- А браткі ж мае, - загаварыў ён, - гэта ж трэба якраз трапіць. Вось добра. А я ўжо пасля шкадаваў, што пусціў вас: гэта ж мне трэба якраз дзерава гэтае папілаваць усё.
- Ды тут у вас работы ў вёсцы многа.
Рыжы агледзеў свой двор і павёў пільшчыкаў у хату. Там было прасторна і светла. На вялікіх вокнах стаялі пабітыя гаршкі з нейкім запыленым зеллем, к сцяне кросны туліліся, ад якіх пахла ні то мокраю пражаю, ні то свежаю кастрыцаю. Вузенькія дзверы ў пабеленай сцяне вялі ў адгароджаны дошкамі невялічкі пакойчык.
І зразу ў пільшчыкаў мільганула аднолькавая думка - багатыр.
- Кулак, - ціха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзіўшыся.
А рыжы загаварыў:
- Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распілуеце мне заўтра дзве плашкі напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пілоўкі ў мяне многа, а за начлег - я ж кажу, распілуеце мне дзве плашкі заўтра.
«Ну і скупы ж», - падумалі пільшчыкі пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:
- Даўней я тут карчму трымаў, вялікая дарога тут праходзіць, вунь слупы з акна відаць. А цяпер - так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. І няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпіўкі - палавіна даходу паменшала, ліха яму. А даўней, старымі часамі, якая любата была - усе суседнія вёскі ў мяне пілі, грошы, як з мяшка, сыпаліся.
- Ды што гаварыць, - сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: «От гад, ліха яму, праўдзівы воўк, нядарам і барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памілуе».
А рыжы гаварыў далей:
- Тым часам і цяпер многа падарожных бывае. Камісары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...
Як бы падкрэсліваючы яго словы, заскрыпелі на двары вароты, у двор уехаў вялікі, параконны воз, і хутка ў хату ўвайшлі двое.
Адзін - саўсім малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамі і белым каўняром. Другі - старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокі. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсім стаў тонкім.
- Добры вечар у хату, - сказаў ён, усміхаючыся.
А малодшы быстра пераскочыў цераз парог і загукаў весела:
- Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..
Рыжы зразу прыняў шутлівы выгляд і лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруціў яго леваю рукою па хаце.
- Здарова, рыжы чорт, - крычаў хлапец, схваціўшы таго за бараду.
А старэйшы - чорны, з выглядам пастаяннага начлежніка, цягнуў ужо ў чысты бакавы пакойчык крыты шэрым палатном чамадан, клунак і тоўсты партфель.
- Давай чым грэцца, - крыкнуў хлапец і, зразу прыняўшы сталы выгляд, пайшоў у пакой і зачыніў дзверы.
- Што гэта за яны? - запытаў ціха Кузьма.
- Ого, брат, - адказаў рыжы з нейкай гордасцю ў голасе ад такога кароткага знаёмства з гэтымі людзьмі, - ого, гэта вялікая начальства - гэта, брат, з павятовага іспалкома.
- Пайшоў ты!..
- Я табе кажу.
- Дык жа гэты зусім яшчэ дзіцё.
- Мала што, ён - камсамолец.
- А той?
- Той - камуніст.
І, хітра падмаргнуўшы, рыжы прыбавіў:
- Яны тут па павету ездзяць і часта ка мне заязджаюць начаваць.
Рыжы зноў маргнуў адным вокам, і нейкі хітры, жадны і непрыемны бляск з'явіўся ў яго вачах.
«Ну і халера, ну і гад рыжы», - падумалі пільшчыкі.
Увайшоў фурман, і ён быў малады і вясёлы. Ён зразу скінуў кажух і захадзіў па хаце, высвістваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь і стала завіхацца з ёю каля печы.
- Здароў, Мікітка! - сказала яна фурману.
Мікітка весела падмаргнуў ёй.
- У вас заўсёды начуе многа людзей? - запытаў Улас.
- Многа... Як калі, - адказала гаспадыня.
Пільшчыкі дасталі хлеб і сталі есці.
За душы змарлых,
Ахвяраваліся б акрысы... -
пачуўся пад акном скрыплы і гугнівы голас старца. Рыжы стаў слухаць.
- Вынесі яму чаго-небудзь, - сказала гаспадыня.
- Добры інтарэс, - адказаў рыжы, - толькі што пачаў спяваць, а ты ўжо нясі яму. Нідзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады і вынесу.
