Литмир - Электронная Библиотека

— Дзе ж ты так доўга быў? — шпарка шаптала яна.

— Пакуль я знайшоў, хто б гэтых дзяцей адправіў куды лячыць, — як апраўдваўся ён.

— А чаму ты кульгаеш?

— Падбіўся, назад ідучы.

— А чаго ты сядзіш адзін тут?

— А дзе ж я мог каго знайсці? Што гэта з нашым домам адбылося? Хто гэта ляжыць там мёртвы пад вішняком?

— У нашым доме было тое, што і ў іншых дамах. Мы ўжо ведалі, што немцы ўжо мінулі нас. А ўсе датуль спадзяваліся, што іх адгоняць. Усе і Костусь пайшлі мабілізавацца і не знайшлі нікога нідзе і вялікім натоўпам варочаліся назад. На шашы яны адабралі кулямёт у нейкага лейтэнанта, які імчаўся з фронта на грузавіку. Нашто ім быў той кулямёт? «Каб было смялей», — казалі ўсе. Тым часам ён і спатрэбіўся. Іх было чалавек сорак. Немцы зайшлі абходам і сядзелі паўз дарогу. І пачалі іх абстрэльваць. Мужчыны навялі на немцаў кулямёт. Немцы прыціхлі, і мужчыны з кулямётам вярнуліся ў мястэчка. Наш дом, прызналі, стаіць у глушэйшым месцы, і кулямёт паставілі да нас, а самі разышліся па хатах. Прыціхлі ўсе і заняліся кожны сваім. А было сярод мужчын чалавек пяць невядомых, што таксама не знайшлі дзе мабілізавацца і варочаліся назад. Адзін з іх пабег да немцаў і навёў іх на мястэчка і на наш дом. Немцы забралі кулямёт і палічылі, што Костусь, раз у яго кулямёт, камандзір нейкага атрада супроць немцаў, і ўжо былі забралі яго, але яму ўдалося выскачыць і ўцячы. Невядома, дзе ён цяпер. Немцы запісалі сабе яго і нас усіх. Яны абчысцілі наш дом як ёсць — і тое, у што адзявацца, і тое, што есці. На адыходзе яны ў нас на двары застрэлілі таго, што навёў іх на мястэчка і паказаў, што ў нас кулямёт, і згінулі некуды, пакінуўшы выклееную на нашай браме паперку, пісаную рукою, што калі наш Костусь сам не явіцца да немцаў, то ўсё мястэчка будзе спалена, а местачкоўцы, кожны дзесяты, будуць расстраляны. Прайшло два дні. Як на тое ішлося, што Костусь увечары прыйшоў дадому. Аж якраз за нашым домам падглядалі і ўбачылі Костуся дома. Ноч прайшла спакойна. А ў познюю раніцу назаўтра наехала поўнае мястэчка немцаў, але і не толькі немцаў. Былі ўжо і тутэйшыя, каторыя да немцаў у паліцыю паспелі падацца. Сагналі ўсіх, каго запарвалі, бургомістр загад прачытаў, што каб выказалі ўсіх сумліцкіх камуністаў, а некаторых, каторых ведалі, тут жа прозвішчы і прачыталі з спісаў. А пасля Костуся ўспомнілі: ён нават кулямёт меў і арганізоўваў атрад. Дзе ён? Хто ведае? Мы ўсе стаялі ў натоўпе — я, Костусь і Ліза. Нас як захапілі дома, так і прыгналі разам з усімі. «А унь ён!» — паказаў на Костуся пальцам цераз галовы ўсіх адзін тутэйшы баязлівы дурань. А кругом натоўпу немцы стаяць з аўтаматамі, густа, як плот. Костусь як стаяў, так і пайшоў праз натоўп скрыцца. Усе расступіліся, каб яму вальней было. Але за ім ужо беглі два паліцэйскія і чатыры немцы. Ён бег, па ім стралялі, ён кінуўся ў разору паміж буракамі, Ліза гэта бачыла. Па ўсіх агародах пачалі страляць. Тым часам усе людзі пачалі разбягацца. Мы з Лізай яшчэ забеглі дадому, замкнулі сенцы і забілі цвікамі браму. Каля таго мерцвяка пралезлі ў дзірку і з таго часу туляемся па полі і лесе. Некаторыя пачалі варочацца назад у мястэчка. А дзе Костусь — мы не ведаем. Можа і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам.

— А дзе Ліза?

— На вуліцы сочыць, каб не ішоў хто. Мы з ёю пасля заходу сонца прыйшлі дадому — можа, Костусь, а можа, і ты дома. Як аполак да дзіркі прыстаўлен — быў ты, бачым, гэта твой спосаб аполак так прыстаўляць. А той нежывы ляжыць, смярдзіць ужо. Божа, увесь двор запаганіць! Мы з Лізай выкапалі яму пасярод завулка, каб не ў сваім двары, выцяглі гэтую падлу паскам за ногі і засыпалі ў яму. Як бачыш управіліся.

— Ці глыбока хаця яму выкапалі? — гаспадарскім тонам абазваўся Нявада.

— Глыбока. Будзе з яго… Мы падумалі, што ты тут. Дзе ж ты інакш будзеш.

— Гэта мая родная хата!

— Божачка! Чаго ты! І мне гэтыя сцены многа даюць сціску ў грудзях… Але цяпер я пайду падмяню Лізу, няхай прыйдзе паспіць хоць на голым тапчане, а ты таксама паспі, калі аж закульгавеў бродзячы.

Яна адразу знікла дзесьці на вуліцы, высокая ў цемені, тонкая, у гаматной мужчынскай вопратцы. «Божа, хіба я спаць буду», — падумаў ён і шпарка рушыў услед за ёю на вуліцу. Ён ужо ледзь бачыў у змроку яе постаць, але да яго ішла Ліза, яна здалася яму высокай. Было падобна, што ён у момант вылечыўся ад свае балячкі, што так мучыла яго яшчэ здаўных: дарэмна балела яго душа аб ёй, як аб бездапаможнай і беспараднай пакутніцы, калі яна цягла паскам у яму мерцвяка і нібыта што. Божа, як ён глядзеў цяпер на яе — яна ішла паволі і як бы не ведаючы, што ён тут. Здаецца, яна зараз пройдзе далей. «У каго ж яна ўдалася такая сталая?» Але ж ён не бачыў і не ведаў, якая была Волечка, калі жыла калісьці адна і арала зямлю.

— Ведаеш што, — сказала Ліза да Нявады, — не трэба спаць, нехта ідзе агародамі, я глядзела, як ён то прыгнецца, то выпрастаецца. У вуліцу ён не пайшоў. Маці стаіць ля канцавой хаты.

— Дык няхай сабе ідзе хто там дзе ходзіць!

— Дык мы ж бацькі чакаем! А можа ён гэта.

Гэта быў ён. І ўся сям’я яго апанавала. Здавалася, што ён сам не чакаў такога шчасця. Вось што ён сказаў: — Немцы злавілі на дарозе нейкага чалавека. Ён ім здаўся падазроным. Яго пыталі пра тутэйшых камуністаў. Бургомістр і пра мяне запытаў. А той, каб трапіць пальцам у неба, сказаў, што ён чуў пра мяне, як пра самага завадатара. Я гэта ведаю вось як: мы злавілі аднаго паліцая, а ён ад страху ўсё і расказаў нам. То калі мы раней так сабе хаваліся, дык цяпер, рад-няволя, а трэба здабываць зброю. Мне жыцця ўжо не будзе, а праз мяне і вам. Камуніста ніводнага яны цяпер у Сумлічах не знойдуць, бо іх няма ў мястэчку.

Ён быў такі ўзбуджаны, што аж заікаўся:

— Тут на мястэчку будуць чуцца людзі, дык вы не бойцеся. Гэта нашы сумлічане варочвацьмуцца дадому. Вам лепш сядзець у старой хаце, нават ад вуліцы і дошчак з вокан не знімайце. Сюды менш дабівацца будуць. Прыбяжыш, Ліза, зранку да мяне на Драчы Лужок, скажаш, як ноч прайшла.

Ён перацалаваў усіх і пайшоў у канец вуліцы. Утраіх яны вярнуліся ў старую хату і на голых дошках прычакалі раніцы. Трэба было жыць далей, а яно не жылося. З іх траіх адна Ліза не заўважала, што гэтая старая хата стала над жыццём, як помнік над магілаю. Яна ніколі не жыла ў гэтай хаце і не ведала, што ў ёй так было і дваццаць пяць год таму назад і ў ёй пакутавала Волечка. А цяпер Волечка ў новым вобразе зноў вярнулася ў гэтую хату. Але Волечка ўжо гэтулькі пражыла на свеце і назад прыйшла, але не з лёгкім сэрцам, а з пакутаю ў сто разоў цяжэйшаю, як тады. Ліза нічога гэтага не ведала. Шчасце гэтай маладой душы было ў тым, што яна жыла тым днём, які бачыла, і не мела карэнняў для думак у глыбіні чалавечага веку. Раніцаю яна знайшла бацьку ў Драчым Лужку і ўбачыла там усіх сваіх сумлічан. Яна зноў убачыла такі самы кулямёт, які тады быў у іх доме, і яшчэ такую зброю, якой дагэтуль не ведала. Яна сказала яму, што ноч была спакойная. І вось здарылася тое, што выходзіла за межы звычайнага: бацька прытуліў яе да сябе і цалаваў у галаву, гаворачы:

— Дзяўчынка ты мая, дачушка.

Яна бачыла: прыйшла часіна такая, што нават такі аўтарытэт, як родны бацька, перайначыўся, і рукі яго дрыжэлі, калі ён трымаў яе плечы. Сама не свая, яна ішла назад той сцежкаю праз паплавы і ўбачыла, што брама таго дома, дзе яна радзілася і вырасла, адчынена і ў двары там поўна людзей, і ніводнага знаёмага твару. Сэрца яе заныла: там, перад вокнамі, на круглай градцы, раслі два кусты ружовага кракосу, якія яна садзіла і палівала.

Больш яна ўжо не падыдзе да іх! Каб не гэты кракос, можа яна і не адчула б усяго, што сталася. Калі яна паспрабавала расказаць мацеры, што бачыла дома чужых людзей, маці ёй сказала:

— На нас вялікая напасць: нашага тату лічаць не тым, хто ён ёсць: ён жабы ніколі сумысля не забіў, а думаюць, што ён набраў сабе войска і камандуе ім. Наш дом займае пад пастой паліцыя. Цяпер тата дадому не паткнецца. Ідзі зноў да яго і раскажы гэта яму.

32
{"b":"598982","o":1}