Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Успомніў старую ў аўтобусе, на пыльным гасцінцы родных мясцін. Як яна ні з таго ні з сяго развязала чыстую белую хустку i пачала частаваць пасажыраў вялікімі чырванабокімі яблыкамі.

Яны — нібы кветкі, нібы агеньчыкі засвяцілі. Яна — разумев ix прызначэнне: даваць людзям шчасце, народжанае з працы.

А можа радасць яе прасцейшая? Скажам, доўга ішла палямі, вельмі стамілася i ўжо нават не верыла, што аўтобус той будзе, што ён спыніцца на пустым скрыжаванні яе прасёлка з гасцінцам, возьме яе... А ён спыніўся i ўзяў!

Не, не ў гэтым прычына яе дабраты.

A ў тым жа — у натуры, у разуменні жыцця — у чым?

Было гэта... аж дзесяць год таму назад. Цяпер тыя яблыкі прыгадаліся ў нейкай сувязі з яркімі кветкамі маку, якія ўбачыў праз акно аўтобуса ў гародчыку перад светлаю хатай.

Чаму гэта не проста ўспамінаецца, а хвалюе?

Перадаваць другім такое адчуванне радасці, красы жыцця, любові да яго — няўжо гэта не сапраўднае мастацтва, няўжо ў мяне ёсць яшчэ i такія сумненні?

* * *

Былі сустрэчы, ростані, праца i адпачынак за адным сталом, выступленні ў вясковых школах i перад студэнтамі, былі самотныя гутаркі пра наша найдаражэйшае, былі вандраванні па роднай зямлі. Пехатой, у машыннай выгодзе, у маторнай лодцы насустрач ветру, у самалёціку над балатамі...

Першае выданне сабраных ім беларускіх прыказак — факт ужо гістарычны, адна з яго, ужо даўно шматлікіх, кніг. A ў маёй памяці, у тым раздзеле, дзе ў загалоўку значыцца імя i прозвішча Фёдар Янкоўскі, кніга гэтая — яшчэ ўсё рукапіс, над якім мы ўдвух сядзім, яшчэ ўсё снег пералётвае i ляжыць за акном, сосны маўчаць, a з паперы гаворыць народная мудрасць, паэзія ў скупасці слова...

Пасля пайшлі яго другія рукапісы. Над самым капітальным з ix, над рукапісам першай беларускай фразеалогіі, мне таксама давялося пасядзець, у якасці першага чытача. Аднаму ўжо, без аўтара. Тыя гадзіны,— дарэчы, таксама ca снегам i соснамі за акном,— бачацца ўжо не далёкім, светлым пачаткам нашага сяброўства, а проста як час сапраўднай чытацкай асалоды i плённага творчага роздуму. I ў гэтай — тады яшчэ толькі будучай — кнізе мне зноў адкрывалася шчаслівае спалучэнне карпатлівай, настойлівай працы высокага майстра i закаханасці вернага сына народа. Мне ўжо даводзілася пісаць пра найсвятлейшае ў маім уражанні ад гэтай кнігі, тут я свядома паўтаруся. Ілюстрацыйныя прыклады, запісаныя руплівым даследчыкам у розных кутках нашай рэспублікі i часткова запазычаныя ім у папярэднікаў, разгортвалі перада мной жывую, паэтычную карту роднай мовы, хвалявалі душу яе нелінючымі фарбамі, крынічным звонам яе несмяротнасці. Як i ўсюды, i ў гэтай сваёй працы ён хаваецца за народ, з натуральнай сціпласцю разумення справы. Але ў адным выпадку, дзе даецца апавяданне вясковай бабулі пра тое, як даўней маладую садзілі на пасад, ён, па няўвазе ці ад пашаны да дакладнасці, выдаў сябе. «Раскажу табе, голубе, усё...» — гаварыла бабуля. I я ўпэўнены, мне зусім жыва ўяўляецца, што так яна гаварыла іменна яму, чарняваму, ціхаму хлопцу з харошай усмешкай, прастата якога хавае ў сабе i былую суровую, некрыклівую мужнасць партызана-разведчыка, i па-народнаму шчырую, у сэнсе поўнай аддачы, працу выдатнага выкладчыка, i талент ды вопыт вучонага, набытак якога не сорамна пакласці ад імя Беларусі на міжнародны стол. Толькі таму, хто любіць свой народ, народ раскрывав свае векавыя скарбніцы.

Чарнявы, сціплы «хлопец» пасівеў. Гады ідуць, ад ран старых здароўем надта не пахвалішся, а праца патрабуе модных нерваў. Аднак за многія ўжо нашыя гады я амаль не бачыў, каб ён быў неўраўнаважаны. Хоць ёсць i тут, як i ва ўсім у жыцці, сваё «амаль». Культурнага выкладчыка, спакойнага сямейніка, прыязнага таварыша я бачыў раз ці два ўсе-такі злосным, аднойчы нават ледзь не раз'юшаным... Як рыбака, якому груба перашкодзілі...

