— Бо ты, — абазваўся Сымон Ракуцька, — па-сабачы спадзяваўся на сваё шчасце. Няхай бы ты зерне сеяў і хлеб жаў, а то ты бачыў сваю радасць у тым, што нехта пойдзе, як ты кажаш, на ўсход, чалавечыя косці трушчыць і кроў ліць. Як свет стаіць, то яшчэ не было вядома каб на нянавісці вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе.
— Дык куды ты цяпер маеш ісці? — панура запытаўся Тамаш. — А ці ведаеш ты, што калі разабрацца, то я сам павінен быў бы табе адразу галаву зняць за тое, што я вырас без права чалавекам звацца на сваёй роднай зямлі!
Акаловіч змоўчаў, а пасля адказаў:
— Куды маю ісці? Мне цяпер трэба, каб хто павёў мяне за руку. Але ў мяне ажывае і ўжо гарыць прага расквітацца з Паліводскім. Ён згубіў мяне. І не толькі мяне аднаго ён пацягнуў на гэтую сцежку.
— А Паліводскі хіба чуцён дзе!? — ажывіўся Сымон Ракуцька.
— Паліводскі начальнік акругі. І цяпер бывае часта ў тым сваім маёнтку, які калісьці прагуляў у карты, калі мяне яшчэ на свеце не было. Я спатыкаў тут нашых, а яны ведаюць. Гэты маёнтак тут, па гэтай самай дарозе, мне казалі, там ідуць радзей хваёвыя лясы. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Але пакуль Паліводскі ўспомніў пра маёнтак, ваенны начальнік акругі абгледзеў яго і хоча сабе прысвоіць. Паліводскі жыве ў маёнтку і спрачаецца з ваенным немцам.
— Але куды ты ідзеш?! — крыкнуў Тамаш.
— Я іду ў той маёнтак. Можа мне там пашанцуе расквітацца з Паліводскім!
— А тады што?
— А тады куды закіне вецер, або хоць канец.
— А дзе табе жалезам галаву растаўклі?
— У Вялікім скрыжаванні.
— Ты там доўга быў?
— Я там перабыў усе свае хваробы.
— Што там чуваць? Каго ты там баяўся?
— Немцаў баяўся, ім стараўся на вочы не трапляцца. Яны і слухаць не хацелі, што я ім служыў. Тамашніх людзей баяўся. Там нейкі Лукашэвіч чуцён: якраз на Вялікім скрыжаванні, калі я яшчэ ў тым баку быў, ён напаў на цэлую калону нямецкіх грузавых машын, і ўсе яны там на дарозе і асталіся. Я дрыжаў, каб і яны мяне не ўбачылі дзе. Вось я, як голы, тут перад вамі, я нічога не ўтаіў і нічога не выдумаў. Я даўно ўжо так не еў, як цяпер з вашых рук.
— У цябе зброя ёсць?
— Аніякае.
— А чым жа ты з Паліводскім квітацца будзеш?
— Я там на месцы што-небудзь прыдумаю, а так мне смялей ісці.
— Выверні кішэні і пакажы пазухі.
— Добра… Добра…
— Ну вось так. А цяпер скажы, як на споведзі: уночы не ўцячэш, калі цябе не вартаваць?
— А куды мне ад вас уцякаць?!
— Ну дык кладзіся на траву і спі, бо ўжо вечар нахапіўся. Яшчэ пакуль сонца зойдзе, можаш выспацца.
Акаловіч скруціўся ў жмут і стаў густа дыхаць у ствол паваленага дрэва. Бліжэй к дарозе лёг Тамаш. Сымон Ракуцька прыпёрся плячыма да бярозы і задрамаў. Ноч прайшла, як адзін момант. Першы прахапіўся Сымон Ракуцька і штурхануў Тамаша.
— Пакідаю яго табе, — сказаў Тамаш да бацькі і паказваючы на соннага Акаловіча. — Каб ён нам не нашкодзіў. — Яны абняліся і пацалаваліся, і Тамаш адразу рушыў у дарогу. Ракуцька штурхануў Акаловіча. Той шпарка заварушыўся і ўстаў, нейкі занадта рухавы.
— Мне трэба ісці зараз, — сказаў Ракуцька.
— І я пайду, — узбуджаным тонам абазваўся Акаловіч.
— Куды?
— Я з’яўлюся да Паліводскага і вазьму яго за горла.
— А чаго ты такі трапяткі сёння стаў? Учора ты быў вялы, як п’яўка.
— Мне сёння лягчэй. І на душы лягчэй, калі я скінуў з яе камень гаворкаю з вамі. Мне можна ісці?
