Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Вісарыён Гарбук скардзіцца ў пісьме: «Чым больш думаю, тым менш пішу». Блізка гэта і мне.

* * *

Учора, зусім пад вечар,— нашэсце «начальства», мясцовага і сталічнага, з жонкамі, са старшынямі суседніх калгасаў, «Адпачывалі» недзе пад Нёманам, згадалі і заехалі. Імправізаванае застолле пад дождж за акном. Мясцовая... хацеў сказаць: моладзь, ды ўспомніў, што ім ужо тым часам добра за сорак. Яны ўжо вывучалі мяне ў школе, пра што гаварыла ладная, вясёлая зямлячка. Трохі ў іх «упоения властью», што, як шыла з мяшка, вытыркае з іншага «упоения», аднак і добрае ёсць.

Чатыры шафёры сядзелі тым часам у машынах пад ліпамі. Гэтыя хлопцы таксама з новага пакалення заходнікаў і многа бачаць з народнага нізу.

Адзін з гасцей пачаў лірычнае: «Гадоў праз дзесяць ніхто і не ўспомніць пра яе...» І схамянуўся, сціх. І думай, ці ён гэта ўхваляе, ці шкадуе, што яе, нашай мовы, ужо не будзе?..

Ішоў я нядаўна ў вёску па малако і, успамінаючы гэта, думаў, што я так нічога іншага і не прыдумаю для сябе, як жыць з чыстым сумленнем сына свайго народа, як старацца добра пісаць на роднай мове [55].

* * *

У перакладах Астроўскага — з апавядання ў апавяданне — уся мая лаянка перакладаецца адным «будь она (он, оно, они) неладна!..» Цяпер, калі ўсё сабрана ў адно, прыкра бачыцца, а правіць у карэктуры двухтомніка не даюць. Заэнтээраць таварышы літаратуру!..

* * *

У аўтобусе п'янаваты равеснік расказвае, як іхні старшыня калгаса — малады (у параўнанні з намі), перадавы і растаўсцелы — ударыў нядаўна калгасніка.

— Што ж ты нас б'еш?! — абураецца колішні партызан.— Мы ж людзі! Мы ж вошай кармілі!..

* * *

Няхай сабе зачаста п'яны, аднак заўсёды працавіты, ён згроб у горбу днямі няўдала скошаны «гарадскімі» сынамі бульбянік, падпаліў яго, і дым велікапышным слупам — паміж лесам і градой наднёманскіх дрэў — пайшоў у светла-вячэрняе неба, як Авелеў.

* * *

Дастаеўскі рабіў сваю агромністую справу з вялікай, здзіўляючай напружанасцю, і яму, пры вечным безграшоўі, не было, ці што, часу апрацоўваць свае рэчы ў дэталях, свой стыль з большым майстэрствам.

Аднак гэта нашу каравасць, наша нядбальства не апраўдвае. Вучыцца ў Дастаеўскага трэба не гэтаму... Калі наогул можна навучыцца геніяльнасці.

* * *

Княгіня Цулукідзе, «Всего одна жизнь».

Чытаючы, успомніў смерць Алеся і тое, як яна, Т. Р., абураючыся тым, што кафэ дома літаратара занята, у найбольшай усхваляванасці пераходзіла на родную грузінскую, злосна гаворачы штосьці толькі самой сабе. Як яна і Алеся тады ацэньвала зверху: «Ён быў такі паслухмяны...»

Але ж і хораша гэта па-свойму — як іх страшная доля звяла «во глубине сибирских»... няхай сабе не «руд», а ў збудаванай самімі хаціне. Грузінская славутасць і беларуская светлая дабрата [56].

* * *

У жніўні сорак восьмага мы з Агіевічам наведалі ялцінскі дом Чэхава. Калі запісвалі ў кнізе наведвальнікаў свае ўражанні, пажылая супрацоўніца музея, даведаўшыся, хто мы, сказала, што каб яна ведала гэта адразу, дык паказала б нам усё інакш. Сказала, што Марыя Паўлаўна, на жаль, адпачывае цяпер. А на наша пытанне, як жа дом ацалеў у вайну, расказала, што яго тады быў наведаў сам Кейталь (не памятаю — можа, і іншы фельдмаршал) і зрабіў запіс пра сваю пашану да вялікага пісьменніка, што і было для музея «ахоўнай граматай».

* * *

У Сямірэччы, на абласным свяце чабаноў, латыш В. пачаў сваё выступленне вядомым: «Я буду гаварыць на мове Леніна...»

Сакратар абкома, казах, у вайну баявы лётчык, засмяяўся:

— А вы что думаете — мы здесь спрятались в горах, чтобы поговорить на своем языке?..

