневячэрняй навальніцы з маланкамі ды грымотамі раніца мокра-ціхая, з гудзеннем туркачых ці туркачоў, зрэдку салаўіным перасвістам i несціханым, фонавым шчабятаннем рознай іншай драбязы. Слівы толькі што дружна расцвілі, a ўжо i сыплюцца пялёсткі,— i дождж прычыніўся, i наогул яна, быстрацечнасць жыцця.
Ва ўспрыманні красы прыроды ў мяне не ўпершыню адчуванні больш сялянскія, звычныя даўно, без лішняга паэтычнага ахкання.
* * *
«Очень благодарю вас за Масарика. Он был в Ясной, и я очень полюбил его».
Ці пра гэты прыезд (у маі 1887 года), ці, хутчэй, пра пазнейшы, чытаў у пісьмах Талстога, тады яшчэ не адчуваючы ўдзячнасці гэтаму чэху за магчымасць атрымаць у Празе вышэйшую асвету сотні заходнебеларускіх юнакоў, сярод якіх быў Жылка, Дварчанін i іншыя. He адчуваў, бо проста не ведаў пра гэта ў сваёй ранняй вясковай маладосці.
Як i яшчэ пра адну высакародную постаць — латыша Яна Райніса, якому беларусы таксама маюць за што дзякаваць.
«Зорка» нашага тэлебачання, здаровы мужчыніска, пастрыжаны «пад гаршчок», расказваючы пра свінакомплекс, для большай вобразнасці адхіляецца ў лірыку: «Тут во такое мноства гэтых рохкаючых істот...»
* * *
Пайшоў у наш надрэчны гаёк з балоцістым ровам высекчы заказаныя жонкай кіёчкі i спыніўся там адразу, i смяяцца захацелася, узняўшы вочы на яшчэ рэдкую лістоту вершняку, смяяцца радасна ад двубоя, калі сказаць па Караткевічу, двух салаўёў, так блізка i так захоплена, у смелай ці азартнай блізкасці да чалавека. Нават у амаль паўдзённым сонцы.
* * *
«На добрым харчы выраўнялася». Такое — i пра кабыліцу, i пра дзеўку, то гаспадарскім, то мужчынскім вокам гледзячы.
Само ўсплыло такое акрэсленне ва ўдзячнай памяці, з набытку ў народзе.
* * *
Колькі нагаворана з іхняга i з нашага боку пра неабходнасць аб'яднання, але ж ні слова — ні ў друку, ні па тэлевізары ці па радыё — пра foe, што апаганьваецца, ліквідуецца мова нашага народа, найгоршым, найзлачыннейшым, як дагэтуль, чынам. Такое жахлівае «між іншым»!
* * *
Пад вечар, трохі паварушыўшыся на гаспадарцы, вольна прысеў за сталом пад ліпай, у сонейку, якое яшчэ так не хутка сядзе. Летняя ласка, што сёлета так апазнілася.
Падумалася пра сяброў, якіх перажыў. Можа, таму, што перад гэтым, круцячы ваду з калодзежа, залюбаваўся белымі аблокамі над цёмнай зелянінай ялін i святлейшай бяроз. Міша любіў такое маляваць, а Валодзя i маляваць, i здымаць. Падумалася, паўтараю, як у апраўданне самому сабе, што я перажыў ix, i брата, i нашага з ім сябра, як i некаторых іншых блізкіх людзей, можа, i дзеля таго, каб сказаць пра тых, што адышлі, справядліва добрае слова...
Наіўна гэта — такое дзеля?..
* * *
Прынёсшы з пасёлка малако, дапоўніўшы з калонкі бочкі на паліўку, падумаў, што вось i паднімуся цяпер на сваё гарышча, да старога, заслужанага пісьмовага стала, да акна, расчыненага ў сонечназялёна-галасістую толькі ад птушак раніцу, i буду, як молячыся, дачытваць Міхасёвы вершы.
Аднатомнік — трошкі за трыццаць аркушаў прозы, паэзіі, крытычнай эсэістыкі. Гасцюючы ў мяне, наш польскі друг Флёрыян Няўважны ўбачыў у кніжнай шафе салідны том выбранага Лукаша Калюгі i сказаў адно толькі «О!». Тут я адчуў сябе каўказцам i падаў яму гэты том. Далей стаяў другі аднатомнік, i па таўшчыні, i па кодеры вокладкі вельмі падобны. Міхась Стральцоў. Мой Флёрак толькі зірнуў на мяне, а я на гэты раз сказаў «О!» i аддаў яму i Міхася. Потым, вядома, было шкада, як ні справядліва гаворыцца, што іменна той падарунак блізкаму найбольш дарагі, якога шкада. Доўга i дарма стараўся я потым знайсці тыя аднатомнікі ў нашых кнігарнях. I толькі дзякуючы маладому сябру, паэту Міхасю Скоблу, які на той час стаяў бліжэй да кніжнай справы, абодвух любімых намі ўдалося дастаць i ў маю шафу Найлепшых.