Можа, яшчэ i вярнуся да гэтай тэмы. А цяпер вось, пахмурнай ноччу, далека да раніцы, зноў думаю пра тое самае.
Добры мой дружа, ты ўчора скардзіўся, што зноў прыйшла бяссонніца, што дождж, які шумеў да раніцы, ты палічыў ад першай да апошняй кропелькі. Лічачы горыч памылак, боль незаслужаных крыўдаў, лічачы тое, чаго не здолеў зрабіць, мала знаходзячы палёгкі ў тым, што зроблена...
Няўжо ёсць людзі, якія ў сваёй адзіноце палежваюць, паседжваюць, пахаджваюць, ды толькі радуюцца, успамінаючы, як яны хораша, як яны правільна, як яны плённа прайшлі свой шлях?
У гэтай думцы — з'едлівай, пра «чысценькіх» — пацехі i апраўдання мала...
* * *
За тыдзень «Масквіч» застаяўся пад соснамі, застыў. Не заводзіцца. Скрыгіча толькі, чыркае ды зумкае напуста, не абуджаючы «божай іскры».
Дзядзька Міхась, які за рулём, успрымае гэта, здаецца, без асаблівага хвалявання. З выгляду ён, як заўсёды, спакойны, часцей за ўсё з добрай усмешкай.
«Іменна з выгляду»,— думаю я, сведка дарослы.
Два падшыванцы, якія ўжо хутка, можа нават праз год, будуць крыўдзіцца за такое акрэсленне іхняга ўзросту, думаюць, мне здаецца, што дзядзька Міхась зусім такі не хвалюецца. Зрэшты, у хлопцаў свой клопат — разлука: адзін едзе ў горад, дахаты, другі астаецца тут, у лесе. Яны даволі важна ды сумна маўчаць, можа трохі i ад звычайнай ветлівасці цярпліва.
I вось — матор нарэшце ажыў.
Даўшы яму сагрэцца трохі i яшчэ памармытаць, дзядзька Міхась, вадзіцель-аматар, ён жа вядомы вучоны, выйшаў, стаў перад хлопцамі i, хоць сам ужо даўно не маладзён, засмяяўся — сціпла, добра, але i пераможна:
— Што, думалі — не завядзецца?
У адказ яны, нібы зачакаўшыся гэтага моманТУ» дружна пырхнулі смехам.
Думалі ўсё-такі, падшыванцы.
* * *
У глыбокай даліне, нібы прытаіўшыся,— хутар з вялікім садам i стогадовай хатай.
Гасцей запрашаюць спачатку чамусьці ў чорную кухню, адтуль у чысцейшую хату, дзе чуваць яшчэ кухонная кіслая затхласць, а тады ўжо — у зусім чыстую, прыстойную святліцу.
На гэтым хутары, свядома пакінутым, не перацягнутым у вёску, стаіць найбольшая калгасная пасека, жыве яшчэ адзін цікавы дзед.
З'явіўся ён перад намі ў самым несвяточным выглядзе. Прыехаў аднекуль верхам, цяжка ссунуўся жыватом з каня, чарнаногі, лахматы, расхрыстаны. Ажно падумалася: «I як яго, такога, пчолы падпускаюць?» А цану сабе ведае: «Школа — што? Трэба практыка». Старшыня расказваў нам у дарозе, што сюды, да дзеда, ён пасылае дзяўчат пасля пчалярскай школы. Падвучыцца. Мудрай народнай цярплівасці, любві да справы.
Дзед прыкметна збянтэжыўся свайго выгляду, выйшаў, пакінуўшы нас у святліцы, a неўзабаве вярнуўся ў чыстай кашулі, зашпілены на ўсе гузікі, у ініных портках, ногі схаваўшы ў боты. Тады вось i сказаў ён сваё, поўнае заслужанай годнасці: «Школа — што?»
У вялікім садзе мноства вулляў. Заўсёды яны... амаль хвалююць мяне сваёй шматфарбнасцю, як у маленстве хвалявалі рознакаляровыя алоўкі. Навошта вуллі фарбуюць па-рознаму — для пчол ці для нашага, чалавечага, вока? Шкада, не спытаўся ў старога, успомніў пра гэта толькі пасля.
Вуллі маўчаць, адно каля ляткоў руплівіды снуюць ды трохі лётаюць. Здаецца, вялыя ад вогкай хмарнасці. Колькі тут звону бывае пры сонцы! A колькі мёду — для ўсіх! Наіўнае, прыемнае, нібы новае адчуванне.
Упершыню пачуў тут, калі сядзелі за сталом, што апошняя чарка называецца расхадуха. Стары разварушыўся, многа расказваў пра свае паляванні — пры цару, пры панах i цяпер. Зайцы ды курапаткі — хто яе, тую драбноту, лічыў? Былі ваўкі, дзікі, ласі, было браканьерства, прэміі, усялякая свежаніна. Быў i дагэтуль яшчэ застаўся азарт.