— Пачакай, пачакай. Я цябе павінен тут раней прыкончыць, а ты сабе ідзі куды хочаш. Гэта ж і ты абкрадаў мяне, калі ад мяне ўкралі маіх дзяцей!
Сымон Ракуцька дастаў з-пад жакеткі рэвальвер. Акаловіч пабялеў і астаўся стаяць. Ракуцька прыгнуўся ў куст і развязаў торбу.
— На і ты жуй, выварак чартоўскі!
Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловіч папрасіўся ў Ракуцькі, каб той дазволіў яму ляжаць. Ракуцька кіўнуў галавой. Акаловіч быў, мусіць, вельмі абыякавы да свайго стану, бо, як толькі лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго і сеў каля свае торбы. Чалавек, які доўга быў толькі сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамі і шаптаў сабе пад нос:
— Як сонца ніжэй сплыве — пайду ў дарогу, каб ісці да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзісветам рабіць, перуны яго ведаюць. Можа застрэліць падлу?.. — Ракуцька абмацаў свой рэвальвер і ўбачыў, што Акаловіч спіць, як уліплы ў зямлю. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён і прыснуў трохі. І можа нават больш як трохі, бо, прахапіўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды ніжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён і з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кінуў ён вачыма да паваленага дрэва. Ніякага там Акаловіча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азірнуўшыся на ўсе бакі, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое і аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя дні з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лісткоў. Кожны раз надвечар, калі яснае сонца перад захадам сваім прабівалася праз вяршаліны лесу і свяціла на дарогу, жоўтае лісце вельмі яскрава выбівалася з зялёнага колеру травы. Аднойчы ў гэты час дня да гэтага месца падышоў Нявада. Ішоў ён роўнаю і размеранаю хадою, і адзежа на ім, той самы выцерты плашч і ўсё іншае, абтрапалася, абшморгалася аб зямлю і траву. У вялікай адзіноце ён стаяў пасярод дарогі над жоўтым лісцем і некалькі разоў уздыхнуў: «Божа мой, Божа, восень». Пасля той жа ранейшай паходкай рушыў далей і скрыўся ў прыдарожных дрэвах. Яшчэ праз колькі дзён гэтай лясной дарогай прайшлі два нямецкія танкі і густа абстралялі лес паабапал дарогі. А пасля гэтага назаўтра тут праехалі чатыры грузавікі, паўнюткія нямецкімі аўтаматчыкамі. Следам за грузавікамі ішла лёгкая машына. У ёй сядзеў нямецкі афіцэр, узросту сярэдняга і такой жа афіцэрскай годнасці. Аўтаматчыкі таксама абстралялі лес паабапал дарогі. Пасля гэтага яны праскочылі праз лес назад і паімчаліся шляхам на захад. Даехаўшы да Вялікага скрыжавання, яны выкіраваліся на шашу і спыніліся на абочыне. Афіцэр закамандаваў чакаць. Салдаты паселі на адкосах, гаварылі, смяяліся і курылі.
У той жа самы дзень ранішнім цягніком з захаду ў Бараванічы прыехала пара пажылых немцаў, ён і яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з іх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавіцкага вакзала, і ён некалькі разоў пільна азірнуўся, а да яго ўжо ішоў з роўнай выпраўкай плячысты і разам з тым тонкі ў стане, з вясёлым тварам, і, здаецца, вельмі жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён і не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькі чалавек цывільных чыноўнікаў абкружвала яго. Ішла за ім і вайсковая ахова — салдаты з аўтаматамі і з іншаю зброяй. Гэта быў нейкі паважны чын, з усяго было відаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, і яны абняліся і пацалаваліся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека і назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгім пацалункам і пад руку падвёў яе да машын, што стаялі з левага боку ад ганка. Ён пасадзіў Гертруду і Густава ў адну з машын, і побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамі сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалі яны доўга без прыпынку і толькі спыніліся на Вялікім скрыжаванні. Пакуль шафёры правяралі машыны і надзімалі шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны і ўглядаўся ў вялікае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзіўлення, напружання думак і як бы смутку, але пасля твар яго запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасці ад санавітага Густава маладзейшага, які ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавіцкім вакзале, пачулася паміж імі нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы і што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калісьці бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў ім над усім выразнае ўяўленне гэтага велічэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германіі, праз добрыя два дзесяткі год, часта яго душылі начамі цяжкія сны, і ў кожным сне заўсёды, над усім хаатычным і кашмарным, узвышалася гэтае дрэва і унь той нават сук з палявым каршачком на ім. Божа, як усё выразна, дакладна і ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзіць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапіла яго за руку і сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.