Ісці пад ліўнем за пяць кіламетраў, уверх па лясной незнаёмай рачулцы, у тое запаветнае месца, дзе, кажуць, стронга ёсць, перамагаць тую хітрую, асцярожную стронгу яшчэ ўсё пад ліўнем — гэта ўжо страсць. «Сэрца, браце, пяе, a пахваліцца няма каму! Што ажно восем штучак узяў! Бо той жа нехта мне тут зусім не патрэбен!..»

Калі ён сядзіць на сваім загадзя падкормленым, адмысловым гатку, засяродзіўшыся на справе з найвышэйшай адказнасцю,— я наогул лепш абыходжу яго здалёк, дый там яшчэ, у тым «здалёк», стараюся ісці на пальчыках. Не ўсе пра гэта ведаюць, каторыя дык нават любяць падысці да рыбака, папрастарэкаваць з прыязнасцю. A ўжо калі ўбачаць, што чалавек ды штосьці валачэ з вады — бягуць туды як на пажар з усім гукавым афармленнем. Тым, што беглі да Федзі, я не зайздросціў...

Тым больш цікава, нязвычна было бачыць яго самога ў якасці парушальніка рыбацкіх законаў.

Здарылася ў нас аднойчы такое. Над рэчкай Рытай, на поўдзень ад Брэста. Звечара мы ўтрох удачліва лавілі плотак i акунёў, варылі юшку, пасля вячэры доўга яшчэ сядзелі каля вогнішча, сяк-так паспалі i на досвітку выйшлі да рэчкі ў густой палескай імгле.

Яна здавалася мне казачнай. Можа, таму, што ўвечары да мяне, у маю найцішэйшую завоіну, казачна падплываў, злосна ўцякаў, пацвелены кончыкам вудзільна, i зноў з настойлівай наіўнасцю вяртаўся вуж.

Цяпер, уранні, вужа не было. У завоіне была тая самая, толькі ўжо ранішняя, цішыня, былі блазенская радасць надзеі на небывалую ўдачу, быў потым першы, пакуль што не вельмі багаты, побліск удачы — першая плотка. А потым у нашай імглістай, росна-церпкай, трошкі пранозлівай i вельмі чуткай цішыні раптам пачулася нечаканае:

— Эй!

Я азірнуўся, сходу здзіўлена зразумеўшы, што гэта голас ягоны, Янкоўскага. Ён быў бліжэй да мяне. Здзіўленне маё мільганула, як іскра, а потым яно распасцерлася ў ціхую радасць.

З густой імглы, празрыста падрумяненай усходам сонца, на мяне пазірала казуля.

На мілай мордачцы вельмі выразна відно было недаўменне. Выйшла з лесу, а тут...

Спыніся, мае першае ў жыцці, такое казачна прыгожае імгненне!..

Нейкі момант, можа, нават адносна вельмі доўгі, яна глядзела на мяне, бліжэйшага, маўклівага ды непарушнага, перажываючы i мой выгляд, i голас майго, менш бачнага ў імгле, суседа, не ведала, што ёй рабіць — ісці да вадапою ці вярнуцца...

Вярнулася.

Але ў маёй удзячнай памяці стаіць, глядзіць... Адзін на двух незвычайны ўспамін.

Не столькі па класічным запавеце, колькі па патрэбе душы, наведалі мы з Федзем узаемна нашы родныя мясціны. Мае ён, зрэшты, ведаў трохі i да знаёмства ca мною. А Глушчыну яго мне давялося ўпершыню наведаць разам з ім.

Пішу гэта i ўспамінаецца тая яго наіўна мудрая, ужо i шматвопытная, але ж i маладая радасць ды трывога, схаваная ў падтэксце гутарак i паводзін:

«Хаця ж ці спадабалася табе мая хата, мой брат, нашы людзі, наш лес, наша поле i неба?..»

Добра так. А яшчэ калі чысты, здаровы смех, калі шчырае слова пра штосьці новае ў радаснай i хвалюючай безлічы спраў, якія мы збіраемся зрабіць,— тады, вядома, яшчэ лепш. I па ўзлеску ісці, i сядзець над ракою, i ў роднай сябравай хаце.

* * *

Над быстрай Шчарай, у пакойчыку з акном на сосны, пясок ды мох пад імі, чытаю прозу Гётэ. Перад сном. Усё, што за маім асветленым пакоем, уяўляючы.

Прыехаў сюды пазаўчора, a ў вачах яшчэ ўсё маладзенькія рабінкі ў сонцы, абапал бруку наваградскага гасцінца, на зеляніне прысадаў, каля жоўтага ды зялёнага поля...

Чаго ты прыстаў да ix, што ты ўбачыў тут за апору, за грунт для жыцця, для сэнсу яго, для вечнасці?

I сапраўды — для жыцця, для радасці яго, няспыннай радасці вечнага абнаўлення, вечнай надзеі на лепшае заўтра, вечнай упэўненасці, што яно прыйдзе. Сапраўднае чалавечае заўтра.

* * *

Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову.

12
{"b":"598984","o":1}