Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Пад вечар, кажучы па-пастушынаму, убіўся на сваім агародзе («ўбіваліся» толькі ў чужое) у салодкі гарох, і ад таго, відаць, што ўлетку саракавога года, першы раз уцякаючы з палону, сяды-тады здаралася падмацоўвацца ў нямецкім полі гарохам, шчасліва набрыўшы на яго ноччу, убачыў самога сябе тады. У тым часе, з высокім адчуваннем сябе ў цэлым свеце, у імкненні да шлі, у шчасці такога становішча — пасля ўсяго, што перажылося, а як сёння падумаўшы, перад тым, што давялося б перажыць, каб уцёкі тыя ўдаліся...

* * *

Якая падзея, якая ўрачыстасць, якое відовішча — як у наша мястэчка па гасцінцы везлі найбольшы звон, як потым уздымалі яго на званіцу, а мы, малыя школьнікі, забыўшыся пра вяртанне дахаты, і местачковыя, і з вёсак, глядзелі ды слухалі каманды таго, што кіраваў гэтым пад'ёмам. Упершыню пачутае мною слова «лябёдка!» — як каманда, што паўтаралася ўперамешку з іншымі словамі, толькі ж без мата.

Успамінаю гэта, чытаючы ў прысланым з Саратава новым часопісе «Гонецъ» (так — з цвёрдым знакам) пра рускія званы. І захацелася заглянуць у «Байдуны»,— як мы, малыя, прабіраліся на званіцу, каб не заўважыў стары званар, што корпаўся ў царкве, як мы краталі той велічэзны звон...

І каўнаскія званы загучалі ў памяці па-свойму, па-літоўску...

* * *

Мінск пасля вёскі сустрэў мяне пахаваннем Скрыгана.

У завяршэнне нашага сяброўства скажу і я, дый не апошні раз, які гэта быў светлы, таленавіты, чысты, амаль па-дзіцячы вясёлы чалавек, да апошняга часу (апавяданні ў «Беларусі») працавіты гранільшчык роднага слова.

* * *

Няма, няма ўжо з кім пасмяяцца намёкам, даўно і добра ведаючы тое самае.

Гэта — калі пра старасць коратка.

* * *

Што вяртаецца час ад часу, каб яго запісаць. Да чаго апусціла нас рэчаіснасць,— столькі гора навокал, а ты пра тое думаеш, як бы гэта самому табе і тваім найбліжэйшым важыць у ліхалецці. Самаахова і ачарсцвенне, і як надоўга яно?..

Калі ўсё звесці толькі да самога сябе, дык не назаўсёды ж самога сябе хопіць. Я адчуў гэта днямі безнадзейна цяжка...

* * *

На труне працавітай і здольнай, і маладой Тамары Чабан па-вясковаму гарэлі тры вялікія свечкі, адна ў галавах, дзве абапал грудзей са складзенымі на іх рукамі. Стоячы ў ганаровай, жалобнай варце, я адчуваў векавую, мудрую вясковасць, народнасць гэтых агеньчыкаў, што цёпла патрэскаліся, перашэптваліся паміж сабой, і ўспамінаў грамніцу ў бацькавых руках. Ён, відаць, меў нейкі час для развітання, як ён ні цяжкі быў, той час, бо ён жа, бацька, і перахрысціў нас, трох малых сыноў, хоць цераз сілу, ён жа і чуў, відаць, наш плач, з якім і адышоў?..

Што ж, паглядзім, як яно будзе. І нікому ўжо не раскажам.

* * *

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі ўспамінаў адну з найбольшых раскошаў жыцця — тое, як маці купала яго ў цэбры, накрывала там, каб добра выпарыўся.

Запісана гэта яго пляменніцай, нястомнай Галінай Максімаўнай, — адтуль адчуваю тую малечую радасць славутага, шматпакутнага акадэміка.

Не помніцца, ці ёсць там пра такое, што мне цяпер ярка прыгадалася. Як мая мама, ужо ў Загоры, значыцца, калі мне было пяць ці шэсць гадоў, падняўшы мяне з дужа цёплай балеі, пацалункамі высмоктвала мыла з вачэй, каб не плакаў — пястун. Зусім не брыдкае, бо шчаслівае слова.

* * *

Замучаная паліваннем дачнага агарода, забеганая па магазінах за адзін свой цэлы мінскі дзень, бабуля ўжо легла, а ўнукі сядзелі каля тэлевізара. Яна яшчэ не заснула, але прыкінулася, што спіць, калі хлопчык ціха прылёг на суседнім ложку, пагладзіў яе руку, пацалаваў тую руку і пачаў засынаць.

Якое маўчанне ў іх, асабліва ў бабулі!..

