Нешта падобнае, хоць і ў многа лепшай меры, можна было прымеціць і ў цыган. Хаця яны і вельмі многа, больш нават як трэба, цікавіліся ўсім акружваючым іх, хоць яны і вельмі многа гаварылі з усімі, але было нешта такое ў бляску іх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткі чалавек, ніколі ён не раскажа табе сваіх думак, і не пазнаеш ты - прыяцель ён табе ці вораг.
Абодва цыганы тупалі па хаце, часта выходзілі к коням, жартавалі з гаспадыняю, смяяліся.
І калі рыжы сказаў ім скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы коні, адзін з іх сказаў, ні то ў жарт, ні то сур'ёзна:
- А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?
І ў голасе, якім былі сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая граніца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другіх людзей.
Душа ж пільшчыкаў была як на далоні. Яны весела смяяліся, калі цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна ківалі галовамі, калі гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.
Угледзеўшы, што адзін цыган сядзіць на мяшку мукі каля парога і ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:
- Ідзі, пане цыгане, сюды, на лаву. - А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: - Э, не, лепш сядзі там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некім суку...
Павятовыя начлежнікі выйшлі скора з сваёй каморкі. Абодва яны селі на доўгі зэдлік пасярод хаты, гаварылі на ўсякія тэмы; яны звярталі ўвагу на ўсё, што рабілася вакол.
Старшы паглядзеў на жабрака і сказаў яму ціха:
- Але ж ты, браце, змёрз і ўтаміўся здорава, відаць па табе. Цяжка хадзіць?
- Ведама, цяжка, - адказаў жабрак з выглядам чалавека, які мала цікавіцца - лёгка яму ці цяжка. У яго як бы не было ніколі думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым. А ў таго, што гаварыў з ім аб цяжары яго жыцця, быў такі выгляд, як бы ён хацеў сказаць: «Нядобра, ліха на яго, але ж цяпер нічога не зробіш. І хоць за гэтым і можа быць тут месца для смутку, але трэба яго адганяць ад сябе, бо ён нічога не паможа, толькі пашкодзіць».
Слабы адбітак такой думкі, ці можа нават толькі пачуцця, ляжаў на твары гэтага чалавека.
Яго ж малодшы таварыш вёў шумныя размовы, многа жартаваў, часта рагатаў з вясёлым Мікіткам, які ўсё насвістваў розныя маршы і полькі. Былі ў іх вясёлыя вочы, светлыя твары, рашучы рух рук і ног. Яны ва ўсім шукалі нявіннага, здаровага гумару - з рогатам жартавалі, што «не мяшала б адбіць ад рыжага яго бабу», смакуючы смешныя славечкі, успамілалі, як нядаўна ў адной вёсцы шляхціц гнаў самагонку, дый зрабіў нешта там не так, як трэба: апарат разарваўся, і шляхціца ўсяго «абкаціла брагаю, як саладухаю», ён увесь «аблузаўся, як д'ябал», і хадзіў, «як апараны япрук».
Не так сваімі жартамі, як сваім смехам яны заражалі ўсіх, зычна рагаталі цыганы, не адставалі ад іх пільшчыкі, прычым Кузьма раз-поразу паўтараў, як вельмі было ўжо смешна: «А братачка ж ты мой, а-ха-ха-ха-ха!..»
Сакатала дробным смехам гаспадыня, нават жабрак калі-нікалі ўхмыляўся, паказваючы свае гнілыя зубы.
Толькі рыжы гаспадар хаты мала смяяўся.
Ён усё хадзіў па хаце, назіраў за ўсім, часта выходзіў на двор, абходзіў свае будынкі, абглядаў наваленае кучаю дзерава.
На ўсіх сваіх начлежнікаў, так жа, як і наогул на ўсіх людзей, ён глядзеў з боку карысці, якую ад іх можна мець. Ён усё, ходзячы, вылічваў, колькі яму дадуць за начлег павятовыя, ці не ашукаўся ён, умовіўшыся з пільшчыкамі за начлег разагнаць усяго дзве плашкі. І на ўсіх, хто быў у хаце, глядзеў звысоку, нават і на жонку сваю. Сябе ж ён лічыў разумнейшым, хітрэйшым за ўсіх. І гуляла па губах яго чуць заметная, гордая, звярыная ўсмешка.
Перад тым як лажыцца спаць, ён яшчэ раз абышоў усе свае будынкі. Усюды на дзвярах віселі цяжкія замкі, усюды быў парадак. Ён папробаваў, ці добра зачынены вароты ад вуліцы, і пайшоў у хату.