У гэтай стогадовай хаце, моцнай яшчэ на дзесяткі гадоў, пры вялізным, як жарон, бохане хлеба свае выпечкі, пры чарцы, так сказаць, падпольнай, але жывучай ды з мёдам, падумалася i такое. На нашай зямлі беларускай, не такой ужо i вялікай, старанна, у густую клетачку прачасанай трактарамі ды аўтамашынамі, абходжанай меліяратарамі ды геолагамі, нізенька аблятанай сельскагаспадарчымі самалётамі, можна, аказваецца, наткнуцца i на такі старасвецкі хутар, на такога спрадвечнага дзеда. Хоць Чорнаму яго, хоць Караткевічу — у самы густы «несучасны» раман.
У заключэнне нашай сустрэчы мы фатаграфаваліся. Бо i сонца, вельмі дарэчы, паказалася. Дзед стаў там, дзе яго папрасілі стаяць,— на фоне саду з вуллямі. Абапал — дочкі, тая рэшта сям'і, што захавалася каля дому: пажылая, рухавая гаспадыня i сімпатычная студэнтка медінстытута. А спераду — унучка, светленькая няўрымста. Ды тут, па прыкладу старэйшых, яна супакоілася, застыла, перастала нават усміхацца, для большай пэўнасці шмаргануўшы носам.
Толькі студэнтачка ўсміхнулася ў самы апошні момант. Хораша. Трошкі какетліва. Ну, але як жа без гэтага?
* * *
У сем гадзін, заспаўшы, пайшоў для праходкі са спінінгам.
Царства імглы i расы. Неўзабаве праз тоўшчу імглы паказалася сонца — бледны, лагодны дыск. Добра плюхаць у гумавых ботах уздоўж нізкага берага, па вадзе, што яшчэ ўсё вялікая пасля дажджоў, хоць i паменшала яе прыкметна.
Круцячы катушку, заўважыў у аеры... нейкую (брыдка — не ведаю якую) кветку на высокім, тонкім, зялёным старчаку. Цэлы букет, карона бела-фіялетавых кветачак. А на ёй — росная сетка павуціны, прыгожая — як сняжынка.
Толькі ўчора з абеду выпагадзілася, а як яны, павукі, паспелі здорава адзначыць гэтае свята.
Гадзіны праз паўтары, вяртаючыся дахаты па расяным i ўжо толькі злёгку імглістым царстве, павуцінне-сняжынкі бачыў на маленькіх елачках, на стромкіх кусціках ядлоўцу, на верасе... Папрацавалі ўчора павукі!
* * *
Радасны клёкат буслоў — высока, высока над намі. Ажно ўсміхнешся, зноў i зноў пачуўшы. Як быццам заражается іхнім настроем: «Ах ты, бог мой, як весела!..»
У старыцы, на адкрытым месцы, i далей, у алешніку, раптам дружна загаманілі жабы. Як па камандзе якой. «Каб вы падохлі — от разнится!» — сказаў бы вясёлы дзядзька. Першы раз, як толькі мы прыйшлі пасля снедання на бераг, пачатак гэтага гоману супаў з голасам радыё, бо хтосьці каля дома якраз тады ўключыў на слупе рэпрадуктар. Другі раз, пасля буслінага клёкату пад аблокамі, у сонечнай надрэчнай цішыні жабы рванулі сваё «алілуя» зноў зусім нечакана ł дружна. Ажно мы з сябрам зарагаталі, кожны на сваім гатку.
Першы раз чую такія дзівосы, такую капелу.
* * *
Учора жабы ведалі, чаго паднімалі вэрхал. Зноў холад, зноў не клюе. Зноў думаецца пра далёкі родны дом, дзе ўжо, відаць, сумуе твой пісьмовы стол...
1970
ЯШЧЭ РАЗ ПЕРШЫ СНЕГ
Раніца.
Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. I свежы, зноў непераможна белы снег.
У шэрасці, што за рэзкай мяжою снегу, у волкай глыбіні яе, здаецца, вельмі далека, з тужлівым прыплачам пераклікаюцца непрыкметныя чайкі.
Пад нагамі, на ўчарашняй сцежцы, яшчэ не пратупанай сёння, мякка, сыра i туга парыпвае.
Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны. Стаю пад імі, узышоўшы сюды з шырокай, управа i ўлева бела-бясконцай роўнядзі мёртвага пляжа. Зноў снег пайшоў. Нават вецер узняўся. Сосны ад гэтага ветру амаль зусім не варушацца голлем,— можа, таму, што мокрыя. I снег не пакрывае іхнія лапы беллю,— можа, таму, што мокры.
Чайкі з далёкай шэрасці праявіліся блізка — ужо над снегам, не над вадою. Лятаюць-пералётваюць, нібы прабіваючыся крыллямі з шэра-густой, падрапяшчанай мітуснёю мокрых сняжынак, безнадзейна адліжнай імглы. I пераклік ix здаецца мне зблізку тужлівым па-жураўлінаму. Без адчаю. Бо не такія ўжо яны тут i пакутніцы. I пакідаць ім нічога не трэба.