Литмир - Электронная Библиотека

— А мы ж, дарагая, усё жыццё толькі ўсё спадзяемся ды спадзяемся...

З сённяшняга дня зноў падаражанне. Днямі ў пісьменніцкім гурце я сказаў, што аніяк не магу даўмецца, як гэта можа палепшаць ад жахлівай дарагавізны, спаслаўся на сваю неадукаванасць. Але і М., які з дзвюма вышэйшымі асветамі, пацвердзіў, што і ён не разумее гэтага. Трэба думаць, што і іншыя калегі маўчалі не ад вялікага разумення.

Ну што ж, праваліцца гэтая палітыка — аўтары яе пойдуць у адстаўку, прыйдуць іншыя, зноў трэба будзе спадзявацца...

Па тэлевізары нейкі сыценькі, багата апраненькі бізнесменчык смачна выказваў і такую ісціну: чым больш будзе ў нас багатых людзей, тым лепш будзе народу. Як быццам у нас такога не было калісьці...

Да чаго вяртаемся? Не толькі да пераносу машчэй, пахавання вялікіх князёў, перапрагання з трактара ў хамут...

І самае сумнае — гэта яшчэ ды яшчэ прывучае да подлай думкі, каб як тут выжыць самому...

* * *

Як гэта важна і як нялёгка — у рознаспляценнях гісторыі, сваёй і суседскай, а ў нас — з чатырох бакоў, бачыць агульналюдскую сцежку міру і братэрства, берагчы яе і ўзмацняць сваёю працай!..

У сваім непрыдуманым патрыятызме і я павінен асцерагацца таго, што — пры абавязковым захаванні роднай-народнай годнасці — не служыць дружбе і братэрству народаў.

* * *

«Незалежная радыёстанцыя «Свабода», якая фінансуецца кангрэсам ЗША». Толькі фінансуецца?.. Днямі адзін з нашых мюнхенскіх асветнікаў усё роўна як прагаварыўся, што радыёстанцыя «праводзіць палітыку ЗША». Тут нібы аб'ектыўнасць між іншым, а ў дні леташняга «шторму ў пустыні» пра нас той самы асветнік намякаў ужо з варожым металам у голасе: што мы, маўляў, адмежаваліся ад удзелу...

А на «Свабодзе» той столькі ўжо нашых памагатых — і адгэтуль, і адтуль, на лепшым харчы, з гітарай і шпагай рыцараў адраджэння...

* * *

«Лепш было б, каб яна нас перамагла, Германія,— хоць бы цяпер жылі, як людзі». І не задумваецца ў гэтым мяшчанскім ідыятызме, што перамагла б нас тады не сённяшняя, дэмакратычная, а тая — гітлераўская, у якое наконт нас былі іншыя планы...

* * *

Па «Свабодзе» спадар, які не так даўно быў таварышам, смуткуючы ў сувязі са смерцю аднаго з прыкметнейшых дзеячаў, гаворыць, як гэты дзеяч змагаўся за Беларусь у час гітлераўскай акупацыі, ды так змагаўся, што, нарэшце, «мусіў узяць зброю». А трэба было б удакладніць: узяць нямецкую зброю... Трагедыя гэта — разам з ужо асуджаным гітлерызмам (ішоў 1944-ты), так жахліва далёкім ад сапраўды чалавечага лёсу беларускага народа, вялікая трагедыя — дзеля нібы свайго выступаць за выразна чужое, варожае не толькі твайму народу, але і ўсяму чалавецтву. Сталінізм, саветызм катэгарычна адмаўляецца, а паміж гэтай антычалавечнасцю была ж і другая, не менш небяспечная,— фашысцкая прага авалодання светам. А тут яно — жаданне апраўдацца нейкім выключным патрыятызмам, адно падкрэсліваючы, а другое замоўчваючы. Калі ўжо праўда, дык патрэбна ўся, якой бы горкай для тых ці іншых яна ні была.

Калі я ў пачатку 1973 года для будучай кнігі «Я з вогненнай вёскі...» працаваў у варшаўскім архіве «instytutu badania zbrodni hitlerowskich» [62], мне там (з даверам, на які паўплываў і мой удзел у абароннай вайне трыццаць дзевятага, і добрае стаўленне да мяне польскай літаратурнай грамадскасці) неафіцыйна давалі дакументы, атрыманыя з амерыканскіх архіваў. Іменна там было пра тое, як у плане «Ost» Беларусі вызначалася быць ператворанай у каксагызнае поле, а беларусам — стаць непісьменным рабочым быдлам. За гэта некаторымі суайчыннікамі і «бралася зброя», чорна-шэрыя шуцманаўскія неданоскі, рабочая форма няшчасных, абалваненых забойцаў сваіх жа беларускіх дзяцей, жанчын, нямоглай старэчы — І ў вёсках і ў гарадах, і ў лагерах смерці. Смуткуючы па тысячах мінчан, знішчаных у адпомсту за забойства Кубэ, «аб'ектыўнымі патрыётамі», не гаворыцца, што гэтую жахлівую работу немцы праводзілі не адны, як не адны яны пачалі сваё «вызваленне» Беларусі зверскім мардаваннем яўрэяў, а закончылі ліквідацыяй Азарычаў, Трасцянца, Калдычэва...

