Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Дзед з праваслаўных, пасля быў пяцідзесятнікам, пакуль не зняверыўся. Цяпер, можна сказаць, зусім сучасны, бо і ад вывучаных дзяцей, і з радыё ды тэлевізара сяго-таго набраўся. Прыязджае ў сваю вёску з далёкае, куды забраўся ў прымы, і любіць пагаманіць з суседкамі, якія адна настаўніца, другая рахункавод, абедзве на пенсіі. Яны пытаюцца:

— Ну, а як жа вы, Анціпавіч, калі хаваць, захочаце — з прэсвітэрам вас ці з папом?

— Ат,— махнуў ён рукою,— хай патрубяць, дый годзе!..

* * *

Многа поля, двое коней, чатыры каровы, а дзядзька асмаліць аглоблі і ездзіць па далёкіх вёсках, як пагарэлец. Нажабраванай мукой і кавалкамі хлеба корміць потым свіней, а сена ды салома коням ды каровам.

Так было. Цяпер, у пачатку шасцідзесятых гадоў, унук таго «пагарэльца» занудліва, цягуча намагаецца ашукаць раённы міжкалгасбуд, які робіць яму цагляны дом.

— Зрабіце яшчэ і веранду. І хундамант глыбей ды вышэй. І на столі арнамант які...

І ўсё каб за тыя самыя грошы. Ходзіць, ные, усім у канторы абрыдзеў.

Жабрацкія гены?

* * *

За два няпоўныя савецкія гады, 1939—1941, нашы загорцы ўдосталь наслухаліся слова «иго» — «панское иго», «избавили от ига»,— і потым, калі прыйшлі немцы, гаварылі людзі так:

— Адны вызвалілі ад і-га-га, а другія вызваляць ад му-у-у!..

Забіралі кароў, бывала нават, што і апошнюю ў каго, калі солтыс зараза.

* * *

У заходнебеларускім кнізе-календары пра апошні перадваенны год чытаю — як прароцтва:

«Пануючай плянэтай у 1939 годзе ёсць Марс — плянэта гарачая і гвалтоўная, людзям не прыяльная».

Гдыня — Хэлм — Гдыня

Хто пры цару служыў у салдатах на тэрыторыі Северо-Западного края, пра таго ў Загары казалі: «Ат, капусту ў Гродне паліваў!..» Служылі хто ў Ерэване, хто ў Чыце, хто бліжэй — у Пецярбургу ці ў Адэсе. Калі старэйшы за мяне на год сусед ішоў у польскае войска, а па ім плакалі мала што дома, дык яшчэ і на вуліцы, дзед Пятроўчык смяяўся, па-свойму культурна вылаяўшыся:

— Полгроб твою мать! У Слонім ідзе, на загуменне, а яны галосяць!..

Ну а калі мне з яшчэ адным дзецюком прыйшлося ісці ў Гдыню, за восемсот кіламетраў, дык гэта ўжо было і зусім за свет вочы...

* * *

Чытаючы Жаромскага, сустрэў у тэксце слова інтралігатар, і яно нагадала мне першую ноч у Гдыні, фрайтра-інструктара, побач з якім, на другім паверсе казарменных ложкаў, мне выпаў гонар легчы спаць. А хлопец ён, як неўзабаве аказалася, калі мы спакваля разгаварыліся, быў людскі. Высокі, хутчэй цыбаты ды шчуплы, чарнявы, з вуграватым тварам. Пачаў гутарку, вядома, ён — спытаўся, адкуль я, а пра сябе сказаў, што з Варшавы, рабочы-інтралігатар, пераплётчык. І прозвішча прасцецкае — Кавальчык.

З будзённай усмешкай проста чалавечай удзячнасці ўспамінаецца, як той наш пераплётчык штодня на занятках, на сцюдзёных узгорках над морам, не ўмеў, не мог крычаць ды лаяцца, як іншыя дружыновыя, на рэкрутаў, хоць быў ён, праўда, толькі памочнікам інструктара. І тое згадваецца, як ён у той першы вечар сказаў пра плютановага Возняка. Той тоўсценькі выпівоха любіў пазычаць у рэкрутаў грошы «на пару дзён» і ніколі не аддаваў. І праўда, неўзабаве, у нядзелю, Возняк запыніў мяне на казарменным калідоры і мяккім шэптам загаварыў пра «парэ злотых» на «парэ дні». Папярэджаны, я лёгка выкруціўся: «Пакуль што няма, хутка прышлюць». Пасля ён, аднак, не прасіў, здагадаўся.

Праз два тыдні, як толькі Гітлер ткнуў у Польшчу першым ультыматумам пра Гданьскі калідор, нас, маладых салдатаў, пераапрануўшы ў цывільнае, перавезлі закрытымі таварнякамі ў Хэлм, з 2-га батальёна марской пяхоты ў 7-мы полк пяхоты легіёнаў. І там ужо ў нас былі іншыя нянькі.

