Литмир - Электронная Библиотека

* * *

«Если страшно от сильного пожара, то надобно бежать туда и работать, и вовсе не будет страшно».

Выпісваю гэта з Чарнышэўскага («Што рабіць?»), думаючы, што вось і я прыехаў сюды, дзе мяне многія, здавалася здалёк, ненавідзяць,— прыехаў, прыгледзеўся зблізку і бачу, што гэта — не так, што больш рабілася ў маім уяўленні.

* * *

Дрэнна, непрыемна і крыўдна хваліцца тым, што над табою злітаваліся, цябе пашкадавалі.

Адчуў гэта ўчора, калі расказваў Колю пра тое, як аднёсся да мяне зімой 1951—1952 года, калі вырашалася справа з прэміяй, Зімянін. Што знайшоўся разумны, высакародны чалавек, які выратаваў мяне з ямы паклёпу — гэта вельмі прыемна, і я яму вельмі ўдзячны, але хваліцца гэтым (ах, які я таленавіты, што ажно ён мяне пашкадаваў!..) — не вельмі хораша і не вельмі прыемна.

* * *

Румяны здаравіла, былы партызан, а цяпер п'яніца, злодзей, які пабываў ужо ў турме, пазычыў у другога партызана, калекі і добрага хлопца, грошай. Прайшло багата часу, і той, за чаркай, напомніў яму пра доўг.

— Ты мне глядзі,— абурыўся даўжнік,— а то я табе пакажу доўг. Я партызанам быў і партызанам застаўся!..

І праўда — можа паказаць... Прагналі яго за п'янства з пажарнай. Дык ён таго, што быў пастаўлены на яго месца — маладога хлопца, ні ў чым антыпартызанскім ніколі не замешанага,— пры дапамозе кучкі сяброў прыдушыў, даў наглытацца з выхлапной трубы, завёўшы ў гаражы машыну, а тады пасадзілі яго за руль, а руку, каб не было слядоў іхніх пальцаў, аблілі бензінам і абсмалілі... Нават і дзверы кабіны забыліся зачыніць. І ўсё сышло. На экспертызу ў вобласць (ці ў раён) паслалі сэрца і лёгкія задушанага, і там прызналі, што гэта ад бензіннага, бачыце, перагару...

Не дароўваецца толькі грэх «против духа свята». У румянага здаравілы такіх грахоў няма — член партыі, юнаком пайшоў у партызаны. А да таго ж яшчэ ўсё зроблена чыста...

* * *

Малады, энергічны старшыня калгаса, былы настаўнік, скардзіцца на «цяжкую вёску»:

— Пры Польшчы яны — самі хваляцца — былі барацьбітамі, падпольшчыкамі. А цяпер на свята сцяг не вывесяць. Хіба каб забараніў яму другому — тады б вывесіў!.. Панавучваліся на сходах гудзець з закрытым ротам. Гудуць і не пазнаеш, каторы... У тры-чатыры гадзіны ночы будзе табе стукаць у акно: «Прыд-ся-даяцель, заўтра машына пойдзе ў Карэлічы?» Прыйдзе ў праўленне, прычэпіцца, як гразь, біцца лезе, лаецца, а скажы яму слова — напішуць калектыўна і ў райком, і куды хочаш вышэй. А даў аднаму па саплях — пачалі трохі больш паважаць... Паміж молатам я і кавадлам.

* * *

Такая простая, здаецца, арыфметыка: удосталь подсцілу — многа гною, многа гною — добра зародзіць зямля, будзе подсціл і г. д. Кругам. А подсцілу няма. Думаў сам і гаварыў з іншымі: ад чаго? Многа зямлі ідзе пад лён, кукурузу, цукровыя буракі. Салома не збіраецца як след: падонне пасля стагоў, бурты, дый так усюды. Вельмі многа скаціны. А іншае?..

* * *

Партызанская вёска. Калгасныя яслі. У клубе чытаецца выступленне Хрушчова пра бабовыя. Мясцовы філосаф і ўгоднік, былы партызан, камуніст:

— Трэба каля ясляў пасеяць бобу, каб малыя па садах не лазілі!..

Рогат. Так вось і адгукнуліся на пастанову.

Часамі быць толькі самім сабою, беларускім пісьменнікам, і то — подзвіг. Аднак паводзіны свае — разумнае рашэнне рабіць галоўнае, на ім канцэнтраваць увагу — не хочацца лічыць філасофіяй баязлівасці. Бо я не памятаю самога сябе без любві да Расіі, да рускай мовы, літаратуры, не памятаю сябе беларускім нацыяналістам, хаця даўно і сам, і назаўсёды вырашыў, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне.

* * *

Аўтобус Магілёў — Мінск спыніўся ў Беразіне. Доўгачаканае сонца, шэрыя домікі над ракою і ў новай, з залацістых дошак, прыбіральні бязлітасны надпіс наконт таго, што тут (дата) была... устаяка прадаўшчыца (імя і прозвішча) з магазіна №... Сумна. «Уездная звериная глушь!..» Ці толькі тут гэта? Ці ўсё гэта тое, што выходзіць гноем наверх?..