* * *

Абжытасць новага жылля не толькі ў тым, што мы тут ужо спім, ямо, працуем. Учора, праходзячы каля паштовых скрынак у нашым пад'ездзе, прыемна падумалася, што наша ўжо тым часам сагрэта пісьмамі добрых людзей,— ад яшчэ ўсё нязвычнага ў вымаўленні Санкт-Пецярбурга да Кіева, Краснадара, Лодзі, Прагі... а найбольш Беларусі і Мінска.

1985—1992

З РОЗНЫХ ГАДОЎ

Маё загорскае

Замест былой, з маленства светлай, цёплай, паэзіі кароў, цялят, парасятак — панылая канцлагернасць комплексаў. Быкі (гаворыцца ды пішацца далікатней — «бычкі»), каровы, цяляты ў неспакойным тлуме, месяцца ў чорным глыбокім гнаі і ледзь не ўголас скардзяцца на такое жыццё. Асабліва цяляты. Расстаўленыя вушы, вільготныя пысачкі, штосьці такое малечае ў даверліва-добрых, вялікіх вачах.

Пасля ўсёй гэтай канцлагернасці на адной з фермаў прыемна было ўбачыць карову ў прасторнай, чыста падасланай загарадцы — перад цяленнем.

Ажно мне ўспомніўся бацька, на маім шостым годзе. Як ён, бывала, падсцеле нашу Падпаску, першую пасля Адэсы, і не вытрымае — сам прыляжа на тоўстай ды свежай пасцелі з жытняй саломы. І сына малога пакліча прылегчы. Селянін, што пасля трох дзесяцігоддзяў службы на чыгунцы вярнуўся ў роднае Загора, да свайго пачатку.

* * *

Мужык зайшоў да пана, а той снедае. Намазаў булку маслам ды яшчэ і скрыль каўбасы зверху палажыў. Мужык аж застагнаў.

— Ты чаго стогнеш? — пытаецца пан.

— Ой, паночку, добра гэта, калі дабро на дабро лезе! А як бяда на бяду?

— А што ў цябе за бяда?

— Ды скула, пане, села на кіле!..

...Дзяк пад мухай чытае ў царкве «за здравие». Іваны,

Ганны, Міхайлы, зноў Іваны... А потым пайшлі Ціты, паўвёскі Цітоў, адзін за адным. Божая дудка заскакаў на месцы:

— Ці-та-та! Ці-та-та!!.

Расказваў мне гэта вясёлы дзед, калісьці чыгуначны тэхнік, у мястэчку сваім апрасцелы «талстовец».

* * *

«Маскаль», прахожы салдат, на вясковых «дзядах». Пашанцавала яму — запрасілі за стол. Бабуля кажа:

— Ты, салдацік, адразу не наядайся адной капусты, будзе яшчэ адзінаццаць страў.

Ён і асцерагаўся. А потым, пасля дванаццатай стравы, панцаковай кашы, нагадаў гаспадыні пра першую:

— А вороти-ка ты, бабушка, щи... Ну, капусту по-вашему!..

* * *

Нявестка расказвае:

— Сям'я наша вялікая, а гаршчок закінуць няма чым. Што ж, возьмеш пеўнева крыльца, што засталося ад усяго, усё роўна як жабу сухую знойдзеш у каляіне, і закрасіш.

* * *

Адзін святочны каптан на двух нежанатых братоў. Прыйшоўшы ў нашу вёску на вечарынку, як толькі музыка рэзне, старэйшы распранаецца і крычыць малодшаму: «Трымай!» Потым — наадварот.

Абодва здаравенныя, асабліва малодшы. Калі рабілі на гасцінцы мост, прыпадымаў дваццаціпудовую «бабу». А як у школу мы з ім хадзілі, хоць ён і старэйшы за мяне гадоў на пяць, ён крэсіў чучкамі па канце парты, паказваючы нам, што і зусім яму не баліць.

* * *

Брат-настаўнік — з тых, каму работу далі толькі ў цэнтральнай Польшчы — прыехаў у госці да брата-гаспадара. З жонкай-паняй. Брату-гаспадару цяжка прыдумаць, як даступіцца да гэтай пані. Абедаюць.

— Ешце, Ядзя,— частуе гаспадар.— Хочаце — буракі, хочаце — панцак.

Буракі — боршч бурачны з мясам, а панцак — на другое, забелены. І нябедна, і па-святочнаму. Брата дык па старой памяці Івана назавеш, а братавую — хто яе ведае. Можа, лепш пані? Бо ўсё маўчыць ды ўсміхаецца.

* * *

Гаспадарлівая, вясёлая цётка: — Нешта масла маё на гэты раз спалоханае. Бялейшае, чым трэба.

* * *

Коласаў брат, стары дзядзька Юзік, калі мы ездзілі ў Наваградак выступаць, раненька зайшоў у мой гасцінічны нумар — пагаварыць. Між іншым і такое:

51
{"b":"598985","o":1}