Литмир - Электронная Библиотека

Хлопцы крычалі, часам апошнія словы прыспеўвалі. Звонкія галасы іх рэзалі паветра і глушылі шум ветру і вады.

Амелька ўпёрся нагамі ў паром і пачаў перабіраць рукамі мокры дрот. Паром, ціха паскрыпваючы, загойдаўся на вадзе і папоўз цераз раку.

Зразу Амельку абвеяла мокрым ветрам. Ён зажмурыў вочы, ад чаго твар яго прыняў выгляд такі, як бы Амелька к нечаму прыслухоўваецца...

Яшчэ не падплыў ён к берагу, як вясёлыя камсамольцы пачалі скакаць на паром.

- Паволі, - крычаў Амелька, - патопіцеся, дурні, чаго вас дрэнчыць!

- Назад! - закрычалі яму ў адказ хлопцы.

Паром яшчэ не прыстаў к берагу, а яны ўжо ўсе былі на ім. Некалькі рук, адапхнуўшы Амельку, замітусіліся на мокрым дроце. Паром быстра, так, як ніколі, пайшоў к берагу.

- Вось чэрці, - сказаў Амелька, - усё роўна, як лукавы іх падмывае. Чаго вы гэтакія вясёлыя?

- А чаго плакаць, - адказаў яму смуглы Міколка, сын яго суседа Кастуся, - на свеце няма чаго плакаць...

І, пачакаўшы з хвілінку, закончыў:

- Каб, здаецца, трохі цяплейшая вада, дык так бы плюхнуўся і паплыў бы проці вады.

- І ўтапіўся б, - сказаў Амелька.

- Не ўтапіўся б, - адказаў рашуча Міколка.

Паром падплыў к берагу. На зямлі рабілася святлей - на небе пачала расплывацца светлая лапіна: гэта сонца хацела прабіцца скрозь хмары.

Хлопцы пасаскаквалі з парома. Міколка прыкруціў яго к слупку, і ўсе пачалі біць рукамі аб полы свае адзежы - ад сырасці і халоднага, мокрага дроту памерзлі рукі.

Амелька праверыў, ці добра Міколка прывязаў паром, і хацеў ужо лезці ў сваю будку, але хлопцы, як бы згаварыўшыся, схвацілі яго за рукі і, зрабіўшы кола, усе гуртам закружыліся.

- Пусціце, д'яблы, - крычаў Амелька, - знайшлі таварыша!

Але хлопцы зналі вясёлы гумар Амелькі. Зналі, што часта ён сам, схваціўшы дзе-небудзь на ігрышчы дзяўчыну, пускаўся з ёю ў скокі.

І яны яшчэ мацней закружыліся і зачмокалі нагамі па мокрай зямлі.

Сонца весела пячэ,

Цераз мост вада цячэ, -

стараючыся пападаць у такт нагамі, загукаў Міколка вясёлую песню. Гурт здаровых галасоў зычна хваціў далей:

Пад вадою мост дрыжыць,

Па вадзе Міхал бяжыць!

Старога Амельку раптоўна ахваціла буйная вясёласць. Ён бачыў, як хлопцы спрытна ўзляталі ўгару, ускідалі махам галавы з вачэй свае доўгія валасы і шчабяталі песню. А мокры і жывы вецер весела свістаў у вушы і вочы.

І ўжо не спрачаючыся, а з ахвотаю, ён дробна затупаў нагамі, махнуў галавою, каб скінуць з яе шапку, і, стараючыся не адставаць ад хлапцоў, загукаў разам з імі:

Ой, куды цябе нясе?!

Згінеш ў рэчцы-паласе.

Разгулялася вада,

Чаго прэ цябе бяда?!

Далей Амелька не знаў слоў песні і, кружачыся, выкрыкваў толькі адны галосныя зыкі:

- О-а, о-а, о-а-о!

А хлопцы не пакідалі:

Не загіну я ў вадзе:

На той бок, у слабадзе

Жджэ дзяўчыначка мяне

- Дык ці ж можна згінуць мне!

- Капут! - крыкнуў адрывіста Міколка, пускаючы рукі.

Кола раскідалася, і хлопцы пачалі выціраць рукавамі пот з зачырванеўшых твараў.

- Ой, замарылі, д'яблы, - сказаў, моцна сапучы, Амелька.

- Давай, дзядзька, яшчэ пагрэемся, - смеючыся, сказаў Міколка.

- Хай яго агонь спаліць, дайце адсапціся, - адказаў Амелька і моцна дыхнуў.

- Калі так, дык марш, - сказаў адзін з хлапцоў, - можа, дзядзька, маеш што дамоў перадаць?

- Я толькі што сам з дому.

- Ну, дык аставайся здароў! - закрычалі хлопцы.

- Пабольш скачы - весялейшы будзеш, - пачуўся яшчэ адзін голас.

- Не маракуй, што пакруцілі, - пачуў яшчэ Амелька адзін голас.