* * *

Відаць, хутчэй, грунтоўней пайшло б усё на лад у сужыцці народаў, каб уся праўда была толькі на тым ці на гэтым баку. А яна і ў тых, і ў тых патроху, кожны ў нечым па-свойму і аб'ектыўна мае рацыю, што другому не вельмі хочацца прызнаць. Так вось і тузаемся, датузаліся да пагрозы ўсеагульнага знішчэння.

* * *

«Kłopoty literackie». Чытаючы, успомніў, як днямі Ніна разгаварылася ў электрычцы Стоўбцы — Мінск з бабуляй з Жукавага Барка.

— У нас жа былі партызаны. Многа, два атрады. Адным камандаваў Янка Купала, а другім Якуб Колас. Цяпер у Беражне астаўся панскі маёнтак, дык яго аддалі ім. Яны там на дачы жывуць. І да іх з Мінска многа прыязджае...

Несть пророка?.. Ды што хацець ад цёмнай бабкі, калі адзін з тых, што калісьці так «аўтарытэтна» вучыў нас з трыбуны, што і як трэба рабіць за пісьмовым сталом,— К. Т. Мазураў у кнізе сваіх камсамольска-партызанскіх успамінаў піша, між іншым, як ён любіць Коласаву «Новую зямлю», «в которой поэт показал людей послереволюционной Белоруссии»...

З выданнем успамінаў аўтару дапамагалі тры рэцэнзенты з высокімі званнямі, у якасці рэдактара значыцца сам загадчык аддзела мемуараў. А пазней, пры выпадковай сустрэчы, былы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі заслужана пахваліўся мне: «О, з кнігай Кірылу Трафімавічу я нямала дапамог!»

Словам, усё рабілася на найвышэйшым узроўні [57].

* * *

Зноў прыгадаўся стары Сяменікаў, нямоглы ветэран заходнебеларускага камуністычнага падполля. «На першым допыце ўвесь тынк на сцяне ў кабінеце следчага быў абабіты маёй галавою...» А потым: «Партыя знайшла мяне і ў тайзе!..»

Так і карцела спытацца: «А хто ж вас запякаў туды?..»

* * *

Строгасць маскоўскіх рэдактараў, дакладней — рэдактарам «Прежде всего забудьте, что это где-то печаталось». «Где-то» азначае друкаванне ў арыгінале, на роднай мове. А потым, калі пачынаеш зусім справядліва і неабвержна аспрэчваць што-небудзь, яна з пажылым адчаем паварочвае на чалавечнасць: «Не лишайте меня куска хлеба!..»

У кнігу «Немного о вечном» раздел «Из записных книжек» я дасылаў асобна. Першы экземпляр рукапісу недзе заваляўся ў рэдакцыі, не знайшлі, рэдактар узяла дахаты другі экземпляр, там працавала над ім. Колькі было накрэмзана!.. А потым, у карэктуры, гляджу — усё па-мойму! Спачатку было шчаслівае здзіўленне, пасля прыйшла здагадка: малодшы рэдактар знайшла той першы экземпляр і сунула яго ў адрэдагаваны рукапіс, каб лішне не перадрукоўваць. Рэдактар карэктуру чытала, цэнзар усё чытаў — усе засталіся са сваім куском хлеба. Недаскублены аўтар — таксама.

* * *

Думаў не так даўно, а потым і гаварылі пра гэта з Караткевічам (нават ён і пачаў), што ўсе нашы капітальныя выданні — тамы фальклорнай серыі, энцыклапедычныя шмат- і аднатомнікі — як быццам падбіванне вынікаў, баланс перад закрыццём...

Толькі літаратура жыве ў развіцці, сяк-так трапечацца.

ВЯЧЭРНЯЕ

Памёр Алесь Руляк, мой даўні сябар па кнігах, нашмат старэйшы за мяне настаўнік-пенсіянер. Праз паўгода наведаўшы яго самотную ўдаву, знаёмлюся з тым, што засталося ад яго архіва, перабіраю змесціва старога чамадана. Я не сабраўся прыехаць раней, і гаспадыня паспела ўсе пісьмы спаліць. А іх, я ведаю, было нямала. З такой далечыні, як Польшча, Англія, Аўстралія, ад сваякоў, якіх віхураю вайны разнесла па вялікім свеце, ну, вядома, і бліжэйшыя пісьмы, ад сяброў па наваградскай беларускай гімназіі, ад іншых людзей, у тым ліку і мае, за ўсе пасляваенныя гады.

Часта такое паўтараецца — спальванне, «чтобы не захламлять квартиру», як пісала мне з паўночнага Урала дачка абруселага педагога Сяргея Гайко, у трыццаць трэцім годзе сасланага туды беларускага пачынаючага літаратара, інтэлігентнага, высакароднага чалавека, з якім я перапісваўся больш за дзесяць гадоў.

31
{"b":"598985","o":1}