— Я сам пайду! — быццам раззлаваны чым, абазваўся Нявада.
Твар яго быў белы, і плечы калаціліся. Здавалася, што яго ўразіла громам і ён праз цуд астаўся жывы. Нейкі ўскудлачаны, з дробнаю падстрыжанаю бародкаю, у нязменным сваім вылінялым і пазацыроўваным плашчы і высокіх ботах, ён, як вецер, рушыў з хаты. Ліза ледзь паспела гукнуць яму наўздагон:
— У Драчым Лужку! Спяшайся. Бо надвечар іх ужо там не будзе!
На вуліцы было многа людзей: сумлічане варочаліся дахаты. Гэта спадабалася Няваду і дало яму больш спакою. Хоць і кульгаючы, але вельмі шпарка, даляцеў ён да Драчага Лужка. Кастуся ён знайшоў у заклапочаным небыце. Не зважаючы на гарачае надвор’е, ён стаяў у суконнай жакетцы і курыў, высокі, танклявы паводле росту, з рыжаватым шчаціннем з тыдзень няголенай барады.
— Ну што? — спаткаў ён нават як бы няветліва Няваду.
Нявада расчырванеўся тварам і, як пачаў гаварыць, закашляўся, і на адным воку ў яго бліснула сляза — ад хвалявання ці ад ветру.
— Костусь, я прыйшоў, каб параіцца з табою. Цяпер стаіць справа так, што трэба дбаць як мага аб тым, што каб жыццё захаваць дзеля таго, што прыйдзе пасля, дзеля будучыні, не мае, не, я ўжо стары, а дзеля твае дачкі Лізаветы. Яна ж стаіць напроці свайго веку. Люты звер, што сеў цяпер жалезным азадкам на галаву нашу, не вытрымае век-вечны. Дык хто ж тады будзе жыць, калі жыццё змарнуецца? Чалавеку жыццё раз даецца.
— Дык жа жыць не даюць! Але да чаго гэта ты ўсё гаворыш?!
— Я не гавару, я раюся. Як лепш зрабіць? Можа, каб ты прыціх дзе, каб пра цябе і куры не пяялі, і так доўгі, доўгі час, аж пакуль забудуцца ўсе, што ты ёсць, ці быў на свеце, а тады ўсё мінецца на свеце, і зноў жыць! Жыцця не ўхаваеш — сам толькі на сябе ў апошнюю хвілю наракацьмеш. Ты ціхом можаш ад усіх жыць, і ўсе пра цябе забудуць. А ты будзеш чакаць прыходу спакою і радасці для твае Лізы. Ці памятаеш ты, як было Волечцы, калі ты застаў яе адну ў хаце? Бо калі натурыцца, то ты адзін ці вас хоць тысяча збярэцца, цяжка парадзіць што. Бо гэта жалезны звер! Я на дарозе бачыў, як толькі дзіцячыя косці трашчалі пад жалезным колам. Божа мой, Божа мой, нявіннае дзіцячае вока глядзіць на жалезнае кола і ведае, што над колам чалавечая галава. А галава кіруе кола на дзіця, і трэск дзіцячага чэрапа так страсяне чалавечую душу, што яна павек-вечны спакою мець не будзе, пакуль смерць не выветрыць яе з цела і яна стане нічым. У маіх вушах стаіць трэск дзіцячых касцей, хоць нада мною ціхае неба ў зорах і захад датлявае спакоем, і ціхая ноч стаіць як шчасце маё, што я сам з сабою…
— Не рві ты мае душы! — панура і злосна абазваўся Костусь Лукашэвіч. — Каб ты не зачапіў мне сэрца, можа б я і паслухаў цябе. Бо я нават лаяцца не мог, а ні тое каб… Ці гэта мая натура такая, што конча мне трэба бадзяцца тут… Здаецца б, зараз пацалаваў бы сваю малую Лізавету ў ногі і за гэтую пакуту маю нямецкімі галовамі выбрукаваў бы дарогу, па якой яна ішла б у свой шчаслівы дом… Давёў ты мяне да слёз, стары. Я цябе не паслухаю. Я не паверу табе, што будзе ціхае чаканне…
— Што ціхае чаканне! А так да чаго ты дойдзеш?! У тваім доме ўжо асталёўваюцца паліцаі.
— Дык няхай не будзе ні дома, але ж не будзе і паліцаяў! Многа іх?
— Я іх не бачыў.
— Я дрэвы садзіў, і яны раслі разам са мною! Каля твае старое хаты я быў клён пасадзіў. Дык як жа я пакіну іх, каб яны былі, а мяне не будзе! Мне ж жыць не даюць. Дык у мяне кіпіць усё ў душы. Мне хочацца рваць яго на кавалкі за тое, што ён прыйшоў да мяне і хапіў мяне за горла!
Нявада выслухаў і прыгнуўся, быццам бы пераскочыць праз што хацеў.
— Дык хоць дзе ты будзеш, дзе шукаць цябе? І што рабіць Волечцы і Лізавеце?
— Няхай пабудуць у старой хаце.
Нявада занадта добра ведаў Лукашэвічаву натуру, каб не бачыць цяпер, што можа хіба толькі калі пасля льга будзе ўцягнуць яго ў ціхае чаканне таго добрага, што прыйдзе.
— Я сам вам абзавуся, — сказаў сумна Кастусь Лукашэвіч, і Нявада пайшоў з прыгнечанай душой. Але ў Сумлічы ўвайсці яму не можна было. Усюды стаялі паліцэйскія вартавыя, мястэчка было абкружана, і па хатах хадзілі і шукалі зброю. Няваду запынілі на дарозе і грозна запыталі, ці не ведае ён, дзе тыя, што не варочаюцца ў мястэчка і збіраюць зброю. «Не ведаю, каб я так жыў», — так схлусіў ён і таму, што хлусіў, закалаціўся, заныў, спалохаўся.
— А дзе ты быў? — запытаў паліцай.
— Я хадзіў глядзець ягад, можа, ёсць.
— Ягадак захацеў.
— Не, якія там мне ягады.
— Бач ты, ласунчык на ягадкі! Франт з падстрыжанаю бародкаю, — здзекаваўся з Нявады нейкі тутэйшы хамула ў форме нямецкага паліцэйскага. У Нявады ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу і яна ў ім жыве і скача, халодная.
— Я пайду, — сказаў Нявада.
— Ідзі, ідзі, — дазволіў вялы хамула, дробна міргаючы вачыма на сонцы. — Калі табе так хочацца, дык ідзі, толькі не азірайся, хэ-хэ-хэ…
Нявада ўгнуў плечы ад гэтага рогату і рушыў у мястэчка. Яму вельмі хацелася азірнуцца, але ён баяўся. Ён ад утрапення і сам не ўсвядомліваў сабе, што паліцай пратрымаў яго на дарозе даволі-такі доўга. Яго здзівіла цішыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакінулі сваё жытло. Калі ён дайшоў да свае старое хаты, заўважыў, што ў ёй і каля яе пануе страшнае маўчанне. Пячаць пустэльні ляжала тут вельмі выразна. З вушачнага лежака над сенечнымі дзвярыма на нітачцы павуціння вісеў драбнюткі павучок і то спускаўся да самага нізу дзвярэй, то зноў паднімаўся.
— Што ты дарогу загарадзіў! Паскудства! — буркнуў Нявада і парваў плячом павуцінне, уваходзячы ў сенцы. Божа! Тут усё стаіць дагары нагамі, нават сіні куфар ляжыць бокам і века ў ім адламана. У хаце тапчан адсунены ад сцяны, і на ім чамусьці жмуты кудзелі. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Нідзе ні душы, як вымерла ўсё. Гадзін са дзве ён чакаў, і ніхто не з’яўляўся. Тым часам і дзень хіліўся з паўдня. Узнепакоены, Нявада пайшоў па хатах, ён не хадзіў, а кідаўся з хаты ў хату — і нікога нідзе. Так ён прамучыўся да захаду сонца. А тады, як п’яны, паклыбаў у свой дом. У гэтыя хвіліны ён быў як атупелы. Бяды навалілася на яго гэтулькі, што ён не бачыў ужо ні канца, ні пачатку ў ёй. У двары свайго дома ён застаў паліцэйскіх. Яны сядзелі на лаўцы пад клёнам і моцна гаварылі. Яшчэ калі ён толькі ўвайшоў у двор, ён пачуў, ці гэта яму толькі здалося, што паліцыянты гавораць паміж сабою пра Паліводскага. Нейкая трывога кальнула яго; уражаны, ён пачаў прыслухоўвацца, сцішыўшы хаду да ганка.
— Ты чаго? Хто ты? — сказаў адзін паліцэйскі.
— Як хто? Я гаспадар гэтага дома.
— То чаго ты ходзіш тут, калі ты гаспадар. Тут цяпер гаспадар герман!
І паліцыянт зарагатаў.
— Я іду ўзяць з хаты сваю старую вопратку, — прыдумаў ён што сказаць і ўвайшоў у дом. Дзеля прыклёпу ён там і сапраўды сцягнуў з печы нейкую адзежыну і выйшаў з ёю на ганак. Паліцыянты сапраўды-такі гаварылі пра Паліводскага.
— Дурань ты! — крычаў адзін другому, — гэта не той Паліводскі. Таго немцы не паставілі б за такога вялікага начальніка, бо ён не немец. Той жа з нашай стараны. Маёнтак таго быў якраз каля нашага сяла, дык я таго ведаю, я яго бачыў маладога яшчэ, калі ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму.
— Дык гэта той самы і ёсць! Бо і я яго ведаў, як ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму. Каля вас быў у яго адзін маёнтак, а ў нашай старане два. Яго бацька жыў якраз каля нас у маёнтку, а не каля вас. Цяпер я дома быў, яшчэ ў паліцаі не падаваўся, на тым тыдні, дык ён прыехаў тыя свае два маёнткі паглядзець. Дзве машыны. У адной сам, а ў другой аўтаматчыкі. Доўга не быў. Закруціўся, прабег свіным трухам каля саду і назад шмаргануў. Там ужо і знаку няма, што гэта быў маёнтак. Хаты стаяць, капуста і садавіна, і дзеці гуляюць. А ён сам у цывільнай адзежы, але жалезны крыж мае і значок нейкі на рукаве.
— Дык якую ж ён пасаду займае?
— Якую — не ведаю, але вельмі вялікую. Бо пры ім такая ахова вялікая…
— Не можа быць! Ён жа не немец!
— А можа ён для Нямеччыны больш зрабіў, як які-небудзь немец! На, глядзі! Вось надрукована: «прысутнічаў грамадзянскі»… не… Ды хіба ты не ведаеш, што Паліводскі начальнік вобласці, начальнік усёй грамадзянскай улады цэлай вобласці.