Литмир - Электронная Библиотека

Чулася пра яго сёе-тое і пасля вайны. Скажам, як ён, намеснік старшыні, абласнога савета, ездзіў па вёсках, арганізоўваючы калгасы, і так агітаваў сялян:

— М-мужчыны, п-пішыцеся ў к-калхоз. К-калі ўжо такі ў нас п-парадак, што яны п-павінны быць, як і ўсюды, то н-нікуды в-вы ўсё роўна не дзенецеся. Б-бальшавікі як н-намогуцца, т-то і зробяць. Лепш ужо, хлопцы, раней запісацца, чым п-потым, у свіныя галасы!..

Супрацоўнік «Вожыка», нешта ў канцы саракавых гадоў, вяртаючыся з палескай камандзіроўкі, маючы ў Баранавічах тры гадзіны да мінскага цягніка, я павагаўся трохі і пазваніў яму дахаты.

— Дзядзя Валодзя, добры дзень!

— Д-добрага д-дня? А хто г-гэта?

Я назваўся.

— А д-дзе т-ты?

— На вакзале.

— А м-чаго т-ты т-там, а не т-тут?

І вось мы сядзім ды гаворым. Пачаты, па-вясковаму вялікі круглы бохан хлеба, крамяныя салёныя гуркі, сала скрылікамі, сціплая чарка і цікавая гутарка. Утульна.

Мне было за што адчуваць да яго ўдзячнасць. У тым, што мяне з разведкі паклікалі на супрацоўніцтва ў падпольную рэдакцыю, што неўзабаве штабной машыністцы было сказана перадрукаваць пад маю дыктоўку тое з маіх рукапісаў, што было адаслана на Вялікую зямлю, прымаў вырашальны ўдзел і. Царук разам са сваім сябрам і паплечнікам па барацьбе і пакутах Жалезняковічам, А потым у Мінск, на партызанскі парад, двух рэдактараў райгазет, стаўбцоўскай і мірскай, Гірша Смоляра і мяне, дзядзя Валодзя паслаў, як. Прадчуваючы, што там я ўпершыню ўвайду ў пісьменніцкі гурт і гэта будзе мець для мяне таксама вырашальны сэнс.

Калі творы былі адзначаны Сталінскай прэміяй, іх не надта крытыкавалі, а то, калі дакладней, яны і зусім рабіліся недатыкальныя для крытыкі. Са мной было так, што, пачуўшы па радыё пра пастанову, загадчык аддзела крытыкі ў паважаным часопісе адразу пабег у друкарню і ў апошняй карэктуры выкрасліў у артыкуле нейкія там крытычныя заўвагі па аповесці.

І трохі нязвычным здалося тое, што старая Кніповіч у «Литературной газете» ў сваім палітычна спрыяльным водгуку злёгку пакрытыкавала вобраз Лены, сказаўшы пра «ружовенькі туман» у паказе кахання.

Выпадкова сустрэўшыся з «дзядзем Валодзем» у Мінску, я ўдзячна прыняў яго віншаванне з прэміяй і пацеху супраць крытыкі:

— Ч-чытаў. Яна т-там кажа, што т-ты мала д-даў п-пра баб. А ты цяпер вазьмі д-ды н-напішы ім п-пра адных баб!.. Як напрарочыў: менш чым праз год з'явілася мая «Галя».

* * *

Ноччу паэт звоніць празаіку і, не застаўшы таго дома, пытаецца ў ягонай жонкі:

— А можа, вы, прабачце, ведаеце: авечкі бэкаюць ці мекаюць?..

Дакладнасць патрэбна і ў паэзіі, хоць яна, па Пушкіну, павінна быць трохі прыдуркаватай.

* * *

Нярослы, вясёлы тэнар з дзяржаўнай капэлы, сустрэўшыся на вуліцы, не прамаўчаў пра тое, што вось у яго праз месяц будзе юбілей. Удакладніў які. А я здзівіўся: — Бог мой, такі малы, а ўжо і семдзесят! Смяемся.

* * *

Стары Мікалай Іванавіч, наш літаратурны генерал, хваліцца пры мне маскоўскаму знаёмаму, колькі разоў ён сёлета выступіў за год перад чытачамі. Лічыць:

— Среди пограничников...— Прыпамінаючы: — Среди фабзайцев...— Зноў паўза.— Среди работников прилавка...

У тон яму дадаю:

— Среди долины ровныя...

Ён не злуецца, і гэта добра. І тады было, і ўспамінаецца.

* * *

Пісьменнік Грос, дасціпны эстонец, жартуе востра і тонка. Едзем па Таліне, я захапляюся, седзячы побач з ім у машыне:

— Якія ў вас, Вілі, дрэвы цудоўныя!..

— Галоўнае — у тэрмін пасеяць! — адказвае ён са сваёй падтэкставай усмешкай.

Пра горыч і бруд

Днямі, і не ўпершыню, успомніўся быў Ёсіп Варановіч, стары аграном яшчэ ці не дарэвалюцыйнай вывучкі, прадстаўнік люднай, цікавай сям'і занямонскага хутараніна.

