Литмир - Электронная Библиотека

— Нічога дзіўнага няма, — сказаў ён, каб падбадзёрыць і падвесяліць старога. — Бывае, што сны што-небудзь такое пакінуць у галаве і пасля здаецца… Сны яшчэ не даследаваны навукай.

— Не, — адказаў Густаў старэйшы, — гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаванні дарог я тады ўпаў хворы, калі ў тую вайну мяне расейскі салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!

Гертруда ўздрыганулася і прыліпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлі і голас перарываўся:

— Я ведаю, чаму мы да канца дарогі не едзем цягніком, а перасядалі ў машыны. На цягнікі нападаюць невядомыя.

— Няма нічога дзіўнага, — строга сказаў стары Густаў. — Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краіне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавікі з салдатамі.

— Ты баішся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я ніводным словам не папікну цябе, але доўга тут не буду і назад у Германію паеду. Заваяваную краіну павінны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!

Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплівасці. Ён схмурнеў і шпарка прагаварыў:

— Ты немка, ці ты не дачка вялікай Германіі?!

— А ты, — аж затрэслася яна, — хіба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як гліна, і аддаваў чужаземцам і ворагам Германіі тое, што павінен быў бы прынесці ў Германію! А ты мяне папікаеш? Тады б мы не шукалі шчасця ў гэтай невядомасці, а мелі б шчасце дома.

Стары Густаў аж пазелянеў і сціснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:

— Мама, мы заваявалі гэтую краіну вялікай Германіі. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германія. І не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнікаў, якія едуць з суда.

— Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.

— Гэта нічога. Яшчэ месяц, яшчэ два, і ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі. Павесь над іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усей светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву радасці і не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хіба хто калі будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкі і ні за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? А толькі з-за таго, што заварушылася душа. Германію зробіш вялікай не душой, а жалезам.

Відаць было, што Густаў маладзейшы ніяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калісьці Густавам старэйшым. Як бы там ні было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзілася і не сціскала губы, а з цікаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогі. Машыны і грузавікі з салдатамі рушылі далей. Яны пакінулі за сабой Вялікае скрыжаванне, з’ехаўшы на шлях кірункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калі следам за ім гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нікуды нідзе не зварочваючы з шляху, уехалі ў лес і неўзабаве апынуліся ў тым месцы, дзе не вельмі даўно Акаловіч спавядаўся Сымону і Тамашу Ракуцькам і дзе праходзіў кудысьці да свае мэты стары Нявада. І цяпер было ціхае гэтае месца, толькі машыны парушылі яго спакой. Бяроза ўсё так жа кідала на вецер жоўтыя свае лісты. Іх ужо было многа на дарозе і ў траве. Сонца асвятляла іх, птушкі пырхалі крыллем над гэтым месцам, і цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы і смалы. Стары Густаў і Гертруда высунуліся з машыны тварамі і аглядалі дрэвы і зямлю.

— О, колькі гною, — прыйшоў у захапленне Густаў. — Колькі гектар зямлі можна ўгнаіць лісцем з сотні такіх бяроз?

— Я думаю, што нямала гектар, — адказала Гертруда, і паміж імі зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве зніклі з гэтага месца, і зноў тут стала ціха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з’явіўся Сымон Ракуцька, і не адзін. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалі нямецкія машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усіх было, можа, крыху менш як паўтары сотні. Яны ішлі ўсе адзіным гуртам, калі сабраліся на гэтай лясной дарозе. Збіраліся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессі, і некаторыя з іх бачылі тут нямецкія і танкі, і машыны. Адзін за адным яны ішлі, расцягнуўшыся бадай што на кіламетр. Самы пярэдні ішоў Сымон Ракуцька. Далей вялікай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзіны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвіч у той жа самай рудой жакетцы і ботах, як тады апошні раз гаварыў з Нявадам. Усе людзі збочылі з дарогі ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы і вінтоўкі. На дарозе пасталі вартавыя. Кастусь Лукашэвіч і Сымон Ракуцька селі на ствол таго самага паваленага дрэва і доўга так сядзелі моўчкі. Ужо і зоры высвецілі, а яны ўсё сядзелі і маўчалі.

— Дык ты ляж і спі, а я павартую цябе, — сказаў Ракуцька.

— Я не засну. Лепш ты спі.

— А калі Тамаш раптам гук падасць — толькі я адзін пазнаю яго.

Зноў яны, можа, з гадзіну маўчалі.

— Дык я сам не свой без перадыху явіўся дадому, — задудукаў раптам Сымон Ракуцька. — Толькі бачу — дзве машыны стаяць пасярод вуліцы. Лізавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор — аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаіць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы і аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вісела. Гэта яшчэ я запасіў дзецям, калі яны гадаваліся без мяне па той бок тае граніцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскім горле! Дык стаіць пад тым вешалам немец і абчышчае яго. Знімае боты, чаравікі, хусткі, сукенкі, нагавіцы, паясы, рубашкі і кашулі і ўсё тохціць у чамадан. Божа літасцівы! Тады ўкралі дзяцей! А гэта зноў явіўся зладзюга. Самую памяць аб дваццаці маіх гадах, калі я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькі ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Ні ў маладосці, ні ў старасці няма ад іх ратунку! Я яшчэ нічога не ведаю, што ў мяне ў хаце робіцца. Як хаплю я немца ззаду за карак і як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валіцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу і як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень і накрыць ім нямецкую галаву, так што не разабраць стала, ці была ў немца галава, ці так толькі гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі нямецкія ногі і апруцянелі навек.

— Уцякай! — закрычала жонка. Я даў ходу на вуліцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле немцаў і хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў з надворку сенечныя дзверы і да мяне бяжыць з нямецкім аўтаматам. Мы з ім цераз вуліцу і ў сад і адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вуліцы і страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглі да яе, дык і па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Немцы змоўклі. Але іх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён і сеў макам. Адным словам, жонку забралі, а па нас стралялі, аж пакуль мы не адкаціліся за крайнюю хату. З палавіну нашага пасёлка, і жонку маю, пагналі ў лагер, а мы з Тамашом разам з усімі. Ну… Тамаш хлопец бывалы і камандаваць на вайне ўмее.

— А пра Лізавету што?

— А Бог жа яе ведае. Анічагуткі ніякага слыху. Думай што хочаш. Больш я і не бачыў яе. І ў цябе ж, кажаш, дачка малая Ліза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?

— Я напэўна не ведаю.

Зноў Сымон Ракуцька і Кастусь Лукашэвіч змоўклі на доўгі час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, і зоры цьмелі.

— А ці даўно я так глядзеў на зоры, калі шукаў яшчэ сабе дарогі на ўсё жыццё! Усё прайшло як адзін дзень. І зноў як прыйшлося. Лізачка, дачушка!

Кастусь Лукашэвіч шпарка ўстаў і закурыў. Ён і Ракуцька яшчэ цэлыя суткі так прагутарылі тут, пасля кожнай гаворкі даючы па гадзіне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з’явіўся Тамаш і з ім людзі. Усе аставаліся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамінаюць, што ў тыя дні Сымон Ракуцька многа бываў на людзях і любіў слухаць, калі хто што расказваў. Тамаш мала быў відзён. Кастусь жа Лукашэвіч быў вельмі задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з’явілася тут Волька. Яна нашмат змянілася з таго, калі пакінула Сумлічы. Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталі вострымі. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна і рукі трымала ў кішэнях. Некалькі гадзін, да раніцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, і скарга прарывалася ў яе голасе. Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзіла наводдалек па лясах і полі там, пад лагерам, і як нарэшце выбрала зручнасць падысці да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. «Я ляжала ў чорным куп’і некалькі дзён. Раз на дзень да той рачулкі нявольнікі з лагера з’яўляліся па воду. Саматугам яны кацілі бочку на колах. Вартавы немец не ішоў следам за імі, а садзіўся са сваім аўтаматам на купіну і зводдалеку сачыў за людзьмі. Адзін раз я падпаўзла да самай рачулкі і, калі яны ўжо налілі ў бочку вады і пхалі яе назад, я запытала ў іх, ці няма там у лагеры Лізы прозвішча Лукашэвіч… Маладая жанчына з распушчанымі валасамі адагнулася ад бочкі і сказала, што нейкая Ліза ёсць і ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькі год можа быць гэтай Лізе? — запытала я, але немец там крыкнуў, і людзі наляглі на бочку. Можа, гэта і яна, даўно ляжыць…» Вельмі доўга яны маўчалі. Канчалася ноч, Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо і зарыдала.

37
{"b":"598982","o":1}