- А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, - зарагатаў Мікітка, - ая-ай... От табе будзе карысці з яго песні!..
- Пайшоў ты к чорту, - агрызнуўся рыжы, - не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысці не будзе, але ж яму вельмі будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта відана, каб каму самахоць давалі без дай прычыны...
Мікітка стаў пасярод хаты, упёрся рукамі ў бокі і зарагатаў, гледзячы на пільшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавіну і пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчыніліся і ў хату ўвайшоў сам жабрак.
Гадоў сорак шэсць, больш не было яму на пагляд. У новых лапцях быў ён, у шарачковых сіняватых портках, у доўгім, цёмным, палатаным халаце. З месяц таму назад ён, мусіць, брыўся, бо твар яго, паверх маршчын, пакрыўся кароткаю, пруткаю, як дрот, шчацінаю. Абмякшыя, абмочаныя пад носам, гразныя вусы яго віселі ўніз, закрываючы ўсю верхнюю губу.
- Добры вечар, - сказаў ён, перабраўшыся цераз высокі парог.
- Добры, - насмешліва адказаў рыжы, - нешта ж мала спяваў, не ўцярпеў, пакуль я вынесу, ды сам у хату лезеш.
- Пусцеце пераначаваць.
- Э-э-э, бра-а-ат, - зацягнуў рыжы, - не-э-э-э, не-э-э!.. Няма дзе. Што ж, палажыць цябе на печы, дык там у мяне гэтакі начлежнік, - рыжы паказаў пальцам на Мікітку, - што як прыпрэ цябе ўночы нагамі к коміну, дык адно крактацьмеш.
Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасінеўшым носам і пазіраў на ўсіх так, як бы хацеў сказаць: «Што ж, мой лёс такі, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сіла». Апрача гэтага, на твары яго адбівалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што і трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лічыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкі закон, у якім ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму і плюнуў яму ў твар, ён толькі памалу абцёрся б рукавом і нічога не сказаў бы - такі маўчлівы, спакойны і пакорны быў яго твар.
- Што ты, звар'яцеў, рыжы, ці якое табе ліха, - сказаў Мікітка, - пускай яго, няхай начуе.
Рыжы паціснуў плячамі і маўчаў.
- Ідзі, ідзі, начуй, - гаварыў Мікітка, - раздзявайся.
Жабрак уздыхнуў, падышоў к лаве і пачаў раздзявацца, баязліва паглядаючы на рыжага...
Ужо цямнела. У печы весела трашчаў агонь, шыпела там сала на скаварадзе, а вакол завіхалася гаспадыня. Павятовыя начлежнікі моцна гаварылі ў сваім пакойчыку, шамяталі паперамі. Туды к ім пайшоў і Мікітка. Рыжы часта выходзіў на двор, паглядаў на будынкі - сачыў за сваёю гаспадаркаю. Пільшчыкі пачыналі драмаць, седзячы ў цёмным кутку за сталом. І чутно было, як на двары зычна і доўга ўсмак лаяўся рыжы, заганяючы гусі.
III
Вечарам, як запалілі лямпу, заехалі начаваць яшчэ два маладыя цыганы.
Яны ехалі на кірмаш у горад з коньмі. Паставілі яны іх на двары, пад паветкаю, і часта, па чарзе, выходзілі глядзець іх.
Абодва адзетыя ў ватовыя вопраткі да кален з сіняга сукна, яны мелі выгляд нейкай фальшывай, панурай ні то вясёласці, ні то проста развязнасці ў гаворцы. Яны зразу напоўнілі хату сваім спецыфічным цыганскім пахам, так што Мікітка пачмыхаў носам і, зарагатаўшы, сказаў:
- Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакі, ветрам нясе.
- А ад мужыка ведаеш чым нясе? - адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, і растлумачыў, якім духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны і шчыра-вясёлы рогат усіх, хто быў у хаце, апрача жабрака, які ціхенька сядзеў у мыцельніку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункі. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нікому не замінаць і нават не напамінаць аб сваёй прысутнасці. Яго марыў сон, і вочы яго жмурыліся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваім асобным жыццём, нічым не звязаным з жыццём усіх другіх людзей. І зносіны з акружаючымі яго людзьмі меў ён у такой меры, у якой атрымліваў ад іх хлеб за свае «малітвы». І магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкі для жыцця і тым самым збавіў бы яго ад неабходнасці цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустыні. І калі ў яго быў які-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў ім.