Яго я ведаў з партызанаў, потым як дырэктара МТС, а яшчэ лепш як дырэктара міжабласной насеннай станцыі па травах. Яна была ім хораша наладжана ў колішнім маёнтку Кашыца, уладальніка блізу тысячы гектараў выдатнай зямлі, багатай сядзібы з палацам, разбураным у вайну, з вялікім паркам лістоўніцы.

Ды вось узбурылася хрушчоўская барацьба з траваполлем. І якраз тады мы з Ёсіпам сустрэліся ў Міры на кірмашы.

— Ваня,— сказаў ён, уздыхнуўшы жаласна. Чалавек інтэлігентны, а не вытрымаў: — Я б яму, маць яго... даў Стаўбцоўскі або Івянецкі раён — няхай бы ён там са сваёй кукурузай памудраваў!..

Раёны — абодва з пясчанымі землямі. А «ён» — «наш дарагі Мікіта Сяргеевіч».

Станцыю, вядома ж, ідэйна разбурылі.

А гады праз два ці тры яе прыйшлося зноў наладжваць. З не меншай перакананасцю...

Так было, дарэчы, і з нашым Колем, калгасным брыгадзірам. Пашу каля вёскі загадалі заараць, а потым зноў зрабіць пашай. І ў абодвух выпадках загадваў, крычаў на брыгадзіра той самы раённы таўкач.

Яшчэ раз, дарэчы,— нашай літаратурнай «перабудовай» і сёння, у восемдзесят сёмым, камандуюць тыя самыя, што шчыравалі і ўчора, і пазаўчора...

* * *

На мінскім рынку. Купілі бульбы, я стаю з ёю каля брамы, чакаю жонку — яна пайшла яшчэ мяса пашукаць. Побач стары прадае самаробныя таркі, па адной вымаючы іх з-пад мяха, што пад пахай. Разгаварыліся.

— Тугавата жывецца. Пенсія — пяцьдзесят. Праўда, мы з бабай толькі ўдваіх...

— Колькі ж за тарку просіце?

— Сорак капеек. Дорага — не бяры. За такую ў магазіне і рубель дасі... Я сам з Тураўскага раёна, але як прыйшоў з гражданcкай вайны, дык у Мінску ўвесь час, на хлебазаводзе... А людзям нашым няважна жылося да рэвалюцыі. Рэвалюцыя была вельмі патрэбна. Цар Мікалай — ён быў дурны, дурнейшы яшчэ за Хрушчова...

Такі vocs populi [64] — увосень шэсцьдзесят трэцяга.

* * *

Пяцьдзесят трэці год. У маладым калгасе на Маладзечаншчыне.

Старшыня, сумнаваты, падсухі мужчына:

— Камсамольцы ў нас — цяглавая сіла, без іх не ведаю, што і рабіць было б. Бегаю па полі, як самашэдшы. На пяцьдзесят сем коней — дванаццаць аброцей. Аграном дрэнна працуе, і мы маем агрэхі. Эмтээс нашу білі, білі дый замарыліся. Пры нашай хавоснай безабразіі...

Сакратар партыйнай арганізацыі — большы аптыміст. Дый тоўсты ён не па-вясковаму, як нейкі Ламэ Гутзак.

— Як я выйду на вуліцу,— папракае ён удзельнікаў сходу,— дык вы ад мяне ўцякаеце. А чаму я, як толькі ўбачу сінюю «Победу» таварыша сакратара райкома... — ківок на таго ў прэзідыуме,— то не ўцякаю, а сам да яе бягу, бо ведаю, што ад гэтай «Победы» толькі дабра можна чакаць!..

* * *

Пачатак шасцідзесятых.

Прызначаны старшынёй заняпалага калгаса дырэктар мясцовай школы, энергічны франтавік, прасіў у райкоме партыі:

— Дайце мне волю на пяць гадоў — я падніму гэты калгас.

Не далі, вядома. Калі ж ён праявіў разумную самадзейнасць — нарыхтаваў дубовых бочак, якія ў нас спрадвеку рабіліся, прадаваліся ў Наваградку, насаліў агуркоў ды бочкі тыя апусціў у сажалку, каб напрадвесні зарабіць, яму і вымову далі, і ўсупонілі парасячую ферму на тры тысячы галоў...

Пачатак сямідзесятых.

Сакратар абкома пры мне бэсціў старшыню калгаса, іншага, таксама чалавека інтэлігентнага, як і той, пакараны фермай,— лаяў, брыдзіў за «антымеханізатарскія настроі», убачыўшы праездам жытнія мэндлікі на ўзлеску. А там проста нельга было камбайнам заехаць паміж кустоў, і жанчыны ў ахвотку зжалі сярпамі.

Здаровы народны сэнс і мудрае партыйнае кіраўніцтва.

* * *

Мой незабыўны Якуб Міско... Цяпер мне столькі, колькі яму было шэсць гадоў таму назад. Сваё сямідзесяцігоддзе ён перажыў на няпоўныя шэсць месяцаў. Адзначаў яго дома, з роднымі і сябрамі, і хацеў як найлепш, нібы прадчуваючы развітанне. Зразумець гэта проста, калі ў цябе аналізы крыві штораз, то горшыя.

Сябар яго, а праз яго і мой добры знаёмы міністр асветы Міхась Мінкевіч дапамог з прадуктамі: Якуба правялі на адпаведны склад.

60
{"b":"598985","o":1}