* * *

Лета семдзесят чацвёртага года. Сямірэчча. Пачастунак у юрце. Прыслугоўваюць мілыя казахскія красуні ў нацыянальных касцюмах. Бароды аксакалаў. Шумная гамонка. А з цэнтра ўсяго гэтага помніцца тост мясцовага рускага пісьменніка У.

Калі ён ваяваў, дык украінец закрыў яго ад варожага кулямёта, а беларус мыў яго ў лазні.

— Хор-рошие ребята! Выпьем, товарищи, за нашу дружбу, за украинский и белорусский народы!..

* * *

Няхай сабе я тут нейкім чынам і набліжаюся да тых старых яўрэяў, што глыбакадумна заключалі (у анекдоце): «Ну, для Бабруйска Трумэн не фігура», аднак, слухаючы і чытаючы пра Шэварднадзе, не-не дый думаю: куды падзеліся яго глабальны інтэрнацыяналізм, змаганне за мір, за дэмакратыю?..

Успамінаецца, як у шэсцьдзесят пятым годзе мы з Танкам ехалі ў Польшчу і ў вестыбюлі гасцініцы ў Маскве сустрэліся з Іосіфам Нонешвілі, а ён, пачуўшы, куды мы едзем, сказаў: «О, мы, грузины, поляков любим, они тоже гордый народ!..»

Гордаму народу хочацца быць толькі зверху — над Асеціяй, над Абхазіяй, яны глядзяць на тых асецінцаў ды абхазаў, як палякі на нас. Сваё мы адчувалі і адчуваем, а пагарду грузінаў да абхазаў мне даводзілася назіраць, і пры Сталіне, і значна пазней.

Гарбачоў «прагарэў» як палітык, а тое, што ў яго ў Вашынгтоне сказалася — застаецца як неадменнае: «Всякая политика безнравственна».

Можна дадаць: а кожны нацыяналізм смярдзіць у асноўным аднолькава.

* * *

Па радыё гаворыцца пра дзесятае, адзінаццатае стагоддзі. З такой далечыні мы іх лістаем, тыя стагоддзі, хутка і лёгка. А калі падумаць — час жа і тады ішоў гадзінамі, днямі, тыднямі, месяцамі, гадамі, дзесяцігоддзямі... Пры нейкім там Мешку Першым (пра яго — па радыё), Уладзіміры кіеўскім, Рагвалодзе полацкім і гэтак далей людзі жылі і кожны па сабе, і сем'ямі, і пакаленнямі, паволі, з болем, са шчасцем...

* * *

Учора хораша канчаўся дзень, над палямі, дзе яшчэ ўсё варушыліся капальнікі і няшчодра сёлета тырчалі мяхі бульбы, барвяна, няспешна заходзіла сонца, а наш аўтобус апошнім рэйсам, аказваецца, павінен быў заехаць у чатыры вёскі, тры з якіх незнаёмыя мне.

А назвы якія смачныя! Яшчэ на аўтастанцыі на адным аўтобусе ўбачыў таблічку: «Стоўбцы-Халаімаўшчына» і падзівіўся, што гэта быў за Халаім такі, калі ў нашым Загоры, за трыццаць кіламетраў адгэтуль, ёсць такая мянушка. І прыгадалася вёска з мясцовых — Жацерава, з рачулкай Жацераўкай.

З Цвірак мы паехалі, наўздагон сонцу, у Градкі, дзе сышла прыемнага выгляду маладзіца з вясёлым хлопчыкам, а мне прыгадалася мілахлёсткая прыпеўка:

А ў майго татка

пад гарою хатка,

і садок, і мядок,

і цыбулькі градка.

Адтуль мы вярнуліся ў Цвіркі, па нядаўна пракладзеным асфальце шыбанулі ў Слабодку, ужо не міма яе, як заўсёды, а праехалі цераз усю вёску, зноў па-вераснёўску прыгожымі палямі даехалі ў зусім незнаёмыя мне Віскачы, а з іх у малазнаёмую Ініцу, дзе і рэчка таксама Ініца, дзе мне згадаўся трыццаць чацвёрты год і дзве кніжыцы вершаў Улада Ініцкага, які родам адгэтуль.

У Беражне, на святло ў сябравым акне, зайшоў да яго, ён мяне трохі правёў, а потым я, ужо амаль у такой цемры, што толькі каляіны падсохлай пясчанай дарогі крыху святлеюць, хутка пайшоў... зноў жа дахаты, бо такое адчуванне прыжылося ў душы за адзінаццаць год у Крынічным.

* * *

Старыя дочкі весела ўспамінаюць свайго бацьку, даволі багатага хутараніна. Сенаваць наймаў ён дзяўчат у вёсцы, добра ведаючы, каторая з іх галасістая. А там: «Паспявайце, дзяўчаткі!» Добра падсілкаваўшыся перад гэтым, яны і спявалі, яшчэ седзячы, а потым і з граблямі. І людзі з другое вёскі, што завіхаліся за рэчкай, пыталіся, смеючыся:

48
{"b":"598985","o":1}