На апошнія словы ён аглянуўся на хлапцоў і весела, ласкава зарагатаў ім услед:

- А каб вас паляруш, каб вас!

Хлопцы пайшлі к лесу, а Амелька астаўся адзін на беразе. Ён трохі патупаў на адным месцы, паглядзеў на неба.

Там вецер нагнаў цэлыя шэрагі хмар, збіў іх у адну густую цёмную масу і закрыў ёю светлую лапіну ад сонца. На зямлі зрабілася цёмна і нудна. Здавалася, што мокрыя лагчынкі кругом на поплаве больш яшчэ сталі выпускаць з сябе густога і белага, як малако, туману.

Пільна і падрабязкова разгледзеўшы ўсё гэта, Амелька палез у сваю будку і, лежачы там на саломе пад кажухом, да самага паўдня думаў розныя вясёлыя думы.

II

Па паўдні к парому зноў прыйшоў Міхась.

Амелька сядзеў ужо на зямлі пры раскладзеным вогнішчы і пёк на ражэнчыку сала.

- Ты чаго? - запытаў ён Міхася.

- Нічога, - адказаў Міхась, - на поле гэтакаю пагодаю не выедзеш, дома работы няма, пайду, думаю, сюды, панюхаю ветру.

- Панюхай, - сказаў, смеючыся, Амелька. Яму было смешна з таго, што сказаў Міхась.

- Хочаш? - працягнуў ён сыну сала.

- Не, - адказаў той.

Амелька пачаў есці, а Міхась, абапёршыся на локаць, расцягнуўся па сухім месцы каля будкі і, паплёўваючы на зямлю, стаў глядзець некуды паверх вады.

На зямлі зноў рабілася святлей. Вецер зганяў хмары ў адно месца, на паўночную старану неба; яны, ужо лёгкія і паслушныя, паднімаліся высока і быстра плылі, ачышчаючы паліняўшае неба. Туман пачаў знікаць, і на той бок рэчкі выразней стала вырысоўвацца вёска Хартонаўка. Рака плюхала так, як і раней, але вада ў ёй пачала фарбавацца ў ясныя, блішчастыя колеры.

Міхась маўчліва і быстра падняўся з зямлі, не аглядаючыся вакол, падышоў к вадзе і стаў так, як і раней, глядзець паверх яе.

- Што разглядаеш? - запытаў сына Амелька.

Міхась маўчаў.

- Аб чым думаеш? - запытаў зноў Амелька, памаўчаўшы.

- Не ведаю і сам. Нечага хочацца.

- Чаго?

- Кажу, што не ведаю.

Міхась пакінуў глядзець цераз рэчку і падышоў к бацьку.

- Вось так, - загаварыў ён, - часам паглядзіш на ваду, на хмары, паходзіш па полі на ветры, і захочацца нечага. Каб той, здаецца, аэраплан, дык узняўся б на доўгі час і лятаў бы, каб вецер свістаў у вочы і вушы. Эх, няма лодкі, паплыў бы проці вады.

- Ага, узяло, - у сваю чаргу загаварыў Амелька, - і са мною гэта часта бывае. Узяў бы тады, здаецца, у кузні молат і лупіў бы з усіх сіл па кавадле. Эх, сколькі сілы ў нашага брата!

Амелька набраў поўныя грудзі паветра і дыхнуў.

- Вось жывём, - загаварыў ён далей, увесь ахоплены наплывам нейкіх новых думак, - зямля вялікая, колькі на ёй усяго ёсць, а мы, апрача свае вёскі ды гэтага лесу, нічога больш не бачым. Жывём неяк, як той поп кажа, па-божаму, на адным месцы, хоць сілы ў нас многа.

- Знаеш, - сказаў Міхась, - пайду я ў флот, зраблюся матросам. Запішуся ў камсамол і пайду. Нашто, каб сіла прападала дарэмна; буду тут марнаваць сябе адно.

- Як хочаш. Не малы ўжо, - сказаў Амелька.

Амелька быў увесь, таксама як і Міхась, ахоплен нейкаю вольнаю сілай - на зямлі было так шумна і весела.

- Пайду, - сказаў Міхась і неяк задумёна прыбавіў: - Весела ісці лесам. Дома там нейкі сход будзе вечарам, трэба быць.

Ён зняў з галавы шапку, паправіў валасы і пайшоў паволі, углядаючыся ў зямлю і як бы што думаючы. Шырокі і кароткі, без каўняра, кажушок на ім развяваўся на ветры.

Амельку абхапілі думы.

«Вось астаўся адзін на пустым беразе, - кружылася ў яго галаве, - астаўся адзін, і ніхто не бачыць і не ведае, дзе я і што раблю. Колькі людзей на свеце, і ўсякі па сабе. Схованы адзін ад другога па вёсках, лясах. Не можа чалавек бачыць таго, што робіцца нават за дзесяць вёрст, не то што каб угледзеў ён усю зямлю сваю. Не бачыць ён яе, бачыць усяго маленькі кусочак пад нагамі сваімі».

93
{"b":"598982","o":1}