Литмир - Электронная Библиотека

Культ асобы пачынаецца ад пят, а не канчаецца ён у нас — аніяк.

* * *

Учора вячэраў з двума гасцямі, адзін з якіх, сімпатычны мне чорнарабочы вайны, перамогі над фашызмам, расшчыраны чаркай, расказаў, як у Германіі, улетку сорак пятага года, яго судзілі. І цяжка мне стала ад гэтага расказу, ажно запісваю, каб неяк расквітацца з гэтым цяжарам, балючым і складаным...

У хлопца немцы — не проста фашысты, уласаўцы, паліцаі і немцы, а іменна нямецкія салдаты — замардавалі ўсю сям'ю. Дзеўка, што ацалела нейкім цудам, расказвала, як яго старая маці крычала ад перадсмяротнага жаху, а маленькая дачка супакойвала яе, сваю бабулю:

— Бабка, не крычы!..

(Успомніў зноў, пасля ўчарашняга, як глядзеў у нейкай кінахроніцы: маці забіта, а маленькі в'етнамчык плача рукамі, бо кадры нямыя, трасучы імі ў святым, капрызным пратэсце...)

І вось гэты хлопец, якому было ўжо дваццаць дзевяць гадоў, насіў у простай душы столькі нянавісці і прагі помсты, што яму мала было разгрому вермахта, капітуляцыі. Ён расказвае, як ехаў на «студэбекеры», адзін у машыне, і на дарозе Дрэздэн — Берлін дагнаў калону бежанцаў, што вярталіся з поўдня на поўнач. Пехатой, у калясачках, з нейкай маёмасцю.

— Я азірнуўся — нікога няма. Ну, думаю... І пачаў іх ламаць!.. Потым мяне даганяе на «вілісе», ён трубіць. Я ўцякаю. У гараж прыляцеў, паставіў машыну...

(Мне нібы хочацца, ды я баюся, як кашчунства нейкага, спытацца пра кроў на скатах...)

— ...Выйшаў, іду, бачу, яшчэ тры малыя, гадоў па чатырнаццаць, купаюцца ў купальні. Цаглінаю пазабіваў...

(Мне трэба, мусіць, пратэставаць, я адчуваю, што на гэтым канчаецца мая ранейшая сімпатыя да гэтага чалавека, але я маўчу. Мне толькі вельмі ярка ўяўляюцца тыя хлапчукі,— як заўсёды цяпер,— праз майго хлапчука, які вельмі любіць купацца...)

— ...Арыштавалі тады мяне, кажуць, што на дарозе я задушыў восемдзесят шэсць чалавек. «Душыў,— кажу,— і буду душыць!» «Не,— кажуць яны, з асобага аддзела,— цяпер ужо мы табою зоймемся». Судзілі мяне паказацельным, разам з нейкім сяржантам, што зарэзаў у бойцы таварыша. Далі мне дзесяць гадоў.

— І што?

— Адвезлі потым трохі ды выпусцілі. І тады ўжо я ездзіў вось так,— змяіць ён карэлым пальцам па палітуры стала,— нават іхняй іголкі не зачапіў.

Я не хачу, не магу, здаецца, не маю права ад сябе каменціраваць гэтую бездань жаху. Мне ўспамінаецца другі чорнарабочы вайны, перамогі, што здабывалася не ў беленькіх пальчатках. Былы партызан, пасля франтавік, што граміў Германію, хадзіў цераз Хінган, што мае права лічыцца, як гаворыць яго быстрая жоначка, сапраўдным Іванам, які на сваім карку вынес вайну. Іван прыйшоў — не сам прыйшоў, а жонка прывяла — да дэпутата, земляка, таварыша па брыгадзе, прасіць памагчы з кватэрай. Працуе зноў жа на самым нізе, рабочым халадзільніка, а не якой-небудзь вялікай ці моднай новабудоўлі. Дзеці растуць і вучацца нядрэнна. Асабліва старэйшы хлопец. Урокі рабіць лазіць у паграбок пад домам, дзе яму бацька правёў святло, лямпачку над столікам. Бо ўсё яшчэ стаіць Іван у чарзе на кватэру.

— Я цябе, браце, не турбаваў бы, але баба не дае дыхнуць...

Ён нават усміхаецца вінавата.

Слова за слова і расказаў мне выпадак.

— У Германіі тожа было. Ідзем мы з лейтэнантам і чуем: наверсе ў доме крычаць. Узбеглі мы, здаецца, аж на чацвёрты паверх, глядзім, а гэта наш адзін, здаецца, старшына. Немцы, стары і старая, крычаць, а ён ужо адабраў у іх малую — дзевачку гадоў са тры ці з чатыры — і нясе да акна, каб выкінуць. Я падляцеў ды ахнуў яму аўтаматам, прыкладам па галаве. Што ж ты, сукін сын, робіш?.. Што ж табе гэтае дзіця зрабіла?.. А тады яшчэ лейтэнант яго паставіў ды па мардах...