Ужо жабрак спаў на распушчаным кулі каля печы на зямлі. Дыхаў ён ціха. Твар яго задзёрся ўгару, чорныя зубы відаць былі з-пад расцягнутых губаў, а вочы былі толькі трохі прыжмураны. Выгляд твару яго быў такі, як бы ён сон свой, так як і ўсё, лічыў патрэбным не для сябе, а для нейкай незразумелай сілы, кіруючай яго жыццём, і для гэтай сілы трэба ўсё адбываць. І многа нейкай ледзяной пакорнасці, залежнасці было на гэтым сонным твары.
Ужо на шырокай лаве, галава к галаве, акрыўшыся сваімі вопраткамі, і пільшчыкі спалі. На разасланых кажухах каля стала драмалі цыганы, спешна дакурваючы свае папяросы. І павятовыя пайшлі ўжо ў сваю каморку. Толькі адзін Мікітка стаяў каля лямпы з адною разутаю нагою і круціў у руках бот, разглядаючы на ім новыя дзіркі.
Рыжы пастаяў трохі каля Мікіткі і пайшоў цераз сені ў сваю палавіну.
IV
Скрозь дрымоту Мікітка пачуў, як з вуліцы застукалі ў вароты, потым чутно было, як бразгаў у сенях рыжы і гаварыў моцна, аж крычаў, на двары каля варот. Пачакаўшы трохі, ён адчыніў дзверы і ўпусціў у хату жанчыну. Шэрая, узлахмачаная, цяжкаю, разбітаю паходкаю прайшла яна на сярэдзіну хаты і стала, дзіка азіраючыся. Мікітка бачыў востры, нецярплівы ўзгляд яе вачэй, нейкую ненармальную, аж сінюю, чырвань на твары. Потым ён, задзівіўшыся, аж усхваціўся з свайго кажуха, калі яна паволі апусцілася ўніз і села там, дзе стаяла, адкінуўшы ўбок голаў і абапёршыся аб землю вывернутымі рукамі.
Мікітка падбег бліжэй.
- Гэта ж яна гэтакая хворая, - закрычаў ён, нагнуўшыся над ёю, - т-ты, гаспадар!.. Рыжы...
Рыжага не было ўжо. Ён яшчэ на вуліцы не хацеў пускаць падарожную. «Што з яе возьмеш?» - думаў ён. Потым, угледзеўшы, што ад яе не адвяжашся, падняў голаў, паглядзеў на зоры і сказаў сам сабе пад нос:
- Гм... паўночы ўжо прайшло... няхай паваляецца дзе-небудзь на зямлі... - і, упусціўшы жанчыну ў хату, пайшоў у сваю палавіну.
На голас Мікіткі ён нехаця прасунуў заспаны твар у прачыненыя дзверы і недавольна сказаў:
- Ну, чаго яшчэ там?
- Яна саўсім хворая, - крыкнуў Мікітка.
- А што, я вінават, - сярдзіта сказаў рыжы і падумаў: «На чорта я яе пусціў, адно клопату...»
Мікітка нагнуўся ніжэй, паглядзеў у твар жанчыне, потым выпраміўся і мармытнуў ціха рыжаму:
- Скора памрэ.
- Да што ты, - перапалоханым голасам прагаварыў рыжы і, падступіўшы бліжэй, глянуў на жанчыну, ды так і астаўся стаяць з растапыранымі рукамі.
Было нешта такое ў шырока расплюшчаных вачах жанчыны, што раптоўна вызывала ў другіх страшэнны жах, незразумелы страх. Зрэнкі ў яе вачах апусціліся ўніз, і яна як бы глядзела ў сярэдзіну самой сябе, і прытым так, як бы бачыла там нешта надзвычайна жудаснае. Потым яна гэтымі сваімі страшнымі вачыма стала дзіка вадзіць вакол сябе. А пасля саўсім лягла на зямлю, потым зноў паднялася... зноў лягла...
- Што табе, цётка? - запытаў паціху Мікітка.
- Боль... усюды...
- Даўно?
- Часта хапае...
- Адкуль жа ты?
- Так хаджу... бежанка...
- Мусіць, заразлівая нейкая хвароба, - сказаў паціху Мікітка рыжаму, - гэтакія хваробы на ўсіх пераходзяць.
- І рабі што хочаш, - развёў рукамі атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкі, гледзячы ў вочы кабеты і сам адчуваючы тое, што было ў іх. Страшную пустату, якая з'явілася на месцы ўсякіх думак, разам запоўніла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялікае па сваёй сіле і страху, які з'явіўся з ім. Тут было і не перажываемае ніколі прагненне не бачыць таго, што свяцілася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахваціць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.
І яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.
«Гэта ж смерць ужо», - мільганула ў галаве яго вострая думка, і яго абхапіў прыліў смутку.
Енкі хворай глушылі яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай і яго было ў хаце чатыры сонных чалавекі, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакі і падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што ліпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю - згубіць яго. І, як у гарачыню піць, захацелася яму цішыні і спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялічыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мікіткі: