Литмир - Электронная Библиотека

«Ну ж i люты!.. Ну ж i зіма!..»

У нараканні я вам сёння не таварыш.

Сёння ў мяне свая, вельмі свая цішыня.

Учора ўвечары, пад высокім скляпеннем рыжскага Домскага сабора, такіх цішынь было больш за тысячу. Сядзячае мноства не знаёмых паміж сабою людзей, што сышліся сюды з адным для ўсіх жаданнем. Кожны сабе, па-свойму маўчаў, i з безлічы гэтых маўчанняў складалася адна ўрачыстая цішыня.

Над гэтай цішынёй, у гэтай цішыні грымеў арган... Грымеў не громам зямной, будзённай мітусні, a мяккімі, груднымі перакатамі, магутна-стрыманым, вышынным рокатам навальнічнай хмары, адкуль даўно ўжо адышлі ў людскі ўспамін свяшчэнны жах i трывога, а засталася толькі паэзія. З бязмежжам сумна i прагна чаканай свежасці, з агнявымі ўскрыкамі, захапленнем маланак, з мноствам спакойных, ясных вясёлак.

Арган быў высока над намі, усе мы глядзелі туды, аднак усім, відаць, здавалася, што музыка жыла не тут, не пад гэтым скляпеннем. I некрыклівы гром, i стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, i песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе i сардэчным рокаце мноства зачараваных арганных труб — усё здавалася незямным, незвычайным.

Маладая арганістка, фота якой, разам з праграмай канцэрта, зайздросна купіла некалькі сот жанчын, ва ўсмешку якое, звычайную ў іншых абставінах, закахалася некалькі сот мужчын адразу,— маладая славутасць, закончыўшы нябесны гром i цішыню, выходзіла з-за гатычнай, пазалочанай пышнасці балкона i кланялася над парапетам уніз, мноству прыўзнятых твараў. З усмешкай, якую мы знізу толькі ўгадвалі, ведаючы па фота. I і'не здавалася, што я люблю яе вельмі даўно, што я яе ведаю найбліжэй. Хоць я ніколі яшчэ не бачыў яе не ўгары, а на нізе, хоць я пачуў яе зямное, афішнае імя — толькі цяпер.

Я любіў яе — амаль зусім уяўную, толькі ў раскошным, зачараваным свеце тых гукаў, якімі яна напоўніла ўсё навокал, пачынаючы, як здавалася кожнаму з нас, ад мяне, у свеце гукаў, якіх я так доўга, так сумна i прагна чакаў, з якімі мне так легка пойдзецца цяпер далей, у бязмежжа хвалюючай вечнасці — чыстай i для мяне, i мне, разам з усімі, даступнай...

Мой друг, латыш, які па тэлефоне запрасіў мяне з-за горада на канцэрт, сам быў у Домскім саборы ўжо неаднойчы. Ды ён — паэт, i больш яшчэ: добры i шчыры чалавек, i ён па-гаспадарску, па-святочнаму рады нашай сустрэчы i маёй радасці. Па ягонай просьбе мяне прывёў сюды яго знаёмы, а сам мой друг па ўважлівай прычыне трохі прыпазніўся. Мы сустрэліся перад самым пачаткам канцэрта, ужо на нашых месдах. Сказаць што-небудзь больш за словы першай радасці не было ўжо калі. Еось-вось набліжалася цішыня, прыход якое настройваў i абавязваў маўчаць. А потым яно пачалося — высока над намі i ў нас...

Толькі на першым перапынку мы разгаварыліся. Пасля трох год разлукі i нячастай перапіскі. Дзіўна, а збоку гледзячы, можа, i недарэчна яно выглядала,— як я пачаў нашу гутарку. З усіх назваў тых узбярэжных гарадкоў, у адным з якіх я часова жыву, з усіх тых частых прыпынкаў электрычкі, за месяц пералічаных мною то з аднаго, то з другога канца, толькі адна назва была незразумелая i нібы надта ж, іменна цяпер спатрэбілася мне даведацца, што яна азначае.

— Слухай, што гэта Слока? Юрмала, Дзінтара — ведаю: Узбярэжжа, Янтарнае. А што, па-вашаму, Слока?

Ён усміхаецца, нібы i сам чакаў, што я задам яму іменна гэтае, такое важнае пытанне, а ён, на радасць нам, адкажа — легка, проста i шматзначна.

— Слока — па-руску вальдшнэп.

I мы як быццам здзіўляемся гэтаму цуду слова, які прыйшоў да нас так дарэчы іменна сёння i тут. Я раскашуюся ў гэтым цудзе, узмацняю яго яшчэ адным адкрыццём.

— Па-вашаму sioka, па-нашаму слонка. I па-польску таксама słonka або ў Міцкевіча — słomka. Паслухай, ты зразумееш мяне.

Мне ўспамінаецца наймілейшая ў свеце краса маіх родных мясцін i той, хто апісаў тую красу найлепш.

— Я буду гаварыць паволі i выразна.

I я чытаю яму, яшчэ ў маленстве назаўсёды паложаны ў памяць радок, адзін з вечна свежых — на кожны покліч i дотык:

W wieczór słychać w zaroślach szept ciągnącej słomki... [2]

— Ну, зразумеў? — пытаюся, ад шчасця нетактоўна.

Ды ён не крыўдзіцца. I я нарэшце схамянуўся — успамінаю, што ён i нашу мову вывучыў, i польскую не толькі адчувае... А можа тут, у гэтай святыні высокіх пачуццяў, па-маладому хмельна-паэтычнага настрою — можа, тут хопіць i аднаго адчування музыкі слова?..

Вось яна, песня аргана, зноў пачалася. Зноў я гляджу туды, угару...

...Сёння не першы снег, сёння не першая шэрань. Сёння ўжо на дварэ канчаецца люты. Кіслы, хлюпотны, занудлівы люты. Сёння за тоўста-каменнымі сценамі, за стралістымі скляпеннямі гэтай старадаўняй святыні ддзе звычайны снег — вельмі няпэўны, мокры, не першы...

А мне — пад музыку нашай нябачнай багіні — ціха, шчасліва i вельмі чыста, беленька ўспамінаецца сёлетні першы снег.

Ён, як заўсёды, прыйшоў нечакана.

Перад гэтым мы, чатыры сябры, проста ўзялі білеты на рэйсавы аўтобус, каб паехаць нарэшце ў тую гродзенскую глыбінку, куды нас прасілі вясковыя чытачы. Узялі білеты i, яшчэ прасцей, дамовіліся сустрэцца ўранні на вакзале. Нават i блізка не думаючы пра тое, што гэта быў апошні шэры адвячорак золкай восені.

А снег тым часам ноччу пайшоў, i ўранні мы глядзелі на яго праз вокны аўтобуса не так сабе, а па-святочнаму прыўзнята.

На цэлым свеце — белы снег, на ўсіх палях i дахах. На ўсіх на свеце дрэвах i дратах — першая шэрань. У вялікім, хуткім аўтобусе многа людзей. I ўсе яны — унучка, бабуля, студэнтка, адпускнік-салдат, заклапочаны бацька-калгаснік i валасата-бяздумны з выгляду юнак,— усе вельмі рады гэтаму беламу шчасцю, аднаму для ўсіх, i толькі не зразумела, чаму не спяваюць пра гэта, не смяюцца звонка, хоць бы, нарэшце, чаму не гавораць.

I недзе там... Грымі, мой нябесны арган, спявайце, сардэчныя скрыпкі!.. Недзе — у белым полі, святочным i безыменным — стаяў сабе шэры, трохі гудлівы тэлеграфны слуп. Не адзін, вядома, a ў рэдкай чарзе такіх самых слупоў, пад ацяжэлымі ад шэрані дратамі, але адзін толькі патрэбны мне i незвычайны. Каля слупа таго сядзеў... Так, не стаяў, a іменна сядзеў слупочкам шэры заяц. Да зайца полем, па белай нерушы памалу, задаволена брыў чалавек са стрэльбай. Ён святкаваў сваю радасць, бо ведаў, што заяц, падбіты, нікуды не дзенецца, дапусціць яго на яшчэ адзін, найбліжэйшы стрэл. I шэры ведаў гэта i моўчкі чакаў, упершыню, адзіны раз у жыцці адчуваючы, як з яго выплывае чырвоная цеплыня.

I мы адчулі гэта, усе пасажыры аўтобуса. Заварушыліся, загаманілі. Раптам, нібы абурана, адны памкнуліся да акон гэтага боку, a другія прыўсталі. Але аўтобус махнуўся каля той безыменнай мясціны — стрэлу мы не пачулі.

Што — незвычайны аўтобус? Напоўнены толькi паэтамі, па-дарожнаму трохі сентыментальнымі? Ніхто са стрэльбай не хадзіў? Ніхто не ведае радасці першай парошы, удалага стрэлу?

Усё — не так. Я зусім не пра тое...

Той першы снег, з яго шчаслівай, чыстай маладосцю, тут нагадала мне задушэўная, урачыстая песня аргана, а кажучы не так узрушана i дакладней — яшчэ i снегапад, які праводзіў нас да самага парога Домскага сабора.

Ад чаго ж тады — апроч першага снегу ў дарозе — мне цяпер так жыва, так выразна нагадалася яшчэ i маладая, духмяная, як сырадой, салодкая канюшына? Круты, але не рэзкі i не дзіўны пераход: ад снежнай неабсяжнасці — да зялёна-нізенькага гушчару. Так робіцца толькі ў казках, у музыцы. Ну, a калі прасцей, дык мне i шэрае нагадала пра шэрае — заяц пра зайчыка.

Шэры, абсівераны слуп — гэта, па колеры, не шэры, бывалы, таксама абветраны заяц. А заяц, каторы бывалы, гэта не шэранькае зайчаня. Нават i коцікі на вербах не такія шэрыя i цёплыя, як поўсць на знойдзеным у канюшыннай кашы зайчаняці. На ім яна як пух на жаўранку, які яшчэ малы, не ўздымаецца ў вышыню ды не звоніць, a толькі ціхенька дрыжыць у гняздзе, пад рукой чалавека, якая зверху апускаецца над яго безабаронным жахам. На зайчаняці поўсць драпяста-шэрая, мякка-варсістая i цёплая — так i хочацца, так i боязна да яе дакрануцца.

7
{"b":"598984","o":1}