Я — з гэтым, толькі з гэтым Іванам!

А таму Івану, што называецца інакш, я дарма не сказаў усяго, што думаў, слухаючы яго расказ. Бо ён жа мне ўсё расказаў. Нібы спавядаючыся, каб палягчэла.

Дарога Дрэздэн — Берлін цяпер пралягае ў дэмакратычнай Германіі. І абапал яе недадушаныя «студэбекерам», таксама як і бацькі трох забітых цаглінай хлопчыкаў, памятаюць, калі не толькі, дык перш за ўсё сваю крыўду. Як зямляк мой і многія з нашых — сваю. Колькі ж трэба, каб мы падняліся вышэй, мы — людзі, насельнікі Зямлі, якая ўжо знята намі з вышыні сарака тысяч кіламетраў?

...Расказ Іванаў стаяў у маёй памяці на чарзе два гады.

І сёння зразумела ўжо, чаму я не мог яго запісаць [18].

* * *

Шкада стала нашу мілую вясковую малечу, якую трохі прывучаць да роднай граматы, а потым адсаджваюць ад яе, адрываюць — нялюдска...

* * *

Калі мне ўчора сястра ставіла тысячу і адну баньку, весела ўявіў Танка, магутнага рагатуна,— як ён ляжыць пад банькамі і рады, што гэта вельмі цікава малым, якія спалохана і здзіўлена акружылі ягоны ложак...

* * *

Старая кадра — К. выступае ў Ташкенце, на адкрыцці нашай дэкады:

— Таварышы ўзбекі, давайце разам павучым нашых пісьменнікаў пісаць! Каб памагчы ім у выкананні пяцігадовага плана!..

Тая ж кадра слухае на нашым пісьменніцкім з'ездзе выступленне аднаго са старэйшых літаратараў — аж рот разявіў ад цікаўнасці. Прамоўца радуецца, як дружна, хораша ідзе моладзь у беларускую літаратуру, а начальнік — гэта відно па ягоным выглядзе — думае:

«І спраўся тут з гэтай заразай, паспрабуй яе асіміляваць...»

* * *

Намёк:

Добры хлопец, з прыгожай ваеннай біяграфіяй, аднак ці ж даваць яму за гэта, як забаўку для красавання, як падарунак,— лёсы людзей, раён, вобласць, рэспубліку?..

* * *

Важная дама «зверху» прыйшла на пісьменніцкі сход.

— Прабачце,— кажуць ёй,— гэтае месца занятае.

— Нічога, прыйдзе таварыш — пасадзім. Запахла падтэкстам...

* * *

Касцёл распісаны італьянцам. А на сцяне — партрэт Сыракомля Падлічыў яго гады — толькі сорак! — і стала нібы зайздросна, сумнавата, што вось мала пажыў калега, а добры след застаўся. Не тут — у жыцці. А тут, у Нясвіжы, бачыць яго прыемна па-асабліваму. І ўспомніўся жупранскі касцёл — Багушэвіч. У адным часткова, у другім поўнасцю пачатак нашага станаўлення. Перамога — не поўная, барацьба павінна ісці і расці. Каб не ўмерлі. Бо сумна, цяжка і дзіўна — быць не самім сабою на сваёй зямлі.

* * *

Гэта ўжо наша, новае — прадстаўнікоў савецкай улады большасць (бадай, што большасць) народа лічыць панамі. Гаварылі ж мне мае выбаршчыкі: «А што нам за розніца, які пан будзе ў нас дэпутатам?..» Імкнецца ж амаль кожны калгаснік паслаць на вучобу, у горад сваіх дзяцей, каб яны не капаліся, як бацькі, у гнаі, а «пажылі, як людзі»...

* * *

Што такое наша (мая?) «публіцыстыка»? Жаданне падагнаць жыццё пад газетную праўду, апраўдаць, падперці вернападданымі фразамі пэўную смеласць, якую дапусціш, не думаючы пра нездавальненне начальства.

Вытрасаў яе, распратакую публіцыстыку, з «Быстранкі», цяпер прачытаў «Апошнюю сустрэчу» і таксама буду вытрасаць. Усе падпорачкі, усю маскіроўку, якая там сабралася, пакуль рэч пралезла ў друк. Цяпер, можа, пралезе і так?..

* * *

Барацьба з культам асобы па-ранейшаму (да XXII з'езда): помнік Леніну к Першамаю пафарбавалі, а Сталін так і застаўся аблезлы.

* * *

Простая, сціплая, акуратная. Ходзіць — наскамі танных туфляў усярэдзіну. Гаворыць з наведвальнікамі і па тэлефоне толькі па-руску. А потым чую: «На афторнік мястоў уже нет». Бедная беларуска. Бедная Беларусь.

* * *

Якое ўсё-такі трэба мець вялікадзяржаўнае нахабства, каб гаварыць нам, беларусам, што вывучэнне нашай роднай мовы ў нашых школах перашкаджае нашым дзецям вывучаць мову рускую!..

12
{"b":"598985","o":1}