Литмир - Электронная Библиотека

Ксяндзу-палітвязню,— як стануць пытацца,

Што Одра і Ніса мне польскаю мовай

Загадваюць: спі і не думай вяртацца!

ВІЗІТ НА ЧУЖЫНЕ

Ка мне прыляцеў з візітам

                                        белы матыль, як дружа.

— Сядай,— сказаў я госцю.

                                        I сеў ён моўчкі на ружу,

Было блакітна і жоўта,

                                  бела было і чырвона,

зіхотную вазу на кветкі

                                   вянчала сонца карона.

Свой позірк фарбамі цешыў

                                          я, малады і дужы,

было чырвона і бела:

                                 матыль палымнеў на ружы.

З жоўтае шклянкі чаю

                                 пытала аблічча шкляное:

— Дык гэта — ты і праўда?

                                        — Я — і матыль са мною!

— Ты — як штодня, як заўсёды?

                                              — Так, я інакшы заўсёды —

то каляровы, то спеўны,

                                     то злосны, то поўны лагоды...

(Чую, як лічыць дакладна

                                       сэрцавы ўдары ціша,

цень матыльковых крылаў

                                       ружа пяшчотна калыша.)

— Даруй, мой госць, што маўчу я,—

                                                      кажу я з хваляваннем,

схіляючыся ўспамінам

                                  над тым, што завуць каханнем.

Даруй, што і ты, і кветкі,

                                      і сонца, і шклянка чаю,

блакіт, і аблокі будзяць

                                    у сэрцы парыў адчаю.

Як каляровае шкельца,

                                   сеў бы ты мне на вочы:

колер чырвоны і белы

                                  бачыў бы днём я і ўночы.

Сеў бы ты мне на губы

                                  песняй звонкай навукі —

з іх не зляцелі б ніколі

                                   крыку зласлівыя гукі.

Даруй, што зноў замаўкаю,

                                         табою зачараваны,

як бацькаўшчынаю любай,

                                        якой да скону адданы...

ВАРШАВА

Дзьмулі ўпартыя ў паняверцы

у жалейкі і медныя трубы,

аж пакуль не ўзрываліся сэрцы,

біла кроў іх праз спеўныя губы.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      біла кроў праз спеўныя губы.

Грувасцілі шчэбень з бруку,

тратуары, камоды, цагліны,

палымпелі барвова іх рукі:

дзядулі — падлеткі — жанчыны.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      падлеткі і жанчыны.

Стралялі з дубальтовак,

пад стогны і пад енкі

кідалі ў танк бутэлькі

напудраныя паненкі.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      гінулі ў дыме паненкі.

З Лондана — песні слалі,

з-за Віслы — хлеб і зброю,

у друзе руін паміралі

хлопцы як героі.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      падалі хлопцы-героі.

Глыталі ваду з канавы,

падкошвала ногі знямога,

на бруку і травах каналі:

«Смерць або перамога!»

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      грымотнае: «Перамога!»

Калі ўжо так жадалі

быць падабенствам цэменту,

дарэшты іх растапталі,

сцерлі Варшаву дашчэнту.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      сцерлі Варшаву дашчэнту.

Мёртвым — малітвы шлем мы,

жывым — у сэрцы коле

за срэбны знак на шлемах,

за бела-чырвоны колер.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      бела-чырвоны колер.

Грозныя сціхлі маторы,

згубіўся за лесам іх пошчак,

ужо прадаюць памідоры

ля гераічнай плошчы.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      ля гераічнай плошчы.

Струнамі граюць кроквы,

сіроты, удовы, калекі,

аддрукаваныя крокі,

як ноты, застылі навекі.

      Ой, дошкі на сценах старожкі,

      ноты застылі навекі.

3
{"b":"597944","o":1}