* * *

Два вялікія выпрабаванні — славай і паклёпам. Нялёгка іх пераносіць. І проста яны не праходзяць, не пакідаючы следу. Дый ці праходзяць?..

Моцнае і сталае пачуццё тугі па сапраўдным чалавеку. Пазнаеш, захапляешся, потым пазнаеш бліжэй — расчараванне і зноў туга...

* * *

З прыемнасцю прачытаў у Салаухіна: «Нет ничего хуже, дичее и гаже, когда человек бьет другого человека».

Амаль заўсёды, калі думаю, што чалавека крыўдзяць — да болю выразна і міжвольна, не розумам, а сэрцам станаўлюся на баку слабейшага. Цяпер нават часта ўяўляю пры гэтым, што пакрыўджаны кожны родны мне чалавек. Не думаю, што гэта баязлівасць, бо я сам сабе неаднойчы давёў, што не вельмі баязлівы. Часцей думаю, што гэта слабасць, хвараблівасць. А даваенны «крытык» К. сказаў бы проста, што гэта сентыментальнасць...

Не! Бо я з маленства не любіў, калі б'юць чалавека.

* * *

Чытаю «Жажду жизни» І. Стоўна — пра Ван-Гога, пра нас, пра абавязак перад людзьмі, пра шчасце несці гэты абавязак. Ёсць штосьці вышэй за смерць, і недарма — думаў, чытаючы,— людзі шукалі Бога, неба, вечнасці.

Між іншым, чакаючы аўтобуса ў Турцы, слухаў гутаркі пра паступленні ў ВНУ. О, усёмагутны хабар, як ён увайшоў у наш побыт! Проста людзі не хочуць, а можа, і не могуць паверыць, што хтосьці не можа ўзяць хабар з-за сумленнасці.

І не дзівіся, не крыўдуй, што не вераць, не хочуць паверыць, што ты пішаш не за грошы, а па абавязку.

Абапал дарогі — жыта і кукуруза на спецыяльна ўгноенай зямлі: каб з райкомаўскай ды абкомаўскай машыны здавалася, што яны тут усюды добрыя. Бачыў у Смаргонскім раёне.

* * *

Прачытаў пахвалены Адамовічам раман Аксёнава «Звездный билет». Многа добрага, цікавага, свежага, але сапсавала ўсю справу гісторыя кахання Дзімы і Галі — выпрабавання гэтага кахання чужым ложкам. Так і не могуць нашы літаратары дазволіць, каб чалавек пакахаў і сам пачаў сваю каханую,— гэта павінен зрабіць нехта трэці, а ўжо тады можна яе падняць ды страсянуць, як чужую посцілку, ды радавацца, што цяпер ужо наша каханне будзе надзейным, правераным. І як гэта проста, як лёгка робіцца! І як гэта ўжо абрыдла і ў літаратуры і ў жыцці!..

* * *

Мікола Засім.

Прыкра стала ад майго нарачанскага запісу пра ягоную смерць. Я не лгаў тады, але ж гэта было і лішне жорстка, нялюдска.

Перачытаў, як быццам новымі вачыма, Калеснікаву прадмову да апошняй Засімавай кнігі, перачытаў, а некаторыя прачытаў упершыню вершы з гадоў акупацыі. Перачытаў яшчэ адзін мой запіс, зроблены пад гарачую руку, пасля нашай брэсцкай сваркі ў сакавіку 1954 года. Знайшоў яго пісьмо да мяне, у якім ён, назаўтра ж, прасіў прабачэння. Падумаў пра сваю паметку на канверце: «Без адказу»...

Так, ён мяне моцна абразіў калісьці сваім «падазрэннем»; так, ён мне потым моцна нахаміў; так... яшчэ адно так... А ўсё ж я з сапраўднай чалавечай прыемнасцю пагаварыў бы з ім сёння пра ўсё гэта — шчыра, бязлітасна шчыра і добра. Але яго няма.

Маленькай іскрынкай вечнага здаецца мне цяпер той факт, што я ўзняў пытанне перад саюзам пра выданне таго «Выбранага», дзе Валодзева прадмова.

І добра, што мы — і сябруючы — можам вось так, як у гэтым выпадку Валодзя, цвяроза глядзець на тыя справы і з'явы, якія аднаму ці другому не вельмі падабаюцца.

Вырваць старонку з запісам — лягчэй, чым вырваць з памяці. Дык няхай жа будзе і гэтая старонка: няхай камусьці, хто будзе (можа?) чытаць гэта, будзе вядома, што былі ў мяне не толькі хвіліны настрою, але і роздум з дыстанцыі часу.

Зрэшты, што гэта я?.. Запіс гэты патрэбен перш за ўсё мне самому. І гэта, здаецца, важней за ўсё. Для мяне. Для маёй прыгоднасці да жыцця.

6
{"b":"598985","o":1}