На той час ранішнюю і вячэрнюю малітвы на словы паэта Карпіньскага, якія рота спявала сякім-такім хорам, замянілі на старадаўнюю, грунвальдскую «Багародзіцу-дзевіцу». Развучваў яе з намі памочнік інструктара, маленькі ды вусаценькі, крыкліва-злосны, пра якога гаварылася, што калі пан Езус нарадзіўся ў «жлобе», яслях, дык гэты гуўняж у ротным катле. Сын палка. Днявальных ён звычайна папярэджваў увечары, каб яго будзілі за пятнаццаць мінут да агульнай пабудкі, каб ён, значыцца, паспеў спакойна ўстаць, адзецца, памыцца і тады ўжо заняцца сваім крыкам. Я меў асалоду той яго прыцішаны загад не выканаць. І сёння бачу: я стаю перад вялікім акном яшчэ царскай казармы і гляджу, як на пляцы ад чырвона-цаглянага блока, дзе камандаванне палка, да помніка героям польска-бальшавіцкай вайны спакойнай, мернай хадой набліжаецца палкавы гарніст. І толькі ён узнімае да вуснаў муштук свайго горна, я крута паварочваюся ад акна і на ўсё горла крычу: «Побудка! Побудка! Устаць!» Пачынаецца шолам і вэрхал, у якім патанае і вяканне нашага вусаценькага крыкуна, якому пакуль што няма калі аблаяць «службовага» за здраду, што ён зрабіў, вядома, пазней, паставіўшы на «бачнасць» здаравеннага «кацапа», які яшчэ і ўсміхаецца.

Ротным гарністам быў у нас мясцовы, з-пад Здалбунова, украінец Паўле, які сваю трубку звычайна хаваў пад падушку, бо сёй-той з нас, у тым ліку і я, любіў павучыцца трубіць. Па службе гэты струмант выкарыстоўваўся кожны дзень аднолькава. Калі рота ішла за горад на заняткі, перад ёю конна ехаў камандзір, а за ім ішлі гарніст і барабаншчык, якія ў паўзах паміж спевам паддавалі нам сваім стукам ды хрыпам маршавага настрою. Нашым дружьгновьгм быў добры хлапчына Кастэцкі, што працаваў да службы сыраварам. Калі яму, «старшаму легіяністу», яфрэйтару, павінны былі заўтра даць лычку капраля, ён ціха адвярнуўся на сваім ніжнім ложку да акна і непрыкметна, як яму здавалася, ужо прышываў тое серабро да пагона. А мы, па-сапраўднаму непрыкметна, перашапнуліся, перамігнуліся, і Паўло, хоць і стары салдат, якому паложана быць больш дысцыплінаваным, выцягнуў з-пад падушкі свой горн, хтосьці скамандаваў: «Дру-жьг-на, бач-насць!», а труба радасна захрыпела пачаткам нейкага Марша. Наш заўтрашні капраль спачатку ўсхапіўся, хацеў крычаць, а потым і сам засмяяўся.

Добра яно ўспамінаецца — простае, людскае, што ад самага нізу.

* * *

У верасні восемдзесят дзевятага года ў пісьменніцкім Доме творчасці «Іслач» адпачывала пара палякаў, перакладчык нашай літаратуры, у тым ліку і мой, з жонкай-эканамісткай. Калі я наведаў іх там, мы, пасля сяброўскай перакускі, пайшлі прайсціся — у недалёкае мястэчка Ракаў.

Ідзем, гамонім, а на ўзлеску сядзіць на пянёчку адміністратарка нашага дома, ціха і сумна, нібы стаміўшыся ад далёкай, нялёгкай дарогі. Расказала, што з пошты ідзе. Сынок-салдат папрасіў прыслаць грошай. Тэлеграфам. І не тое гэта, што ён у яе распешчаны адзінец, і, дзякуй Богу, не здарылася нічога, а проста... Проста, звычайна — «дзедаўшчына», наша хамскае зверства, здзекі старых салдатаў з маладых. Хлопца прымусілі папрасіць у маці грошай ім на выпіўку, прычым неадкладна, калі ён не хоча, каб яго пабілі, дый не раз. А ў мамы зарплата — сто дзесяць рублёў...

Я паслужыў у дзвюх польскіх часцях, у пашахонскім пяхотным легіяністаў і ў элегантным батальёне марскіх стралкоў, і ніякага здзеку старэйшых салдатаў з маладых не бачыў. Не чуў такога ні ад сваіх братоў, якія абодва служылі, ні ад знаёмых. Тады, на ўзлеску каля Ракава, мне прыгадаўся толькі такі выпадак. Калі мы вярнуліся з Хэлма ў Гдыню, ужо прайшоўшы хто стралковае, хто кулямётнае ці мінамётнае абучэнне, гатовыя да супрацьстаяння з ворагам усутыч з ім, я аднойчы быў рады атрымаць звальненне ў горад. Такое шчасце тады было вельмі рэдка, гарнізон стаяў у павышанай баявой гатоўнасці, у жніўні мы нават і спалі, распранаючыся цераз ноч, на змену. Нацешыўшыся вуліцамі, скверамі, караблямі ў порце, адзінотай, морам, я пад вечар падаўся на прыгарадную паляну, дзе чуваць былі танцы. Толькі ўвайшоў у той шумна-вясёлы салдацка-дзявочы гам — сустрэў малазнаёмага капраля з нашай кулямётнай роты. Адказыраць я павінен быў, і не больш. А яму якраз і трэба было ад мяне больш. Высокі, як і ўсе мы, і моцна рабы, як ніхто з усёй роты, ён спешна, нахмурана зашаптаў мне, што зноў вось наспявае бойка з маракамі. «У разе чэго — одразу багнэтэм у бжух!» Каго? Завошта?.. Ён заспяшаўся ад мяне, відаць, далей збіраючы сілы, а я пайшоў у казармы.

54
{"b":"598985","o":1}